Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/V
← Раздзел IV | Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел V Раман Аўтар: Яраслаў Гашак 1931 год Пераклад: Міхась Зарэцкі |
Раздзел VI → |
РАЗЬДЗЕЛ V
ШВЭЙК У ПАЛІЦЭЙСКІМ КАМІСАРЫЯЦЕ НА САЛЬМОВАЙ ВУЛІЦЫ.
Сьледам за праменна-сьветлымі днямі ў вар‘яцкім доме насталі для Швэйка часіны, поўныя нягод і пакуты. Паліцэйскі інспэктар Браун правёў сцэну сустрэчы са Швэйкам паводле рымскіх намесьнікаў пары імпэратара Нэрона. І так-жа люта, як у свой час прамаўлялі яны: „Кіньце гэтую хрысьціянскую погань ільвом!“ — Браун сказаў:
— Пасадзіце яго пад замок!
Ані слова болей, ані слова меней. Адно вочы ў пана паліцэйскага інспэктара Брауна на момант пыхнулі нейкім асаблівым сласнотным агнём. Швэйк укланіўся і з годнасьцю праказаў:
— Я гатоў, панове. На маё разуменьне, „пад замóк“ азначае — у каталажку, а гэта ня надта ўжо і кепска.
— Асабліва тут у нас не раздабарвайце, — сказаў дзяжурны паліцыянт, на што Швэйк адказаў, што чалавек ён лагодны і з падзякай прымае ўсё, што яму прапануюць.
У камеры на падлозе сядзеў нейкі задуменны пан. Па яго апатычным абліччы можна было зразумець, што ў ім пад скрогат ключа ў дзьвярох нават і не шавальнулася надзея, што, можа, гэта яму адчыняюць дзьверы на волю.
— Маё шанаваньне, — сказаў Швэйк, падсеўшы да яго на падлогу.
— Ці ня ведаеце вы прыблізна, якая цяпер гадзіна?
— Што мне да гадзіны? — адказаў задуменны пан.
— Тут някепска, — наводзіў Швэйк на гутарку. — Падлога з габляванага дрэва.
Сур‘ёзны пан не адказаў, устаў і пачаў кідацца ў вузкім прагале паміж дзьвярэй і падлогай, быццам на пажары.
Швэйк тымчасам з цікавасьцю разглядаў надпісы, надрапаныя на сьценах. У адным надпісы арыштаваны абвяшчаў паліцыі вайну не на жыцьцё, а на сьмерць. У тэксьце было:
„Вам гэта дарма ня пройдзе!“ |
Другі арыштаваны напісаў:
Каб вы падавіліся, пеўні[1]! |
Трэці проста канстатаваў факт:
„Сядзеў тут 5 чэрвеня 1914 году, абыходзіліся са мной корэктна. Крамнік Язэп Марэчак з Вршавіц“.
Быў і надпіс, які ўзрушваў сваёй глыбінёй:
„Памілуй мя, госпадзі!“ |
А пад гэтым:
„Пацалуйце мяне ў с...“ |
Літара „с“ была ўсё-ткі закрэсьлена, і збоку напісана вялікімі літарамі:
„Ніжэй за сьпіны“. |
Побач нейкая поэтычная душа напісала верш:
„Над ракой маркотны я сяджу, |
Пан, што бегаў паміж дзьвярэй і полу, нібы займаўся спаборніцтвам на марафонскую бягню, засопшыся спыніўся, сеў на сваё старое месца і раптам загаласіў:
— Выпусьціце мяне адсюль! Не, яны мяне ня выпусьцяць, сказаў ён, — ня выпусьцяць. Я тут ужо ад шостае гадзіны ўраньні.
Яго растам апанаваў прыпадак таварыскасьці, ён устаў са свайго месца і зьвярнуўся да Швэйка:
— Ці няма ў вас з сабой рамня, каб скончыць усё гэта.
— З вялікай ахвотай магу вам прыслужыць, — адказаў Швэйк, адпяразваючы свой рамень. Я яшчэ ні разу ня бачыў, як вешаюцца на рамні... Адно кепска, — зазначыў ён, азірнуўшы камеру, — тут няма ніводнага кручка. Вакенная ручка вас ня вытрымае. Можа як павесіцеся на вушаку. Адзін манах з дамініканскага манастыру — дык той за маладую яўрэйку прымудраваў павесіцца на крыж. Мяне, ведаеце, наогул дужа цікавяць самагубцы.
