Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/VIII
← Раздзел VII | Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел VIII Раман Аўтар: Яраслаў Гашак 1931 год Пераклад: Міхась Зарэцкі |
Раздзел IX → |
РАЗЬДЗЕЛ VІII
ШВЭЙК — СЫМУЛЯНТ
У гэту вялікую эпоху вайсковыя дактары пяліся як мага, каб выгнаць з сымулянтаў нячысты дух саботажу і вярнуць іх ва ўлоньне арміі. Была ўстаноўлена цэлая чарада выпрабаваньняў для сымулянтаў і для праўдзівых хворых, якіх падазравалі, што яны сымулююць. Катаваньні, на якія аддавалі сымулянтаў, а таксама і хворых на сухоты, раматус, грыжу, запаленьне нырак, тыфус, цукровую хваробу, запаленьне лёгкіх ды інш., былі сыстэматызаваны так:
1. Суровая дыэта: ураньні і ўвечары па шклянцы чаю на працягу трох дзён, звыш таго ўсім, бяз розьніцы, на што скардзяцца, асьпірын, каб выпацець.
2. Хініна ў парашку конскімі дозамі, каб ня думалі, што вайсковая служба — мёд. Сымулянты звалі гэта: „лізнуць хініны“.
3. Прамываньне шлунку літрам цёплае вады два разы ў дзень.
4. Клізма з мыльнай вады і гліцэрыну.
5. Загортваньне ў мокрае халоднае прасьцірадла.
Былі героі, якія сьцерпелі ўсе пяць ступеняй катаваньня. Пасьля іх зьвезьлі ў простай дамавіне на могілкі. Але трапляліся і менш адважныя, якія, абы толькі справа дайшла да клізмы, заяўлялі, што яны ўжо паздаравелі і нічога больш не жадаюць, як падацца з першым маршавым батальёнам у акопы.
Швэйка пасадзілі ў больнічны барак пры гарнізоннай турме акурат паміж такіх палахлівых сымулянтаў.
— Больш ня вытрымаю, — сказаў яго сусед па ложку, якога толькі прывялі з амбуляторыі, дзе яму ўжо ў другое прамывалі шлунак. Чалавек гэты сымуляваў, што ён не дабачыць.
— Заўтра-ж паеду ў полк, заявіў — яго сусед з левага боку, якому толькі зрабілі клізму. Гэты хворы сымуляваў, што ён глухі, як цецярук.
На ложку ля дзьвярэй паміраў сухотнік, загарнуты ў мокрае прасьцірадла.
— Гэта ўжо трэці за гэты тыдзень, — зазначыў сусед з правага боку.
— А ў цябе што баліць? — запыталі Швэйка.
— У мяне раматус — адказаў Швэйк.
Навокал разьлёгся шалёны рогат. Сьмяяўся і сухотнік, які, паміраючы, „сымуляваў“ тубэркулёз.
— З раматусам сюды лепш і ня лезьці, — сур‘ёзна перасьцярог Швэйка тоўсты пан. — На раматус тут глядзяць таксама, як на мазалі. У мяне малакроўнасьць, не стае палавіны шлунка і пяцёх рабёр і ніхто гэтаму не дае веры. А нядаўна быў тут адзін глуханямы. Чатырнаццаць дзён загортвалі яго кожныя паўгадзіны ў мокрае прасьцірадла. Штодня яму рабілі клізму і пампавалі жывот. Нават усе санітары думалі, што ў яго справа пэўная, што яго пусьцяць дамоў, а доктар узяў ды прыпісаў яму рвотнае. Гэта штука перакруціла-б яго навыварат — і тут ён здаўся. „Не магу, — кажа, — больш прыкідвацца глуханямым. Вярнулася да мяне і мова і слых“. Усе хворыя яго ўгаварвалі, каб ён ня губіў сябе, а ён упёрся на сваё, што ўсё чуе і гаворыць як і хто іншы. Так і адрапартаваў аб гэтым ураньні пры абходзе.
— Трымаўся доўга, — зазначыў адзін хворы, які сымуляваў, што ў яго адна нага карацейшая за другую аж на дзесяць сантымэтраў. — Не раўня таму з палярушам. Таму досыць было трох парашкоў хініны, аднае клізмы і не паесьці дзень. Прызнаўся яшчэ нават да пампаваньня шлунку. Увесь паляруш дзе дзеўся.
— Даўжэй за ўсіх трымаўся пакусаны шалёным сабакам. Кусаўся, выў, сапраўды вырабляў усё гэта як найлепей, але ніяк яму не ўдавалася выгнаць пену на вуснах. Памагалі мы яму, як толькі маглі, але што мы яго ні ласкаталі перад абходам, — траплялася, даводзілі яго да сударгі, аж пасінее, — пены каля роту ўсёроўна ня было: няма дый годзе. Гэта быў чысты жах! Калі-ж ён пад час абходу здаўся, ай, як нам было яго шкода. Выструніўся каля ложка, што сьвечка, казырнуў і кажа: „Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, сабака, які мяне ўкусіў, быў не шалёны“. Старэйшы доктар зірнуў на яго такім поглядам, што пакусаны закалаціўся ўсім целам і дадаў: „Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, што мяне наогул ніякі сабака ня кусаў. Я сам сябе ўкусіў за руку“. Пасьля гэтага прызнаньня яго абвінавацілі ў самапараненьні з мэтай ухіленьня ад вайсковае службы.
