I. Нараджэньне прынца й нараджэньне жабрака II. Дзіцячыя гады Тома
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1928 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Макар Краўцоў
III. Спатканьне Тома з прынцам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ II.

Дзіцячыя гады Тома.

Прайшло некалькі гадоў. Лёндан налічваў з лішкаю пятнаццаць сталецьцяў істнаваньня і быў вядомы паводлуг таго часу, як вялікае места; насяленьне яго даходзіла да сту тысячаў чалавек, — а шмат хто прыпушчае, што было ў два разы большым. Вуліцы былі надта-ж вузкія, крывыя і гразкія, асабліва ў той часьці, дзе жыў Том Канці, недалёка ад Лёнданскага мосту. Хаты будаваліся дзеравяныя, другі паверх шырока выперачаўся над першым, а трэці гэтак сама абвісаў над другім, — адным словам, плошча вышэйшых паверхаў усё шырэла. Зрубы з моцных, накрыж зложаных, бярвеньняў выкладваліся моцным матар’ялам, які абтынкоўваўся. Бэлькі фарбаваліся ў чырвоны, сіні, або чорны колер, гледзячы па смаку домаўласьніка, што прыдавала будынкам маляўнічы выгляд. Вокны былі невялікія з масаю шыбак, з рамамі на петлях, і адчыняліся надвор, як і дзьверы.

Дом, у якім жыў Томаў бацька, знаходзіўся ў гразным квартале, насіўшым назоў — Офаль-Корт, за Пудынг-Лэнам. Дом гэты быў невялікі, поўразвалены й расхістаны, поўна набічкованы няшчаснымі галадранцамі. Сям’я Канці займала пакой на трэцім паверсе. У куце стаяла нешта накшталт ложка для бацькі й маці; а Том, бабка й яго дзьве сястры, Бэт і Нан, ня мелі азначанага кута — ў іхнім распараджэньні была ўся падлога, і кожны з іх мог легчы спаць, дзе сабе хацеў. У іх, праўда, была рэшта аднае ці дзьвюх коўдраў ды некалькі бярэмяў старое і гразнае саломы, але-ж нельга было назваць гэтага пасьцельлю, — пасьля раніцаў уся гэтая трасянка зграбалася ў адну гурбу, а ўвечары йзноў разьбіралася, дзеля таго, каб зрабіць ложка.

Бэт і Нан, блізьняткам, ішоў шаснаццаты год. Гэта былі дабрадушныя дзеўчынкі, хоць і вельмі цёмныя, неахайныя, апраненыя ў рызьзё. Маці падобна была да іх. А бацька з бабкаю былі сапраўднымі дзяцьмі пекла. Яны напіваліся п’янымі пры першай магчымасьці, і тады пачыналі біцца паміж сабою, альбо з першым спатканым; п’яныя ці цьвярозыя, яны вечна лаяліся. Джон Канці займаўся зладзействам, а жонка яго жабрацтвам. Дзяцей яны пасьпелі зрабіць жабракамі, але не зладзеямі. Рэч у тым, што сярод жахоўнага насяленьня кварталу жыў добры стары сьвяшчэньнік, звольнены каралём, з пэнсіяю ў некалькі фарсінгаў; ён вось, у баку й тоячыся, настаўляў дзяцей на шлях праўды. Айцец Андр’ю вучыў Тома чытаць і пісаць, а таксама крыху й лаціны, дый дзяўчатак хацеў быў навучыць, але яны пабаяліся насьмяханьняў з боку прыяцеляк, якім не па сэрцы прыйшлася-б гэткая вучонасьць.

Увесь Офаль-Корт быў падобны да дому Канці. П’янства, разгул, шум і гоман былі там у парадку рэчаў кожны дзень і цягнуліся блізу ўсю ноч. Разьбітая галава складала гэткае самае заўсёднае зьявішча, як і галодны жывот. Усё-ж такі маленькі Том ня быў нешчасьлівым. Цяжкі для яго быў часок, але не разумеў ён гэтага. Усім дзецям Офаль-Корту выпадала тая самая доля і дзеля гэтага ён думаў, што так і павінна быць. Калі яму прыходзілася ўвечары вяртацца дамоў з пустымі рукамі, ён наперад ведаў, што бацька злае яго і наб’е, што затым бязьлітасная бабка накладзе яму ў дадатак і што ўночы маці ціхенька падойдзе да яго са скарынкай хлеба, якую ёй, галоднай, удалося схаваць пад страхам быці злоўленаю мужам пры гэтым, у сваім родзе здрадніцкім, паступку і жорстка зьбітаю.

