Прыгоды Мюнхаузена (1938)/1/Іскры з вачэй
← Воўк, запрэжаны ў сані | Іскры з вачэй Апавяданьне Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі 1938 год Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785) |
Дзіўнае паляванне → |
ІСКРЫ З ВАЧЭЙ
У Пецербургу мне жылося добра.
Я часта хадзіў на паляванне і цяпер з прыемнасцю ўспамінаю той вясёлы час, калі са мною амаль кожны дзень здаралася столькі цудоўных гісторый.
Адна гісторыя была вельмі пацешная.
Справа ў тым, што з акна маёй спальні была відаць велізарная сажалка, дзе вялося вельмі многа ўсялякай дзічыны.
Аднойчы раніцой, падышоўшы да акна, я заўважыў у сажалцы дзікіх качак.
Я схапіў стрэльбу і кулём вылецеў з дому.
Але ад спешкі, збягаючы па ўсходках, я стукнуўся галавою аб дзверы, ды так моцна, што з вачэй у мяне пасыпаліся іскры.
Гэта не спыніла мяне.
Я пабег далей. Вось нарэшце і сажалка. Нацэльваюся ў самую тлустую качку, хачу стрэліць — і, на маё няшчасце, заўважаю, што ў стрэльбе няма крэменя. А без крэменя нельга страляць.
Што рабіць? Пабегчы дахаты па крэмень?
Але-ж, качкі могуць паляцець.
Засмучоны, я апусціў стрэльбу, праклінаючы ўсё на свеце, і раптам мне прышла ў галаву выдатная думка. З усяе сілы я ўдарыў сябе кулаком па праваму воку. З вока, вядома, так і пасыпаліся іскры, і порах у той-жа момант успыхнуў. Так! Порах успыхнуў, пачуўся стрэл, і я адразу забіў дзесяць найлепшых качак. Раю вам кожны раз, калі вы ўздумаеце раскласці агонь, здабываць з правага вока такія-ж іскры.