— Усе хваробы, дзе патрэбна пена на вуснах, дужа трудна сымуляваць, — сказаў тоўсты сымулянт, — напрыклад, падучка. Быў тут адзін эпілептык. Той скрозь выхваляўся, што яму зрабіць лішні прыпадак — глупства. Падаў ён гэтак разоў з дзесяць на дзень, скручваўся, сьціскаў кулакі, заварочваў вочы пад самы лоб, біўся аб зямлю, высалупліваў язык. Карацей сказаць, гэта была найлепшая эпілепсія, эпілепсія першага гатунку. Можна сказаць, эпілепсія, як мае быць. Але раптам ускочылі ў яго дзьве скулкі на шыі і дзьве на сьпіне, і пасьля гэтага ён зусім ня мог ані корчыцца, ані біцца аб зямлю. Галавы нават ня мог павярнуць. Ні сядзець, ні ляжаць. Захварэў на трасцу і пад час абходу доктара, трызьніўшы, прызнаўся ўва ўсім. Дый нам усім готыя скулкі добра дадзелі. Ён праляжаў тры дні сярод нас, і яму прызначылі інакшую дыэту: ураньні яму давалі каву з булачкай, увечары кашу ці крупеню, а мы з галоднымі прамытымі шлункамі ды з суровай дыетай мусілі глядзець, як гэты дзядзька жарэ, цьмякае, сапе ды рыгае, перажраўшы. Гэтым ён абвіхнуў трох іншых з парокам сэрца. Тыя тож павініліся.
— Найлягчэй сымуляваць вар‘яцтва, — сказаў адзін сымулянт. — Побач у палаце ёсьць два настаўнікі. Адзін бесьперастаньня крычыць удзень і ўначы: „Вогнішча Джордана Бруно яшчэ курыцца. Аднавіць процэс Галілея!“ А другі брэша: перш тры разы паволі „гаў, гаў, гаў“, потым пяць разоў шпарка „гаў-гаў-гаў-гаў-гаў“, а пасьля зноў паволі, — і так бесьперастаньня. Яны абодва ўжо вытрымалі больш, як тры тыдні... Я перш таксама хапеў удаваць вар‘ята, які скруціўся на рэлігійнай глебе, і правяшчаць аб бязгрэшнасьці папы. Але потым у аднаго цырульніка на Малой Стране набыў сабе рак жывата за пятнаццаць крон.
— Я знаю аднаго камінара з Бржэўнова[1], — зазначыў другі хворы, — дык ён вам за дзесяць крон зробіць такую гарачку, што з вакна выскачыце.
— Гэта ўсё глупства, — сказаў другі. — У Вршовіцах[2] ёсьць адна павітуха, якая за дваццаць крон вывіхне вам нагу так спраўна, што будзеце калекай да самае сьмерці.
— Мне вывіхнулі нагу за пяць крон, — пачуўся голас з ложка ля вакна. — За пяць крон гатоўкаю і тры кухлі піва ў дадатак.
— Мне мая хвароба абышлася больш за дзьвесьце крон, — заявіў яго сусед, ссохлы, як жардзіна. — Назавіце мне такую атруту, якую-б я не каштаваў, — не патрапіце. Я жывы склад розных атрут. Я піў сублімат, удыхаў пару жывога срэбра, грыз мышшак, курыў опіум, піў опіум рэдкі, сыпаў морфі на хлеб, глытаў стрыхнін, піў фосфар, распушчаны ў серкавым квасе і сінільны квас. Я сапсаваў сабе печань, лёгкія, ныркі, жоўць, мазгі, сэрца, шлунак і кішкі. Ніхто ня можа ўцяміць, на што я хворы.
— Найлепей, — зазначыў нехта каля дзьвярэй, — упырскнуць сабе за скуру газы. Майму стрыечнаму брату так пашанцавала, што яму аднялі руку да локця, і цяпер ён не баіцца ніякае вайсковае службы.
