Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/IX
← Раздзел VIII | Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел IX Раман Аўтар: Яраслаў Гашак 1931 год Пераклад: Міхась Зарэцкі |
Раздзел X → |
РАЗЬДЗЕЛ IX
ШВЭЙК У ГАРНІЗОННАЙ ТУРМЕ
Астатні прытулак для тых, хто не хацеў ісьці ва вайну была гарнізонная турма. Я сам знаў аднаго настаўніка, што мусіў, як матэматык, служыць у артылерыі, але ня маючы ахвоты страляць з гарматы, „стралянуў“, каб трапіць у гарнізонную турму, гадзіньнік у аднаго афіцэра. Зрабіў ён гэта цалкам сьвядома. Вайна яму не імпанавала і не захапляла яго. Ён лічыў, што страляць ў няпрыяцеля і забіваць шрапнэлямі ды гранатамі гэткіх самых, як і ён сам, выкладчыкаў матэматыкі па той бок фронту, неразумна. „Хачу быць сумленным чалавекам“, — сказаў ён і з спакойным сэрцам украў гадзіньнік. Зрабілі досьлед яго псыхічнага стану, і калі ён заявіў, што зрабіў гэта з мэтай узбагачэньня, яго адправілі ў гарнізонную турму.
У гарнізоннай турме большасьць арыштантаў сядзелі за зладзейства ці жульніцтва — на ідэйным грунце ці без ідэйнага грунту; людзі, якія лічылі вайсковую службу за крыніцу асабістых прыбыткаў: розныя чыноўнікі інтэнданцтва, з тылу і фронту, што нарабілі ўсялякага махлярства з провіянтам і салдацкай пэнсіяй, а таксама дробныя зладзеі, якія мелі ў тысячу разоў большае сумленьне, ніж тыя дабрадзеі, што іх сюды паслалі. Апрача таго, у гарнізоннай турме сядзелі за іншыя злачынствы чыста вайсковага характару: парушэньне дысцыпліны, спробы мяцяжу, дэзэртырства. Асобную групу складалі політычныя, з якіх восемдзесят процантаў былі зусім бязьвінныя; з гэтых бязьвінных дзевяцьдзесяць дзевяць процантаў па разглядзе справы былі засуджаны.
Вайскова-юрыдычны апарат быў дасканалы. Гэткі апарат мае кожная дзяржава перад політычным, зкономічным і моральным банкруцтвам. Бляск былое магутнасьці і славы ахоўвалі суды, паліцыя, жандармэрыя і прадажная зграя даказчыкаў.
У кожнай вайсковай часьці Аўстрыя мела сваіх шпэгаў, якія даказвалі на сваіх таварышоў, што спалі з імі на аднэй падлозе і ў паходзе дзяліліся з імі хлебам.
Матэрыял у гарнізонную турму дастаўляла таксама і ахранная паліцыя. Вайсковая цэнзура выпраўляла сюды аўтараў корэспондэнцый паміж фронтам і тымі, хто застаўся ў страшэннай бядоце дома; жандары прыводзілі сюды і старых няздольных да працы сялян, што пісалі сыном на фронт, а вайсковы суд прышпіляў ім да карку па дванаццаць год турмы за словы спацяшэньня ці за апісаньне іхнае ўласнае галоты.
З Градчанскай гарнізоннай турмы ішла дарога праз Бржэўнеў на Матольскі пляц. Там можна было бачыць гэткія карціны. Пад канвоем салдат ішоў чалавек у ручных кайданох, а за ім на калёсах везьлі труну. На пляцы чулася кароткая каманда: „Аддзяленьне, плі!“ — і назаўтрага па ўсіх ротах, батальёнах чыталі палкавы загад аб чарговым расстрэле аднаго з узядзеных у войска за ўзьняты ім „бунт“, калі капітан выцяў шабляй яго жонку, якой ня змога была разлучыцца з мужыком.
А ў гарнізоннай турме „тройца“, — нагляднік Славік, капітан Лінгардт ды фэльдфэбель Рэпа, якога звалі „кат“, — спраўлялі свае заданьні. Колькі людзей зьбілі яны да сьмерці ў адзіночках!
Магчыма, што капітан Лінгардт і ў рэспубліцы яшчэ астаецца за капітана. Зычу яму, каб гады службы ў гарнізоннай турме былі яму залічаны. Славіку яго стаж быў залічан дзяржаўнай паліцыяй. Рэпа стаў цывільным і вярнуўся да свайго рамяства майстра будаўнічых работ. Магчыма, што ён сябра якога-небудзь патрыятычнага гуртка ў рэспубліцы.
Нагляднік Славік ужо за рэспублікай пракраўся і сядзіць цяпер у турме. Не пашчасьціла, небараку, асталявацца ў рэспубліцы, як гэта зрабіла ці мала іншых паноў з вайсковых.
*
Прымаючы Швэйка, нагляднік Славік кінуў на яго позірк поўны нямога дакору.
— Раз ты трапіў сюды, значыць за душой у цябе ёсьць, брат, грашкі. Мы табе тут дагодзім, як і ўсім, хто трапіў у нашыя рукі, а нашыя рукі — гэта, брат, табе ня дамскія ручкі.
І каб надаць вагі сваёй уступнай прамове, ён тыцнуў сваім жылаватым кулаком Швэйку пад нос:
— Панюхай, чым пахне, паскуда!
Швэйк панюхаў і зазначыў:
— Я-б не хацеў дастаць па носе гэткага біла. Пахне магільнікам.
Спакойная, разважлівавая швэйкаўская манера гаворыць упадабалася наглядніку.
— Гэй! — крыкнуў ён, даўшы яму кулаком пад‘уздухі: — Стаяць ціха. Што ў цябе ў кішэнях? Калі ёсьць курава, можаш пакінуць сабе, а грошы дай сюды, а то згубіш. Больш няма? Сапраўды няма? Толькі не брашы! За брахню дастанеш...
— Дзе яго дзенеш? — запытаў фэльдфэбель Рэпа.
— Піханём яго ў шаснаццатае, — вырашыў наглядальнік. — Ня бачыце, ці што, як на праводнай паперы напісаў пан капітан Лінгардт: „Steng behüten, beobachten?“[1]
— Так, браце, — сказаў ён Швэйку, — з быдлам быдлячае абыходжаньне. А хто ўзбунтуецца, таго запхнём у адзіночку, а там пакрышым яму ўсе рэбры, — хай валяецца, пакуль ня здохне. Маем на тое поўнае права. Хвацка тады мы расправіліся з тым разьніком. Памятаеце, Рэпа?
