Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/VI
← Раздзел V | Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел VI Раман Аўтар: Яраслаў Гашак 1931 год Пераклад: Міхась Зарэцкі |
Раздзел VII → |
РАЗЬДЗЕЛ VI
ШВЭЙК, ПЕРАРВАЎШЫ ЗАЧАРАВАНАЕ КОЛА, ЗНОЎ АПЫНУЎСЯ ДОМА
У паветры, якое патыхала ад сьцен паліцэйскае ўправы чулася, што тут пільна сочаць за настроем абываталяў у сувязі з абвяшчэньнем вайны. За выключэньнем некалькіх чалавек, што не зракліся свайго народу, якому выпадала кроўю зыйсьці за інтарэсы, зусім чужыя яму, паліцэйская ўправа выяўляла з сябе дзівосную колекцыю драпежнікаў-бюрократаў, думка ў якіх ня ішла далей за турму ды шыбеніцу, і мэта жыцьця ў якіх была абарона існаваньня кручкаватых артыкулаў. Са сваімі ахвярамі яны абыходзіць з атрутнай далікатнасьцю, абрахоўваючы папярэдна кожнае сваё слова.
— Мне дужа, дужа шкода, — сказаў адзін з чорна-жоўтых драпежнікаў[1], як прывялі да яго Швэйка, — што вы зноў трапілі да нас. Мы думалі, што вы паправіцеся... але, на жаль, мы памыліліся...
Швэйк маўклівым уклонам галавы выказаў сваю згоду, усьміхаючыся ў гэты час так бязьвінна, што паліцэйскі чыноўнік зірнуў на яго з запытаньнем у вачох, але тут-жа зароў:
— Ня чмурыце мне тут!
Аднак зараз-жа зноў узяў ласкавы тон.
— Нам, па-праўдзе, дужа няпрыемна трымаць вас пад арыштам, і дазвольце запэўніць вас, што, на маю думку, ваша віна ня надта ўжо вялікая, бо пры вашай нявысокай інтэлігентнасьці вас, бязумоўна, падгаварылі. Скажыце мне, пан Швэйк, хто, уласна, падубхторвае вас на гэткія дурноты?
Швэйк адкашляўся.
— Я, прабачайце, ня ведаю, пра якія такія дурноты...
— Ну, ці-ж гэта ня дурнота, пан Швэйк, — па-бацькаўску ўгаварваў ён яго, — калі вы, як сьведчыць паліцыянт, што вас сюды прывёў, выклікалі стаўпленьне народу перад наклееным на рагу маніфэстам і ўзбуралі натоўп выкрыкамі: „Хай жыве імпэратар Франц-Іосіф! Мы пераможам!“
— Я ня мог быць бязьдзейным, — сказаў Швэйк, не апускаючы сваіх добрых вачэй пад інквізытарскім поглядам. — Я запаліўся, як убачыў, што ўсе чытаюць гэты маніфэст пра вайну і не выяўляюць ніякае радасьці. Ні пераможных крыкаў, ні „ўра“... нічым чагенечка, вашаскародзьдзе... Быццам гэта іх зусім не абыходзіць. Дык тут я, стары салдат дзевяцьдзесят першага палка, ня вытрымаў і крыкнуў гэтыя словы. Хай былі-б вы на маім месцы, пэўна, зрабілі-б тое-самае. Раз ужо вайна, мы павінны давесьці яе да перамогі, мы павінны выслаўляць гаспадара імпэратара. І ніхто мяне на іншае не пераканае!
Прыціснуты да сьцяны чыноўнік ня вытрымаў погляду бязьвіннага ягнаці Швэйка, спусьціў вочы ў свае паперы і сказаў:
— Добра разумею вашае захапленьне, але каб вы яго выявілі ў іншых абставінах. Вы самі добра ведаеце, што раз вас вёў паліцыянт, дык выяўлены вамі ў гэты момант патрыятызм мог і павінен быў зрабіць на народ уплыў больш гіронічнага характару, чымся сур‘ёзнага.