— Так, панове, — сказаў Швэйк, — усё гэта мусіць перацярпець кожны ў імя гаспадара імпэратара. І пампаваньне шлунку і клізму. Калі я ўпяршыню пашоў быў на вайсковую службу, у нашым палку траплялася яшчэ горай. Хворых вязалі „ў козлы“ і кідалі ў каталажку, каб яны прарабілі там курс лячэньня. Толькі там ня было ложкаў з сяньнікамі, як тут, ці плявальніц, а адна голая падлога, і на ёй ляжалі хворыя. За маім быцьцём там трапілі туды два хворыя. У аднаго быў сыпны тыфус, а другі побач з ім ляжаў у чорнай восьпе. Абодва былі зьвязаныя „ў козлы“, а палкавы доктар біў іх высьпяткам у пуза за тое, што сымулююць. А як абодва салдаты памерлі, справа дайшла да парляманту і трапіла ў газэты. Тут адразу нам забаранілі чытаць газэты і зрабілі ў нас ператруску, ці няма ў каго газэт. А мне скрозь не шанцуе. У цэлым палку ні ў кога не знайшлі, як толькі ў мяне. Павялі мяне да камандзіра палка. А наш палкоўнік была такая даўбня, — вечная яму памяць! — накінуўся на мяне, каб я стаяў проста, і пытае: „Хто пісаў у газэты?“ — а не, дык ён мне ўсю морду расквасіць і згноіць у турме. Потым прыехаў палкавы доктар, торкаў мне ў нос кулаком і крычэў: „У... сабака, хамуйла, быдла дурное, соцыялістычная погань!“ А я гляджу ім проста ў вочы, вокам ня плюсну. Правую руку пад казырок, а левая рука пры баку. Бегалі яны вакол мяне, як сабакі, брахалі на мяне, а я ані-ні, маўчу, казыраю ім, а левая рука пры баку. Так бегалі вакол мяне з поўгадзіны. Потым палкоўнік падбег да мяне і зароў: „Ідыёт ты ці што?“ — „Точна так, пане палкоўніку, — ідыёт“. — „На тры тыдні арыштаваць! Я табе пакажу ідыёта! Па два посныя дні на тыдзень, месяц без пабыўкі, сорак восем гадзін „у козлы“. Засадзіць зараз жа і не даваць яму есьці! Нам ідыётаў ня трэба. Мы табе, сукінаму сыну, выб‘ем з мазгаўні газэты!“ А пакуль я сядзеў арыштаваны, у кашарах рабіліся чыстыя дзівосы. Наш палкоўнік забараніў салдатам наогул чытаць нават Праскую офіцыйную газэту. У салдацкай краме ніхто ня важыўся загортваць у газэты ні каўбаскі, ні сыр. Ад гэтага часу салдаты ўзяліся чытаць. І наш полк быў самы начытаны. Мы чыталі ўсе газэты, і ў кожным батальёне складалі вершы і песьні пра палкоўніка. А калі што якое ў палку здарыцца, у камандзе заўсёды знаходзіўся які небудзь дабрадзей, які пускаў у газэту артыкульчык пад назвай: „Катаваньне салдат“. Ды мала таго — пасылалі лісты дэпутатам у Вену, каб тыя за нас уступіліся, і тыя пачалі падаваць у парлямант запыт за запытам пра тое, ці вядома ўраду пра лютаваньні нашага палкоўніка ды інш. Міністр паслаў да нас камісію, каб усё гэта дасьледваць, і ў выніку нейкага Франта Гэйшля з Глыбокай засадзілі на два гады, бо ён быў акурат той самы, што зьвярнуўся ў Вену да дэпутата парляманту, пажаліўшыся на тое, што атрымаў поўху ад палкоўніка. Як паехала камісія, палкоўнік выстраіў увесь полк і заявіў, што салдат мусіць быць перад усім салдатам, мусіць трымаць язык за зубамі і служыць, а калі гэта каму не падабаецца, дык гэта парушэньне дысцыпліны. „А вы, сукіны дзеці, думалі, што гэта камісія вам паможа? — сказаў палкоўнік. — Трасцу яна вам паможа. Ну, а цяпер хай кожная рота прамаршуе перада мной і хай гучна перакажа тое, што я сказаў“. І вось мы рота за ротай ішлі, раўненьне направа, у бок, дзе стаяў палкоўнік, і раўлі перад ім: „Мы, сукіны дзеці, думалі, што нам камісія паможа. Трасцу яна нам памагла!“ Пан палкоўнік рагатаў аж разьдзіраўся. Да самага таго моманту, пакуль ня прышла чарга адзінаццатае роты. Адзінаццатая рота маршуе, выбівае крок, а як падышла да палкоўніка — ані голасу. Маўчыць дый годзе. Палкоўнік пачырванеў, як параны рак, і вярнуў адзінаццатую роту, каб яшчэ раз пераказала. Адзінаццатая ідзе, раўненьне направа, „есьць вачмі начальства“... і маўчыць. „Вольна!“ — камандуе палкоўнік, сам кідаецца па двары, са злосьці лупіць сябе бізуном па боце, плюецца, ды раптам як зараве: „Кругом — марш!“ Сеў на сваю шаўлюгу ды з варот вон. Чакалі мы, што там з адзінаццатай ротай будзе. Аж нічога ня было. Чакалі дзень, другі, тыдзень — нічога. Палкоўнік у кашары зусім не паказваўся. Вальней уздыхнулі і салдаты і унтэры і нават афіцэры, Потым прыслалі нам новага палкоўніка. Пра старога дзейкалі, нібы ён недзе ў санаторыі для душэўна-хворых і нібы ён уласнай рукою напісаў ліст гаспадару імпэратару пра тое, што адзінаццатая рота узбунтавалася.