— Але-ж і папрацавалі над ім, пан нагляднік! — адказаў лятуценна фэльдфэбель Рэпа. — Во быў асілак. Дратаваў я нагамі яго больш за пяць хвілін, пакуль у яго не затрашчэлі рэбры ды не пашла з ляпы кроў. Ды яшчэ дзён дзесяць мадзеў. Жывучы быў, сукін сын.
— Бачыш, падлюга, як у нас распраўляюцца, калі хто-небудзь наважыцца бунтаваць ці ўцячы, — скончыў свой дыдактычны выказ нагляднік Славік. — Гэта ўсёроўна, што самагубства, за якое ў нас такім-жа парадкам караюць. Або, крый божа, табе, паскудніку, узбрыдзе на розум, як прыдзе інспэкцыя, на што-небудзь паскардзіцца! Калі інспэкцыя прыдзе і запытае: „Ці ёсьць якія скаргі?“ — дык ты, сукін сын, павінен стаць ва фронт, казырнуць і адрапартаваць: „Ніякіх няма, усім здаволен“. Ну-тку, перакажы, брыда!
— Ніякіх няма, усім здаволен, — праказаў Швэйк з такім мілым выразам, што нагляднік улічыў гэта за праўдзівую шчырасьць і душэўную чыстату.
— Дык зьдзявай штаны і пойдзеш у шаснаццатае, — сказаў ён мягчэй, не прыкладаючы да гэтага, як за-звычай, ані „паскудніка“ ані „сукінага сына“.
У „шаснаццатым” Швэйк засьпеў чалавек з дваццаць мужчын у сподніках. Тут былі ўсе, у каго ў праводным акце была адзнака: „Steng behüten, beobachten!“ і за якімі вельмі шчыра прыглядалі, каб яны не ўцяклі.
Каб споднікі былі чыстыя, а на вокнах ня было крат, дык на першае вока рабілася-б уражаньне, што вы знаходзіцеся ў прымыльніку.
Швэйка прыняў ад фэльдфэбеля стараста, барадаты дзяцюк у расшпіленай сарочцы. Ён запісаў яго імя на аркуш паперы, што вісеў на сьцяне і сказаў яму:
— Заўтра ў нас прыстаўленьне. Нас павядуць у капліцу на казаньне. Мы ўсе там будзем стаяць пад катэдрай у адных сподніках. Во будзе пацеха!
Як і ўва ўсіх у вастрогах і турмах, у гарнізоннай турме была свая капліца, якая зьяўлялася аблюбёнай забавай арыштантаў. Сэнс быў ня ў тым, каб прымусовае наведваньне турэмнай царквы зблізіла арыштантаў з богам ці прывяло іх да добрачыннасьці. Пра гэтае глупства няма чаго і гаварыць. Проста, набажэнства і казаньне давалі ратунак ад турэмнае нудоты. Сэнс быў ня ў тым, што станеш бліжай да бога, а ў тым, што ёсьць надзея дарогай — на сходах ці на авары — знайсьці кінуты недакурак ці падабраць высыпаную з мелькі недакураную жменьку табакі. Бога зусім адшыў у бок маленькі недакурак, які — забыты — валяўся дзе ў плявальніцы ці на зямлі сярод пылу. Гэты маленькі пахучы прадмет пераважыў і бога і спасеньне душы.
Ды, апрача таго, самае казаньне было вельмі занятнай штукай. Фэльдкурат[2] Отто Кац увогуле быў мілы чалавек.
Яго казаньні былі надзвычайна цікавыя, вострыя і сьвежыя сярод жудоты гарнізоннай турмы. Ён так забаўна малоў языком пра бязьмежную боскую літасьць, каб падтрымаць „прыгнечаных роспаччу“ арыштантаў, так ёмка лаяўся з катэдры ці каля алтара, так зухавата выводзіў у алтары сваё „Ite missa est!“ Усё набажэнства ён правіў дужа орыгінальным спосабам, пераставіўшы ўвесь парадак сьвятой імшы і выдумляючы, калі быў добра п‘яны, зусім новыя малітвы, новую імшу, свой уласны рытуал, адным словам — нешта нябачанае да гэтай пары.
Аднойчы (во было сьмеху!) ён пасьлізнуўся і цялёпнуўся разам з чашай, сьвятымі дарамі і трэбнікам, голасна абвінавачваючы міністранта[3] з арыштантаў, што той яму сумысьля зрабіў падножку, і тут-жа, перад самай дарахранільніцай заляпіў яму адзіночку і шпангле[4]. Пакараны, неўважаючы на гэта, быў вельмі здаволены ўжо тым, што прыдаўся на пацеху ўсёй паважанай публіцы і так удала адыграў сваю ролю. Фельдкурат Отто Кац, тыповы вайсковы поп, быў яўрэй. У гэтым няма ніякага дзіва. Арцыбіскуп Кон быў таксама яўрэй ды яшчэ да таго блізкі прыяцель Махара[5].
У фэльдкурата Отто Капа было яшчэ больш пярэстае мінулае, чымся ў славутага арцыбіскупа Кона. Ён вучыўся ў комэрцыйным інстытуце і на вайсковую службу забралі былі яго ў свой час. Ён так дасканала цяміў вэксэльнае права, што за адзін год давёў фірму Кац і К° да банкурцтва, ды такога грунтоўнага, што старому Кацу давялося ехаць у Паўночную Амэрыку, папярэдне паквітаўшыся са сваімі вернікамі, праўда, бяз іхнага ведама, як і са сваім кампаньнікам, што ў выніку мусіў падацца ў Аргэнтыну.
Калі малады Кац гэткім спосабам бесстаронна падзяліў фірму Кац і К° паміж Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкай, ён апынуўся ў становішчы чалавека, якому няма адкуль чакаць спадчыны, які ня ведае, дзе прытуліцца і якому асталося адно — падацца на вайсковую службу.
Перад гэтым аднак, Отто Кац прыдумаў спрытную штуку. Ён перахрысьціўся. Зьвярнуўся даверліва да хрыста, каб той памог яму зрабіць кар‘еру, разглядаючы гэта, як комэрцыйную згоду паміж ім і сынам божым.
Яго ўрачыста ахрысьцілі ў Эмаўскім манастыры. Сам патэр Альбак правіў абрад хрышчэньня. Гэта было цудоўнае відовішча. Былі прысутныя пры гэтым: пабожны маёр з таго-ж палку, дзе служыў Отто Кац, старая дзеўка з інстытуту шляхетных паненак на Градчанах і мурласты прадстаўнік консысторыі, які быў у яго за хроснага.
