Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XX. Кароль і пустыньнік

Разьдзел XIX Прынц і жабрак
Разьдзел XX. Кароль і пустыньнік
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XXI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Высокі плот хаваў хлопчыка з боку хаты; пад уплывам страху, ён сабраў усе свае сілы й пусьціўся бягом у кірунку суседняга лесу; бег не аглядаючыся, пакуль не дасягнуў краю лесу; тады толькі ён адвярнуўся і разглядзеў нейкія дзьве фігуры. Гэтага было даволі; ён ня стаў траціць часу, пакуль не апынуўся ў цёмным гушчары. Тут ён спыніўся, саўсім пэўны, што знаходзіцца вонках небясьпекі. Ён пачаў чутка прыслухвацца, але навокал панавала глыбокая, ўрачыстая, ціша — страшная, жудасная ціша. Час-ад-часу напружаны слых лавіў нейкія гукі, але яны здаваліся гэткімі далёкімі, глухімі і таямнічымі, быццам замагільная стагната і крык, і былі яшчэ страшней, чымся дамавіннае маўчаньне, якое яны трывожылі.

Сьпярша хлопчык думаў застацца тут на ўвесь дзень; але хутка холад ахапіў яго распаленае ад борздае хады цела, і ён павінен быў пусьціцца ў дарогу, каб сагрэцца. Ён прабіраўся лесам з надзеяй выйсьці на дарогу, але рахунак яго не апраўдаўся. Ён усё йшоў ды йшоў; чым далей, тым гушчар здаваўся большым. Надходзіў вечар; кароль заўважыў, як пакрысе надходзіць ноч. Жудасна зрабілася яму, калі падумаў, што давядзецца начаваць у гэткім страшным месцы. Ён яшчэ паддаў шагу, але гэта было дарэмна, таму што ён ня бачыў, што пад нагамі, і бесьперастанку чапляўся за карані дрэваў, за павітыя расьліны.

А затое як усьцешыўся хлопчык, калі, нарэшце, пабачыў мігценьне агоньчыку. Ён падыйшоў да яго асьцярожна, спыняючыся штомінуты, азіраючыся навокал ды прыслухваючыся. Агоньчык блішчаў у вакеньніцы маленькае ўбогае хацінкі. Ён пачуў нечы голас і хацеў быў уцякаць ды схавацца; але раздумаў, таму што яму здалося, быццам невядомы чалавек гаварыў малітву. Ён, хаваючыся, падыйшоў да вакна, стаў на пальчыкі і глянуў у сярэдзіну. Ён разглядзеў маленечкую каморку з земляною, моцна ўтоптанаю, падлогаю; ў адным кутку была ўстроена пасьцель з чарату з падранаю старою коўдраю; каля яе стаяла вядро, кубак, міска, некалькі гаршкоў і патэльняў; была тут і маленечкая лаўка з кульгавым крэслам, ў ачагу датлявалі кавалачкі гальля. Перад крыжам, асьветленым лаявою сьвечкаю, схіліўся старык, каля яго на дзеравянай скрынцы ляжала раскрытая кніга і чалавечы чэрап. Старык быў высокага росту, сухарлявы, з даўгімі беласьнежнымі валасамі й барадою; на ім быў кажух з авечай скуры, даходзіўшы да самых пятаў.

— Сьвяты пустыньнік, — падумаў хлопчык,— цяпер я збаўлены!

Старык устаў; тады кароль пастукаўся.

— Увайдзі, — пачуўся глухі голас, — але раней адрачыся ад граху, бо зямля, на якой ты стаіш, сьвятарна.

Кароль увайшоў і спыніўся на парозе. Пустыньнік акінуў яго бліскучым, неспакойным паглядам.

— Хто ты? — спытаўся ён.

— Я кароль, — быў просты, спакойны адказ.

— Заходзь, калі ласка, кароль! — з жарам выгукнуў пустыньнік. — Заходзь! — паўтараў ён не адзін раз, замітусіўшыся з нязвычайным пасьпехам; пасадзіў хлопчыка на лаўку, падкінуў гальля ў агонь, і пасьля нэрвова захадзіў то ўзад, то ўперад.

— Заходзь, калі ласка! Шмат хто шукаў тутака прытулішча, быў адкінены, як недастойны. Але кароль, які адрокся ад кароны, зганіўшы пусты бляск свайго палажэньня, апрануўшы цела сваё ў рызьзё, каб ахвяраваць сябе малітве і ўмяртвеньню цела, — ага, гэткі сьмяротны — дастойны жаданы госьць, — тут правядзе ён усе свае дні да самае сьмерці.

Кароль прабаваў перабіць яго і аб’ясьніцца, але пустыньнік і ўвагі не зьвярнуў, як відаць, навет ня чуў яго словаў, гаворачы далей усё мацней, з нарастаўшаю энэргіяй.

