Прамова 29 сакавіка 1922 (Плашчынскі)
Прамова Прамова Аўтар: Язэп Пушча 29 сакавіка 1922 года Крыніца: Адраджэньне, №1 |
Прамова Я. Плашчынскага.
Паважаны Камісар Асьветы і шаноўныя лектары! Дазвольце ад імя скончыўшых лектарскія курсы беларусазнаўства сказаць вам шчырае беларускае дзякуй ад гарачых, як праменьні coнцa, нашых пачуцьцяў за вашу вялікую і шчырую працу.
Мы адчуваем, што, будучы на лектарскіх курсах, мы ўзброіліся аднай з вамі ідэяй, ідэяй культурна-нацыянальнага адраджэньня нашай дарагой Бацькаўшчыны.
У працягу дзевяцёх месяцяў вашыя навукова-адраджэнцкія словы і думкі знаходзілі жывы водклік у нашых сэрцах—сэрцах сыноў гаротнае Беларусі. Вы, як шчырыя сейбіты на родных загонах, поўнаю жменяю сеялі зерні навукі ў нашыя сэрцы. Верце, што гэтыя зерні прарасьлі і гоняць угару маладыя адросткі. Мы, узмацнёныя сьвятлом навукі, пойдзем у беларускую вёску, да загнанага свайго народу. Мы пойдзем к беларускаму гаротніку, каб прасьвятліць яго і выявіць перад ім гістарычны шлях яго жыцьця, на якім павышываны дзіўныя ўзоры яго слаўнай мінуўшчыны, пышнага росквіту яго роднай культуры. Тады толькі ён пазнае сам сябе, так-сама пазнае і тое, як трэба кіраваць сваё жыцьцё, каб хутчэй заняць пачэснае месца сярод культурных народаў.
Праз усё жыцьцё нашы сэрцы будуць хвалявацца салодкімі успамінамі аб нашым супольным жыцьці, аб нашай супольнай працы.
Хай пышна закрасуе беларуская культура на карысць нашаму роднаму народу!
Шчыра дзякую так-сама і ўсіх прывітаўшых нас з заканчэньнем курсаў».
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.