Экзамен на афіцэра прайшоў добра, і новаяўлены хрысьціянін Отто Кац застаўся на вайсковай службе. Перш яму здавалася, што справа пойдзе добра, і ён цэліў ужо ў вайсковую акадэмію, але неяк аднаго разу напіўся, пашоў у манастыр і прамяняў шаблю на чарнецкую расу. Ён быў на аудыенцыі ў арцыбіскупа ў Градчанах і, усё па ўсім, трапіў ў сэмінарыю. Перад сваім пасьвячэньнем ён напіўся ўшчэнт у адным вельмі прыстойным „доме з жаночымі служкамі” і проста з гулянкі пашоў на пасьвячэньне. Пасьля пасьвячэньня ён падаўся ў свой полк шукаць пасады і, калі яго прызначылі за палкавога ксяндза, купіў сабе каня, гарцаваў па Празе і браў шчыры ўдзел ува ўсіх п‘янках афіцэраў свайго палка.
На сходах дома, дзе ён кватараваў часьцяком чуваць былі праклёны нездаволеных крэдытораў. Да сябе на кватэру ён вадзіў дзевак з вуліцы, а хоць пасылаў па іх свайго дзяншчыка. Ён з ахвотай гуляў у „фэрбе“[6], і былі не пазбаўленыя пэўнае рацыі падазрэньні, што гуляе ён нячыста, але ніхто ня здолеў злавіць яго на тым, што ў шырокім рукаве ў яго вайсковай сутане прыхаваны туз. У афіцэрскім кампаністве яго звалі „сьвятым айцом“. Да казаньня ён не рыхтаваўся і гэтым розьніўся ад свайго папярэдніка, які перад ім наведваў гарнізонную турму. У яго папярэдніка ў галаве цьвёрда засела было ўяўленьне, што каманду, якая сядзіць у дыспыплінарным батальёне, можна выправіць казаньнямі. Гэты паважаны ксёндз пабожна ўзьнімаў вочы ўгару і гаварыў арыштантам аб неабходнасьці рэформ сярод простытутак, аб забесьпячэньні незамужак-матак і аб выхаваньні байструкоў. Яго казаньні былі чыста абстрактнага характару і ня краталі інтарэсаў бягучага моманту, ці, па-просту сказаць, былі нудныя.
Казаньні фэльдкурата Отто Каца, наадварот, весялілі ўсіх чыста.
Шаснаццатае аддзяленьне прывялі ў царкву ў адных сподніках, бо дазволіць ім надзець порткі ня важыліся, каб хто-небудзь з іх ня ўцёк. Гэта быў урачысты момант. Іх, дваццаць анёлкаў у белых сподніках, паставілі пад самай катэдрай казальніка. Іншыя з іх, якім дарогай пашанцавала, жвалі знойдзеныя недакуркі, бо з прычыны адсутнасьці кішэняў ня было куды іх схаваць. Навокал іх стаяла рэшта арыштантаў гарнізоннай турмы і дзівавала на дваццацера споднікаў.
На катэдру, бразгаючы шпорамі, узьлез фэльдкурат.
— Зважай! — пакамандваў ён. — На малітву! Пераказваць усё за мной, што я буду гаварыць! Гэй, ты там, адзаду, не смаркай, сукін сын, у жменю, ты знаходзішся ў храме божым, а то загадаю пасадзіць цябе ў карцар! Мабыць пазабываліся ўжо, абармоты, „Ойча наш“? Ну-тку, паспрабуем... Так я і ведаў, што ня выйдзе нічога. Дзе там ужо „Ойча наш“. Вам адно-б увабраць дзьве порцыі мяса з бабовай кашай, нажэрціся, легчы пузам на ложак, калупаць у носе ды ня думаць пра госпада бога. Што мо‘ ня праўду кажу?
Ён паглядзеў з катэдры ўніз на дваццацера белых споднікаў, якія разам з усімі іншымі забаўляліся, як маглі. У задніх радох гулялі ў „мяса“[7].
— Нішто, пацешна, — шапернуў Швэйк свайму суседу, над якім вісела падазрэньне, што ён за тры кроны адцяў свайму таварышу сякерай усе пальцы на руцэ, каб той зволіўся з вайсковае службы.
— Ці тое яшчэ будзе! — адказаў той. — Ён сёньня зноў добра надзюбаўся, значыць, зноў будзе апавядаць пра цярністую пуціну грэху.
Сапраўды, фэльдкурат быў у добрым гуморы. Сам ня ведаючы, навошта ён гэта рабіў, ён увесь час перагінаўся цераз парэнджы катэдры, рызыкуючы згубіць роўнавагу і скінуцца ўніз.
— Ну-тку, сьпейце што-небудзь хлопцы! — закрычаў ён з гары. — Ці мо‘ хочаце, я наўчу вас сьпяваць новую песеньку? Падводзьце за мной усьлед.
Ці ё ў сьвеце хто мілей |
Вы, лайдакі, ніколі нічога не наўчыцёся, — казаў далей фэльдкурат. — Я за тое, каб усіх вас расстрэліць. Зразумела ўсім? Заяўляю пра гэта вам з гатага сьвятога месца, нягоднікі, бо бог ёсьць істота, якая ня будзе малімоніцца, а задасьць вам такога перцу, што небу горача стане. Бо вы ня хочаце зьвярнуцца да хрыста, а ўважаеце лепш ісьці па цярністай пуціне грэху.
— Во-во, пачынаецца. Добра нажлукціўся, — радасна зашаптаў Швэйкаў сусед.
— ...Цярністая пуціна грэху — гэта, ёлупы вы такія-гэткія, пуціна барацьбы з хібамі душы. Вы, блудныя сыны, гатовы скрозь валяцца ў адзіночках, абы не вярнуцца да свайго айца. Узьніміце вочы вашы на неба — і пераможаце. Спакой сыйдзе на вашыя душы, сукіны вы дзеці. Я прасіў-бы, каб там, адзаду, ня порскалі. Вы — не жарабкі і ня ў стайні, а ў храме божым. Майце гэта на ўвазе... Дык на чым гэта я быў спыніўся? Ага, наконт спасеньня душы... Памятайце, бугаі, што вы — людзі, і павінны скрозь цёмны мрок рачавістасьці пусьціць погляд у бязьмежны прастор вечнасьці і пазнаць, што ўсё тут тленнае і нядоўгавечнае і што толькі адзін бог няўмірушчы. „Sehr gut, nicht wahz, mein Herren?“[8] А калі вы думаеце, што я буду і ўдзень і ўначы за вас маліцца, каб міласэрны бог, ёлупы, удыхнуў сваю душу ў вашыя закарэлыя сэрцы і літасьцю сьвятой сваёю ачысьціў беззаконнасьць нашу, узяў вас ва ўлоньне сваё і дараваў вам, сукіным дзецям, грахі вашы, — дык вы моцна памыляецеся! Я вас уводзіць у рай і ня думаю...
Фэльдкурат ікнуў.