— І ты знайдзеш тутака мір і спакой. Ніхто ня выкрые твайго прытулішча, ніхто ня будзе трывожыць цябе мальбою вярнуцца да пустога й неразумнага жыцьця, пакінуць якое Бог загадаў табе. Тутака ты будзеш маліцца й вучыцца сьвятому пісьму, будзеш разважаць аб тленнасьці і дарэмнасьці сьвецкай і аб шчасьці йдучага быцьця; будзеш карміцца карэньнямі і травамі і мяртвіць цела штодзенным бічаваньнем, дзеля збаўленьня душы. Абцягнеш цела сваё валасяніцаю, піць будзеш адну ваду, і мір і спакойнасьць запануе ў душы тваёй. А хто прыдзе шукаць цябе, вернецца, як нясоленае сёрбаўшы—ніхто не знайдзе, ня стрывожыць цябе.

Старык, ня сьціхаючы хадзіць то ўзад, то ўперад, раптам панізіў голас і пачаў нешта мармытаць сабе пад нос. Кароль скарыстаўся гэтай акалічнасьцю, каб расказаць пра сваё гора, і, пад уплывам неспакойства і страху, гаварыў з натхненьнем і красамоўствам, але пустыньнік усё мармытаў далей, ня слухаючы яго. Пасьля ён падыйшоў да хлопчыка і шапнуў яму з многазначным выглядам:

— Ц-ц!.. Я адкрыю табе тайну.

Ён нахіліўся да самага яго вуха, але раптам спыніўся і пачаў прыслухвацца, пасьля на пальчыках падыйшоў да вакна, высунуў галаву, паглядзеў у цемру, ізноў вярнуўся тоячыся і, схіліўшыся над каралём, прагаварыў шэпчучы:

— Я — архангел.

Кароль увесь задрыжаў:

— Божа, лепей ужо мне было-б з бадзякамі застацца, — падумаў ён, — чымся трапіць у рукі вар’ята,

На твары хлопчыка адбіўся жах. Пустыньнік, тымчасам, гаварыў далей ціха і з гарачкаю:

— Бачу, ты адчуваеш, дзе знаходзішся. На чале тваім малітвенны страх. Няма чалавека, які-б пранікаўся ў гэтай атмосфэры такім пачуцьцём, бо тут ён бачыць Неба. У мігненьне вока я падлятаў угару і спушчаўся на зямлю. Я быў названы архангелам пяць гадоў назад, на гэтым самым месцы, — Бог паслаў ангелаў сваіх, каб абвясьціць мне вялікую міласьць. Іхняя прысутнасьць напоўніла гэту хацінку зорным сьвятлом… І яны сталі перада мною на калены, о, кароль! — але, яны ўпалі ніцьма, бо я быў магутнейшы за іх. Я паднімаўся ў неба й гутарыў з патрыярхамі. Вось, на крані маю руку… ня бойся—крані… Так… Дык ведай-жа, што чапаў руку, якую паціскалі Аўраам, Ісаак і Якуб. Я быў у залатых пакоях. я бачыў Бога тварам да твару.

Ён зрабіў паузу, каб прыдаць эфэкт сваёй прамове. Раптам твар яго зьмяніўся, ён падняўся і гнеўна з гарачкаю сказаў:

— Але, я архангел, усяго толькі архангел… тады як мог-бы быць папаю. Гэта чыстая праўда. Дваццаць гадоў назад мяне соннага акрыла вышэйшая праўда; так, мне рыхтаваўся папскі пасад — гэтак падабалася небу, але кароль зруйнаваў мой сьвяты манастыр і я, бедны, цёмны, слабы манах быў пушчаны з торбаю, пазбаўлены страхі і быўшага перада мною вялікага назначэньня.

Старык ізноў незразумела замармытаў і са злосьцю пачаў біць сябе кулакамі па лобе, з жахоўнымі пракляцьцямі, бесьперастанку паўтараючы:

— Вось чаму я толькі архангел, а мог быць папаю!

Бітую гадзіну цягнуўся яго прыпадак шаленства, а маленькі кароль сядзеў пры гэтым сам ня свой. Раптоўна шалёная няпрытомнасьць старыка скончылася, ён сьцішыўся, сьпусьціўся з вобалакаў, у якіх лятаў, і пачаў плясьці аб розных рознасьцях гэтак проста і чалавечна, што хутка заўладаў сымпатыяю хлопчыка. Пустыньнік пасадзіў яго бліжэй да агню, устроіў выгадней, асыцярожна памазаў масьцю сінякі і абдзёртыя месцы на яго целе. Пасьля ён заняўся рыхтаваньнем вячэры, увесь час ласкава гаворачы, час-ад-часу гладзячы хлопчыка то па шчацэ, то па галоўцы, з гэткай далікатнасьцю й ласкаю, што страх і ныткасьць, уроеныя яму архангелам, адразу-ж разьляцеліся, даўшы месца пашане й сымпатыі да добрага чалавека.

Гэткі шчасьлівы настрой цягнуўся падчас усяе вячэры. Пасьля малітвы перад крыжыкам, старык паклаў караля спаць у суседняй каморцы, ахінуў яго якнайцяплей і лепей, быццам далікатная маці, прылашчыў і, пажадаўшы яму добрага сну, вярнуўся ў свой пакойчык і пачаў мяшаць вуглі ў ямцы. Але вось ён задумаўся, некалькі разоў павёў рукою па лобе, як-бы прабуючы прыпомніць нешта, што высьлізнулася з памяці. Відочна гэта яму не ўдавалася. Ён устаў і кінуўся да свайго гасьця.

