II. Дзіцячыя гады Тома III. Спатканьне Тома з прынцам
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1928 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Макар Краўцоў
IV. Пачатак прынцавых няшчасьцяў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ ІІІ.

Спатканьне Тома з прынцам.

Том збудзіўся галодны, і галодны пасунуўся з хаты; думкі яго былі заняты чароўнай веліччу таго, што ён сьніў мінулай ночкаю. Ён бадзяўся па месьце, блізу не разумеючы, дзе ён і што робіцца вакол яго. Праходзіўшыя штурхалі яго; хтосьці аблаяў; але ўсё гэта было нівошта патануўшаму ў лятуценьнях хлопчыку. Пакрысе ён як-бы прачхнуўся і ўбачыў, што знаходзіўся ў Тэмпль- Бары; ніколі яшчэ ён не заходзіў гэтак далёка ў гэты бок. На мінюту ён спыніўся, раздумваючы, пасьля йзноў аддаўся сваім лятуценьням і, далей сабе йдучы, апынуўся за гарадзкімі сьценамі Лёндану.

У гэту эпоху Странд ужо не выяўляў сабою праезнае дарогі, а лічыўся, хоць і не без некаторае натугі, вуліцаю, дзякуючы характару будынкаў, — таму што ў той час, як з аднаго боку цягнуўся блізу што шчыльны рад дамоў, з другога — было ўсяго некалькі разрозьненых вялікіх будынкаў, служыўшых палацамі багатым вяльможам, з абшырнымі, прыгожымі паркамі, якія спушчаліся да ракі; цяпер усе гэтыя паркі забудованы цьвёрдымі цаглянымі й каменнымі дамамі.

Том быў цяпер у Чарынг-Вілэджы; тут ён сеў адпачыць пад раскошнай работы крыжам, пастаўленым скінутым калісьці каралём; пасьля пайшоў сабе ўніз роўнаю, маляўнічаю дарогаю, каля шыкоўнага палацу вялікага кардынала ў кірунку да яшчэ лепшага палацу — Вэстмінстэрскага. Хлопчык з уцехаю й зьдзіўленьнем глядзеў на вялізарны будынак, на абшырныя флігэлі, на грозныя бастыёны й вежачкі, на вялікую каменную браму з пазалачанымі кратамі і шыкам вялізарных каменных львоў ды іншымі знакамі й сымболямі каралеўскае дастойнасьці. Няўжо-ж такі суджана, нарэшце, збыцца яго сардэчнаму жаданьню? Перад ім сапраўды быў каралеўскі палац. Хіба-ж ня мог ён цяпер мець надзеі ўбачыць прынца — сапраўднага прынца ў целе й крыві, калі толькі гэта міла небу?

З абодвых бакоў пазалачанае брамы стаялі жывыя постаці — стройныя, здаровыя й нярухомыя вартавыя, з галавы да ног закутыя ў блішчастыя сталёвыя латы. На прыстойным адлозе ад палацу сабраўся натаўп сялян і мяшчан, у надзеі хоць адным вокам убачыць караля. Блішчастыя карэты з бліскуча апраненымі вяльможамі і фарсістымі слугамі на казлох пад’яжджалі да шмат якіх брамаў у агароджы палацу.

Бедны Том, у сваіх лахманох, падыйшоў бліжэй і пачаў паволі й баязьліва хадзіць каля вартаўніка, з калаціўшымся сэрцам і падрастаўшаю надзеяю, як раптам убачыў цераз краты гэткі абраз, што ледзь не закрычаў з радасьці. За кратамі стаяў прыгожы хлопчык, загарэлы ад гульняў і гімнастычных практыкаваньняў на вольным паветры; вопратка на ім была з тонкага шоўку й машасту і блішчэла самаколернымі камушкамі; пры боку вісела маленечкая шпага й кінджал, усыпаны брылянтамі; ногі былі абуты ў далікатныя паўбоцікі, на галаве была харошанькая малінавая шапачка, аблямованая спадаўшым удол пер’ем, прымацованым вялікім, зіхацеўшым дарагім камушком. Каля яго стаяла некалькі важных джэнтльмэнаў — напэўна, яго слугі. О, гэта быў прынц, сапраўдны, жывы прынц; і ценю няпэўнасьці не магло быць у даным выпадку… Гэткім чынам, малітвы хлопчыка-жабрака былі нарэшце пачуты.