— І ня думаю... — упарта пераказаў ён. — Нічога ня буду дзеля вас рабіць. І пальцам ня кіўну, бо вы — непапраўныя нягоднікі. Бязьмежная літасьць найвышэйшага не павядзе вас па вашым жыцьцёвым шляху і не даткнецца да вас подыхам сьвятое любасьці, бо госпад бог і не падумае валаводзіцца з гэткімі паскуднікамі... Чуеце, што я кажу? Гэй, вы там, у сподніках!..
Дваццацера споднікаў паглядзела ўгару і ў адзін голас адказала:
— Так точна, чуем.
— Мала таго, каб чуць, — цягнуў далей сваё казаньне фэльдкурат. — У мроку, які вас абкружае, не саступіць на вас літасьць найвышэйшага, бо боская літасьць мае таксама свае межы. А ты, боўдзіла, там ня душыся, бо згніеш у мяне ў карцэры! І вы там, унізе, ня думайце, што ў карчме. Боская літасьць бясконцая, але толькі для сумленных людзей, а не для злыдняў нясусьветных, што ня выконваюць ні яго законаў, ні вайсковага статуту. Во што я хацеў вам сказаць. Маліцца вы ня ўмееце і думаеце, што хадзіць у царкву вам пацеха, нібы тут тэатр, ці кінематограф які. Я вам гэта выб‘ю з галавы, каб вы ня думалі, што я прышоў сюды вас забаўляць і разганяць вам нуду! Перасаджу вас па адзіночках сукіных дзяцей, — во што я зраблю. Адно час з вамі трачу, ды бачу, што зусім марна. Каб замест мяне быў тут сам фэльдмаршал ці сам арцыбіскуп, усёроўна вы-б ня выправіліся і не зьвярнуліся на шлях ісьціны. І ўсё-ткі калі-небудзь вы мяне ўспомніце і скажаце: „Ён нам добрага зычыў“...
З радоў споднікаў пачулася хліпаньне.
Гэта румзаў Швэйк.
Фэльдкурат зірнуў уніз. Там стаяў Швэйк і цёр вочы кулаком. Навокал было агульнае радаваньне.
— Вось з гэтага чалавека, — сказаў далей фэльдкурат, паказваючы на Швэйка, — хай кожны з вас возьме прыклад. Што ён робіць? Плача. Ня плач, табе кажу. Ня плач! Ты хочаш выправіцца? Гэта табе, галубок, ня надта лёгка ўдасца. Цяпер вось плачаш, а вернешся ў камеру, зноў станеш гэткім самым нягоднікам, якім быў раней. Табе яшчэ многа прыдзецца паразважаць аб бясконцай літасьці боскай, доўга ўдасканальвацца, пакуль твая грэшная душа ня выйдзе нарэшце на той правільны шлях, па якому ёй належыць ісьці... Сёньня на нашых вачох заплакаў адзін з вас, захацеўшы выправіцца, а што робіце вы, іншыя?.. Ані трасцы! Вунь там адзін нешта жве, нібы ён — жвачная жывёла, а другі вунь там шукае ў храме божым вошай у сябе ў сарочцы. Што вы ня можаце церабіцца дома, ці што, а займаецеся гэтым якраз пад час набажэнства? Нагляднік, вы зусім ня пільнуеце парадку. Вы ўсё-ткі салдаты, а не якія-небудзь цывільныя байбусы, і паводзіць сябе павінны так, як належыць салдатам, хай сабе і ў цэркве. Займецеся, ліха матары, шуканьнем бога, а вошай будзеце шукаць дома. На гэтым я скончыў і вымагаю ад вас, каб вы, хуліганы, паводзілі сябе пад час імшы прыстойна, а ня так, як мінулым разам, мяняць казённую бялізну ды жраць пры ўзьнясеньні сьвятых дароў.
Фэльдкурат сышоў з катэдры і прайшоў у рызьніцу, куды сьледам за ім падаўся і нагляднік. Праз хвіліну нагляднік вышаў, падышоў проста да Швэйка, выцягнуў яго з натоўпу дваццацёх споднікаў і павёў у рызьніцу.
Фэльдкурат сядзеў, раскапусьціўшыся, на стале і круціў сабе цыгарку. Як увайшоў Швэйк, фэльдкурат сказаў:
— Ну, вось і вы. Я тут памеркаваў, і, здаецца мне, што раскусіў вас. Разумееце? Гэта першы выпадак, каб у мяне ў царкве хто разроўся.
Ён саскочыў са стала і, трасянуўшы Швэйка за плячо крыкнуў:
— Прызнайся, падлюга, што румзаў ты так, дзеля сьмеху.
Франц Сальскі[9] з цьмянае іконы дапытліва глядзеў на Швэйка. А з другога боку на Швэйка, глядзеў нейкі мучальнік. У яго ў азадку былі зубы ад пілы, якою яго пілавалі рымскія салдаты. На твары ў мучальніка ня відаць было ані пакуты, ані здаволеньня, ані мучальніцкага азарэньня. Ён глядзёў зьдзіўлена, нібы кажучы: „Якім чынам я, уласна, тут апынуўся, і што вы, панове, са мною робіце?“
— Так точна, пане фэльдкурат, — сказаў Швэйк, — становячы ўсё на-кон, — каюся наймацнейшаму богу і вам, шаноўны айцец, як намесьніку яго, што я румзаў сапраўды адно дзеля сьмеху. Я бачыў, што вашаму казаньню бракуе толькі каяньня грэшніка, якога вы марна заклікалі ў сваім казаньні, і я хацеў даць вам гэтую ўцеху, каб вы не падумалі, што ня знойдзеце тут ніводнага далікатнага чалавека. А сабе я хацеў разагнаць троху нуду.
Фэльдкурат дапытліва паглядзеў на прастадушны Швэйкаў твар. Сонечны прамень зайграў на пахмурай іконе Франца Сальскага і ацяпліў зьдзіўленага мучальніка на процілеглай сьцяне.
— Вы мне гатовы ўпадабацца, — сказаў фэльдкурат, зноў садзячыся на стол. — Якога палка?.. — Ён ікнуў.
— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, што належу і не належу да дзевяцьдзесят першага палка, — наогул ня ведаю, што са мною, уласна, дзеецца.
— А за што вы тут сядзіце? — запытаў фэльдкурат, бесьперастаньня ікаючы.
З баталённае царквы даносіліся гукі фісгармоніі, што замяняла орган. Музыка, настаўнік, пасоджаны за дэзэртырства, выліваў сваю душу ў самых журботных царкоўных мэлёдыях. Гукі гэтыя спалучаліся з фэльдкуратавай ікаўкай у нейкай невядомай дагэтуль дорыйскай гаме.
— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, што я фактычна ня ведаю, за вошта я тут сяджу, але я не наракаю. Мне проста не шанцуе. Я ўсё стараюся як найлепей, а ў мяне ўсё выходзіць ражном, усёроўна як у таго вунь мучальніка на іконе.
Фэльдкурат паглядзеў на ікону, усьміхнуўся і сказаў:
— Вы мне, далі бог падабаецеся! Прыдзецца распытаць пра вас у сьледчага. Ну, а больш займацца з вамі ня буду. Каб як хутчэй адбалабаніць гэтую сьвятую імшу... Кру-гом! Марш!
Вярнуўшыся да свае каманды бясштоньнікаў пад катэдру, Швэйк на распытваньні, чаго фэльдкурат у рызьніцы ад яго хацеў, адказаў каротка і суха:
— П‘яны, як зямля.
Наступны нумар програмы — сьвятую імшу — публіка сустрэла з несхаванай сымпатыяй і напруджанай увагай. Адзін арыштант біўся аб заклад на ўсю сваю маемасьць, што фэльдкурат упусьціць дарахранільніцу. Ён паставіў увесь свой паёк хлеба супроць дзьвюх аплявух — і выйграў.
Нельга сказаць, каб тое пачуцьцё, якое поўніла ўсіхныя душы пад час адправы фэльдкуратам імшы, было містыцызмам веруючых ці пабожнасьцю заўзятых католікаў. Гэта было больш падобна да пачуцьця, якое бывае ў тэатры, калі мы ня ведаем зьместу п‘есы, дзея разьвіваецца і мы з напружанай увагай чакаем разьвязкі. Усе былі захопленыя прыстаўленьнем, якое даваў фэльдкурат каля алтара. Яны з эстэтычнаю асалодай глядзелі на рызу, напранутую фэльдкуратам навыварат, і былі ўзбураны і захоплены відовішчам, якое адбывалася перад алтаром. Рыжы міністрант, дэзэртыр з духоўных, спэцыяліст у дробным зладзействе ў 28-м палку, як мага завіхаўся над выкананьнем на памяць усяго ходу і тэксту сьвятое імшы. Ён быў фэльдкурату адначасна і за міністранта і за суфлёра, што аднак не перашкаджала таму з нязвычайным спрытам пераскокваць цераз цэлыя сказы. Выпадкова натрапіўшы ў трэбніку на каляднае набажэнства, фэльдкурат пачаў пець яго на вялікае здаволеньне публікі. Ён ня меў ні голасу, ні сьмеху і пад скляпеньнем царквы разьлягаўся скогат і рык, як у пушніку.
— Ну, і надзюбаўся сёньня, няма чаго казаць, з поўным здавальненьнем загаманілі пад алтаром. — Добра яго разабрала. Мабыць, зноў недзе да дзевак хадзіў.
Ужо ўтрэцяе няслося ад алтара фэльдкуратава пяяньне „Ita missa est“, падобнае да ваяўнічага крыку індзейцаў, аж вокны дрыжэлі. Потым фэльдкурат зазірнуў яшчэ раз у чашу, ці не засталася там яшчэ хоць кропля віна, нездаволена пакрывіўся і зьвярнуўся да слухачоў:
— Цяпер можаце ісьці дамоў, абармоты. Канец. Я бачу, у вас няма тае праўдзівае пабожнасьці, якую-б належала мець у царкве перад сьвятым алтаром. Паскуднікі! Перад тварам найвышэйшага вы не саромяецеся гучна сьмяяцца і кашляць, шоргаць нагамі... Нават перада мной, які ёсьць тут намесьнік дзевы Марыі, Ісуса хрыста і бога айца, сукіны дзеці. Калі гэтак будзе і надалей, дык я з вамі распарадкуюся як мае быць, каб вы ведалі, што існуе ня толькі пекла, аб якім я вам надовечы гаварыў, але і пекла на зямлі. Можа ад першага вы і выратуецеся, дык-жа другога вам у мяне ня мінуць... Кру-гом! Марш!
Фэльдкурат, які гэтак добра і сваячасова праводзіў у жыцьцё стары, закарэлы звычай наведваньня вязьняў, прайшоў у рызьніцу, перапрануўся, загадаў наліць сабе з вялізнай аплеценай бутлі царкоўнага віна і з дапамогаю рыжага міністранта ўсьсеў на свайго верхавога каня, які быў навязаны на двары. Але тут ён уздумаў на Швэйка, зьлез з каня і пашоў у канцылярыю да сьледчага Бэрніса.
Вайсковы сьледчы Бэрніс быў перад усім чалавек кампанства, цудоўны танцор і распусьнік, які надзвычайна нудзіўся на службе і пісаў нямецкія вершы ў альбом, каб мець заўсёды запас напагатове. Ён быў найважнейшым зьвяном усяго апарату вайсковага суду, бо на руках у яго было такое мноства пратаколаў і пераблытаных актаў, што ён надаваў пачцівага жаху ўсяму вайскова-політычнаму суду на Градчанах. Ён скрозь губляў абвінаваўчы матэрыял, што вымушала яго выдумляць новы, блытаў іменьні, губляў ніткі абвінавачваньня і сукаў новыя, як яму толькі ў галаву лезла, судзіў дэзэртыраў за зладзейства, а зладзеяў — за дэзэртырства, закручваў і політычныя процэсы, хапаў матэрыял проста з паветра, вычвараў розныя фокусы покусы, каб злавіць абвінавачаных на тых злачынствах, якіх тыя ніколі і ня сьнілі, выдумляў абразы „вялікасьці“ і выдуманыя ім самым выразы інкрымінаваў абвінавачаным, апэляцыі і паказаньні якіх губляліся ў заўсёдашнім роіле актаў і копій.
— Здароў! — сказаў фэльдкурат, падаючы яму руку. — Як справы?
— Ня надта, — адказаў вайсковы сьледчы Бэрніс. — Падкідаюць мне матэрыялы, а ў іх сам чорт нічога не разьбярэ. Учора я паслаў у суд ужо апрацаваны матэрыял аб адным малойчыку наконт мяцяжа, а мне яго вярнулі назад, бо справа ішла не аб мецяжы, а аб крадзежы кансэрваў. Ды яшчэ паставілі ня той нумар. Як яны і да гэтага даўміліся, бог сьвяты ведае.
Вайсковы сьледчы плюнуў.
— У карты гуляць ходзіш? — запытаў фэльдкурат.
— Прайграўся я ў карты. Апошні раз гулялі мы з палкоўнікам, з тым пляшывым, у макао, дык я яму ўсё прапёр. За тое маю наўвеце адну дзяўчынку... А ты што парабляеш, сьвяты айцец?