— Ты кароль? — спытаўся ён.

— Але, — сонна адказаў той.

— Які кароль?

— Ангельскі.

— Ангельскі? Значыцца Гэнры сканаў?

— Нажаль, так! Я яго сын.

Твар старога грозна пахмурнеў, ён са злоснай радасьцю пляснуў рукамі, пастаяў з мінуту, цяжка пераводзячы дух; пасьля спытаўся глухім голасам:

— А ці ведаеш ты, што гэта той самы, што пазбавіў нас страхі і пусьціў з торбаю?

Адказу ня было. Старык схіліўся над хлопчыкам, углядаючыся ў спакойны твар і прыслухваючыся да ціхага дыханьня.

— Ён сьпіць, сьпіць у глыбокім сьне.

Твар яго паясьнеў, але злосна-радаснае пачуцьцё адбівалася на ім. У гэту мінуту усьмешка асьвяціла рысы спаўшага хлопчыка.

— Ён у шчасьлівым няведаньні, — прашаптаў пустыньнік, і выйшаў. Ён на пальчыках пачаў хадзіць з кутка ў куток, нечага шукаючы; часам спыняўся і прыслухваўся, адварочваўся, кідаў быстры пагляд па пасьцель хлопчыка, і ўсё мармытаў, усё гурчаў нешта сабе пад нос. Нарэшце, ён знайшоў, што яму было патрэбна — стары, заіржавеўшы кухонны нож і брусок. Прадзёршыся на сваё ранейшае месца, каля агню, ён сеў і пачаў паціху вастрыць нож, перанейшаму мармычучы, чамкаючы, гаворачы сам з сабою. Вецер завываў вакол адзінотнае хаткі, таямнічыя начныя галасы даляталі з цёмнае далі. Са шчылінаў і норак на старога манаха пазіралі бліскучыя вочкі адважных пацукоў і мышэй, а ён рабіў сваю работу далей, нічога ня бачачы, цалком праглынуты аднэю думкаю.

Ад часу да часу ён працягваў вялікім пальцам па лязе нажа і, хістаючы галавою, задаволенна казаў:

— Цяпер востры, робіцца ўсё вастрэйшым.

Ён не заўважыў, як ляціць час, і спакойна рабіў сваю справу далей, заняты сваімі думамі, якія раскрываў асобнымі, нязьвязнымі фразамі.

— Бацька яго зрабіў нам шмат ліха, рашыў нас — і зыйшоў цяпер у агністае пекла… Але, проста ў цёмнае пекла. Ён уцёк ад нашай помсты — гэткая, значыцца, воля Божая, але, на тое воля Божая, мы не павінны маракаваць. Але не ўратаваўся ён ад пекла… Не, не ўратаваўся ад полымя — пажыральнага, бязьлітаснага, вечнага полымя.

І гэтак ён усё вастрыў свой нож, мармычучы й перарывіста, сіпла пасьмейваючыся.

— Бацька яго ўсё гэта нарабіў. Цяпер я толькі архангел, калі-б ня ён — быў-бы папаю!

Кароль варухнўўся. Пустыньнік паціху падскочыў да пасьцелі і, стаўшы на калены, схіліўся над распластованым целам з паднятым нажом у руцэ. Спаўшы ізноў варухнуўся; на міг вочы яго расплюшчыліся, але яны нічога ня выказвалі, нічога ня бачылі; у тую-ж мінуту яго спакойнае, мернае дыханьне пераканала старыка, што ён ізноў моцна заснуў. Пустыньнік яшчэ нейкі час прыглядаўся і прыслухваўся, застаючыся ўсё ў той-жа самай позе і ледзь дыхаючы; затым паволі спусьціў занесеную над каралём руку і, паўзучы, аддаліўся.

— Ужо даўно за поўнач, — сказаў ён, — блага, калі ён пачне крычаць ды здарыцца падарожны.

Ён ціханька соўваўся з кутка ў куток, падбіраючы дзе ганучку, дзе вяроўку, дзе рамушок; пасьля, тоячыся, падыйшоў да караля і ўхітрыўся гэтак асьцярожна зьвязаць яму ногі, што навет ня збудзіў яго. Ён прабаваў зьвязаць і рукі, скрыжаваўшы іх, але кожны раз, як рыхтаваўся пусьціць у ход вяроўку, хлопчык адрываў то адну, то другую руку; нарэшце, калі архангел ужо згубіў веру ўва ўдачу задуманае справы, кароль сам злажыў на грудзёх рукі, і ў тую-ж мінуту яны былі зьвязаны. Пасьля гэтага ён падвёў павязку пад падбародак спаўшага і моцна завязаў яе на цемі ды так ціха і асьцярожна, што той ніразу не варухнуўся і спакойна спаў сабе далей.