Урэшце, Тому жылося няблага, асабліва ўлетку. Жабруючы ён бывала прасіў усяго гэтулькі, колькі трэ’ было дзеля падтрыманьня жыцьця, — баючыся прасьледаваньня з боку паліцыі, таму што законы таго часу проці жабрацтва былі строгія, а кары цяжкія. У яго, гэткім чынам, заставаўся час пабываць у айца Андр’ю ды паслухаць яго дзіўныя казкі аб волатах і фэях, аб карліках і духах, аб зачарованых замках ды аб вялічавых каралёх і прынцах. Галава яго заўсёды была поўна гэтых дзіўных сюжэтаў, і часта ў цемнаце ночы, лежачы на сваёй цьвёрдай і нявыгоднай пасьцелі, змораны, галодны, з несьцярпімым болем ад клякотак, ён даваў волю свайму ўяўленьво і хутка запамінаў злыбеды, рысуючы сабе радасныя абразы жыцьця якога-нібудзь спанелага прынца ў каралеўскім палацы. Адно жаданьне неадступна прасьледавала яго як дзень так ноч — бачыць уласнымі вачыма сапраўднага прынца. Аднаго разу ён выказаў гэта некаторым сваім таварышом; але-ж яны гэтак бязьлітасна паднялі яго на сьмех, што ён пастанавіў у будучыне нікога ня ўводзіць у свае лятуценьні.

Часта Том чытаў старыя сьвяшчэньнікавы кнігі і пытаўся ў яго тлумачэньняў. Чытаньне й задумлівы настрой паступова выклікала ў ім перамену. Людзі, якія паказваліся яму ўваччу, былі гэткімі прыгожымі, што яшчэ большае гора ахапіла яго пры паглядзе на сваю падраную і гразную вопратку, і яму захацелася быць апраненым лепей і чысьцей. Ён паранейшаму з задаваленьнем гуляў у гразі; але замест таго, каб плюхацца ў Тэмзе дзеля пацехі, ён пачаў цаніць купаньне дзеля чыстаты цела.

Тому заўсёды было на што паглядзець у Мэйполі, ў Чыпзайдзе або на рынках; час ад часу ўвесь Лёндан зьбягаўся паглядзець на ваенную каманду, калі які-нібудзь вядомы небарака адсылаўся, па сухаземі або па вадзе, ў вастрог Тоўэр. У адзін летні дзень ён бачыў, як Ганна Аскью ды яшчэ тры чалавекі спалены былі на агні ў Сьмізсфільдзе, і чуў, як нейкі экс-біскуп чытаў ім адходную, якая ані ня цікавіла яго. Але агулам жыцьцё Тома было даволі рознавобразнае й цікавае.

Пакрысе чытаньне Тома й лятуценькі аб жыцьці прынцаў зрабілі на яго гэткі моцны ўплыў, што ён несьвядома пачаў выказваці з сябе прынца. Яго мова й манеры зрабіліся дзіўна ўрачыстымі і далікатнымі на вялізьнейшае зьдзіўленьне й пацеху равесьнікаў. Аднак-жа ўплыў Тома сярод іх рос кожны дзень; з часам таварышы пачалі глядзець на яго з зьдзіўленьнем, зьмяшаным з жахам, як на вышэйшую істоту. Ім здавалася, што ён гэтак шмат ведае, што можа ня толькі расказваць, але й вычаўпляць выдатныя рэчы, што ён, апрача таго, гэткі здольны й разумны. Увагі Тома, яго паступкі перадаваліся хлопчыкамі старшым і тыя таксама загаварылі аб Томе Канці, як аб надта ўжо здольным, нязвычайным хлопчыку. Дарослыя часта зьвярталіся да яго ў труднаватых акалічнасьцях, і няраз дзівіліся з кемкасьці й мудрасьці яго рашэньняў. Ён, сапраўды, здаваўся выдатнаю асобаю ўваччу ўсіх знаўшых яго, за выняткам уласнае сям’і, якая ня бачыла ў ім нічога добрага.