Надыходзіў час паабеднага абходу. Вайсковы доктар Грунштэйн хадзіў ад ложка да ложка, а за ім — фэльчар а кнігай.
— Марцуна!
— Тут.
— Клізму і асьпірын.
— Пакорны!
— Тут.
— Прамываньне шлунку і хініну.
— Каваржык!
— Тут.
— Клізму і асьпірын.
— Кацятка!
— Тут.
— Прамываньне шлунку і хініну.
І гэтак усіх аднаго за адным, бязьлітасна, мэханічна.
— Швэйк!
— Тут.
Доктар Грунштэйн зірнуў на сьвежы, нанова дастаўлены матэрыял.
— На што хворыя?
— Дазвольце далажыць, у мяне раматус.
У доктара Грунштэйна было ў звычаі гутарыць з хворымі з тонкай гіроніяй. Гэта рабіла ўплыў куды мацнейшы, чымся крык.
— Ага, раматус... — працягнуў гіронічна доктар. — Гэта сапраўды цяжкая хвароба. Гэта ж трэба было так здарыцца — захварэць на раматус акурат пад час вайны, акурат тады, як чалавеку трэба ісьці на фронт. Я думаю, што гэта вам дужа няпрыемна?
— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, дужа няпрыемна.
— А-а, вось як, няпрыемна? Як гэта добра, што вы надумалі зьвярнуцца да нас з вашым раматусам акурат цяпер. У мірны час скача, небарака, як казёл, а як выбухне вайна, ураз у яго зьяўляецца раматус, і ўраз у яго калены адмаўляюцца служыць. Ці не баляць у вас калены?
— Дазвольце далажыць, баляць.
— Праз цэлую ноч ня можаце заснуць? Ці праўда-ж раматус дужа небясьпечная і цяжкая хвароба. У нас на гэты выпадак вялікая практыка: суровая дыета і іншыя спосабы лячэньня даюць дужа добрыя вынікі. Паздаравееце ў нас хутчэй, ніж у Пішчанах[3] і так замаршуеце на фронце, што толькі пыл будзе курыць.
Зьвярнуўшыся да фэльчара, старэйшы доктар сказаў:
— Пішыце: „Швэйк, суровая дыета, два разы на дзень прамываць шлунак і адзін раз на дзень клізму“. А там — пабачым. Пакуль што, завядзіце яго ў амбуляторыю, прамыйце шлунак, і зрабіце яму, як ачухаецца, клізму, але каб усё было зроблена, як мае быць, пакуль усіх сьвятых ня ўспомніць, так, каб яго раматус спалохаўся і выскачыў.
І, зьвярнуўшыся да ўсіх, хто ляжаў, доктар Грунштэйн сказаў прамову, поўную цудоўных мудрых сэнтэнцый.
— Ня думайце, што перад вамі асёл, якога можна вадзіць за нос. Мяне вы сваімі штучкамі не ашукаеце. Я ведаю, што ўсе вы сымулянты і дэзэртыры і адпаведна гэтаму я з вамі размаўляю. Я бачыў за сваё жыцьцё сотні ды сотні гэткіх ваяк, як вы. На гэтых ложках ляжала процьма такіх, якія нічым іншым не хварэлі, як толькі адсутнасьцю баявога духу. У той час, як іхныя таварышы біліся на фронце, яны думалі, што могуць валяцца на ложку, атрымліваць палепшаныя харчы і чакаць, пакуль ня скончыцца вайна. Але яны памыліліся, прахвосты! І вы ўсе, сукіны дзеці, памыліліся! Яшчэ праз дваццаць год будзеце крычаць у сьне, калі прысьніцца вам, як вы ў мяне сымулявалі.
— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, — пачуўся ціхі голас ля вакна на ложку, — я ўжо паздаравеў. Я ўжо ўначы заўважыў, што ў мяне дыхавіца мінулася.
— Ваша прозьвішча?
— Каваржык. Дазвольце далажыць, мне была прыпісана клізма.
— Добра, клізму вам яшчэ зробяць на дарогу, — загадаў доктар Грунштэйн, — каб вы пасьля ня скардзіліся, што вас тут не лячылі. Ну, а дяпер усе хворыя, каго я выклікаў, ідзеце ўсе за фэльчарам і атрымаеце, што каму належыць.
І так кожны атрымаў сваю порцыю. Іншыя спрабавалі зрабіць уплыў на выканаўцу доктаравага загаду просьбамі ці пагрозамі, што яны запішуцца ў санітары і што, можа, тыя таксама трапяць да іх у рукі. Што да Швэйка, дык ён трымаўся па-геройску.
