Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/Поэта, які падаваў надзеі

„Я сягоньня ўсім чужы“ Поэта, які падаваў надзеі
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Літаратурныя сэктанты
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэта, які падаваў надзеі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭТА, ЯКІ ПАДАВАЎ НАДЗЕ

У тыя дні, калі Беларусь канчала ўжо цяжкі шлях барацьбы, калі ў бліжэйшыя часы разьвіваліся перад краінай пэрспэктывы мірнага будаўніцтва, беларуская моладзь вылучыла з сваіх шэрагаў групу маладых поэтаў, шляхі якіх за гэтыя восем год значна разышліся. Сярод гэтай групы быў і Ўладзімер Жылка. Пачаў ён сваю творчасьць у пачатку 1920 году у Менску, пасьля на нейкі час зьнік з літаратурнага небасхілу і толькі праз пару год у Вільні зьяўляюцца ў друку дзьве яго кніжачкі: „Уяўленьне“ і „На ростані“. Павучыўшыся некаторы час у Празе, Жылка вяртаецца ў Менск, і тут зусім нядаўна выходзіць з друку яго зборнік „З палёў Заходняй Беларусі“. Вось кароткая спраўка для чытачоў пра літаратурны шлях Уладзімера Жылкі.

У зборнік „З палёў Заходняй Беларусі“[1] ўвайшла значная частка папярэдніх зборнікаў, і дзеля гэтага на іх бадай што ня варта спыняцца. У кароткіх рысах мусім зазначыць, што „Уяўленьне“ прадстаўляла сабою вучнёўскі твор поэты, які ня мог яшчэ выявіць твару аўтара. У зборніку-ж „На ростані“ трапляліся ўжо досыць зграбныя вершыкі, якія выклікалі надзею на далейшае разьвіцьцё маладога поэты. У кожным выпадку Жылка сярод нешматлікіх поэтаў Заходняй Беларусі прадстаўляў сабою ўжо даволі выдатную фігуру.

Калі верыць датам, пастаўленым пад вершамі, дык зборнік „З палёў Заходняй Беларусі“ ахапляе сабою значны пэрыод часу з 1921 да 1926 году і аформляе цэлы вялізны этап у літаратурнай творчасьці поэты. Таму і мусім мы падыйсьці да гэтага зборніка асабліва сур‘ёзна.

Мы, жыхары Савецкай Беларусі, звыклі асабліва чула адносіцца да ўсяго, што робіцца на тэрыторыі Заходняй Беларусі, жывасілам адрэзанай ад нас ганебнаю мяжою. На працягу 8 год нашы поэты адвялі ў сваёй творчасьці значныя разьдзелы, прысьвечаныя долі беларускага народу, што пакутуе пад панскім ботам. Гэтыя творы зьяўляліся толькі адказам на сапраўды дзікія факты польскага гаспадараньня, падрахункі якога за 8 год зараз падводзяцца ў мурох Віленскага суда, дзе польская ўлада пасадзіла на лаву падсудных увесь беларускі народ Заходняй Беларусі ў асобе яго прадстаўнікоў. І вось прыяжджае поэта адтуль, дзе гэта ўсё адбываецца, дзе ён уласнымі вачыма бачыў тое, што нашы поэты толькі ўяўляюць. Выдае зборнік на 128 старонак пад назваю, якая многа абяцае. і поэта бязбожна ашукаў грамадзтва гэтаю назваю. Ва ўсім зборніку „З палёў Заходняй Беларусі“ няма ніводнага вершу, які проста ці ўкосна закрануў-бы становішча гэтай краіны. Пра самы зборнік ёсьць шмат што сказаць, але мы не знаходзім назвы для гэткай спэкуляцыі на пачуцьцях нашых чытачоў! Сарамлівая ўвага выдавецтва адносна тэматыкі ў пачатку зборніка гучыць страшэннаю гіроніяй у стасунку да аўтара, бо тэматыка вершаў гэтага зборніка зусім не паказвае, дзе і пры якіх абставінах пісаў Жылка свае творы. Увага выдавецтва мае значэньне толькі для магчымага будучага біографа Ўл. Жылкі.

