Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXVII. У вастрозе

Разьдзел XXVI Прынц і жабрак
Разьдзел XXVII. У вастрозе
Аўтар: Марк Твэн
Разьдзел XXVIII
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У вастрозе ўсе камэры былі паўнюткія; з гэтае прычыны нашых прыяцялёў прыкавалі ў вялікім агульным пакоі, дзе звычайна трымалі людзей, абвінавачаных у невялікіх праступленьнях. Яны апынуліся ў многалюднай кампаніі—тут было каля дваццацёх чалавек, абодвых палоў, рознага веку, у ручных і нажных кайданох, — няпрыстойная, шумная арава. Кароль быў моцна раздразьнены, з прычыны гэткае нячуванае зьнявагі яго каралеўскае дастойнасьці. А Гэндон быў сумны і маўчаў. Цяжка ў яго было на душы: ён вяртаўся дадому з радасным пачуцьцём, чакаў, што ўсе пашалеюць з радасьці, пабачыўшы яго — і раптам, гэткая халодная сустрэча ды вастрог. Паміж яго чаканьнямі і сапраўднасьцю адчынілася цэлая прорва і было ад чаго прыйсьці ў роспач; ён ня мог акрэсьліць, што пераважала ў яго нядаўнай гісторыі — трагізм ці самы грубы камізм. Ён пачуваў тое самае, што мог пачуваць чалавек, які з радасьцю выскачыў паглядзець на радугу і раптам быў падстрэлены пяруном.

Але пакрысе яго беспарадачныя, цяжкія думкі прыйшлі ў парадак, скупіўшыся на Эдыце. Ён разьбіраў яе павядзеньне і так і гэтак, разглядаў яго з усіх бакоў, але ня мог вывясьці нічога задавальняўшага. Пазнала яна яго, ці не? Гэта была галаваломная задача, займаўшая яго доўгі час; нарэшце, ён злажыў сабе перакананьне, што яна пазнала яго, але адраклася дзеля карысных пабуджэньняў. Ён гатоў быў асыпаць яе пракляцьцямі, але імя яе гэтак доўга было для яго сьвятыняю, што язык не варушыўся апаскудзіць яго.

Ахінуўшыся гразнымі, падранымі арыштанскімі коўдрамі, Гэндон і кароль правялі трывожную ноч. Некалькі арыштантаў далі тое-сёе вастрожніку і ён прынёс ім віна; натуральным рэзультатам гэтага былі няпрыстойныя песьні, лаянка і бойка. Нарэшце, ужо пасьля поўначы, адзін злодзей накінуўся на жанчыну і чуць не забіў яе, б'ючы кайданамі па галаве. Але наляцеў вастрожнік і навёў парадак, заляпіўшы арыштанту некалькі важкіх аплявухаў. Пасьля гэтага шум скончыўся і надыйшла магчымасьць крыху заснуць, — па крайняй меры тым, каго ня трывожылі стагнаньні і ойканьне раненае жанчыны і пабітага зладзея.

Увесь чародны тыдзень дні і ночы былі да ўтомы аднолькавыя; удзень у камэру прыходзілі людзі, твары якіх былі больш-менш знаёмыя Гэндону, пазіралі на „самазванца", не прызнавалі яго асобы і зьдзекаваліся над ім; уночы, з нязвычайнай рэгулярнасьцю, ішло п'янства і разгул. Хаця-ж, хутка здарылася нешта над'звычайнае; вастрожнік прывёў нейкага старыка і сказаў яму:

— Праступнік тутака, паглядзі сваімі старымі вачыма, ці не пазнаеш яго?

Гэндон паглядзеў і першы раз на ўвесь час прабываньня ў вастрозе перажыў радаснае пачуцьцё.

„Ды гэта-ж Блэк Андрыюс, стары слуга наш — добрая чэсная душа, мілае сэрца, гэта значыць гэткім ён калісьці быў. Цяпер няма чэсных людзей, усе змахляваліся. Гэты чалавек таксама пазнае мяне — і так-жа сама адрачэцца, як і іншыя.