Ад неспакойнасьці Тому захапіла дух, і вочы вырачыліся ад зьдзіўленьня і радасьці. У душы яго ўсе жаданьні адразу адступалі месца аднаму — гэта падыйсьці да прынца і накарміць свае вочы аглядам яго. Ня цямячы зусім, ён упёрся тварам у краты. У той-жа самы час адзін з салдатаў груба адпіхнуў хлопчыка, і ён паляцеў кумельганам у натаўп разявякаў — вясковых мужыкоў і лёнданскіх гультаёў.

— Ведай сваю справу! — заўважыў салдат.

У натаўпе разьлёгся рогат; але малады прынц, з раззлаваным тварам і бліскучым паглядам, кінуўся да брамы.

— Як ты сьмееш гэтак абходзіцца з бедным хлопчыкам! — гукнуў ён. — Якое маеш ты права гэтак рабіць хоць-бы з апошнім з падданых майго бацькі! Адчыніць браму і ўпусьціць яго!

Варта было паглядзець, як неспакойны натаўп скінуў шапкі, варта было пачуць радасныя выклікі:

„Няхай жыве прынц Уэльскі!“

Салдаты аддалі чэсьць алебардамі, адчынілі браму, пасьля йзноў узялі на-гонар, калі прынц крайняга жабрацтва падходзіў, у сваім рызьзі, да прынца бязьмежнае сытасьці.

Адварды Цюдор прамовіў:

— Ты глядзіш змучаным і галодным — табе блага жывецца… Хадзі за мною.

Некалькі слугаў кінуліся наперад — мусі дзеля таго, кабы адхіліць прынца ад яго замеру. Але, па адным шчыра каралеўскім руху рукі, яны шарахнуліся назад і спыніліся нярухома, як статуі. Адварды прывёў Тома ў багаты апартамэнт у палацы — у свой кабінэт. Па яго загаду было падана сьнеданьне, гэткае сьнеданьне, якое Тому прыходзілася смакаваць хіба толькі ў кнігах. Прынц, з прыстойным яму добрым выхаваньнем і далікатнасьцю, выдаліў слугаў, каб яны не перашкаджалі яго гасьцю; затым ён сеў бліжэй каля Тома і, ў той самы час, як той еў, пачаў распытвацца ў яго:

— Як завуць цябе, хлопчык?

— Том Канці, сьмею далажыць.

— Дзіўнае імя. А дзе ты жывеш?

— У старой часьці места, сэр, у Офаль-Корце, за Пудынг-Лэнам.

— Офаль-Корт! Вось ізноў дзіўны назоў. Ёсьць у цябе бацькі?

— Бацькі ёсьць у мяне, сэр, ёсьць і бабка, але праўду кажучы, ня вельмі ўжо й люблю я яе — даруй мне, Божа, калі грэх гэтак казаць — ёсьць і сёстры, блізьняткі — Нан і Бэт.

— Значыцца, твая бабка не асабліва добрая да цябе?

— І да нікога наагул, вашая сьветласьць. У яе сэрца ліхое, яна праз усё жыцьцё толькі няпрыемнасьці рабіла ўсім.

— Крыўдзіць яна цябе?

— Толькі калі-не-калі — як яна сьпіць ці зусім п’яная, дык рука яе не паднімаецца на мяне; а як прачыхаецца, дык ізноў пачынаюцца пабоі.

Прынц гнеўна глянуў і сказаў.

— Як! Пабоі?

— Але, сэр!

— Б’юць гэткага маленькага і слабенькага!.. Слухай-жа, пакуль надайдзе вечар яна будзе зачынена ў Тоўэр. Кароль, бацька мой…

— Так, але ты запамінаеш пра яе нізкае званьне. А Тоўэр для знатных.