— Мне патрэбен дзяншчык, — сказаў фэльдкурат. — Апошні дзяншчык быў у мяне стары з запасных, праўда, што без вышэйшае адукацыі, але ідыёт найвышэйшае маркі. Маліўся вечна ды хліпаў, каб бог бараніў яго ад бяды і насланьня, ну, я яго і паслаў з маршавым батальёнам на фронт. Кажуць, гэты батальён расшкуматалі ўшчэнт. Потым мне паслалі аднаго малойчыка, які нічога іншага не рабіў, як толькі сядзеў у шынку ды піў на мой кошт. Гэты-б яшчэ быў туды-сюды, каб у яго ад ног так не сьмярдзела. Дык я яго тож паслаў з маршавым батальёнам. А сягоньня я знайшоў аднаго малайца, які пад час казаньня, дзеля сьмеху, разрумзаўся. Вось яго мне як раз і трэба. Завуць яго Швэйк, а сядзіць у шаснаццатым... Цікава-б ведаць, за вошта яго пасадзілі, і ці ня можна мне як-небудзь выцягнуць яго адтуль.
Сьледчы стаў капацца і шукаць у шуфлядках стала справу што датычыла Швэйка, але, як за-звычай, ня мог нічога знайсьці.
— Пэўна у капітана Лінгардта, — сказаў ён нарэшце, кінўўшы шукаць. — Ліха іх ведае, куды ў мяне зьнікаюць усе справы? Відаць, я іх паслаў Лінгардту. Пазваню-тку туды... Алё! Ля тэлефону сьледчы штабс-капітан Бэрніс. Пане капітан, будзьце ласкавы, ці няма ў вас папер адносна нейкага Швэйка?.. — Павінны быць у мяне? Дзіўна... Сам ад вас прымаў? Па-праўдзе, дзіўна... Сядзіць ў шаснаццатым?.. Так, я ведаю, пане капітан, што шаснаццатае ў мяне. Але я думаў, што паперы на Швэйка недзе там у вас валяюцца? З вамі так не гаварыш? У вас нічога не валяецца? Алё! Алё!..
Вайсковы сьледчы Бэрніс сеў засмучоны да стала і пачаў наракаць на бязладзьдзе сьледзтва. Паміж ім і капітанам Лінгардтам даўно ўжо існавала звадка, якая мела вялікія вынікі. Калі папера, што належала Лінгардту, трапляла ў Бэрнісавы рукі, дык Бэрніс запіхаў яе так, што потым ужо ніхто ня мог знайсьці яе. Лінгардт рабіў гэтак сама з паперамі, якія адносіліся да Бэрніса. Такім-жа спосабам зьнікалі і дадаткі да спраў[10] (Справа на Швэйка была знайшлася ў архіве палявога суду толькі пасьля перавароту з гэткай адзнакай: „Меў замер адкрыта выступіць супроць асобы нашага гасудара і ўсяе імпэрыі“. Справа Швэйкава была засунута сярод папер, якія датыкаліся нейкага Язэпа Кудзеля. На вокладцы справы быў пастаўлен крыжык, а пад ім: „Выканана“ і дата.)
— Значыць, Швэйк у мяне прапаў, — сказаў Бэрніс. — Скажу яго паклікаць сюды, і калі ён ні ў чым ня прызнаецца, адпусьцім яго. Я загадаю завесьці яго да сябе, а рэшту ты ўжо сам у палку ўпарадкуй.
Як пашоў фэльдкурат, сьледчы Бэрніс загадаў прывесьці да яго з гарнізоннай турмы Швэйка і прымусіў яго чакаць ля дзьвярэй, бо ў той момант, як ён прышоў, атрымалася тэлефонаграма, што затрабаваны матэрыял па справе № 7267, які датыча радавога пяхоты Майкснера, быў прыняты канцылярыяй № 1 за подпісам капітана Лінгардта.
Швэйк тым часам аглядаў канцылярыю вайсковага сьледчага.
Нельга сказаць, каб абстаноўка рабіла дужа добрае ўражаньне, асабліва фотографіі розных экзэкуцый, праробленых арміяй у Галіцыі і ў Сэрбіі. Гэта былі мастацкія здымкі спаленых дамоў і дрэў, галіны якіх падагнуліся пад пяжарам павешаных. Асабліва прыгожая была фотографія з Сэрбіі, дзе паказана была павешаная сям‘я: маленькі хлопчык, бацька і маці. Два салдаты сьцерагуць дрэва з пакаранымі, а афіцэр стаіць наперадзе з выглядам пераможцы і курыць цыгарку. На другім баку на заднім пляне відаць палявая кухня ў рабоце.
— Ну, дык як-жа з вамі Швэйк? — запытаў сьледчы Бэрніс, прыкладаючы тэлефонаграму да справы. — Чаго вы там нарабілі? Прызнаецеся ці будзеце чакаць, пакуль будзе складзена абвінавачаньне? Не, даражэнькі, гэтак ня гожа... Ня думайце, што вы знаходзіцеся перад судом, дзе ваша справа разглядаецца цывільнымі ёлупамі. У нас суд вайсковы. Адзіным вашым ратункам ад суровае і справядлівае кары можа быць толькі поўнае прызнаньне.
У сьледчага Бэрніса быў „свой уласны мэтад“ на выпадак згубы матэрыялу супроць абвінавачанага. Але, як бачыце, асаблівага ў гэтым мэтадзе нічога ня было, і няма чаго дзіваваць, што вынікі такога гатунку расьсьледаў былі роўныя нулю.
Сьледчы Бэрніс улічаў сябе за такога праніклівага чалавека, што, ня маючы матэрыялу супроць абвінавачанага, ня ведаючы, за вошта яго абвінавачваць і за вошта ён наогул сядзіць тут, ён з адных назіраньняў за тым, як чалавек трымаецца на допыце ды па выразу ягонага твару рабіў сьмелыя высновы. Яго праніклівасьць і веданьне людзей былі такія глыбокія, што аднаго цыгана, які трапіў у гарнізонную турму з свайго палка за тое, што ўкраў некалькі тузінаў бялізны (ён быў за падручнага ў каптэнармуса), Бэрніс абвінаваціў у політычным злачынстве, нібыта ён у нейкім шынку агітаваў перад салдатамі за ўтварэньне самастойнае дзяржавы з чэскіх і славацкіх земляў з каралём-славянінам на чале.
— У нас на руках дакуманты, — сказаў ён няшчаснаму цыгану, — вам застаецца адно прызнацца, у якім шынку вы гэта казалі, якога палка былі тыя салдаты, што вас слухалі і калі гэта адбывалася.
Няшчасны цыган выдумаў і дату і шынок і полк, да якога нібыта належалі яго слухачы, а як варочаўся з допыту, проста зьбег з гарнізоннае турмы.
