Раздзел дзевяты. Парад на рацэ Раздзел дзесяты. Ліхія прыгоды прынца
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел адзінаццаты. У ратушы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

ЛІХІЯ ПРЫГОДЫ ПРЫНЦА

Мы пакінулі Джона Кэнці ў тую мінуту, калі ён валачыў сапраўднага прынца ў Двор аб’едкаў, сярод шумнай весялосці натоўпу, праследаваўшага яго па пятах. Знайшоўся толькі адзін чалавек, які асмеліўся заступіцца за палоннага, але гэтага чалавека ніхто не стаў слухаць, ды і наўрад ці хто пачуў яго — такі вялікі быў шум і гам. Прынц не спыняў адбівацца, баронячы сваю свабоду і гневаючыся на такія грубыя і бязлітасныя абыходзіны. Джон Кэнці нарэшце страціў і тую малую долю цярплівасці, якая была адпушчана яму ад прыроды, і люта замахнуўся на прынца дубінай. Адзіны абаронца хлопчыка падбег, каб папярэдзіць збіванне, і ўдар трапіў яму па руцэ.

— Чаго ты лезеш? — зароў Джон Кэнці. — Вось-жа табе, маеш!

— Ты хто такі?

Цяжкая дубіна нанесла абаронцу знішчальны ўдар ла галаве, пачуўся стогн, цела звалілася на зямлю, пад ногі набегшага натоўпу. Праз мінуту натоўп ужо бег далей; гэты выпадак не засмуціў яго весялосці; забіты астаўся ляжаць адзін у цемры.

Тым часам прынц апынуўся ў логаве Джона Кэнці. Уваходныя дзверы былі зачынены ад усіх чужых; пры цьмяным святле сальнай свечкі, устаўленай у бутэльку, прынц ледзь мог разгледзець абрысы бруднай трушчобы і яе жыхароў. У куце, ля сцяны, сядзелі, скурчыўшыся на падлозе, дзве мурзы-дзяўчынкі і жанчына сярэдняга ўзросту, з выглядам жывёлы, прывыклай да біцця; яны і цяпер чакалі пабояў і вельмі баяліся іх. З другога кута выпаўзла скарэжаная старая ведзьма, сівая, лахматая, з бліскаючымі злосцю вачыма.

— Зірні-ка, — звярнуўся да яе Джон Кэнці, — тут у нас ідзе такая камедыя, аж любата. Толькі ты пачакай, не ўмешвайся, пакуль не нацешымся ўсмак, а потым ужо бі яго, колькі хочаш. Ідзі сюды, малы! Ну-ка, паўтары свае дурацкія словы, калі яшчэ не забыў іх! Як цябе завуць? Ты хто такі?

Ад крыўды кроў зноў прыхлынула к шчакам юнага прынца, і ён паглядзеў Джону прама ў твар пільным, гнеўным позіркам.

— Ты грубіян! — сказаў ён. — Ты не смееш загадваць мне. Паўтараю табе тое, што казаў: я Эдуард, прынц Уэльскі.

Старая ведзьма была так ашаломлена гэтым адказам, што ногі яе зусім прыклеіліся да падлогі; у яе нават духі захапіла. З дурным выглядам утаропілася старая на прынца, і гэта здалося яе бяздушнаму сыну такім забаўным, што ён аж зарагатаў.

Але на маці і сясцёр Тома Кэнці словы прынца зрабілі зусім іншае ўражанне: за мінуту перад тым яны баяліся, што бацька паб’е няшчаснага, цяпер-жа гэтая трывога замянілася другою. З горам і жахам яны падбеглі да прынца і загаласілі ўсе разам:

— О, бедны Том! Бедны хлопчык!

Маці ўпала на калені перад прынцам, палажыла рукі яму на плечы і скрозь слёзы з тугою глядзела яму ў вочы, гаворачы:

— Бедны ты мой хлопчык! Твае дурныя кніжкі зрабілі нарэшце сваю нядобрую справу і ўзялі ў цябе твой розум. Ах, навошта ты так зачытваўся імі? Колькі разоў я перасцерагала цябе! Ты разбіў маё матчына сэрца.

Прынц паглядзеў ёй у твар і ласкава сказаў:

— Твой сын здаровы і не траціў розуму, добрая жанчына! Супакойся! Адпусці мяне ў палац, дзе ён знаходзіцца цяпер, і кароль, мой аўгусцейшы бацька, верне табе яго зараз-жа.