— Ісьці пад канвоем паліцэйскага — гэта цяжкі момант у жыцьці кожнага чалавека. Але калі чалавек нават і ў гэты цяжкі момант не забываецца, што яму належыць рабіць пры абвяшчэньні вайны, дык, я мяркую, гэткі чалавек адно варты павагі.
Чыноўнік забурчэў і яшчэ раз паглядзеў Швэйку проста ў вочы. Швэйк адказаў сваім бязьвінным, мяккім, лагодным, пяшчотным і цёплым поглядам.
З хвіліну яны пільна глядзелі адзін на аднаго.
— Ліха вас разьбярэ! — прамармытала нарэшце чыноўніцкае рыла. — Але калі вы яшчэ раз сюды залучыце, дык я вас наогул ні пра вошта ня буду пытаць, а адпраўлю проста ў вайсковы суд у Градчаны[2]. Зразумелі?
Перш, чымся ўправіўся ён яшчэ што-небудзь дадаць, Швэйк падскочыў да яго, пацалаваў яму руку і сказаў:
— Хай вам бог дасьць здароўечка! Калі вам калі-небудзь спатрэбіцца чыстакроўны сабачка, зрабіце ласку, зьвярніцеся да мяне. Я гандлюю сабакамі.
Так апынуўся Швэйк зноў на волі.
— Яго развагі па дарозе да дому, ці не зайсьці яму перш у піўніцу „Ля чашы“, скончыліся тым, што ён адчыніў тыя самыя дзьверы, адкуль ня надта даўно быў вышаў разам з агентам Брэтшнэйдарам.
У піўніцы панавала магільнае маўчаньне. Там сядзела колькі чалавек, і сярод іх царкоўны стораж з цэрквы сьвятога Апалінара. Абліччы ўва ўсіх былі пахмурныя. За стойкай сядзела шынкарка, жонка Паліўца, і тупа глядзела на піўныя кранты.
— Вось я й вярнуўся, — весела сказаў Швэйк. — Дайце-тку мне кухлік піва. А дзё-ж наш пан Палівец, таксама ўжо дома?
Замест адказу гаспадыня залілася сьлязьмі і, горка хліпаючы на кожным слове, прастагнала:
— Засудзілі яго... на дзесяць год... тыдзень таму назад...
— Ну, вось бачыце! — сказаў Швэйк, — значыць яго сем дзён ужо пазадзе.
— Ён такі быў... асьцярожны! — румзала гаспадыня. — Ён сам гэта заўсёды пра сябе гаварыў...
Госьці ўпарта маўчалі, быццам паміж іх лунаў дух Паліўца і выклікаў яшчэ да большае асьцярогі.
— Лепш старожа, чым варожа, — сказаў Швэйк, сядаючы за стол і падсуваючы да сябе кухаль піва, у пене якога было некалькі дзірачак ад сьлёз Паліўцавай жонкі, якія капнулі ў піва, пакуль яна несла яго да стала. — Такі ўжо час цяпер, што прымушае чалавека быць асьцярожным.
— Учора ў нас было двое хаўтур, — пераводзіў на іншае гутарку царкоўны стораж ад сьвятога Апалінарага.
— Мабыць памёр хто-небудзь? — зазначыў другі госьць.
Трэці запытаў:
— Нябожчыка везьлі на катафалку?
— Цікава-б ведаць, — сказаў Швэйк, — як на вайне будуць хаваць забітых?
Госьці зараз-жа ўсталі, расквіталіся з гаспадыняй і ціха вышлі. Швэйк астаўся сам-на-сам з шынкаркай.
— Не магу даць веры, — сказаў Швейк, — каб бьзьвіннага засудзілі на дзесяць год. Што аднаго бязьвіннага засудзілі на пяць год — гэта я чуў, але дзесяць — гэта бадай што занадта.