Перш, чым прыступіць непасрэдна да разгляду твораў Жылкі, мы мусім зрабіць невялічкі экскурс у галіну некаторых агульнапрызнаных палажэньняў нашай літаратурнай публіцыстыкі. Гэта палажэньне аб выкарыстоўваньні культурнай спадчыны. Пролетарыят, будуючы сваю культуру, павінен выкарыстоўваць культурную спадчыну папярэдніх эпох разьвіцьця чалавецтва. Было-б вялікім глупствам выкідаць, скажам, з нашых заводаў патрэбныя машыны на тэй падставе, што яны зьяўляюцца продуктам буржуазнай культуры. Было-б дзіка адмаўляць антычнае мастацтва толькі таму, што яно вырасла на грунце рабаўласьніцкай гаспадаркі. Мы можам сьмела прызнаваць і выкарыстоўваць законы версыфікацыі, пакінутыя нам буржуазнаю культураю. Мы можам, нарэшце, высока ацэньваць творы выдатных дваранскіх поэтаў ды пісьменьнікаў і выкарыстоўваць іх дасягненьні для будаваньня сваёй літаратуры. Усё гэта якраз і адпавядае словам Леніна пра выкарыстаньне культурнай спадчыны. Але выкарыстаньне не заўсёды азначае сабою перайманьне. Калі мы, апрача формальных дасягненьняў якога-небудзь дваранскага поэты, будзем пераносіць у нашу літаратуру ідэёвы зьмест яго творчасьці, дык гэта ў яго якраз будзе перайманьне, нічога супольнага ня маючае з палажэньнем аб выкарыстаньні культурнай спадчыны. З гэтага боку прадстаўляюць вялікую цікавасьць шмат якія вершы Жылкі. Возьмем адзін з гэтых вершаў — „Матылі“ (стар. 115):

Помню — хлопчыкам маленькім
Падабаў я зелень ніў
І на пожні каля рэчкі
Матылёў лавіць любіў.
Так у гульнях і забавах
Дзень за днём міналі ўсьлед,
А у ночку на купальле
Ў лес шукаць бег агняцвет.
А цяпер, калі шукаю
Праўды, шчасьця для людцоў,
Ці ня тое-ж дзіцянё я,
Што лавіла матылёў?

Падаем гэты верш ня дзеля таго, каб упікнуць поэту ў гэткім лёгкадумным марнаваньні часу, як паляваньне на матылёў; пры плянавай пастаноўцы справы гэта можа быць вельмі карысным для прыродазнаўчых габінэтаў. Мы дазволім сабе зьвярнуць увагу чытача на тэму і на яе трактоўку. Тэма гэтая пачынала здавацца ў архіў яшчэ ў часы Вялікай Францускай рэволюцыі, ужо тады яна лічылася трафарэтнай і шаблённай; мы ня думаем, каб за такі доўгі час яна стала сьвяжэйшаю. Усё пытаньне тут зводзіцца да таго, што зямное жыцьцё — гэта толькі „суета сует і всяческая суета“. Мораль, відавочна, не ўласьцівая нашаму часу і нашым поглядам. Вершаў з гэткаю архіўнаю моральлю ў зборніку многа; найбольш яскравымі зьяўляюцца наступныя: „Каханьне“ (стар. 69), „Незразумелае“ (стар. 70), „Марта“ (стар. 73), „Вершы спадзяваньня“ (стар. 85), „Так, ня шмат мне засталося“ (стар. 104), „Хараство“ (стар. 112), „Дзіця“ (стар. 113), „Хлопчык“ (стар. 114) і г. д. Усе гэтыя вершы як па тэмах, па моралі, так і па спосабах нават напісаньня аддаюць такою цьвільлю, што можна толькі тлумачыць недаглядам зьмяшчэньня іх у зборніку з загалоўкам „З палёў Заходняй Беларусі“. Няўжо гэта адтуль прынёс Уладзімер Жылка гэту мяшчанскую філёзофію, гэтыя прыёмы пятаковых „русских песенников“? А калі і адтуль прышлі гэтыя мотывы, то з якіх груп, з якога стану? Возьмем яшчэ для прыкладу верш „Марта“. Тэма біблейская, нашым дзевятнаццаці-дваццацігадовым юнаком яна ўжо нічога не гаворыць:

Імя, як ноч, глухое — Марта
He зачаруе чулы слух,
Пагляд прыцішаны, упарты
Лятункамі ня ўскрыліць дух.
Вось гэткую, Хрысьце, ў Бэтане
Ты знаў, як я, ў сваю пару
Марыі ўзвышанай каханьнем
Затурбаваную сястру.
І ты, калі ад воч Марыі
На Марце супыняў свой зрок,
Ты сілы знаў яе зямныя,
Няўдалы цяжкі бачыў крок.
Ты пад лёгкаю тканінай
Грудзей заўважваючы сьпель,
Ты чуў, як кроў стае няўпыннай,
Як захмяляе цела бель.
І дума здрадная самоты
Ўзьнікала іскрай між другіх:
Ці гэткім аддаюць пяшчоты?
Ці льга кахаць такіх брыдкіх?
Прайшлі вякі… Яна-ж адвечна
Ўсё тэю-ж буднасьцю цьвіце,
І я на думцы недарэчнай
Лаўлю сябе, як ты, Хрысьце.

Гэта лішні раз падкрэсьлівае гіронію прадмовы выдавецтва. Поэта пісаў свае вершы на палёх Заходняй Беларусі, у буржуазнай Чэхаславаччыне і да нас прынёс вершы, у якіх ня толькі форма, але і зьмест запазычаны ў пануючых там станаў: Жылка перасаджвае на сялянскае поле расьліны панскіх оранжэрэй.

Наогул, настрой у Жылкі вельмі і вельмі містычны. Да першага разьдзелу ён бярэ эпіграфам словы Блока: „Всей душой слушайте музыку революции“. Блок у сваёй поэме сымболізаваў рэволюцыю ў вобразе Хрыста і яго апосталаў. Жылка, ня ўцяміўшы блокаўскага сымболю, таксама пачаў прыплятаць бога да рэволюцыі. Паслухаем-жа, якую музыку рэволюцыі чуе Жылка:

І лес у чаканьні бязмоўным
Зялёнай жывою сьцяной
Стаіць, маліцьвеннасьці поўны,
Ўрачыста, як на мшы сьвятой.

З гэткага маліцьвеннага настрою выцякае і адпаведная програма:

Толькі той, чый вольны дух
Застаецца ў бойках квол,
Толькі той, хто творыць рух
Беларускіх мест і сёл,
Толькі той, хто верыць у цуд
Лепшу долю курных хат,
Толькі той, хто любіць люд,
Толькі той — мой любы брат.

Такім чынам, пераважная частка рабочых і сялян ня можа папасьці ў „любыя браты“ Жылкі, таму што ні ў які цуд ня вераць, а лепшую долю для курных хат здабывалі і здабываюць сілаю, Бязумоўна, каб іх ідэолёгія супадала з Жылкаваю, дык гэта лепшая доля магла б зьявіцца толькі дзякуючы цуду.