— Але-ж праўда. Я й не падумаў аб гэтым. Я ўжо прыдумаю ёй кару. Ну, а бацька твой, як абходзіцца з табою?

— Ня лепей, сэр, за бабку.

— Мусі ўжо, ўсе бацькі на адзін лад. Мой тата таксама ня ангел. Рука ў яго цяжкая, але ён мяне шкадуе; затое языком, праўду кажучы, не заўсёды жалее. А маці добрая да цябе?

— Яна добрая, сэр, ніколі някрыўдзіць мяне. І ня б’е. Нан і Бэт гэткія самыя добрыя, як яна.

— Колькі гадоў ім?

— Пятнаццаць, вашая сьветласьць.

— Лэді Ажбеце, сястры маёй, чатырнаццаць гадоў, яна харошанькая й мілая; а мая сястронка Мар’я з сваім панурым выглядам… Слухай, твае сёстры таксама забараняюць слугам усьмяхацца, каб грэх не загубіў іхняе душы?

— Яны… О, няўжо-ж ты думаеш, што ў іх ёсьць слугі?

З мінуту прынц уважліва глядзеў на маленькага жабрака.

— А чаму-ж няма? Хто памагае ім распранацца нанач? Хто апранае іх, калі яны ўстаюць? Ніхто, сэр. Ня скідаць-жа ім з сябе вопраткі ды спаць бяз нічога… як быдлё?

— Хіба-ж у іх толькі па аднэй вопратцы?

— Ах, вашая сьветласьць, што-ж ім рабіць з гурбаю вопратак? То-ж болей, як адну адзежу, не апранеш на чалавека.

— Дзіўная, надта дзіўная думка! Даруй, калі ласка, я й ня думаю сьмяяцца з цябе. Хутка добрыя Нан і Бэт будуць мець даволі вопратак і слугаў; але, вельмі хутка: мой скарбнік паклапаціцца аб гэтым… Не, ня дзякуй мне… гэта драбяза… Ты добра гаворыш, лёгка і плаўна. Адукованы ты?

— Ня ведаю, сэр. Добры сьвяшчэньнік, айцец Андр’ю, з літасьці, вучыў мяне.

— Палаціне ўмееш?

— Крышачку, сэр.

— Вучыся лаціны: толькі спачатку цяжка. Грэцкая мова цяжэйшая; але для лэді Ажбеты й мае кузыны, здаецца, што ні гэтыя мовы, ні іншыя ня цяжкія. Паслухаў-бы ты іх. Аднак-жа, раскажы мне што-нібудзь пра твой Офаль-Корт. Як табе там жывецца?

— Праўду кажучы, няблага, сэр, апрача тых выпадкаў, калі бываеш галодным. Там паказваюцца выпускныя лялькі, малпы… і розныя цацачкі, і ўсе яны гэтак хораша апранены!.. Ладзяцца прадстаўленьні, ў якіх дзейныя марыянэткі з крыкам кідаюцца адна на адну і бьюцца датуль, пакуль адна старана ня будзе пераможана, — гэткая прыгожая сцэна, і каштуе ўсяго толькі фарсінг… Праўда, вашая сьветласьць, вельмі цяжка дастаецца гэты фарсінг.

— Расказвай далей.

— Іншы раз хлопчыкі Офаль-Корту ладзяць палачныя бітвы, падобна да падмайстроў.

— Вось-жа і я не адмовіўся-б. Пасьля?

— Мы бегаем навыперадкі, каб ведаць, хто з нас хіжэйшы.

— І я хацеў-бы. Ну, далей!

— Улетку мы перабрыдаем каналы, плаваем у іх або ў рацэ; кожны стараецца страмянуць у ваду свайго суседа, альбо абпырскаць яго… даем нурца, гамонім, куляемся і…

— Я, дык пэўна ўсё царства аддаў-бы, каб толькі раз гэтак пашурмаваць. Расказвай-жа далей, калі ласка.