Задуменны пан, якому Швэйк уторкнуў рамень ў руку, зірнуў на рамень, шпурнуў яго ў куток і загудзеў, размазваючы бруднымі рукамі па твары сьлёзы ды прыгаварваючы:
— У мяне дзеці, а тут за п‘янства ды за брыдоты! Езус, Марыя! Няшчасная мая жонка! Што мне скажуць на службе. У мяне дзеці, а я тут за п‘янства ды за брыдоты! Езус, Марыя!.. — І гэтак далей, бясконца.
Нарэшце ён нібы троху супакоіўся, падышоў да дзьвярэй і пачаў грукатаць у дзьверы рукамі і нагамі. За дзьвярмі пачуліся крокі і голас:
— Чаго трэба?
— Выпусьціце мяне! — праказаў задуменны пан такім тонам, быццам гэта былі яго перадсьмяротныя словы.
— Куды?
— На службу, — адказаў няшчасны бяцька, муж, чыноўнік, п‘яніца і распусьнік.
Пачуўся сьмех, жудасны ў цішы калідору сьмех... і крокі зноў аддаліліся.
— Відаць, гэты пан вас моцна ненавідзе, калі так зьдзекваецца з вас, — сказаў Швэйк пасьля таго, як забіты роспаччу яго кампаньнік зноў сеў ля яго. — Турэмнікі як раззлуюцца, дык здатныя да ўсяго. Сядзіце сябе спакойна ды чакайце разьвіцьця далейшых падзей. Калі вы чыноўнік, жанаты, і ў вас ёсьць дзеці, дык справа, шчыра кажучы, надзвычайна кепская. Вы, калі я ня мыляюся, упэўнены, што вас са службы выганяць?
— Хто іх ведае, — уздыхнуў той. — Справа такая, што я сам ня памятаю, чаго я навычвараў. Ведаю толькі, што мяне аднекуль выкінулі і я дабіваўся туды, каб закурыць цыгару. А пачалося ўсё гэтак добра...
Бачыце, начальнік нашага аддзяленьня спраўляў свае імяніны і запрасіў нас у віньніцу, потым мы трапілі ў другую, у трэцюю, у чацьвертую, у пятую, у шостую, у сёмую, у восьмую, у дзевятую...
— Можа вам памагчы лічыць? — прапанаваў Швэйк. — Я ў гэтых справах кумекаю. За адну ноч я быў у дваццацёх васьмі мясцох, але, далі-бог, нідзе больш, як тры кухлі піва ня піў.
— Словам, — казаў далей няшчасны падлеглы таго начальніка, які гэтак пышна спраўляў свае імяніны, — калі мы абышлі з тузін шынкоў, мы агледзеліся, што начальнік у нас прапаў, хоць мы яго перад тым пачапілі на вяровачку і вадзілі за сабой, як сабачку. Тады мы падаліся шукаць яго, і, нарэшце, самі пагублялі адзін аднаго. Канцы з канцамі — апынуўся я ў аднэй начной кавярні на Вінаградах, у вельмі прыстойным месцы, дзе я піў лікёр проста з бутэлькі. Што я рабіў потым — ня памятаю... ведаю толькі, што ўжо тут, у камісарыяце, калі мяне сюды прывезьлі, паводзіў сябе няпрыстойна, набіў адну даму, парэзаў сьцізорыкам чужы капялюш, які зьняў з вешалкі, разагнаў дамскую капэлю, абвінаваціў обэркельнэра перад усімі, што ён украў дваццаць крон, разьбіў мармуравую дошку ад століка, за якім сядзеў, і сумысьля плюнуў незнаёмаму пану за суседнім столікам у каву. Больш нічога я не рабіў... хоць усяго не памятаю, можа і яшчэ чаго-небудзь навычвараў... Дайце веры, я прыстойны, інтэлігентны чалавек, які ні пра што іншае ня дбае, як пра сваю сям‘ю. Што вы на гэта скажаце? Я-ж па ўродзе сваёй зусім ня буян.
— Бадай нялёгкая была праца біць гэтую мармуравую дошку. Ці мо‘ вы яе друзганулі з аднаго маху? — запытаў з цікавасьцю Швэйк.
— З аднаго маху, — адказаў інтэлігенты пан.
— Дык вы прапалі, — задуменна сказаў Швэйк. — Вам давядуць, што вы налаўчыліся гэта рабіць пасьля доўгіх практыкаваньняў. А кава, у якую вы плюнулі, была з ромам ці бяз рому?
І не чакаючы адказу растлумачыў:
— Калі з ромам, дык горш, бо даражэй. На судзе ўсё падрахуюць, каб як-небудзь падвесьці пад сур‘ёзнае злачынства.