Родны край і свабоду Жылка вельмі паважае: нязьменна ўсюды, зьвяртаючыся да іх, ён пачынае з вялікай літары; мімаволі ўспамінаецца закід Леніна ў бок тых „дурачков, которые слово „революция“ всегда и везде готовы писать с большой буквы“. Гэта чыста мяшчанскі прыём: каб паказаць сваю рэволюцыйнасьць, пачынаць з вялікай літары адпаведныя словы. Ёсьць у Жылкі яшчэ адзін момант, таксама ўласьцівы старому грамадзтву — лісьліваму і двудушнаму. У той час, як становішча жанчыны ў буржуазным грамадзтве ўсім вядома, як становішча жывога тавару, як об‘екту для здавальненьня самых віртуозных выдумак гуляшчых самцоў, у той самы час буржуазныя поэты пафарысейску заціраюць гэта становішча, убаўляючы жанчыну ў сваіх творах. Чым далей у глыбіню сярэднявякоўя, тым выразьней адчуваецца гэта тэндэнцыя як найболей замазаць рачаіснасьць. У нас ужо зусім іначай будуюцца адносіны паміж жанчынай і мужчынай, усё глыбей укараняецца погляд на жанчыну, як на таварыша, як на роўнапраўнага сябра грамадзтва. У Жылкі спатыкаецца гэта манера сярэднявяковага трубадура. Мы дазволім сабе прывесьці адрыўкі з найбольш яскравых у гэтым кірунку „Вершаў спадзяваньня“:

Ля ног тваіх маўчаць трывогі,
І думкі маліцьвенна строгі,
Як мнішкі белыя гурбой.
Ў цішы пуціны лесавой.
О, соладка ля ног тваіх,
У плашч чароўнасьці адзеты,
Схіляюцца красою кветы.
І вецер сіверны заціх,
Бязбурны дзень — вачэй затокі,
Яны празрысты і глыбокі,
І ясны, як вясны палон.
Іх лёгкі ціхамірны сон.
Мне люба сьніць (бязбурны дні!)
Аб шчасьці гэткім квола-крохкім
І веславаць лятункам лёгкім
Па крышталёвай глыбіні.
О, мармур сьветлага чала
Пад пасмамі глухой завеі!
О, тонкіх рук, о рук лілеі,
Што ня чынілі справы зла!
О, хараство зялёнай пальмы!
Ты ўся зьвініш напевам псальмы,
І росных траваў родны пах
Кадзіць на твой азурны шлях!
Якая слабасьць і спакой,
Якая дзіўная суточнасьць
У сьвет нясьці адну пяшчотнасьць
І усё змагаць аднэю ёй.
А мне маліць — мая Марыя,
Прымі малітвы маладыя
І яснасьцю душы тваёй
Маю пахмурую напой…

Нешта накшталт „Богородице, дево — радуйся“; наш сучасны трубадур зусім разамлеў і расплыўся такімі самымі вобразамі, як бог у пушкінскайГаврилиаде“:

„…Люблю, люблю Марию.
В унынии бессмертие влачу…
Где крылия?.. К Марии полечу
И на груди красавицы почию!“
И прочее… все, что придумать мог…
Творец любил восточный пестрый слог.

Ці трэба падкрэсьліваць яшчэ, што гэткія мотывы ў нашай сучаснай літаратуры гучаць дзікім архаізмам і маглі-б, можа, быць цікавымі, як пісаў Багдановіч 16 год таму назад, тады, —

Калі чыталі „Громобоя“,
„Пастушки грусть“ et cetera.

У творах Жылкі ёсьць яшчэ разьдзелы прыродаапісальнай лірыкі, якія нічым не вызначаюцца сярод безьлічы гэткага гатунку продукцыі маладых поэтаў. Ніводнага сьвежага вобразу, ніводнай цікавай сытуацыі. Тое самае можна сказаць і пра вершы, прысьвечаныя Беларусі. Некалі, у 1920 годзе, Жылка бліснуў быў „орыгінальнасьцю“ ў гэтым кірунку. У той час, калі ўсе беларускія поэты сталі пад сьцяг Савецкай Беларусі, Жылка пісаў яшчэ:

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, сьмела,
Адважна храбрых ваякоў.

(„Беларусь“. 1920 г., № 16).