— Мой-жа, як даваў паказаньні, — плакала Паліўцава жонка — дык што тут гаварыў пра гэтых мух і портрэт, тое-ж пераказаў і ў управе і на судзе. Паклікалі мяне за сьведку, але што я мела сказаць ім, калі мне заявілі, што я магу адмовіцца ад паказанняў, бо знаходжуся ў сваяцтве са сваім мужам... Я так напалохалася, каб праз яго яшчэ чаго страшнага ня вышла, што адмовілася ад паказаньняў. Стары, небарака, так на мяне паглядзеў... паміраць буду — не забудуся. А потым, пасьля прыгавору, калі яго выводзілі, як крыкне ім там, на сходах, быццам зусім звар‘яцеў: „Хай жыве свабода“.
— А пан Брэтшнэйдер сюды ўжо ня ходзіць? — запытаў Швэйк.
— Быў тут колькі разоў, — адказвала шынкарка. — Вып‘е адзін ці два кухлі, запытаецца ў мяне, хто сюды ходзіць, а потым слухае, як госьці гамоняць пра футбол. Яны заўсёды, як яго ўбачуць, пераводзяць гутарку на футбол, а яму ад гэтага мутарна робіцца — во-во, здаецца, ашалее. Праз увесь гэты час злавіў на вуду аднаго толькі шпалерніка з Папярочнае вуліцы.
— Гэта — які ў каго спрыт, — зазначыў Швэйк. — Шпалернік быў дуркаваты ці што?
— Ну, як мой мужык, — адказала, плачучы, гаспадыня. — Той яго запытаў, ці стаў-бы ён страляць у сэрбаў. А шпалернік сказаў, што ня ўмее страляць, што толькі некалькі раз быў у тыры, дзе кожнага разу прастрэльваў карону[3]. Тут мы ўсе пачулі, як пан Брэтшнэйдэр сказаў, выняўшы сваю запісную кніжку: „А бач, зноў дзяржаўная здрада“, — і вышаў з гэтым шпалернікам, які ўжо больш не вярнуўся.
— Многа іх не варочаецца, — сказаў Швэйк. — Дайце-тку мне рому.
Ня ўправіўся Швэйк перакуліць другую чарку, як у шынок ўвайшоў сакрэтны агент Брэтшнэйдэр. Азірнуўшы сьпехам пусты шынок і заказаўшы сабе піва, ён падсеў да Швэйка і стаў чакаць, што той скажа.
Швэйк зьняў з вешалкі адну газэту і, праглядаючы апош- нюю старонку з абвесткамі, праказаў:
— Глядзіце-тку, нейкі Чымпэра, сяло Страшкова, дом нумар пяць, паштовае аддзяленьне Рачыневес, прадае маёнтак і сем дзесяцін ворнага поля. У сяле школа і чыгунка.
Брэтшнэйдэр нэрвова затарабаніў пальцамі аб стол і зьвярнуўся да Швэйка:
— Дзіўлюся, чаму вас цікавіць гэты маёнтак, пан Швэйк.
— А, гэта вы? — сказаў Швэйк, падаючы яму руку. — А я вас адразу не пазнаў. У мяне дужа дрэнная памяць. У апошні раз мы разлучыліся, здаецца, у прыймовай канцылярыі паліцэйскае ўправы. Што ад тае пары парабляеце? Часта залучаеце сюды?
— Я маю да вас інтэрас, — сказаў Брэтшнэйдэр. — У паліцэйскай управе я чуў, што вы гандлюеце сабакамі. Мне-б трэба было добрага фокстэр‘ера ці там шпіца ці наогул што-небудзь такое..
— Гэта мы вам усё можам даставіць. Чыстакроўнага хочаце, ці так... з вуліцы?
— Я думаю спыніцца на чыстакроўным, — адказаў Брэтшнэйдэр.
