Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925)/Нашы пакуты

Пановаму Нашы пакуты
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1925 год
Дзяк-злодзей

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШЫ ПАКУТЫ

Калі праўду пішуць людзі
Стуль, адгэтуль, зьлева, справа, —
У вёсцы добрага ня будзе,
Дрэнна, хлопцы, ваша справа!

Вось, напрыклад, піша Янка,
Што у Вусаве на сьвята
Самагон глыталі шклянкай
Ўсе — ад Пётры да Кандрата.

І Вайтовіч, і Касінскі,
І Канончык, — ўсе дашчэнту
Нацялескалісь пасьвінску
Бяз усякага патэнту.

Той — блюе, другі рагоча,
Трэці ногі раскарачыў,
Лезуць соплі аж на вочы —
Каб ты сьвету ня убачыў!

Іваноўскі-ж каля плоту
Наастатак — дайце-ж раду:
Кілбасою выпер з роту
Тое сама, што й ззаду.

Далі дыхту… эх, кілішак!
Моўвіць неча — пагулялі!
Як каты, наеўшысь кішак,
Усю вёску заблявалі!

Або ў Волменскай Паперні —
Пішуць нам з другой сялібы:
Самагон, як з бочкі, верне
І праз дзьверы і праз шыбы.

Ў сьвірне гоняць, ціснуць ў клеці
На няшчасьце, на пакуту;
За бацькамі нават дзеці
Цягнуць чортаву атруту.

Дзе тут розум? Дзе сумленьне?
Што за смак у тэй кватэрцы?
Як чытаеш — душыць мленьне,
Жаль і жах гарыць у сэрцы.

Чуйце — пішуць: ў нейкай хаце
Пераносіць маці кару,
Бо змарожаны ў дзіцяці
Ножкі-ручкі цераз гару.

А ўжо-ж мелі тут навуку!
Будзе ўсім вам, як Юстыну,
Што, напіўшыся, бяз гуку
Лёг ня ўчасе ў дамавіну.

Не палепшыцца ніколі
Беларускаму народу,
Покі гэтакай сваволі
Не закінуць людзі ў воду!

Ці ня лепш было-б, скажэце,
Быць цьвярозым чалавекам,
Знаць, што робіцца на сьвеце,
І што будзе век за векам?

Ці ня лепш, узяўшы кніжку,
Грамадою дзе сабрацца,
Пачытаць, а потым крышку
Так, як людзі, паспрачацца,

Каб ясьней уцяміць тое,
Што ня надта зразумела?
Ці ня лепш было-б удвое?
Лепш бяз конца — скажам сьмела!