Цяпер і гэткай „орыгінальнасьці“ не засталося, бо трэ‘ было-б быць бязвыхадным вар‘ятам, каб у сягонешні дзень думаць пра „бел-чырвона-белы“ штандар. Ну, а да чырвонага штандару Жылка не дайшоў.

Спынімся цяпер на некаторых асаблівасьцях Жылкавага стылю, які, бязумоўна, знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з мотывамі яго творчасьці. Возьмем такія вобразы і выразы: старыя стагодзьдзі, радасьць вялікодная, божы сьвет, даўныя паданьні, дзень уваскрошаньня і г. д. Трафарэтныя эпітэты зьвіваюць сабе ў творчасьці Жылкі моцнае гняздо: вузкі загон, сьветлыя росы, векавечны бор, глухая сьцежка, блакітная даль, сьветлае чало, белыя лілеі і г. д., і г. д.

Архітэктоніка вершаў (за выключэньнем старых канонічных форм, як сонэт) вельмі слабая і ўмоўная: падзел зборніка на разьдзелы фактычна нічым не апраўданы, як мала апраўданы і загалоўкі шмат якіх вершаў. Іх можна перастаўляць з месца на месца, зьмешваць строфы і г. д. — ад гэтага зборнік ні лепшым, ні горшым ня будзе. Вельмі слабая і рыфмоўка; пераважнаю ў зборніку зьяўляецца рыфмоўка крыжаваная, рыфмы найчасьцей caмыя зацяганыя: рух — дух, зор — віхор, звон — сон, сталь — даль, край — рай, лёс — сьлёз, балотам — чаротам, сонцы — старонцы, пушча — гушча… Самае паганае ў Жылкі — гэта яго мова. Апрача відавочных русізмаў, як зоў, улюблёны, моўча, стыхія, тайны, проч, суліў і г. д., мы спатыкаем цэлы шэраг слоў, выдуманых самім Жылкам на падставе беларускіх карэньняў: словы гэтыя Жылка будаваў па адзінай схеме, дадаючы да таго ці іншага слова канчатак аньне або асьць, і вось што ў яго павыходзіла:

… думнасьць… шэрасьць…
… уваскрошаньне… сьпяваньняў…
… твае блакітнасьці(?)… напаснасьць…
… сьцюжнасьць…

Наогул з законамі мовы Жылка лічыцца мала, асабліва там, дзе яны спатыкаюцца з законамі версыфікацыі: тады Жылка калечыць слова, пераносіць націск, расьцягвае, ці сьціскае слова; адным словам, як некалі пісаў Бядуля, бацьку роднага для рыфмы зарэзаць гатоў. І таму выходзіць вельмі цяжка і нязграбна. А вось яшчэ:

Заход бяздушным сьветлым палам
Адзначыў сьвежае дзярмо.

Для нас ня зусім ясна, што хацеў сказаць аўтар гэткаю лірычнаю пабудоваю, але сэнс апошняга слова не вымагае тлумачэньняў; лірычнасьці-ж у ім ня вельмі многа.

Агульнае ўражаньне ад зборніка Жылкі такое: уявеце сабе, што глухі музыка на паламанай скрыпцы ў працягу гадзіны (колькі трэба, каб прачытаць зборнік) цягне бясконца верхняе ля; пасьля гэтага доўга стаіць у вушшу ня зусім прыемны гук. І, прачытаўшы гэту кніжку, задаеш сабе недаўменнае пытаньне: каму і навошта патрэбна яна, каго могуць узбудзіць ці зацікавіць яе замагільныя вобразы, яе сярэднявяковая лірыка? І самае галоўнае, ці можна спакойна ўспрыймаць той факт, што зборнік вершаў, відавочна чужых нам і па форме, і па ідэёваму зьместу, носіць многазначную назву „З палёў Заходняй Беларусі“?

Студзень, 1928 г.


  1. З палёў Заходняй Беларусі“. Вершы. БДВ, Менск, 1927. Стар. 128. Ц. 90 к.