Старык абвёў вачыма па пакоі, пачарзе разглядзеў усе фізіяноміі і, нарэшце, сказаў:

— Нікога ня бачу, апрача машэньнікаў ды бадзякаў. А дзе-ж ён?

Вастрожнік засьмяяўся.

— Вось ён; прыгледзься-ж да гэтага біндуса і скажы, што думаеш.

Старык падыйшоў да Гэндона, доўга і ўважна глядзеў на яго; пасьля, памахаўшы галавою сказаў:

— Дзе там, гэта ня Гэндон, ды ён ніколі ім і ня быў!

— Так! Твае старыя вочы яшчэ могуць служыць. Калі-б я быў на месцы сэра Гью, дык узяў-бы я гэтага нягодніка дый...

Вастрожнік замест канца фразы, падняўся на пальчыкі, робячы паказ, што накладае пятлю, і пусьціў сіплы гук, быццам вісельнік. А старык злосна заўважыў:

— Хай дзякуе Богу, калі гэтак яшчэ скончыцца. Калі-б нягоднік папаўся мне ў лапы, дык я яго жыўцом засмажыў-бы, як чэсны чалавек!...

Вастрожнік зайшоўся ад злосна-радаснага рогату, быццам гіена, і сказаў:

— А заляпі яму, як належыць, пагамані, як рэшта тваіх таварышоў. Пацеха, сапраўды, не благая...

Ён пасунуўся ў пярэдні пакой і зьнік. А старык стаў на калены і прашаптаў:

— Дзякуй Богу, вы вярнуліся, паночку! А я вось думаў, што наш пан гэта ўжо гадкоў сем будзе, як памёр, а ён, бач, жывюсенькі! Але-ж адразу пазнаў вас, як толькі ўбачыў. Цяжка мне было і брывом ня міргнуць, прыкідацца, што перада мною адны машэньнікі ды галіта толькі. Стары я й бедны, сэр Майльс, але варта табе сказаць слоўца, і я ўсім праўду ў вочы скажу, хоць-бы мяне за гэта й павесілі.

— Не, — загаварыў Гэндон, — ня трэба. Толькі сабе бяды нажывеш, а мне ані не паможаш. Усё-ж такі, дзякую табе, ты хоць крыху вярнуў мне веры ў людзей.

Стары слуга аказаўся вельмі карысным для Гэндона і для караля. Некалькі раз на дзень ён заходзіў „дапякаць самазванцу" і заўсёды, тоячыся, прыносіў такую-сякую закрасу, ў падмацаваньне да поснае арыштанскае стравы; апрача таго перадаваў бягучыя навіны.

Гэндон прыхоўваў дэсэрт для караля; без яго яго вялікасьць ня выжыў-бы, таму што ня мог есьці грубае, дрэннае стравы, якую прыносіў вастрожнік. Андрыюс змушаны быў абмежавацца кароткімі адведваньнямі, каб не наклікаць на сябе падазрэньня; але кожны раз ён ухітраўся шэптам перадаць ня мала ведамасьцяў — перамешваючы іх лаянікаю, казанаю голасна, з мэтаю адвясьці вочы пабочным.