— Кароль — твой бацька! О, дзіця маё! Упрашаю цябе, не паўтарай гэтых слоў, якія пагражаюць табе смерцю і ўсім тваім блізкім — пагібеллю. Страсані з сябе гэты пагубны сон! Памяць твая заблыталася, вярні яе на правільны шлях! Паглядзі на мяне! Хіба я не твая маці, якая радзіла цябе і любіць цябе?

Прынц паматаў галавой і неахвотна адказаў:

— Богу вядома, як мне цяжка засмучаць цябе, але-ж, сапраўды, я ніколі не бачыў твайго твара.

Жанчына зноў села на падлогу і загаласіла на ўсю хату.

— Ну, валяйце камедыю далей! — зароў раз’юшаны Кэнці. — Эй, вы, Нэн і Бэт! Што-ж вы стаіце ў прысутнасці прынца? Гэткія грубіяны! На калені, вы, жабрацкія вырадкі, ды кланяйцеся яму нізенька!

І ён зноў затросся ад смеху. Дзяўчаткі баязліва ўступіліся за брата.

— Пашлі яго спаць, айцец! — сказала Нэн. — Адпачынак і сон вернуць яму розум. Скажы яму класціся хутчэй.

— Адпусці яго, айцец! — сказала Бэт. — Ён сёння занадта замарыўся, больш як заўсёды. Заўтра ён вернецца дахаты не з пустымі рукамі.

Гэтыя словы выцверазілі бацьку, і весялосць яго адразу знікла. Мыслі яго накіраваліся на дзелавыя клопаты.

Ён сярдзіта павярнуўся да прынца і сказаў:

— Заўтра нам трэба заплаціць два пенсы гаспадару гэтай нары. Два пенсы за поўгода… кватэрная плата… гэткая плойма грошай! А то нас выганяць вон. Пакажы, што ты сабраў сёння! Табе, лодыру, і прасіць неахвота.

Прынц сказаў:

— Не абражай мяне сваімі бруднымі словамі! Паўтараю табе, я — сын караля.

Раздаўся звонкі ўдар: цяжкая рука Джона Кэнці апусцілася на плячо прынца, і той упаў-бы, каб яго не падхапіла маці Тома; прыціскаючы яго да сваіх грудзей, яна ўласным целам абараніла яго ад кулакоў. Перапуджаныя дзяўчынкі зашыліся ў кут, але на дапамогу сыну паспяшыла палаючая злосцю бабуля. Прынц вырваўся з рук місіс Кэнці і крыкнуў:

— Ты не павінна цярпець праз мяне! Няхай гэтыя свінні пацяшаюцца з мяне аднаго.

Пачуўшы гэта, «свінні» да таго раз’юшыліся, што, не трацячы часу, накінуліся на прынца і люта пабілі яго, а разам і дзяўчынак з маткаю за выказванне спачування да афяры.

— Ну, — скамандаваў Кэнці, — цяпер усе марш спаць! Гэтая камедыя змарыла мяне.

Загасілі агонь, паляглі. Калі Джон і бабуля захраплі, дзяўчынкі прабраліся да таго месца, дзе ляжаў прынц, і рупліва пакрылі яго ад холаду саломай і рыззём. Потым да яго падкралася іх маці і гладзіла яго валасы і плакала над ім, шэпчучы яму на вуха няскладныя словы жалю і ўцехі. Яна зберагла для яго трохі ежы, але ад болю хлопчык страціў апетыт, — прынамсі чорныя нясмачныя скарынкі а ні трохі не прывабілі яго. Прынц быў расчулены яе спачуццём і смелым заступніцтвам і, падзякаваўшы яе тонкімі выразамі, параіў ён пайсці спаць і паспрабаваць забыцца на сваё гора. Ён дадаў, што кароль, яго бацька, не пакіне яе адданасці і дабраты без узнагароды. Гэты зварот да «вар’яцтва» разбіў сэрца беднай маткі; яна зноў і зноў прыціскала яго да грудзей і нарэшце адышла ўся ў слязах на сваю ўбогую пасцель.