— Вы ня хочаце ні ў чым павініцца? — запытаў Бэрніс, бачачы, што Швэйк захоўвае магільнае маўчаньне. — Вы ня хочаце сказаць, за вошта вас пасадзілі? Каму-каму, а мне-б вы маглі гэта сказаць, пакуль я сам вам не напамянуў. Яшчэ раз кажу вам павініцеся. Вам-жа лепей будзе, бо гэта палегчыць росьсьлед і зьменшыць пакараньне. У гэтым сэнсе тут тое самае, што і ў цывільных судох.
— Дазвольце далажыць, — пачуўся нарэшце добрадушны Швэйкаў голас, — я тут, у гарнізоннай турме, усёроўна, што знайда.
— Што вы маеце гэтым сказаць?
— Дазвольце далажыць, магу растлумачыць гэта зусім проста... На нашай вуліцы жыве вугляр, у яго ёсьць двухгадовае хлапчаня — зусім нявінёнтак. Забрало раз гэтае хлапчаня адно пеша з Вінаградаў у Лібень[11], і яго знайшоў паліцыянт як сядзела яно на тротуары. Завёў яго паліцыянт у вучастак, а там яго зачынілі (гэта двухгадовае дзіця!). Як бачыце, хлапчаня было зусім бязьвіннае, а яго ўсё-ткі пасадзілі. Каб у яго запыталіся, за што ён сядзіць, дык — хай-бы умеў ён гаварыць — усёроўна ён ня ведаў-бы, што адказаць. Вось і са мной блізка тое самае. Я тож знайда.
Быстры зірк сьледчага абляцеў Швэйка ад ног да галавы і разьбіўся аб яго. Ад усяе Швэйкавае істоты веяла гэткай наіўнасьцю і разважнасьцю, што Бэрніс у раздражненьні засігаў па пакою, і каб не абяцаньне фэльдкурату, што ён пашле яму Швэйка, дык ліха ведае, чым-бы скончылася гэтая справа.
Нарэшце сьледчы суняўся ля свайго стала.
— Гэй вы, паслухайце, — сказаў ён Швэйку, які з бязуважным выглядам пазіраў на бакі, — калі вы яшчэ хоць раз трапіце мне на вока, дык не жыватайце... Выведзіце яго!
Як Швэйка вялі назад у шаснаццатае, Бэрніс выклікаў да сябе наглядніка Славіка:
— Да далейшых наказаў Швэйк перадаецца пад загад пана палкавога фэльдкурата Каца, — каротка загадаў ён. — Падрыхтаваць пропуск. Завесьці Швэйка э двума канвойнымі да пана фэльдкурата.
— Загадаеце завесьці яго ў кайданох?
Сьледчы ляснуў кулаком аб стол.
— Асёл! Я ясна сказаў: падрыхтаваць пропуск!
І ўсё, што назьбіралася за цэлы дзень у душы ў сьледчага: капітан Лінгардт, Швэйк, — усё гэта патокай лынула на наглядніка і скончылася словамі:
— А цяпер вам ясна, што вы ўсім аслом — асёл, каранаваны асёл!
Так належыла-б называць толькі каралёў ды імператараў. Але нават просты нагляднік, а не каранованая пэрсона, усё-такі гэткім зваротам не здаволіўся, і, выходзячы ад вайсковага сьледчага, ён даў высьпятка арыштанту, які мыў сходы. А што да Швэйка, дык нагляднік наважыў пакінуць яго хаця на адну ноч пераначаваць у гарнізоннай турме, каб даць магчымасьць Швэйку зазнаць усёй яе слодычы.
*
Ноч, якую перабудзеш у гарнізоннай турме, назаўсёды застанецца прыемным успамінкам у душы кожнага, хто туды трапіў. Каля шаснаццатага аддзяленьня была адзіночка, жудасны лёх, адкуль і ў гэтую ноч далятала выцьцё замкнутага там салдата, якому за нейкую дысцыплінарную правінку, паводле загаду наглядніка Славіка, фэльдфэбэль Рэпа крышыў рэбры.
Калі выцьцё сьціхла, у „шаснаццатым“ чуваць быў адны хруст вошай, якіх трушчылі арыштанты, злавіўшы пад час самаператрускі.
Над дзьвярмі у западзіне, зробленай у сьцяне, вісела пад забясьпечнай краткай лямпа. Лямпа кідала скупое цьмянае сьвятло і чадзіла. Пах газы мяшаўся з выпарэньнем нямытых людзкіх цел і з пахам „парашы“, якая па кожным ужываньні яе разварачала яе нутро і пускала новую хвалю смуроду ў „шаснаццатае“. Ад дрэннае стравы, якая цяжарыла жывот, большасьць мучылася стаўпленьнем газаў, якія і выпускаліся ў ночную цішу, сутракаючы дасьціпныя жарты і адказныя сыгналы.
З калідору даносіўся гук аднамерных крокаў вартавых, зрэдку адчынялася „вочка“ ў дзьвярох, і „архангел“ глядзеў у сярэдзіну.