Гэткім спосабам пакрысе выясьнілася ўся гісторыя сям'і Гэндона. Шэсьць гадоў ужо, як памёр Арзсэр. Гэтая страта, а таксама бязьведная адсутнасьць Майльса падарвала здароўе бацькі. Прачуваючы канец, ён пажадаў пры жыцьці вырашыць лёс Гью і Эдыты. Дзяўчына сьлёзна прасіла адсрочыць рашэньне, спадзяючыся на паварот Майльса, але вось прыйшло пісьмо з паведамленьнем аб сьмерці яго. Гэты ўдар дабіў сэра Рычарда. Саўсім пэўны, што хутка памрэ, ён, разам з Гью, настойваў на тым, каб яны пажаніліся. Эдыта выпрасіла месяц сроку, пасьля другі, нарэшце трэці, і шлюб усё такі адбыўся — каля сьмяротнай пасьцелі сэра Рычарда. Шлюб аказаўся нешчасьлівым. Хадзілі чуткі, што хутка пасьля вясельля маладая знайшла ў паперах мужа некалькі чарнавікоў страшэннага пісьма і кінула яму ў твар абвінавачаньне, што ён цераз падлог прысьпяшыў свой шлюб — і, разам з тым, сьмерць старога бацькі. Усюды гаманілі аб нялюдзкім абхаджэньні з лэді Эдытаю і са слугамі — адным словам, па сьмерці бацькі сэр Гью скінуў маску і паказаў сябе бязьлітасным дэспотам датычна ўсіх хто так ці йначай быў ад яго ў залежнасьці.

Часамі расказ Андрыюса вельмі пачынаў цікавіць караля, і ён вастрыў вушы.

— Ходзяць чуткі, — расказваў аднаго разу слуга, — што кароль звар'яцеў. Але, калі ласка, ані слова аб гэтым, што ад мяне гэта чулі, таму што за гэткія рэчы, як кажуць, — карачун.

Яго вялікасьць глянуў на старыка і сказаў:

— Кароль ані не звар'яцеў, дарагі мой — а табе лепш было б глядзець свае справы, чымся займацца небясьпечнымі расказамі.

— Што ён там гамоніць? — спытаўся Андрыюс, зьдзіўлены нечаканаю заяваю з боку хлопчыка.

Гэндон даў яму знак не чапаць гэткага пытаньня, і старык казаў далей:

— Праз дзень ці два караля будуць хаваць у Віндзоры, — 16-га чысла гэтага месяца, а новы кароль 20-га будзе каранавацца ў Вэстмінстэры.

— Здаецца, што раней не пашкодзіла-б знайсьці яго, — прамармытаў яго вялікасьць, і дадаў са спакойнаю пэўнасьцю: — Але аб гэтым, ведама што, патурбуюцца, а я таксама прыму меры.

— У імя Бога... аб чым гэта ён?... ізноў спытаўся старык, але Гэндон, кіўнуўшы, перабіў яго. Ён трашчаў далей:

— Сэр Гью паедзе на каранацыю — вялікія надзеі мае. Разьлічае вярнуцца пэрам, — то-ж ён у вялікай ласцы ў лёрда-пратэктара.

— У якога лёрда-пратэктара?— перабіў хлопчык.

— У яго сьветласьці гэрцога Сомэрсэта.

— Якога гэрцога Сомэрсэцкага?

— Божачка, дык ён-жа ж адзін — Сэймур граф Гэртфорд.

— З якога гэта часу ён зрабіўся гэрцогам і лёрдам-пратэктарам?

— З мінулага студня месяца.

— А хто даў яму гэты сан?

— Сам, мусі, ды вярхоўная рада, са згоды караля.

Яго вялікасьць здрыгануўся. — Караля? — крыкнуў ён. — Якога караля, чалавеча?

— Як якога? Божа-ж мой, што гэта з хлопчыкам? Дык-жа ж кароль у нас адзін — ведама які: яго вялікасьць Адварды Шосты, хай яго крые Бог! Дый мілы ён, добры хлопчык. Звар'яцелы ён ці не — кажуць, штодзень папраўляецца, — але ўсе яго хваляць, старыя й малыя пасылаюць малітвы да неба, каб надарыла яго даўгім векам, дзеля дабра Англіі; панаваньне сваё ён пачаў літасьцю — памілаваў старога гэрцога Норфолька, а цяпер хоча адмяніць нялюдзкія законы, прыгнятаўшыя народ.

