Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/Літаратурныя сэктанты

Поэта, які падаваў надзеі Літаратурныя сэктанты
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Гаманіць — галава не баліць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Літаратурныя сэктанты.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІТАРАТУРНЫЯ СЭКТАНТЫ

Згуртаваньне „Узвышша“ за год свайго існаваньня давяло нормы сваёй ізоляцыі ад іншага літаратурнага сьвету да вельмі высокага стопню. Часопісь „Узвышша“ дае нам толькі вельмі скупыя і абрывістыя весткі аб жыцьці „згуртаваньня“. Тым ня менш, за год выданьня і часопісь пасьпела набыць спэцыфічную фізыономію як па складу матэрыялаў, так і па іх характару.

Перад намі № 4 часопісі „Узвышша“. Нумар даволі тыповы як па мастацкіх творах, зьмешчаных тут, так і па публіцыстычнаму матэрыялу. Адносіны гэтых аддзелаў у нумары складаюць прыблізна 1:1 з некатораю перавагаю ў бок першага. Публіцыстычны аддзел яшчэ болей сьціскаецца некалькімі артыкуламі хронікальнага характару. Дзеля таго, што ўсе артыкулы маюць значэньне толькі для вузкіх спэцыялістых, мы абмяжуемся тут толькі пералічэньнем іх, не ўваходзячы ў разгляд тых момантаў у гэтых артыкулах, якія вымагаюць асаблівага абгаварэньня. Выключэньне прадстаўляе артыкул Віт. Вольскага Наконт нацыянальнай літаратуры беларускіх татар“. Пытаньне гэта ў беларускім друку да гэтага часу вельмі мала асьветлена, як мала інформаваны наш чытач наогул пра жыцьцё беларускіх татар. Тымчасам гэта пытаньне можа і павінна прадстаўляць цікавасьць і для гісторыка, і для этнографа, і для зьбіральніка народнае творчасьці, і для мовазнаўцы, дый для шырокага чытача. На наш погляд, варта было-б і другім часопісям паклапаціцца аб большым высьвятленьні гэтага пытаньня.

Некаторай увагі заслугоўваюць і паасобныя палажэньні ў артукуле ДубоўкіНекаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасьці нашае мовы“, які наогул пакідае больш сталае ўражаньне, чымся верш таго-ж аўтара на стар. 3 часопісі; у гэтым вершы, мала пераканаўчым для чытача, Дубоўка зноў узяўся „ўзбагачваць“ беларускую літаратурную мову такімі „эмоцыянальнымі“ словамі, як „збытачны“, „клёк“, „зьмірсьці“ (?) і г. д. Самая-ж тэма вершу сотні разоў выкарыстоўвалася рознымі поэтамі — гэта, калі можна так сказаць, мовазнаўчыя заданьні поэты.

Сьледам за Дубоўкам ідзе другі „генэрал ад поэзіі“ — Язэп Пушча, які пачынае так:

Разусюды[1] вітрыны й вітрыны,
залітыя бляскам электра-дажджу;
з развалосана-русай (?) чупрынай
я часта па вуліцах гэтых хаджу.
Кроў пульсуе у мускуле жыльным,
бы прагне хтось сэрца маё расстраляць;
уніваюцца п‘яўкамі ў шыльды
рэклямы романаў, поэзій, стар‘я.

Ня спыняючыся на якасьцях мастацкай композыцыі і на адшуканьні тут пэўнай думкі, пяройдзем далей:

Не хачу я сягоньня быць сьмірным,
каб вецер у песьні рукамі разьвёў.
Беларускія кніжныя фірмы
распродаюць лепшых поэтаў рызьзё.
Дзе тэатры, кіно, галерэі,
Прасьцерці хачу ім свае далані.
Аніяк я сябе не сагрэю,
хоць і ў новыя стылі расьпісую дні.

Тут сапраўды застаецца толькі разьвесьці рукамі: чаго хоча гэты чалавек. Пушча ніколі ня прымірыцца з горадам па тэй простай прычыне, што ніяк ня можа папасьці ў пэўную каляіну. Усё ў горадзе ў яго вачох зьліваецца ў нейкую, мякка кажучы, кашу: тут і вітрыны і шыльды, поэзіі і стар‘ё (аналёгія!) і беларускія кніжныя фірмы, — і ўсё гэта пераблыталася і прыняло форму вершу. Больш уласьцівы Пушчу жанр т. зв. „усадзебнай поэзіі“ ў гэтым нумары таксама прадстаўлены вершам „Палац“. Для таго, каб лепей судзіць аб мастацкіх і іншых якасьцях гэтага вершу, мы дазволім сабе прывесьці яго ўвесь:

Пад зорамі палац — як той антычны жрэц;
яго пад рукі сьцен падтрымлююць колёны.
Прышоў сюды вось я душу сваю сагрэць
і ўспомніць дні юнацтва вечарам зялёным.
Вятры з вакон павыбівалі шыбы ўшчэнт
і гайсаюць з шалёным сьвістам па пустэльні.
Ці вырву радасьць тут я з залатых кляшчэй,
ці сэрца зноў скалечу аб калючы ельнік?
Ўскудлачаны саломы космы на страсе;
скасіліся на бок фронтоны, сад запушчан,
і толькі яблыня адна гальлём трасе,
а шум яе такі таемны, — быццам пушча.
Ступаю стомлены з братамі на парог,
і раптам сталася мне радасна да болю:
ў сівы палац браты сышліся ўчатырох,
і кожны з іх хварэе за краіны долю.