— Не шкадуй, — падахвочваў ён ката, які рабіў яму клізму. — Памятай пра прысягу. Нават каб тут ляжаў твой бацька ці родны брат, зрабі яму клізму — і па тым. Памятай, што на гэтых клізмах трымаецца Аўстрыя і наша перамога.
Назаўтрага пад час абходу доктар Грунштэйн запытаўся ў Швэйка, як яму падабаецца ў шпіталі. Швэйк адказаў, што шпіталь упарадкаваны і стаіць на вышыні. Ва ўзнагароду за гэта ён атрымаў тое самае, што і ўчора, з дадаткам асьпірыну і трох парашкоў хініны, якія яму ўсыпалі ў ваду і загадалі зараз-жа выпіць. Сам Сакрат ня піў сваю чашу з атрутай з гэткай спакойнасьцю, як піў хініну Швэйк. Калі Швэйка абгортвалі мокрым халодным прасьцірадлам, ён на доктарава запытаньне, як яму гэта падабаецца, адказаў:
— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, адчуваю сябе ўсёроўна як у ванне ці на морскіх купаньнях.
— Раматус яшчэ ня мінуўся?
— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, ніяк ня мінаецца.
Швэйка ўзялі на новыя катаваньні.
*
Гэтай парой удава гэнэрала ад інфантэрыі баранэса фон-Боцэнгейм рабіла ўсе магчымыя захады, каб знайсьці таго салдата, пра якога нядаўна надрукавала газэта „Богэмія“, як ён, інвалід, загадаў сябе везьці на зборны пункт у каламажцы для хворых і як ён дарогаю заклікаў да наступу на Белград. Гэтая праява патрыятызму спрычынілася таму, што „Богэмія“ надрукавала адозву да сваіх чытачоў і організавала збор на карысьць героя-калекі.
Нарэшце пасьля даведак, якія дастала баронэса ў паліцэйскай управе высьветлілася, што прозьвішча гэтага салдата Швэйк. Шукаць далей ужо было лёгка. Баронэса ўзяла з сабой сваю сяброўку і камэрдынэра з кашолкай і паехала ў шпіталь на Градчаны.
Небарака баронэса не ўяўляла, што значыць трапіць у шпіталь пры гарнізоннай турме. Яе візытная картка адчыніла ёй дзьверы турмы, і ў канцылярыі ўсе абыходзіліся з ёй надзвычайна пачціва. За пяць хвілін яна ўжо ведала, што „дер бравэ зольдат Швэйк“, пра якога яна дапытвалася, ляжыць у трэцім бараку, ложак № 17. Яе праводзіў сам доктар Грунштэйн, які літаральна ачмурэў ад гэтага раптоўнага візыту. Швэйк толькі вярнуўся на свой ложак пасьля звычайных практыкаваньняў, прыпісаных доктарам Грунштэйнам, абкружаны гурмай схудзелых і галодных сымулянтаў, якія дагэтуль яшчэ не здаваліся і ўсё цягнулі спаборніцтва з суровай дыетай доктара Грунштэйна.
Каб хто пачуў гутарку гатай кампаніі — падумаў-бы, што апынуўся ў грамадзе кулінараў найвышейшай кухарскай школы, а хоць на гастрономічных курсах.
— Сьвіныя скваркі трэба есьці, як яны яшчэ цёплыя, — заявіў адзін, якога лячылі тут ад застарэлага катару жывата. — Калі сала пачынае цьвірчэць і пырскаць, адцісьні іх, пасалі, паперчы, і тады ніякія гусіныя скваркі таго не дакажуць.
— Памалу пра гусіныя скваркі, — сказаў хворы на рак жывата, — за гусіных скварак лепш ня знойдзеш. Ну, куды ты ткнешся з сваім салам? Вядомая рэч, што гусіныя скваркі павінны смажыцца яўрэйскім спосабам датуль, пакуль ня стануць, як залатыя. Бяруць тлустую гусіну, зьдзіраюць сала са скуры і падсмажваюць.
— Як на мяне, дык вы памыляецеся адносна сьвіных скварак, — зазначыў Швэйкаў сусед. — Разумееца, я кажу пра скваркі з хатняга сьвінога сала. Недарма-ж яны й завуцца — хатнія скваркі. Хатнія скваркі не павінны быць ні надта мяккія ні надта цьвёрдыя. Яны не павінны хрупасьцець. Гэта ўжо значыць — перасмажаныя. Яны павінны раставаць на языку...
— А хто з вас еў скваркі з конскага сала? — пачуўся нечы голас, але ніхто не адказаў, бо прыбег фэльдфэбэль.
— На ложкі! Ідзе вялікая княгіня. Не паказвайце брудных ног з-пад коўдры!