Гэтая навіна страшэнна зьдзівіла караля; ён патануў у глыбокіх панурых думках і ўжо ня чуў старыка. Няўжо-ж гэта „самазванец" і быў той жабрак-хлопчык, якога ён пакінуў у палацы, пераапрануўшы ў сваю вопратку? Гэта здавалася немагчымым, таму што яго манеры і мова, напэўна, выдалі-б яго, калі-б ён здумаў цьвярдзіць, што ён прынц Уэльскі —тады яго выгналі-б і пачалі-б шукаць сапраўднага прынца. Ці, можа быць, двор пасадзіў на пасад заместа яго, якога-нібудзь малайца знатнага роду? Не, яго дзядзька не дапусьціў-бы да гэтага, — ён усемагутны і, разумеецца, здушыў-бы гэткі рух. Дагадкі хлопчыка ні да чаго не давялі; чым болей ён стараўся дабрацца да тайны, тым больш станавіўся ў тупік, тым мацней балела ў яго галава, тым горшы быў сон. Яго нецярплівасьць якнайхутчэй трапіць у Лёндан мацнела кожную гадзіну, а сядзеньне ў вастрозе зрабілася для яго блізу што нязносным.

Усе стараньні ўцешыць караля былі дарэмны; але дзьве жанчыны, прыкованыя разам, здолелі зрабіць на яго ўплыў. Іхнія ласкавыя ўгаворы супакоілі яго і навучылі такое-сякое цярплівасьці. Хлопчык быў удзячны ім за гэта; пакрысе ён палюбіў іх і знаходзіў уцеху ў іхнім добрым, супакойвальна дзеяўшым на яго, таварыстве. Ён спытаўся, за што яны трапілі ў вастрог, і калі пачуў адказ, што належаць да сэкты баптыстых, дык з усьмешкаю спытаўся:

— Хіба-ж гэта такое праступленьне, каб саджаць у вастрог? Шкада, хутка нам прыдзецца расстацца— за гэткае глупства ня будуць вас доўга трымаць.

Яны не адказвалі; але штосьці ў выразе іхніх твараў стрывожыла яго.

— Вы маўчыцё, — сказаў ён жыва, — калі ласка, скажэце, ці не чакае вас яшчэ якая-нібудзь кара? У імя Бога, скажэце шчыра — вам няма чаго баяцца.

Жанчыны спрабавалі зьмяніць гутарку, але няпэўнасьць хлопчыка ўсё мацнела.

— Няўжо-ж вас яшчэ пачнуць біць бізунамі? Не, яны ня будуць гэткімі жорсткімі. Ці-ж ня праўда? То-ж ня будуць, не? Дык кажэце-ж...

Жанчыны выказалі замяшаньне і крыўду, але нельга было ўхіліцца ад адказу.

— О, не гаруй, добрая душа! Бог паможа нам вытрываць наша...

— Прызналася, нарэшце! — перабіў кароль. Значыцца, гэтыя нягодныя людзі, якія ня маюць сэрца, будуць біць вас! Ах ня плачце, калі ласка, я не магу гэтага бачыць. Будзьце адважнымі — я ізноў дайду да ўлады і выратую вас ад горкае долі, верце мне.

Раніцай, калі ўстаў кароль, жанчын ужо ня было.

— Іх звольнілі!— радасна сказаў ён; пасьля з роспаччу дадаў: — Але, гора мне — яны цешылі мяне.

Кожная з іх прышпіліла да яго вопраткі па кавалку стужачкі, на памятку. Хлопчык пастанавіў хаваць іх праз усё жыцьцё, затым у хуткім часе знайсьці няшчасных і ўзяць іх пад сваю апеку.

У гэту мінуту ўвайшоў вастрожнік з некалькімі памоцнікамі і загадаў вывясьці ўсіх арыштантаў на двор. Кароль ня помніў сябе з радасьці... Якое шчасьце! Ён ізноў убачыць блакітнае неба, ізноў будзе дыхаць сьвежым паветрам! Ён нэрваваўся і злаваў, бачачы, як марудзяць вастрожныя слугі, але прыйшла і яго чарга — яго раскавалі і выпусьцілі разам з Гэндонам.