На сярэднім ложку нехта апавядаў:
— Мяне перавялі сюды да вас пасьля таго, як я паспрабаваў уцячы, а раней я сядзеў у дванаццатым. Там нібы троху лягчэй. Прывялі да нас неяк аднаго малойчыка аднекуль з провінцыі. Хлапчука гэтага пасадзілі на два тыдні за тое, што пускаў да сябе нанач салдат. Перш думалі — політыка, а потым высьветлілася, што за грошы. Ён павінен быў сядзець з дробнымі, адылі там было поўна, дык трапіў да нас. Чаго толькі ён не прывалок з хаты і чаго толькі яму не дасылалі! Яму нейкім чынам дазволілі былі карыстацца сваімі харчамі звыш турэмнага пайка. І курыць яму дазволілі. Прынёс ён з сабой два кумпякі вянгліны, вялізны каравай хлеба, яйкі, масла, табаку... Ну, адным словам, усё, што толькі можна ўявіць, усё гэта ў яго было зьвязана ў два клумкі. А хлапец гэты надумаў, што ўсё гэта мусіць зжэрці сам. Сталі мы ў яго прасіць па-добраму, раз ён сам не даўміўся, што павінен падзяліцца з намі, як рабілі ўсе нашыя хлопцы, калі што-якое атрымлівалі. А ён, скупярдзяка, — і ні ў той бок — бачыце, яму тут два тыдні сядзець, дык ён сабе жывот сапсуе капустай ды гнілой бульбай, якую нам даюць на абед. Аддае, бачыце, нам свой казённы абед і хлебны паёк, нічога, бачыце, супроць таго ня мае, але хай, кажа, мы гэта падзелім пароўна, а хоць карыстаемся па-чарзе... Тонкага розуму быў чалавек: на „парашу“ і садзіцца не хацеў, адкладаў назаўтрае і пад час прахадкі рабіў гэта ў прыбіральні на двары. Такі быў расьпешчачы, што нават клязэтную паперу з сабой прынёс. Мы яму сказалі, што начхаць нам на яго порцыю, і цярпелі дзень, другі, трэці... Хлапец жор вянгліну, мазаў хлеб маслам, лупіў яйкі, адным словам — жыў. Курыў цыгаркі і нават пацягнуць нікому не хацеў даць: бачыце, курыць мы ня маем права, і калі „архангел“ убачыць, што ён нам дае курыць, дык яго запхнуць у адзіночку. Адным словам, як я сказаў, тры дні мы трывалі. На чацьверты дзень, уначы, надышоў час расплаты... Хлапец прачнуўся ўраньні. Чакайце, забыўся вам сказаць, што ён штодня ўраньні, апаўдні і ўвечары, перад тым, як класьціся, заўсёды маліўся, доўга маліўся. Памаліўся, значыць, і палез за сваімі клумкамі пад пол. Што і казаць клумкі тамака былі, але худыя, зморшчаныя, як сушаная сьлівіна. Ён румзаць, што яго абакралі, што пакінулі яму там адну клязэтную паперу. Потым сьціх, хвілін з пяць падумаў, вырашыў, што мы пажартавалі, ніто ўсё куды-небудзь схавалі. Кажа, ды яшчэ так весела: „Ведаю, жулікі, што вы мне ўсё вернеце. Ну і хвацка гэта ў вас вышла!“ Быў у нас там адзін з Лібені, дык той яму і кажа: „Ведаеце што, накрыйцеся з галавой коўдраю ды лічыце да дзесяці, а потым паглядзіце ў свае клумкі“. Наш хлапец слухмяна накрыўся з галавой дый лічыць: „Раз, два, тры“... А лібеньскі кажа: „Ня гэтак шыбка, цішэй!” А той пад коўдраю зноў пачынае лічыць. Паволі на-расьцяг: „Раз... два.. тры...” Калі, налічыўшы да дзесяці, зьлез са свайго ложка, паглядзеў у клумкі — Езус, Марыя! Ну і заенчыў-жа! Клумкі былі такія-ж пустыя, як і раней. А каб паглядзеў толькі на яго асалапелую морду! Мы жываты надарвалі, сьмяючыся. А лібеньскі зноў кажа: „Паспрабуйце-тку яшчэ раз!“ Дык, дайце веры, той да таго ачмурэў, што паспрабаваў яшчэ раз, а як убачыў, што там зноў нічога апроч клязэтнай паперы няма, пачаў грукаць у дзьверы і крычаць: „Мяне абакралі! Мяне абакралі! Гвалт! Адчыніце! Адчыніце!“
У момант наляпелі назірачыя, гукнулі наглядніка і фэльдфэбэля Ржыгу. Мы ўсе, як адзін, заяўляем, што ён звар‘яцеў, што ўчора ён да познае ночы жраў і што ўсё паеў сам. А ён адно плакаў ды ўвесь час гаварыў: „Павінны-ж быць крошкі дзе-нібудзь“. Сталі шукаць крошкі і, вядомая рэч, не знайшлі. Няма дурных! Што самі ня здолелі ўвабраць, паслалі поштаю на другі паверх. Нічога ў нас не маглі знайсьці, хоць гэты дурань і енчыў сваё: „Але-ж крошкі павінны дзе-небудзь быць!“ Праз цэлы дзень нічагутка ня еў, адно глядзеў, ці ня есьць хто-небудзь чаго, ці ня курыць. Назаўтра ён да абеду і не дакрануўся, адылі пад вечар пашла яму ўсыць і гнілая бульба і капуста. Толькі ўжо больш не маліўся, як даўней, калі налягаўся на вянгліну ды на яйкі. Потым адзін з нас нейкім спосабам разжыўся на махорку, і вось тут ён з намі ўпяршыню загаманіў, каб далі пацягнуць. Трасцу мы яму далі!
— А я баяўся, каб вы часам ня далі яму пацягнуць, — зазначыў Швэйк. — Гэтым-бы вы сапсавалі ўсё апавяданьне. Гэткае джэнтльмэнства магчыма толькі ў романах, а ў гарнізоннай турме гэта-б звалася ў такіх абставінах дуратою.
— А накрылі вы хаця яго коўдраю?[12] — запытаўся нехта.
— Забыліся.
Распачалася ў паўголас дыскусія, ці варта было пасьля ўсяго гэтага накрыць ці не. Большасьць выказалася „за“.
Гутарка памалу заціхла. Арыштанты засыпалі, скрабучы пад пахамі, на грудзёх і на жываце, дзе вошы плодзяцца асабліва густа. Засыналі, нацягваючы вашывыя коўдры на галаву, каб не перашкаджала сьвятло газавае лямпы.
А восьмай гадзіне ўраньні Швэйка выклікалі ў канцылярыю.
— З левага боку ад дзьвярэй канцылярыі плявацельніца. Там часьцяком трапляюцца недакуркі, — навучаў Швэйка адзін арыштант. — Апрача таго на першым паверсе пройдзеш паўз другую. Сходы мятуць а дзевятай, дык там яшчэ што-якое знойдзецца.
Але Швэйк ня спраўдзіў іхных надзей. Ён больш у „шаснаццатае“ не вярнуўся. Дзевятнаццаць споднікаў меркавалі на ўсе лады.
Рабы апалчэнец, у якога была найбольшая ад усіх фантазія, абвясьціў, што Швэйк памыкаўся застрэліць свайго ротнага камандзіра і што яго павялі на матольскі пляц расстрэльваць.
- ↑ „Трымаць строга, наглядаць“.
- ↑ Палкавы ксёндз.
- ↑ Дзяк.
- ↑ Кара ў аўстрыйскім войску: вінаватага падцягвалі за рукі ўгару так, каб ён не даставаў нагамі падлогі, і пакідалі ў гэткім стане на гадзіну ці болей.
- ↑ Вядомы чэскі поэт, які рэзка выступаў у сваіх творах супроць каталіцызму.
- ↑ Азардовая гульня ў карты.
- ↑ Арыштанцкая гульня з аплявухамі.
- ↑ Дужа добра, ці праўда, панове?
- ↑ Каталіцкі сьвяты.
- ↑ Трыццаць процантаў людзей, што сядзелі ў гарнізоннай турме, сядзелі там праз усю вайну і ніводнага разу ня былі на допыце.
Заўвага аўтара.
- ↑ Раёны на розных канцох Прагі.
- ↑ Грамадзкае пакараньне ў арыштантаў. Вінаватага рэшта арыштантаў зьбівала, накрыўшы з галавой коўдраю, каб ня бачыў, хто б‘е.