— У Мэйполі, ў Чыпзайдзе, мы скачам і пяём, гуляем у пяску, абсыпаючы адзін аднаго; часам робім пірагі з гразі, — о, цудоўная гразь, няма нічога прыямнейшага ў сьвеце! Мы слаўна валяемся ў гразі, — хай даруе мне сэр.

— О, калі ласка, гэта цудоўна! Калі-б я мог апрануць гэткую вопратку, як твая, разуцца ды пагуляць па гразі хоць раз, так, каб не дастаць нагонкі, дык мне здаецца, я гатоў быў-бы адмовіцца ад кароны.

— А калі-б я мог хоць раз апрануцца, як ты, ўсяго толькі раз…

— Ого, ты гэтага хацеў-бы? Хай будзе так. Скідай свае лахманы і апранай гэту адзежу. Шчасьце тваё будзе кароткае; але затое тым мацней ты адчуеш яго. Мы застанёмся нейкі час у новых касьцюмах і пасьля ізноў памяняемся імі, перш чым хто-нібудзь увайдзе да нас.

Праз некалькі мінут прынц Уэльскі быў у рызьзі Тома, а маленькі прынц жабрацтва апрануў пышныя каралеўскія шаты. Абодва падыйшлі да вялікага люстра, сталі ўпоруч — і, ой цуды! Здавалася, што ніякага пераапрананьня й не адбылося. Яны з зацікаўленьнем паглядзелі адзін на аднаго, пасьля на люстра, пасьля йзноў адзін на аднаго. Нарэшце, зьдзіўлены прынц сказаў:

— Што скажаш ты на гэта?

— Ах, вашая сьветласьць, ня сьмею… Нельга, пры маім палажэньні, выказваць падобныя рэчы.

— Тады я скажу. У цябе якраз гэткія самыя валасы, як і ў мяне, гэткія самыя вочы, голас, манеры, фігура, твар, постаць. Калі нас распрануць, дык нікто ня зможа адрозьніць цябе ад прынца Уэльскага. Цяпер-жа, апранены ў тваю адзежу, я, як мне здаецца, магу лепей пачуваць тое, што пачуваў ты, калі грубы салдат… Слухай, ці ня сіняк гэта ў цябе на руцэ?

— Так, але гэта нічога, а вашая сьветласьць ведае, што бедны вартаўнік…

— Маўчы! Гэта быў сорамны й жорсткі паступак, — сказаў маленькі прынц, тупнуўшы босаю нагою. — Калі-б кароль… Ні шагу адсюль, пакуль я не вярнуся… Прыказваю табе!

У мігненьне вока ён схапіў і схаваў нейкую рэч дзяржаўнае важнасьці, ляжаўшую на стале, і, выскачыўшы з дзьвярэй, пусьціўся бегчы цераз парк; яго лахманы лапацелі, твар разгарэўся і вочы блішчалі. Дабегшы да брамы, ён схапіўся за краты і, прабуючы патрасьці іх, закрычаў:

— Адчыняй! Адамкні браму!

Салдат, скрыўдзіўшы Тома, бесьпярэчна слухаў, і калі прынц, заходзячыся ад гневу, ступіў у браму, салдат заляпіў яму па патыліцы, ад чаго ён кумельганам пакаціўся па дарозе.

— Вось табе, жабрацкі зносак, — сказаў ён, — за тое, што мне праз цябе ўляцела ад яго высокасьці!

Натаўп зарагатаў. Прынц падняўся з лужы і злосна крыкнуў на вартаўніка:

— Я прынц Уэльскі, мая асоба сьвятарна; ты будзеш павешаны за тое, што падняў руку на мяне!

Салдат аддаў чэсьць алебардаю і насьмешліва адказаў:

— Добрага здароўя, ваша высокасьць!

Пасьля дадаў злосна:

— Выбірайся, звар’яцелы абарванец!

Тут рагатаўшы натаўп абступіў беднага маленькага прынца і пагнаў яго далёка па дарозе з піскам і крыкам:

— Дарогу яго каралеўскай высокасьці. Ачысьціць дарогу прынцу Уэльскаму!