Квадратны вастрожны падворак быў выбрукаваны каменьнямі. Арыштованых вялі цераз масыўны скляпісты ход і выстраілі шарэнгу плячыма да сьцяны. Перад імі працягнулі вяроўку і паставілі варту. Было халоднае, хмурнае раньне, лёгкі сьняжок, выпаўшы ўночы, пакрыў белаю посьцілкаю вялізны пляц падворку, надаўшы яму яшчэ больш пануры выгляд. Час-ад-часу ўрываўся халодны віхар і, круцячы, разьмятаў сьнег.

На сярэдзіне падворку стаялі дзьве жанчыны, прыкованыя да ганебных стаўпоў. З першага пагляду кароль пазнаў сваіх добрых знаёмых. Ён здрыгануўся. „Ага, іх ня звольнілі, як я думаў", праляцела ў яго ў галаве. „І падумаць толькі, што ім прыдзецца вытрываць удары бізуноў, і дзе? — у Англіі. Ой, які сорам! То-ж гэта робіцца не ў якой-нібудзь дзікай старане, а ў хрысьціянскай Англіі! Іх будуць біць, а я, якога яны ўцяшалі ў вастрозе, з якім былі гэткімі далікатнымі, я прымушаны быць маўклівым сьведкаю жахоўнага ліхадзейства! Я, крыніца ўлады ў гэтай вялізнай дзяржаве, ня маю сілы абараніць іх! Але сьцеражэцеся, зладзеі,—хутка надойдзе дзень, калі я патрэбую ад вас справаздачы, і кожны ўдар, які вы дасьцё ім, будзе вам каштаваць сто ўдараў!" Шырокая брама адчынілася і ў падворак паваліла маса гарадзкіх жыхароў. Яны абступілі абедзьвюх жанчын, так што кароль ня бачыў іх болей. Паказаўся сьвяшчэньнік; ён праціснуўся праз натаўп і схаваўся. Да караля даляталі адрывістыя пытаньні і адказы, але ён ня мог разабраць іх. Затым паднялася мітусьня, штосьці рыхтавалі, стражнікі цягаліся ў пярэдніх радох. Паступова шум і гоман заціх і запанавала глыбокая ціша.

Па камандзе, натаўп расступіўся, і перад каралём паказаўся гэткі абраз, што кроў застыла ў жылах. Вакол абедзьвюх жанчынзў навалены былі гурбы гальля, і нейкі чалавек, стоячы на каленках, падпальваў яго.

Засуджаныя спусьцілі галаву і затулілі твар рукамі. Жоўтыя агнявыя язычкі паказаліся ў гальлі, якое заскрыпела і затрашчала, а вецер падхапіў стаўпы сіняга дыму. Сьвяшчэньнік падняў рукі ўгару і пачаў чытаць малітву. Раптам у браме пачуўся жахлівы, душу разьдзіраўшы крык дзьвюх дзяўчатак, якія стрымгалоў кінуліся да прыкованых ахвяраў. Іх у тую-ж мінуту адцягнулі стражнікі; адну моцна трымалі, а другая вырвалася, крычучы, што хоча памёрці разам з маткаю, і перш, чымся яе схапілі, яна кінулася да засуджанае і апляла рукамі яе шыю. Яе ледзь адцягнулі; двом-тром чалавекам ледзь удалося ўтрымаць яе і адарваць ніз вопрткі, якая ўжо загарэлася. Яна ня сьціхала бічкавацца, спадзяючыся вызваліцца; крычала, што застаецца поўнаю сіратою, што лепей ёй памёрці разам з маткаю. Плач і крык раптам быў заглушаны душу разьдзіраўшымі перадсьмяротнымі крыкамі... Кароль глянуў на звар'яцеўшых дзяўчат, пасьля на агні — і адвярнуўся да сьцяны, са зьбялеўшым, як у мраца, тварам; больш ён не глядзеў. „Тое, што я сягоньня бачыў, — сказаў ён сабе, — ніколі ня зьнікне з мае памяці; гэты абразок будзе ў маіх вачох удзень, будзе прасьледаваць мяне ў сьне ўночы, пакуль я жывы. Божачка, лепей мне было-б сьляпым быці, чымся быць сьведкаю гэткага жаху!"