Як яны хварэюць і што гэта за таемныя чатыры браты, невядома, бо на гэтым верш канчаецца, поэта далейшых тлумачэньняў ня робіць, дык ня будзем і мы дакапвацца да сутнасьці гэтай даволі дзікай алегорыі. У гэтым нязграбным вершыку зьвяртаюць на сябе ўвагу распачлівыя настроі поэты — яго халодная душа, яго скалечанае сэрца; хварэньне за долю краіны (краіна, паміж іншым, жыве незалежным ад Пушчы жыцьцём і за яе долю пакуль што хварэць ня прыходзіцца), нарэшце, вобраз зруйнаванага палацу і настроі Пушчы ў зьвязку з гэтым. І калі Пушча ў папярэднім вершы піша:

Здаецца мне — за ўзгоркам сьпелых ніў
і сёньня, як і ўчора, раніца рыкае,

дык мы гатовы згадзіцца з Пушчаю: яму гэта толькі здаецца. Пушчава раніца адрыкала і адрыкала па яго-ж віне. Праўду казаў К. Пруткоў: „иной певец подчас хрипнет“. Гэта выслоўе да Пушчы можа быць прыстасавана цалкам.

Вельмі дрэнна толькі тое, што сьледам за гэткімі „генэраламі“ ідуць і маладзейшыя, толькі яшчэ ўзяўшыя ў рукі пяро, поэты. Вось адзін такі піша:

Сам ня знаю, чаму гэтак сумна
І такая гаркота ў душы?!
Узьвіваюцца, падаюць думы:
— Згінуць?.. Жыць?..

Бедны хлопчык! Толькі, толькі ўзяўся за пяро, напісаў некалькі вершыкаў, паглядзеў на блізкай адлегласьці на „генэралаў“ і ўжо сапраўды ўявіў сябе поэтам з нязьлічоным шэрагам пражытых гадоў за плячыма, падваіўшы іх сапраўдны лік прынамсі ў два разы.

Вянет лист. Проходит лето.
Иней серебрится.
Юнкер Шмидт из пистолета
Хочет застрелиться.

Колькі ў нас цяпер такіх „юнкераў Шмідтаў“, якія няцьвёрдым яшчэ поступам цягнуцца за такімі вэтэранамі, як Пушча ці Дубоўка, што пасьпелі пабываць „на кані і пад канём“ і добра навучыліся станавіцца ў маляўнічую позу ды гаварыць гучнымі словамі. А такі хлапчук прымае гэта за чыстую монэту:

— Згінуць?.. Жыць?..

Другі малады хлапец паставіў сабе задачу, якая вымагае шматгадовай літаратурнай практыкі і значнага культурнага кругагляду, — даць нейкі новы жанр, злучыўшы ў межах вэрлібру есенінскае паміраньне з нейкаю мэтэрлінкаўскаю містыкай. Вышла нясьмелае насьледваньне, „Чорнага чалавека“ і адной з містэрый Мэтэрліка. А калі прыняць пад увагу слабое знаёмства аўтара з композыцыяй вэрлібра, дык можна сабе ўявіць, што вышла. Возьмем для прыкладу адрывак:

Я маўкліва чакаю…
Стаю на каленях…
Клічу змрок…
Адчыняюцца дзьверы душы…
Цішыня…
Дзесьці там,
у антычнай імгле колёнады.
Лёгкі поступ
і белы, як ростань, (?)
убор…
Малажавыя водблескі…
Taedium vitae[2]
Каляровае зьзяньне…
Трымценьне…
Туга… і г. д.

Вышла сапраўды нейкае трымценьне, для большай важнасьці аздобленае нават лацінскаю цытатай! Наогул-жа шматкроп'яў у гэтым адрыўку, як і ва ўсёй поэме, значна болей, чым сэнсу.

А вось яшчэ вершы Ўладзімера Жылкі. Калісьці Бядуля пісаў пра маладых нашых поэтаў, што яны бацьку роднага гатовы зарэзаць за добрую рыфму. Як глядзіць на гэту справу Жылка — ня ведаем, але што з словамі ён лічыцца мала, дык гэта шчырая праўда. Заместа „ўваскрашэньне“ (калі наогул лічыць гэткае слова беларускім) Жылка ўжывае „ўваскрошаньне“ (так вымагае рыфма), заместа „неспадзявана“ — „неспадзевана“, „перасьпявана“ — „перасьпевана“. Тут-жа пападаюцца і такія пэрлы, як „нявымоўнае бачаньне“ (?). Для больш яскравай характарыстыкі стылю Жылкі прывядзём адзін адрывак з яго вершу, у якім ён зьвяртаецца да жанчыны:

Няма збавеньня
Апроч пекнаты.
У маім маленьні
Адзіная ты.
Аднэй між дзеваў
І верных жанок
Высокіх сьпеваў
Адвечны зарок!
Прамень сьвітаньне
І сонечны госьць
Людзей вітаньня
Ты вартая ёсьць!
О, будзь хвалёна.
Вялічана будзь! —
Табой збавёны
Ня вызнае жудзь і г. д.