Сама вялікая княгіня ня здолела-б увайсьці так урачыста, як увайшла баронэса фон-Боцэнгэйм. За ёй ішла цэлая процэсія, у якой знаходзіўся таксама загадчык гаспадаркі шпіталю фэльдфэбэль, які бачыў у гэтым візыце таемную рэвізію, якая можа шпурнуць яго ад сытога карыта ў тыле на зьежу шрапнэлям, да калючага дроту перадавых позыцый. Ён быў белы. Яшчэ бялейшым быў сам доктар Грунштэйн. Уваччу ў яго мітусілася невялікая візытная картка старой баронэсы з тытулам: „удава генэрала“, і ўсё, што злучалася з гэтым тытулам, мільгала ў яго ў галаве, — знаёмствы, протэкцыя, скаргі, перавод на фронт і гэтак далей і гэтак далей.
— Вось Швэйк, — праказаў доктар з удаванай спакойнасьцю, вядучы баронэсу фон-Боцэнгэйм да Швэйкавага ложку. — Зносіць усё з вялікай цярплівасьцю.
Баронэса села на падстаўленае да Швэйкавага ложка крэсла і сказала:
— Чэскі зольдат, добры зольдат, калека зольдат, харобры зольдат. Я вельмі любіль чэскі аўстрыец. — Гаворачы гэта, яна гладзіла Швэйка па яго няголеным твары. — Я чыталь усё ў газэце, я вам прынесьля есьці — „гам-гам“, курыць, шокалядку... Чэскі сольдат, добры сольдат!.. Johann, kommen sie her![4]
Камэрдынер, які нагадваў сваймі калматымі бакамі Бабінскага[5], падцягнуў да ложка вялізны кош. Сяброўка баронэсы, высокая дама з заплаканым тварам, падсела да Швэйка на ложак і папраўляла яму мяшок з цьвёрдым перакананьнем, што так належыць рабіць над ложкам раненых герояў.
Баронэса выймала тым часам з кошу падарункі. Цэлы тузін засмажаных кур, завінутых у ружовую курыльную паперу і перавязаных шаўковай стужачкай нацыянальных колераў; дзьве бутэлькі нейкага лікёру вайсковага вырабу з этыкеткай „божа, пакарай Англію“; на другой этыкетцы былі намаляваны Франц-Іосіф з Вільгэльмам, трымаючы адзін аднаго за рукі, быццам у дзяцінай гульні: потым выняла з кошу тры бутэлькі лёгкага віна для хворых і дзьве пушачкі цыгарак. Усё гэта яна зграбна параскладала на пустым ложку каля Швэйка. Далей зьявілася на сьвет кніга ў цудоўнай аправе „Карцінкі з жыцьця нашага монарха“. Апынуліся на ложку і пліткі шоколаду, тож з надпісам „божа, пакарай Англію“ і зноў з малюнкам аўстрыйскага і нямецкага імпэратара. Але на шоколаднай этыкетцы імпэратары ўжо ня трымаліся за рукі, а кожны трымаўся самастойна, абярнуўшыся да другога патыліцай. Зьявілася і зубная шчотка з надпісам „Viribis unitus“[6], каб кожны, хто будзе чысьціць ёй зубы, не забываўся на Аўстрыю. Шыкоўны і зусім неабходны для фронту і акопаў падарунак быў поўны набор прылад да манікюру. На футарале была карцінка, дзе намалявана было, як ірвецца шрапнэль і кідаецца ў атаку герой у сталёвай касцы і з вінтоўкай напагатове. Пад карцінкай быў надпіс: „За веру, імпэратара і айчыну!“ Скрынка з пернікамі была без карцінкі, але затое на ёй быў верш:
„Oesterreich, du edles Haus, |
На другім баку быў зьмешчаны чэскі пераклад:
О, Аўстра-Вэнгрыя, магутная дзяржава! |
Апошні падарунак быў белы гіяцынт у гарнушку.
Як усё было раскладзена на ложку, баронэса не змагла ўстрымацца, каб ня пусьціць мілоснай сьлязы. Дзе ў каго з галодных сымулянтаў таксама пацяклі... сьлінкі. Сяброўка падпірала Швэйка, каб выгадней яму было сядзець, і тож прасьлязілася.
Было ціха, як у царкве.
Раптам цішу перарваў Швэйк, сашчапіўшы рукі, як на маленьне.
— „Ойча наш, іжэ есі на небесех, да сьвяціцца імя твае, да прыідзет царсьцьвіе твае... „Прабачайце, панічка, збрахаў! Я хацеў сказаць: „Госпадзі божа, айцец нябесны, благаславі гэтыя дары, якімі дзеля шчодрасьші твае і пакарыстаемся. Аман“.
Пасьля гэтых слоў ён узяў з ложка курыцу і накінуўся на яе пад спалоханы погляд доктара Грунштэйна.
— Ах, як яму смачна, сальдаціку! — у захапленьні зашаптала доктару Грунштэйну старая баронаса. — Ён ушо здароф і можа паехаць на фронт. Душа, душа рада, што гэта яму ішоф на карысьць.
