Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXIV. Уцёк
← Разьдзел XXIII | Прынц і жабрак Разьдзел XXIV. Уцёк Аўтар: Марк Твэн Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html |
Разьдзел XXV → |
Кароткі зімовы дзень канчаўся. Вуліцы апусьцелі; толькі дзе-ня-дзе трапляліся праходзіўшыя, дый тыя, як відаць, сьпяшаліся хутчэй скончыць свае справы і схавацца ад мацнеўшага ветру і надходзіўшага змроку ў прытульных хатах. Яны праходзілі, не аглядаючыся па бакох; ніхто не зьвярнуў увагі на нашу кампанію, ніхто, як быццам, і не заўважаў яе. Адварды Шосты нявольна падумаў, што яшчэ ніколі ніводнаму каралю не даводзілася ісьці ў вастрог і спатыкаць на сумным шляху сваім гэткую незразумелую роўнадушнасьць падданых. Хутка паліцэйскі прывёў іх на бязьлюдны рыначны пляц. Калі яны апынуліся пасярэдзіне яго, дык Гэндон палажыў руку яму на плячо і шапнуў:
— Пачакай толькі мінутачку, дружа; тут нікога няма — мне трэба сказаць табе пару словаў.
— Не пазваляецца, мой дарагі; калі ласка, не затрымлівайце мяне, таму што хутка ўжо ноч на двары.
— Усё такі, пачакай — справа блізка датычыць цябе. Адвярніся лепш плячыма і прыкінься, што нічога ня бачыш: няхай хлопчык уцячэ.
— Як вы сьмееце прапанаваць мне гэта, мой дарагі! Арыштую вас імем…
— Пазволь, не сьпяшайся. Будзь асьцярожнейшы, каб ня даць маху.
Ён панізіў голас і зашаптаў у вуха паліцэйскаму:
— За парасё, якое дасталася табе за восем пэнсаў, ты можаш заплаціць галавою.
Бедны паліцэйскі, зьбянтэжаны, спачатку быццам языка пазбавіўся, пасьля, апамятаўшыся, пачаў крычаць і пагражаць: але Гэндон быў непарушны і чакаў, пакуль той не супакоіцца.
— Ці ведаеш, што ты мне спадабаўся,—сказаў ён, нарэшце, — не хацелася б, каб ты пацярпеў. Заўваж сабе, я ўсё чуў, кожнае слова, — зараз дакажу табе гэта.
І ён паўтарыў, ад слова да слова, размову паміж паліцэйскім і жанчынаю ў калідоры суда.
— Вось бачыш, ці-ж ня праўду я кажу? Што-ж, патвойму, не змагу я ўсё расказаць судзьдзі, калі спатрэбіцца?
Паліцэйскі так і застыў ад страху і бяды; крыху супакоіўшыся, ён загаварыў з папушчанаю праставатасьцю:
— Ды вы з мухі робіце сланя; нашто раздуваць справу? Я проста пажартаваў з жанчынаю.
— А парасё таксама жартам узяў ад яе?
Паліцэйскі злосна адказаў:
— Не як-нібудзь іначай, пане, — кажу вам, што толькі жартам.
— Я гатоў табе паверыць, — сказаў Гэндон, ня то насьмешлівым, ня то сур’ёзным тонам, — толькі ты крыху пачакай тутака, а я зьбегаю да судзьдзі і спытаюся ў яго, — то-ж ён, як чалавек, што разумее ў законах, бязумоўна ведае, што такое жарт, што такое…
І ён ужо рушыў назад, усё цьвердзячы сваё; паліцэйскі замяўся, вылаяўся, пасьля крыкнуў:
— Гэй, пане, пачакайце крыху. Ды што судзьдзя — ён, ці ведаеце, таксама здольны разумець жарт, як якое-нібудзь пудзела. Хадзеце лепш сюды, пагаворым. Чорт пабяры, я, як відаць, трапіў на памылку, і ўсё цераз нявінны, неабдуманы жарт. Пашкадуйце, вашая міласьць, я чалавек сямейны — ў мяне жонка, дзеці. Скажэце, чаго вам ад мяне трэба?
— Толькі аднаго: каб ты зрабіўся сьляпы, нямы і нярухомы, пакуль не налічыш сто тысячаў не сьпяшаючы, — сказаў Гэндон з выглядам чалавека, які просіць аб самай нязначнай рэчы.
— Дык я-ж загіну за гэта, — адчайна вымавіў паліцэйскі. — Ой, пане, разважце самі; з якого боку ні глянь, ясна, але-ж ясна відаць, што гэта быў жарт. А калі й ня жарт, дык гэткі малюсенькі праступак, што судзьдзя самае большае, зробіць мне выгавар і перасьцярогу.
Гэндон адказаў з халоднай урачыстасьцю:
— Аднак-жа для твайго жарту ёсьць асобны артыкул у законах… Ведаеш — які?
— Я гэтага ня ведаў! Можа быць праз няведаньне, зрабіў я крыху нядобра. Я й ня думаў, каб быў гэткі артыкул. Ах, Божа мой, а мне здавалася, што гэта глупства.
— Ага, артыкул ёсьць. Вось што ён кажа: Non compos mentis lex tationis sic transit gloria mundi.
— Ай, Божачка!
— А паложана за гэта кара сьмерці!
— Божа, зьлітуйся нада мною, грэшным.
— Скарыстаўшыся небясьпекаю, гразіўшай абвінавачанаму, ты дзеля ліха ўжыў сваю ўладу, забраўшы рэч вартасьцю вышэй трынаццацёх з паловаю пэнсаў, а гэта ў вачох закону нядобрасуменнае спаўненьне абавязкаў і злаўжыцьцё па службе, ad hominem expurgatis in statu quo — за якое праступленьне паложана кара сьмерці праз павешаньне, бяз споведзі і літасьці ці адданьня пад духоўны суд.
— Падтрымайце, падтрымайце мяне, пане, ногі млеюць. Зьлітуйцеся, ня губеце — я адвярнуся плячыма і нічога ня буду бачыць.
— Вельмі добра, цяпер ты зрабіўся болей разумным. А парасё аддасі?
— Аддам, аддам, і ўжо ніколі не дакрануся ні да якога парасятка. Ідзеце — я сьляпы, я нічога ня бачу. Скажу, што вы ўварваліся і сілаю адбілі арыштованага. Дзьверы ў нас пры гэтым старыя, а я іх уночы выб’ю.
— Гэтак і зрабі, дружа, нічога табе ня будзе. Судзьдзя літасьціва аднёсься да беднага хлопчыка; павер, што ён не пашкадуе, што гэты малы ўцёк дый вастрожніка не пакарае…