І складам мовы i наогул мастацкасьцю гэты адрывак вельмі нагадуе нам творы творы расійскага поэты Трэцьякоўскага:

Стрекочущу кузнецу
В эленем блаце сущу…
Ядовыту червецу
По злакам ползущу…
Журавель, летящ во грахе,
Скачущ через ногу,
Забываючы все в страхе,
Урчат хвалу богу.

Нагадуе ён і „Богородице, дево — радуйся“.

Апошнімі ідуць вершы Кляшторнага, славутага тварца „ледзяной гітары“. Аб іх нічога сказаць нельга, апрача таго, што і тут яны вызначаюцца гэткаю-ж самаю „лядзяна-гітарыстаю“ галаваломнаю вобразнасьцю і падазрэнаю па чыстаце моваю. Напрыклад:

Завечарылася бярозавая просінь…

Пакінем жадаючым разьвязываць туманную алегорыю гэтага мудрага сказу і пяройдзем да прозы. У нумары зьмешчаны чарговы адрывак роману К. ЧорнагаСястра“. Па зусім зразумелых прычынах мы прымушаны ўстрымацца ад тэй ці іншай ацэнкі роману, пакуль ён яшчэ ня скончаны. Аповесьць Бядулі „Салавей“ мы таксама не рызыкуем разглядаць тут праз абмежаванасьць месца. Да Бядулі, як да старога пісьменьніка, патрэбен больш грунтоўны падыход, якога нельга даць без падрабязнага разгляду твору; гэта мы спадзяёмся зрабіць у адным з бліжэйшых артыкулаў. Застаецца апавяданьне МрыяКамандзір“, апавяданьне Крапівы „Ідэі“ і яго-ж верш „Фіга на талерцы“. Адносна першага можна толькі дзівіцца, як яно наогул папала ў друк. Быўшы чырвоны камандзір расказвае, як ён згвалціў дзяўчыну — панскую дачку, а пасьля забіў яе. Напісана ўсё гэта даволі „зграбна“ для таго, каб папасьці ў любы рэдакцыйны кошык і, толькі самая сцэнка згвалчаньня аўтарам выканана са смакам — у гэтым аўтару нельга адмовіць, як нельга адмовіць і тое, што апавяданьне гэта можа зрабіць уражаньне на многіх аматараў моцных адчуваньняў.

Адносна стылістычнай стараны крапівавых апавяданьня і вершу нічога благога сказаць нельга. Напісаны яны гладка; ды ў гэтым няма і нічога дзіўнага, бо Крапіва ня першы дзень працуе ў літаратуры яго ранейшыя творы стварылі яму вялікую популярнасьць на Беларусі. Апошнія-ж яго творы, у прыватнасьці, зьмешчаныя ў № 4, прымушаюць нас сур‘ёзна непакоіцца за далейшы лёс таленавітага сатырыка. Справа ў тым, што ў апошніх сваіх творах Крапіва палову сваіх сатырычных закідаў растрачвае на тую галіну, якая найменей знаёма шырокаму колу чытачоў. Гэта жыцьцё пісьменьнікаў. Тут Крапіва чуць не на кожным кроку падкусвае сваіх літаратурных праціўнікаў, бярэ аналёгіі з літаратурнага жыцьця і, такім чынам, сваю ранейшую сатыру ператварае ў твор вузкага значэньня, у эпіграму, якая мае і будзе мець некаторы сэнс для будучых біографаў сучасных работнікаў літаратуры. Творы Крапівы за апошні год робяцца ўсё болей бледнымі і нявыразнымі і шмат ужо страцілі ад ранейшай сваёй вастраты, начаснасьці і дасьціпнасьці.

З гэтага боку творчасьць Крапівы ў значнай меры адлюстроўвае тыя процэсы, якія давялося перажыць за гэты час усяму згуртаваньню „Узвышша“. Паступовае замыканьне ў сваю ракавіну, адыход ад літаратурнага жыцьця Беларусі зрабілі ўжо і цяпер „Узвышша“ нейкаю патаемнаю сэктаю, дзе, як у масонскай лежы, ідзе сваё нічым ня зьвязанае з надворным сьветам жыцьцё. Хто ад гэтага згубіць? Бязумоўна, у першую чаргу тыя падлеткі ў літаратуры, якія, зацяўшы вочы, пашлі за сваімі „генэраламі“. А „генэралы“ гэтыя настолькі-ж мала цікавяцца сваімі пасьлядоўцамі, наколькі цьвёрда перакананы ў сваіх уласных „сілах“. Яны маюць нейкую нявыразную мэту, ідуць да яе і вядуць за сабою ні ў чым непавінных хлапчукоў, накшталт Дарожнага ці Мрыя.


  1. Рас… паганае слоўца!
  2. Агіда да жыцьця.