— А чаму-б вам ня купіць паліцэйскага сабаку? — запытаў Швэйк. — Яна-б вам ураз усё асачыла, навяла-б вас на сьлед злачынца. Гэткі сабака ёсьць у аднаго разьніка на Вршовіцах[4] і возіць яго каламажку. Гэты сабака не знайшоў яшчэ, можна сказаць, свайго сапраўднага прызначэньня.
— Я-б хацеў шпіца, — стрымлена праказаў Брэтшнэйдэр, — шпіца, які-б ня кусаўся.
— Хочаце бяззубага шпіца? — запытаўся Швэйк. — Маю такога на ўвазе ў Дэйвіцах[5], у аднаго шынкара.
— Бадай, што лепей ужо фокстэр‘ера... — нерашуча сказаў Брэтшнэйдэр, кюнолёгічныя[6] здольнасьці якога былі ў первястковым стане.
Каб не загад з паліцэйскае ўправы, дык яму-б ніколі і на думку ня ўзышло займацца з сабакамі. У загадзе-ж было ясна і дакладна паказана: пакампанаваць — што-б там ні было — бліжэй са Швэйкам на глебе гандлю сабакамі, навошта ён — Брэтшнэйдэр, мае права падшукаць сабе памоцнікаў і траціць пэўныя сумы на куплю сабак.
— Фокстэр‘еры ёсьць буйнейшыя і драбнейшыя, — сказаў Швэйк. — Маю на ўвазе двух маленькіх і трох большанькіх. Усе пяцёра зусім свойскія. Магу іх вам горача рэкомэндаваць.
— Гэта-а мне падышло, — заявіў Брэтшнэйдэр. — А колькі каштуе гэты адзін?
— Як на велічыню, — адказаў Швэйк, — усё залежыць ад велічыні. Фокстэр‘ер не цяля, з фокстэр‘ерамі справа якраз наадварот: што драбней, то даражэй.
— Я ўзяў-бы большага, дом сьцерагчы, — сказаў Брэтшнэйдэр, баючыся, каб не абцяжарыць сакрэтны фонд сакрэтнае паліцыі.
— Вельмі добра! — ухапіўся Швэйк. — Вялікага магу вам прадаць за пяцьдзесят крон, найвялікшага — за сорак пяць. Але мы забыліся на адно: вам шчанюка, ці старэйшага, сабаку ці сучку?
— Гэта мне ўсёроўна, — адказаў Брэтшнэйдэр, якому добра дадзелі гэтыя неразьвязныя проблемы. — Дык падрыхтуйце мне аднаго, а я заўтра а сёмай гадзіне ўвечары да вас за імі прыду. Згода?
— Згода, будзе зроблена, заходзьце, — сказаў Швэйк і троху сушэйшым тонам дадаў — у такім разе я-б папрасіў вас у задатак трыццаць крон.
— Аб чым гаварыць! — сказаў Брэтшнэйдэр, плоцячы грошы. — Ну, а цяпер мы з вамі разап‘ем па чвярціне віна на мой кошт...
Наліваючы пятую чвэртку, Брэтшнэйдэр умаўляў Швэйка, каб не баяўся яго, заявіўшы, што ён сёньня не на службе, і таму Швэйк можа адкрыта гаварыць з ім аб політыцы.
Швэйк заявіў, што ён ніколі аб політыцы ў шынку не гаворыць, дый наогул уся політыка — занятак для дзяцей малодшага ўзросту.
— Брэтшнэйдэр, наадварот, меў самыя рэволюцыйныя перакананьні і агаласіў, што кожная слабая дзяржава асуджана на загібель, дапытваючыся ў Швэйка, як ён глядзіць на гэтыя справы.
Швэйк адказаў, што ён з дзяржавай ніякага інтарэсу ня меў, але што ў яго аднойчы гадаваўся шчанюк сэн-бэрнар, якога ён падкармліваў скарбовымі сухарамі, дык шчанюк праўда што здох.
Як выпілі па пятай, Брэтшнэйдэр абвясьціў, што ён анархіст і пытаўся ў Швэйка, у якую організацыю яго запісаць.