Яна абышла ўсе ложкі, раздала ўсім цыгаркі і цукеркі, потым падышла зноў да Швэйка, пагладзіла яго па галаве, сказаўшы: „Памажы вам божа“, — і вышла з палаты, праводжаная ўсёй сьвітай.
Пакуль доктар Грунштэйн праводзіў баронэсу, Швэйк раздаў кур, якіх паглыталі так шпарка, што доктар Грунштэйн, вярнуўшыся, знайшоў замест кур адно груд костак, паабгрызаных так чыста, нібы іх колькі месяцаў паліла ў пустыні сонца.
Зьніклі і вайсковы лікёр і тры бутэлькі віна. Зьпіклі ў жыватох скрынка шоколаду і скрынка пернікаў. Нехта выпіў і пляшачку ляку для пазногцяў з манікюрнага начыньня, нехта пакаштаваў і пасту для зубоў.
Вярнуўшыся, доктар Грунштэйн стаў у баявую паставу і сказаў вялікую прамову. У яго палягчэла на сэрцы, як візыт скончыўся. Груд абгрызаных костак замацаваў яго думку, што ўсе — непапраўныя сымулянты.
— Салдаты, — сказаў ён, — каб у вас была галава на плячох, дык вы-б да ўсяго гэтага і не дакрануліся, а падумалі-б, „Калі мы ўсе гэта пажаром, старэйшы доктар ня дасьць веры, што мы цяжка хворыя. Вы надзвычай добра паказалі, што ані не шануеце маю дабрату. Я вам прамываю шлункі, раблю вам клізмы, стараюся ўтрымаць вас на поўнай дыеце а вы раптам панапіхалі свае жываты. Вы хочаце нажыць сабе катар жывата, ці што? Не, малойчыкі памыляецеся. Перш, чымся вашы жываты ўправяцца гэта ператравіць, мы іх вычысьцім так грунтоўна, што вы будзеце ўспамінаць пра гэта аж да самае сьмерці і дзяцём будзеце апавядаць, як вы аднойчы панажорліся кур ды іншых смачных рэчаў і як гэта не затрымалася й чвэрці гадзіны ў жываце, бо ўсё вам парой выпампавалі. Ну-тку, марш усе за мной у амбуляторыю. Ня думайце, што я гэткі самы асёл, як вы. Я трошку разумнейшы, чымся вы ўсе разам. Апрача таго, абвяшчаю да ўсеагульнага ведама, што заўтра пашлю да вас камісію. Вы валяецеся тут занадта доўга, і ніхто з вас ні на вошта ня хворы, раз вы здолелі за пяць хвілін так набіць свае жываты, як гэта вы падлаўчыліся вось цяпер зрабіць... Шагам — марш!
Як дайшла чарга да Швэйка, доктар Грунштэйн паглядзеў на яго і запытаў:
— Вы знаёмы з баронэсай?
— Гэта мая незаконная маці. У раньнім дзяцінстве яна мяне падкінула, а цяпер зноў знайшла.
Доктар Грунштэйн сказаў ляконічна:
— Ага! У такім разе зрабіце Швэйку яшчэ клізму.
Увечары ў палаце было пахмура. Усяго колькі гадзін таму ўва ўсіх у жыватох былі розныя смачныя рэчы, а цяпер пераліваўся там рэдзенькі чай са скарынкай хлеба. № 21 каля акна нясьмэла азваўся:
— Па-мойму, хлопцы, смажаныя куры лепш за вараныя.
— Заткніце яму мяліцу коўдрай! — Але ўсе былі так змардаваны няўдалым пачастункам, што ніхто не крануўся з месца.
Доктар Грунштэйн спраўдзіў сваё слова. Назаўтра зьявілася тая славутая лекарская камісія. Дактары з лютым выглядам абыходзілі чараду ложкаў, і чуваць было толькі: „Пакажыце язык!“ Швэйк высалупіў язык як толькі здолеў, скрывіў ад натугі міну і заплюшыў вочы.
— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, далей язык высунуць не магу.
Узьнялася цікавая спрэчка паміж Швэйкам і камісіяй. Швэйк цьвердзіў, што зрабіў сваю заўвагу, баючыся, каб часам дактары не падумалі, што ён ня хоча паказаць язык.
Сябры камісіі рэзка разышліся ў поглядах на Швэйка. Палавіна з іх запэўнівала, што Швэйк — ідыёт, тым часамі, як другая палавіна стаяла на тым, што ён прахвост і зьдзекваецца з вайсковае службы.
— Ліха матары! — закрычэў на Швэйка старшыня камісіі.
— Ці ня думаеце вы, што нас можна ашукаць?
Швэйк глядзеў на ўсю камісію з сьвятою спакойнасьцю бязьвіннага дзіцяці.
Старэйшы штабны доктар падступіў да самага Швэйка.
— Цікава-б мне ведаць, аб чым вы, морская карова, думаеце?