Праз нейкі час Том тайным чынам устроіў нешта накшталт каралеўскага палацу. Сам ён быў прынцам; яго лепшыя таварышы — целаабаронцамі, камэргэрамі, штальмайстрамі, флігэль-ад’ютантамі, статс-да́мамі і сябрамі каралеўскае сям’і. Кожны дзень маленькага прынца сустрачалі з загадзя выпрацаваным цэрэмоніялам, пазычаным Томам са сваіх романтычных кніжак; кожны дзень у каралеўскай радзе разважаліся важнейшыя справы ўяўленага гаспадарства, і яго думаная вялікасьць меў ласку аддаваць загады арміі, флёту і намесьніцтвам.

Пасьля гэтага, апранены ў лахманы, ён звычайна адходзіў з мэтаю выпрасіць некалькі фарсінгаў, зьядаў убогую скарынку хлеба, даставаў заўсёдныя штурханцы і выслухаў заўсёдную лаянку, пакуль ня выцягваўся на бярэмі паскуднае саломы й не вяртаўся, ў сваіх снох, да неістнаваўшага блеску й велічы.

Аднак-жа яго жаданьне хоць раз убачыць сапраўднага, жывога прынца кожны дзень усё падрастала і, нарэшце, праглынула ўсе іншыя лятуценьні і зрабілася адзінаю прынадаю ў яго жыцьці.

У адзін студнёвы дзень, падчас звычайнае жабраніны ён некалькі гадзін панура хадзіў то ўзад, то ўперад, босы і здубеўшы, па Мінсынг-Лэне і Літль-Іст-Чыпе, заглядаючыся на вокны корчмаў і роячы аб смачных піражкох з сьвінінаю ды іншай спакусьлівай страве, выстаўленай у вітрыне; гэтыя ласункі, здавалася яму, прызначаны былі не для простых грэшнікаў, і ніколі яшчэ яму не выпадала шчасьця мець гэткую роскаш ці хоць-бы пакаштаваць яе. Было холадна, імгліла; дзень выдаўся хмарны, цемнаваты. Том вярнуўся да хаты ўвечары, змокшы, змучаны, галодны, так што навет бацька з бабкаю не маглі не зьвярнуць увагі на яго страшэнны выгляд і ня быць разжаленымі — пасвойму пэўна-ж; дзеля гэтага, даўшы яму пасьпешна па адным толькі штурханцу, яны загадалі легчы спаць. Доўга ня мог ён заснуць з прычыны болю й голаду, а таксама лаянкі і сваркі, што разьлягалася па хаце; нарэшце думкі яго пераляцелі ў далёкія, баечныя краі, і ён заснуў у таварыстве маленькіх прынцаў, апраненых у парчу з дарагімі каменьнямі, жыўшых у вялізных палацах, дзе слугі нізка кланяліся ім і растаропна спаўнялі іхнія загады. І тады, як звычайна, яму сьнілася, што ён сам быў маленькім прынцам.

Цалюткую ноч быў ён абкружаны яснатой і пыхаю каралеўскага палажэньня, прабываючы сярод лёрдаў і лэді, аблітых струёю сьвятла, ўдыхаючы пахі, поячыся цудоўнаю музыкаю й адказваючы на пашанлівыя паклоны натаўпу гасьцей, даваўшых яму дарогу, то усьмешкаю, то царственым рухам галавы.

Калі-ж раніцай ён прачхнуўся і ўбачыў сябе ў жабрацкіх варунках, дык сон зрабіў на яго звычайны ўплыў — яго бядацкае палажэньне здалося яму ў тысячу разоў горшым і выклікала ў ім горкасьць, роспач і сьлёзы.