Швэйк расказаў, як аднойчы нейкі анархіст купіў у яго за сто крон пудзеля, а грошай не заплаціў аж да гэтай пары.
За сёмай чвэрткай Брэтшнэйдэр выказаўся за рэволюцыю і супроць мобілізацыі. Швэйк, нахіліўшыся да яго, шапарнуў яму на вуха:
— Там прышоў нейкі госьць. Каб часам ён не пачуў нас, у вас могуць быць няпрыемнасьці. Бачыце, шынкарка ўжо плача.
Паліўцава жонка сапраўды плакала за стойкай.
— Чаго плачаце, гаспадынька? — запытал Брэтшнайдэр. — Праз тры месяцы мы пераможам, будзе амністыя, і ваш чалавек вернецца. Вось калі закруцім у вас банкет!.. ці мо‘ вы думаеце, што мы не пераможам? — зьвярнуўся ён да Швэйка.
— Чаго ўвесь час чаўпсьці адно ды адно! — сказаў Швэйк. — Павінны перамагчы — і па тым!.. Ну, мне час да хаты ісьці.
Швэйк расквітаўся і вярнуўся да свяе старое чалядніцы пані Мюлер, якая ўшчэнт перапалохалася, убачыўшы, што мужчына, які адмыкае ключом уваходныя дзьверы, ня хто іншы, а сам Швэйк.
— А я, паночку, думала, што вы вернецеся толькі праз колькі год, — сказала яна з уласьцівай ёй шчырасьцю, — і я тут... з жалю... на час... пусьціла ў кватэру аднаго швэйцара з начной кавярні, бо... у нас тут тры разы была ператруска, і, як не знайшлі нічога, дык сказалі, што вашая справа кепская, што, як відаць, вы спрактыкававы злачынец.
Швэйк ураз пераканаўся, што незнаёмы абсталяваўся з поўнай выгадай: спаў на ягоным ложку і нават быў такі джэнтльмэн, што задаволіўся аднэй палавінай ложку, а другую ўступіў нейкаму даўгавалосаму стварэнню, якое (мабыць, з удзячнасьці) спала, абшчапіўшы яго за шыю. На падлозе вакол ложка валяліся перамяшаныя прылады мужчынскага і жаночага туалету. З усяго гэтага роіла відаць было, што швэйцар з „начной кавярні“ вярнуўся ўчора са сваёй дамай пад чаркай.
— Васпан, — сказаў Швэйк, трасучы нечаканага кватаранта, — васпан, каб вы часам не спазьніліся на абед. Мне было-б дужа няпрыемна, каб вы пра мяне гаварылі, што я вас вытурыў, як ужо нідзе не знайсьці абеда.
Прайшло ці мала часу, пакуль заспаны швэйцар з „начной кавярні“, нарэшце, не разьдзяўбаў, што вярнуўся дахаты гаспадар ложка і заяўляе на яго свае законныя правы.
Па ўласьцівай усім выкідайлам „начных кавярняў“ звычцы пан гэты выказаўся ў тым сэнсе, што перацярэбіць рэбры кожнаму, хто наважыцца яго будзіць. Пасьля гэтага ён прыладзіўся спаць далей.
Тым часам Швэйк сабраў часткі яго раскіданага туалету, прынёс іх да яго ў ложак і, энэргічна страсянуўшы яго, сказаў:
— Калі вы не надзенецеся, дык прыдзецца вас выкідаць на вуліцу так, як вы ёсьць. Вам будзе куды выгадней выляцець адсюль надзеўшыся.
— Я меўся спаць да восьмай гадзіны ўвечары, — прагаварыў аслупянелы швайцар і стаў усьцягваць порткі. — Я плачу гаспадыні за ложак дзьве кроны ў дзень і магу вадзіць сюды паненак з кавярні... Маржэнка, уставай!