Гэндон увесь час сачыў за каралём. „Яго расстройства, як быццам, праходзіць; ён зьмяніўся, зрабіўся мягчэйшым. Калі-б ён паўтараў свае нядаўныя замашкі, дык раскрычаўся-б проці гэтых зьвяроў, заявіў-бы, што ён кароль, і загадаў-бы пусьціць жанчын цэлымі і непашкоджанымі. Хутка яго штучкі прайдуць, і сьледу не застанецца, і ён будзе здаравюсенькі. Дай-жа Божа, каб якнайхутчэй!"

У той самы дзень у вастрог прывялі на начлег яшчэ некалькі арыштантаў, якія скіроўваліся пад канвоем у розныя месцы каралеўства, дзе павінны былі падпасьці пад кару за зробленыя праступленьні. Кароль завёў з імі гутарку, — наагул, ён з самага пачатку паставіў мэту — распытвацца пры першым лепшым выпадку пра ўсё ў арыштантаў, каб выцягнуць такія-сякія лекцыі дзеля свае будучае высокае місіі, — і расказы аб іхняй пакуце разьдзіралі яму сэрца. Паміж сьвежапрыбыўшымі была бедная поўзвар'яцелая жанчына, украўшая адзін ці два аршыны сукна ў ткача, за гэта ёй пагражала шыбеніца. Быў тут і мужчына, вінавачаны ў канакрадзтве; дзеля таго, што важкіх доказаў проці яго ня было, дык ён ухіліўся-б ад вяроўкі, але хутка яго злавілі на паляваньні ў каралеўскім лесе, і цяпер перад ім быў адзін канец — казьнь. Асабліва знэрвавала яго справа маладога падмайстра; хлапец гэты аднаго разу на вуліцы злавіў увечары сакала, ўцёкшага ад гаспадара, і панёс яго да хаты, нічога не падазраваючы, але суд абвінаваціў яго ў кражы і засудзіў на сьмерць.

Кароль дайшоў да шаленства ад гэтых жорткасьцяў; ён упрашваў Гэндона зламаць кайданы і ўцячы з ім у Вэстмінстэр, каб ён мог заняць пасад і выратаваць жыцьцё няшчасных людзей. „Беднае дзіця, — ўздыхнуў Гэндон, — гэтыя жахлівыя расказы ізноў расстроілі яго. Бяда! каб ня гэты выпадак, дык ён хутчэй паправіўся-б.

У ліку арыштованых быў і стары кухар — чалавек з энэргічнаю фізіяноміяй, з адвагаю ў вачох. Тры гады назад ён напісаў памфлет на лёрда-канцлера, вінавацячы яго ў незаконных дзеяньнях, і за гэта яму публічна адсеклі вушы, выключылі з стану са штрафам у 3000 фунтаў штэрлінгаў, ды ў дадатак быў засуджаны на вечны вастрог. Нядаўна ён ізноў выступіў з артыкулам, за якое праступленьне яму быў вынесены гэткі прыгавар: адсячы „рэшту вушэй", аштрафаваць на 5000 фунт. штэрлінгаў, налажыць кляймо на абедзьве шчакі і пакінуць у вастрозе.

— Гэта ганаровыя шнары! — закончыў старык і, адкінуўшы свае сівыя валасы, паказаў канчар таго, што калісьці было вухам.

Вочы караля загарэліся гневам.

— Ніхто мне ня верыць — і ты не паверыш. Але нічога — не прайдзе й месяца часу, як ты будзеш вольным. Мала таго: законы, якія цябе гэтак абяшчэсьцілі і апаганілі самае імя Англіі, будуць выкрэсьлены з агульнага кодэксу. Сьвет пабудованы навыварат; каралём варта было-б час-ад-часу на сваёй скуры прабаваць законы і гэткім чынам навучыцца літасьці.