— Дазвольце далажыць, зусім ні аб чым ня думаю.
— Во! ліханька! — закрычэў адзін сябра камісіі, бразнуўшы шабляй аб падлогу. — Ён, бачыце, зусім ні аб чым ня думае!.. А чаму-ж вы, сыямскі слонь, ня думаеце?
— Дазвольце далажыць, — таму, што гэтага на вайсковай службе салдатам рабіць не выпадае. Калі я год таму служыў у дзевяцьдзесят першым палку, наш капітан заўсёды казаў нам: „Салдат не павінен думаць, за яго думае ягонае начальства. Ці толькі салдат пачынае думаць, гэта ўжо не салдат а так, дрэнь, сьмецьце. Разважаньні ніколі не даводзяць“...
— Маўчаць! — перапыніў Швэйка ў злосьці старшыня камісі. — У нас ўжо ёсьць весткі пра вас. Гэты малойчык думае, што мы па-праўдзе паверым, што ён ідыёт. Вы зусім не ідыёт, Швэйк, вы хітрая бэсьція і прайдзісьвет, вы — жулік, хуліган, паскуднік! Разумееце?
— Так точна, разумею.
— Сказана вам маўчаць! Чулі?
— Так точна, чуў.
— Каб вас чорт забраў! Ну, дык і маўчыце! Вы-ж добра ведаеце, што ня маеце права малоць языком.
— Так точна, ведаю.
Паны вайсковыя перазірнуліся. Выклікалі фэльдфэбэля.
— Завядзеце гэтага суб‘екта ў канцылярыю, — паказваючы на Швэйка, загадаў старэйшы доктар, — і там чакайце нашага загаду. Хлапчына здаровы, як бык, сымулюе ды яшчэ меле языком і наважваецца жартаваць з начальствам. Ён думае, што мы тут толькі дзеля забавы, што вайсковая служба — балаган... Вам там у гарнізоннай турме пакажуць, што гэта — вайсковая служба!
Швэйк пашоў з фэльдфэбэлем у канцылярыю і, ідучы курлыкаў сабе пад нос:
А я думаў, што з вайною |
І пакуль у канцылярыі драў горла на Швэйка дзяжурны афіцэр, што гэткіх малойчыкаў трэба расстрэльваць, камісія наверсе, у больнічных палатах, зьністажала сымулянтаў. З сямі дзесяткаў чалавек зацалела толькі двое. Адзін — з адарванай гранатай рукою, а другі — з кастаедам. Толькі тыя не пачулі слова: „Падыходзіць“. Усе іншыя, ў тым ліку і тры сухотнікі, якія ўжо відочна паміралі, былі вызнаны падыходнымі да фронту.
Старэйшы доктар не абыйшоўся без таго, каб не сказаць адпаведную моманту прамову. Яго прамова была аздоблена найразнастайнейшай лаянкай і была досыць сьціслая: усе — быдла, гной; адно выслужыўшыся за гаспадара імпэратара, яны здолеюць нанова стаць роўнапраўнымі грамадзянамі і пасьля вайны заслужаць сабе дараваньне таго, што спрабавалі ўхіліцца ад вайсковае службы і сымулявалі; ён асабіста ў гэта ня верыць і перакананы, што ўсіх іх раней ці пазьней чакае шыбеніца.
Малады вайсковы доктар, чыстая і пакуль што не сапсаваная натура, папрасіў у старэйшага доктара слова. Яго прамова розьнілася ад прамовы папярэднага аратара оптымізмам і наіўнасьцю. Гаварыў ён па-нямецку. Гаварыў ён доўга пра тое, што кожны той, хто пакінуў шпіталь, каб вярнуцца да свайго палка на фронт, павінен быць рыцарам і пераможцам. Ён упэўнены, што ўсе яны будуць заўзята біцца з ворагам і сумленна паводзіць сябе ўва ўсіх прыгодах свайго жыцьця — як на полі бою, так і ў сваіх прыватных справах. Хай яны будуць непераможнымі байцамі, якія памятаюць пра славу Радзецкага[7] і прынца Аўгена Савойскага[8]. Хай крывёю сваёй яны запладняюць глебу, на якой яшчэ пышней закрасуе кветка славы аўстрыйскай монархіі, і з годнасьцю выканаюць ролю, прызначаную ім гісторыяй. У адважным парываньні, занядбаўшы сваё жыцьцё, яны рынуцца наперад пад прастрэленымі штандарамі сваіх палкоў да новай славы, да новых перамог...
На калідоры старэйшы доктар зьвярнуўся да маладога аратара:
— Слухайце, колега, магу вас запэўніць, што ўся вашая прамова была на ўзьвей-вецер. Ані Радзецкі, ані прынц Аўген Савойскі не зрабілі-б з гэтых нягоднікаў людзкіх салдат. Як з імі ні абыходзься, — іх нічым ня ймеш. Гэта — банда.