Надзеўшы каўнерык і завязваючы гальштук, ён ўжо да таго ачухаўся, што стаў запэўняць Швэйка, што начная кавярня „Мімоза“, бязумоўна, адна з самых прыстойных устаноў, куды дапускаюцца только тыя дамы, у якіх жоўты білет у поўным парадку, і шчыра запрашаў Швэйка туды залучыць.
Яго сяброўку, наадварот, такая абыходка задаволіла ня надта, і яна зьвярнулася да Швэйка з некалькімі вялікапанскімі выразамі, з якіх найдалікатнейшым быў:
— Боўдзіла дурное.
Як пашлі няпрошаныя кватаранты, Швэйк пашоў на кухню па пані Мюлер, каб разам з ёю упарадкаваць у хаце, але не знайшоў ніякіх сьлядоў ад яе, апроч кавалка паперы, на якім алоўкам былі накрэмзаны крывулькі пані Мюлер. Яна знайшла надзвычай простае выйсьце з няпрыемнага становішча, у якім апынулася ў сувязі са здадзеным на часовае карыстаньне Швэйкавым ложкам. На паперыне было напісана:
„Даруйце, паночку, я вас больш ня ўбачу, бо кідаюся з вакна“.
— Брэша! — сказаў Швэйк і стаў чакаць.
Праз паўгадзіны на кухню прыпаўзла няшчасная пані Мюлер, і па яе засмучоным абліччы відаць было, што яна чакае ад Швэйка слоў заспакаеньня.
— Калі маеце ахвоту выкінуцца з вакна, — сказаў Швэйк, — дык ідзіце ў мой пакой, вакно я адчыніў. Скакаць з кухоннага вакна я б вам ня раіў, бо вы скінецеся ў сад на ружы, здрапіцеце ўсе кусты, і за гэта вам давядзецца плаціць. З вакна ў маім пакоі вы спраўна зьляціце на тротуар, і калі скочыце ўдала — скруціце сабе галаву. Калі-ж вам не пашанцуе, дык вы паламаеце сабе толькі рэбры, рукі і ногі, і вам давядзецца плаціць за лекі ў больніцу.
Абмываючыся сьлязьмі, пані Мюлер ціха пайшла ў Швэйкаў пакой... зачыніла вакно і, вярнуўшыся, сказала:
Дзьме, а ў вас, паночку, раматус.
Паслаўшы потым пасьцелю і ўпарадкаваўшы ўсё з нязвычайнай стараннасьцю, яна вярнулася, усё яшчэ зарумзаная, на кухню і паведаміла Швэйку:
— Тыя два шчанючкі, паночку, што былі ў вас на двары, паздыхалі. А сэн-бэрнар зьбег пад час ператрускі.
— На яго ліха, — крыкнуў Швэйк, — ён гатоў трапіць у дрэнную гісторыю! Цяпер, напэўна, паліцыя будзе за ім цікаваць.
— Ён укусіў аднаго з паноў паліцэйскіх камісараў, як пад час ператрускі выцягалі яго з-пад ложка. Адзін з гэтых паноў сказаў, што там, пад ложкам, нехта ёсьць, і яму загадалі імем закону вылезьці вон, а як ён не захацеў, дык яго выцягнулі. Сэн-бэрнар перш кідаўся на іх, нібы ўсіх іх пажэрці хацеў, а тады выбіў дзьверы і даў лататы. Мне таксама зрабілі допыт, хто да нас ходзіць, ці не атрымліваем мы грошай з-за мяжы, а потым сталі да мяне чапляцца, лаячы мяне дурай, калі я сказала, што грошы з-за мяжы прыходзяць толькі гады-ў-рады, у апошні раз ад пана аканома з Брна[7], шэсьцьдзесят крон у задатак за ангорскую кошку, пра якую вы далі абвестку ў газэце „Нацыянальная політыка“ і замест якой вы паслалі ў скрынцы з-пад фінікаў сьляпога шчанюка фокстэр‘ера. Потым яны загаманілі са мною дужа ласкава і нараілі мне ў кватаранты, каб мне аднэй боязна ня было, гэтага швэйцара з начной кавярні, што вы вытурылі.