— На судзе?.. — зьбянтэжана пралапатаў прыстойны бацька і муж і, пахіліўшы галаву, удаўся ў той няпрыемны стан душы, калі чалавека ядуць згрызоты.
— А ведаюць дома, што вы арыштаваны, ці яны даведаюцца аб гэтым толькі з газэт? — запытаў Швэйк.
— Вы думаеце, што гэта зьявіцца... у газэтах? — наіўна запытала ахвяра імянін свайго начальніка.
— Абавязкова, — быў просты Швэйкаў адказ, бо ў Швэйка ніколі ня было ў звычаі хаваць што-небудзь ад размоўцы. — Чытачам дужа ўпадабаецца. Я сам заўсёды з прыемнасьцю чытаю разьдзел пра п‘яных і пра іхныя буянствы. Вось нядаўна ў шынку „Ля чашы“ адзін госьць састроіў такую штуку: разьбіў сам сабе галаву піўным кухлем. Падкінуў яго ўгару, а галаву паставіў. Яго павезьлі, а ўраньні мы ўжо пра гэта чыталі ў газэтах. Або, напрыклад, даў я неяк аднаму катафальшчыку ў пысу, а ён мне назад. Каб нас памірыць, дык мусілі абодвых арыштаваць, а ў вячорцы ўсё гэта ўжо было прапісана... ці вось яшчэ выпадак: у кавярні „Ля мерцьвяка“ адзін калескі асэсар патоўк два сподкі. Дык, думаеце, яго пашкадавалі? Назаўтрага-ж — будзьце ласкавы — трапіў у газэты... Вам астаецца толькі адно: паслаць у рэдакцыю абвяржэньне, што апублікаваная заметка вас ня тычыцца і што з гэтым панам аднаго з вамі прозьвішча вы не знаходзіцеся ані ў сваяцтве, ані ў якіх-небудзь іншых адносінах. А дахаты пашліце пісульку, папрасіце гэтае абвяржэннне выразаць і схаваць, каб вы здолелі яго прачытаць, высядзеўшы свой тэрмін... Вам ня сьцюдзёна? — спагадліва запытаў Швэйк, заўважыўшы, што інтэлігенты пан калоціцца. — Сёлета познае лета, нешта халаднаватае.
— Прапашчы я чалавек! — зарумзаў Швэйкаў кампаньнік. — Ня ўбачыць мне падвышэньня, як свае патыліцы.
— Што й казаць, пацьвердзіў Швэйк. — Калі вас пасьля выседкі назад на службу ня возьмуць, — ня ведаю, ці скора вы знойдзеце іншае месца, бо ўсюды, нават каб вы захацелі служыць за гіцля, ад вас будуць вымагаць пасьведчаньне аб добрым паводжаньні. Так, гэтая пацеха вам дорага абыйдзецца... А вашай гаспадыні з дзеткамі ёсьць на што жыць, пакуль вы будзеце сядзець? Ці мо‘ ёй давядзецца жабраваць, а дзетак адукаваць на рознае жульніцтва?
Пачулася рыданьне.
— Няшчасныя дзеткі! Няшчасная жоначка!
Ахоплены каяньнем скандаліст устаў і загаварыў пра сваіх дзяцей.
— У мяне іх пяць. Самаму старэйшаму дванаццаць год, ён у скаутах, п‘е адну ваду і мог-бы даваць прыклад свайму бацьку, з якім, па-праўдзе, гэтая прыгода здарылася ўпяршыню за цэлае жыцьцё.
— У скаутах! — крыкнуў Швэйк. — Прыемна слухаць. Аднойчы ў Мылаварах, пад Зьлівай, у раёне Глыбокай, акруга Чэскія Будэйовіцы, акурат, як мы, 91-ы полк, былі там на вучэньні, вакольныя сяляне наладзілі аблаву на скаўтаў, якіх надта многа разьвялося ў іхным абшчынным лесе. Злавілі трох. Дык найменшы з іх, як яго вязалі, так жаласна скавытаў і плакаў, што мы, бывалыя салдаты, не маглі бяз жалю на яго глядзець, ня вытрымалі... і абыйшлі зводдаль. Пакуль іх вязалі, гэтыя тры скауты пакусалі восем сялян. Потым у сялянскага старасты пад лазой яны прызналіся, што на ўсю акругу няма ніводнага лугу, які-б яны не здратавалі, грэючыся на сонцы. Дарэчы высьветлілася, што пад Ражыцамі якраз перад жнівом зусім выпадкова згарэў шнур жыта на пні, калі яны сярод жыта смажылі на ражне сарну, якую злавілі ў абшчынным лесе. У іхным лягеры, у лесе, знайшлі безьліч вішнёвых костачак, агрызкаў зялёных яблыкаў, больш, як пяцьдзесят кілё паабгрызавых костак ад рознае жыўнасьці і лясных зьвяроў ды многа іншага дабра.
Небарака скаўтаў бацька усё-ткі ня мог супакоіцца.
— Што я нарабіў! — жалкаваў ён. — Я загубіў сваю рэпутацыю.
— Бязумоўна, — сказаў Швэйк з прыраджонай сваёй шчырасьцю. — Пасьля таго, што здарылася, у вес рэпутацыя падмочана на ўсё жыцьцё. Во да таго-ж, што будзе ў газэтах, яшчэ сёе-тое прыкладуць вашы знаёмыя. Гэта звычайная рэч, нічога тут не парадзіце. Людзей з падмочанай рэпутацыяй бадай што разоў у дзесяць болей, чымся з незаплямленай. На гэткае глупства і ўвагі зварачаць ня варта.
На калідоры адбыліся важкія крокі, пачулася, як шчаўкануў ключ у замку, дзьверы адчыніліся і дзяжурны выклікаў Швэйка.
— Прабачайце, — па-рыцарску зазначыў Швэйк, — я тут толькі ад дванаццатае гадзіны дня, а гэты пан ужо ад шостае гадзіны зраньня. Я надта не сьпяшаюся.
Замест адказу дужая рука дзяжурнага вывалакла яго ва калідор і моўчкі павяла па сходах на другі паверх.
У заднім пакоі за сталом сядзеў тоўсты паліцэйскі камісар, чалавек бадзёрага выгляду. Ён зьвярнуўся да Швэйка:
— Дык вы, значыць, і ёсьць Швэйк? Як вы сюды трапілі?
— Самым простым спосабам, — адказаў Швэйк. — Я прышоў сюды разам з панам паліцыянтам, бо не хацеў дазволіць, каб мяне выкідалі з вар‘яцкага дому без абеда. Я ня шлюндра якая.
— Ведаеце што, Швэйк? — сказаў ласкава пан камісар, — нашто нам з вамі сварыцца? Ці ня лепей будзе, калі мы вас выправім у паліцэйскую ўправу?
— У вас, калі можна так сказаць, на руках усе козыры, — адказаў Швэйк, здаволены. — Прагуляцца-ж надвячоркам у паліцэйскую ўправу — гэта будзе невялічкая, але вельмі прыемная праходка.
— Вельмі рад, што мы з вамі аднае думкі, — весела праказаў паліцэйскі камісар. — Найлепей — дамовіца. Ці праўда, Швэйк?
— Я таксама заўсёды вельмі ахвотна раюся з іншымі, — адказаў Швэйк. — Дайце веры, пан камісар, я ніколі не забудуся на вашую дабрату.
Пачціва ўкланіўшыся, Швэйк вышаў з паліцыянтам уніз, у вартоўню, і праз чвэртку гадзіны яго можна ўжо было бачыць на вуліцы разам з другім паліцыянтам, падпахай у якога была вялізная кніга з нямецкім надпісам: „Кніга арыштаваных“.
На рагу Спаленай вуліцы Швэйк і ягоны канвойны наткнуліся на гурму людзей, якія таўкліся перад наклеенай абвесткай.
— Гэта маніфэст гаспадара імпэратара пра абвяшчэньне вайны, — сказаў Швэйку канвойны.
— Я гэта казаў наперад — сказаў Швэйк. — А ў вар‘яцкім доме пра гэта яшчэ нічога ня ведаюць, хоць яны, уласна мусілі-б ведаць гэта з першай крыніцы.
— Як гэта так? — запытаў паліцыянт.
— Бо там сядзіць многа паноў афіцэраў.
Як падышлі яны да другой купкі, што таўклася перад маніфэстам, Швэйк крыкнуў:
— Хай жыве імпэратар Франц-Іосіф! Мы пераможам!
Нехта з натхнёнае гурмы напнуў яму адным ударам шапку на вушы, і на вачох цэлага натоўпу, які ўсё разрастаўся, Швэйк у другое пашыбываў ў вароты паліцэйскае ўправы.
— Пераможам мы, зусім бясспрэчна, яшчэ раз кажу вам, панове!
І з гэтымі словамі Швэйк разлучыўся з натоўпам, які праводзіў яго.
- ↑ Паліцыянты ў Чэхіі пары аўстра-вэнгерскай монархіі насілі каску з пеўневым пер‘ем.