— Ну й набраўся я клопату ад гэтае паліцыі, пані Мюлер, — уздыхнуў Швэйк. — Вось неўзабаве ўбачыце, колькі іх сюды прывалачэцца за сабакамі.
Ня ведаю ці расшыфравалі тыя, хто пасьля перавароту праглядалі паліцэйскі архіў, таемныя адзнакі: СБ — 40 к., ФТ — 50 к., П — 80 к. і гэтак далей, але яны, бязумоўна, памыляліся, калі думалі, што СБ, ФТ і П азначаюць ініцыялы нейкіх асоб, якія за 40, 50 і 80 крон прадавалі чэскі народ чорна-жоўтаму арлу[8].
СБ азчачае сэн-бэрнар, ФТ — фокстэр‘ер, а П — пудзель. Усіх гэтых сабак Брэтшнэйдэр прывёў ад Швэйка у паліцэйскую ўправу.
Гэта былі нясусьветныя страшыдлы, якія ня мелі анічога супольнага ні з аднэй з тых чыстакроўных парод, за прадстаўнікоў якіх Швэйк выдаваў іх Брэтшнэйдэру. Сэн-бэрнар быў мяшанец нячыстакроўнага пудзеля з дварняком; фокстэр‘ер, які меў вушы таксы, быў увелькі з ваўкарэза, а ногі ў яго былі выгнутыя, быццам з рахіту; пудзель мордай нагадваў аўчарку, у яго быў адцяты хвост, рост, як у таксы, і голы, як у павіяна, азадак.
Заходзіў да Швэйка і сам шпэг Калёус[9]... і вярнуўся з тыповай пачварынай, што нагадвала плямістую гіену, з грывай шатландзкай аўчаркі. А ў артыкуле сакрэтнага фонду зьявілася новая адзнака: Д — 90 к.
Гэтая пачварына мела ўдаваць з сябе дога.
Але нават Калёусу не пашчасьціла аб чым-небудзь дазнацца ад Швэйка. Ён атрымаў тое самае, што і Брэтшнэйдэр. Самыя тонкія політычныя размовы Швэйк пераводзіў на лячэньне сучак і шчанят, а спрытнае закідваньне найхітрэйшых нявідных сетак выходзіла на тое, што Брэтшнэйдэр вёў з сабой ад Швэйка яшчэ новае немажлівае страшыдла.
Гэтая незадача была канцом славутага шпэга Брэтшнэйдэра. Калі ў яго кватэры было ўжо сем такіх пачварын, ён у роспачы зачыніўся з імі ў заднім пакоі і не даваў ім нічога жраць аж датуль, пакуль сабакі ня зьелі яго самога (нагэтулькі ў яго, відаць, хапіла шляхетнасьці, каб ня ўводзіць дзяржаву ў страты на пахаваньне).
У паліцэйскай управе ў яго паслужны сьпіс, у графу „Падвышэньні ў службе“ былі ўпісаны наступныя, поўныя трагізму, словы:
„Сажраны ўласнымі сабакамі“.
Даведаўшыся пазьней пра гэту трагічную падзею, Швэйк праказаў:
— На яго ліха! У якім-жа выглядзе ён цяпер прыдзе на страшны суд?
- ↑ Колер аўстра-вэнгерскага сьцягу.
- ↑ Праскі крэмль.
- ↑ Па-чэску koruna мае два значэньні крона — монэта і карона.
- ↑ Ускраіна Прагі.
- ↑ Процілежная ўскраіна.
- ↑ Кюнолёгія — навука пра сабак.
- ↑ Горад у Маравіі, які ўваходзіць у склад Аўстра-Вэнгрыі.
- ↑ Герб аўстра-вэнгерскай монархіі.
- ↑ Вядомы аўстрыйскі шпэг.