І вось у той час, як яна плакала, раздумваючы аб усім, што адбылося, у галаву яе прышла думка, што ў гэтым хлопчыку ёсць нешта такое няўлоўнае, амаль непрыкметнае, чаго не было ў Томе Кэнці, ці быў-бы ён вар’ят ці ў сваім розуме. Яна не ўмела сказаць, што гэта іменна такое, але тонкі матчын інстынкт падказаў ёй, што нечым гэты хлопчык — чужы. Што, калі ён ёй і сапраўды не сын? О, бязглуздзіца! Яна ледзьве не засмяялася пры гэтай думцы, не гледзячы на ўсе свае трывогі і гаротнасці. І аднак неадчэпная думка не пакідала яе, і жанчына аніяк не магла прагнаць гэтую думку. Гэтая думка праследавала яе, бянтэжыла яе, стамляла яе, і ў яе не было ні малейшай магчымасці адкінуць гэтую думку ад сябе. Нарэшце жанчына зразумела, што ёй не будзе спакою, пакуль яна не праверыць хлопчыка і не ўпэўніцца, ці яе ён сын, ці не, іначай ёй не адагнаць дакучлівых і цяжкіх сумненняў. Так, вядома, гэта быў лепшы спосаб скончыць з усімі трывогамі, і яна стала тут-жа прыдумваць, якія ёй зрабіць іспыты, але думаць было лягчэй, як выканаць. Як яна ні ламала галаву, ніводзін з прыдуманых ёю спосабаў праверкі не здаваўся ёй абсалютна верным, абсалютна надзейным, а ненадзейныя былі для яе непрыгодныя. Відаць, яна дарма ламае сабе галаву, трэба адмовіцца ад гэтай выдумкі. Але ў тую мінуту, як яна прышла да такога прыкрага вывада, да вуха яе даляцела роўнае дыханне спячага: хлопчык нарэшце заснуў. Яна пачала прыслухоўвацца да гэтага мернага дыхання; раптам хлопчык ціхенька ўскрыкнуў, як ускрыкваюць у часе трывожнага сну. Гэта выпадковасць у адзін міг падказала ёй план, варты ўсіх іншых. З надзвычайнай паспешнасцю, але бясшумна, пачала яна запальваць свечку і мармытаць сама сабе: «Каб я ўбачыла яго ў тую мінуту, я-б адразу ведала ўсю праўду. З самага маленства, з таго дня, як у яго перад вачыма выбухнуў порах, у яго з’явілася прывычка прыкрываць вочы не далонню ўніз, а далонню ўверх, зусім не так, як прыкрываюць іншыя. Варта спалохаць яго ў часе сну або глыбокай задумлівасці, і ён абавязкова зробіць гэты дзіўны жэст. Я бачыла сотні разоў: ён заўсёды робіць так і заўсёды аднолькава. Цяпер я пазнаю, пазнаю!»

Са свечкаю ў руцэ, засланіўшы полымя, яна нячутна

Яна асцярожна нахілілася над ім…

падкралася к спячаму хлопчыку, асцярожна нахілілася над ім, ледзь дыхаючы ад хвалявання, і раптам прыставіла свечку да самых яго вачэй і адсунула руку, якая засланяла полымя, і ў тую-ж мінуту ля самага яго вуха стукнула пальцамі аб падлогу. Хлопчык шырока расплюшчыў вочы, здзіўлена паглядзеў вакол сябе, але не зрабіў ніякіх асаблівых жэстаў.

Бедная жанчына ледзь не самлела ад здзіўлення і гора, але здолела стаіць сваю трывогу і супакоіла хлопчыка, так што ён зноў заснуў; тады яна адышла ад яго, сумна размышляючы аб плачэўных выніках сваіх іспытаў. Яна хацела ўпэўніць сябе, што Том забыў свае прывычныя жэсты пад уплывам вар’яцтва, але гэта ёй ніяк не ўдалося.

«Не, — казала яна, — рукі-ж яго не звар’яцелыя! Яны-ж не маглі адвыкнуць ад такой старой прывычкі за такі кароткі час. О, які цяжкі для мяне гэты дзень!»

Але цяпер упартыя сумненні замяніліся ў яе сэрцы такой-жа ўпартай надзеяй; яна не магла прымусіць сябе прымірыцца з той ісцінай, аб якой так пэўна даведалася цяпер. «Трэба паспрабаваць спачатку, — гэта няўдача выпадковая». І яна другі і трэці раз раптам будзіла хлопчыка, але, як і ў першы раз, ён спрасонку не зрабіў ніякага руху рукой. Яна ледзь дапаўзла да пасцелі і паглыбілася ў сон зусім разбітая.

«Але-ж я не магу адрачыся ад яго! Не, не магу, не магу! Я не хачу дапусціць, каб гэта быў не мой сын».

Цяпер, калі бедная маці ўжо не трывожыла прынца, яго засмучонасць мала-па-малу страціла ўладу над ім, страшэнная змора ўзяла верх, і павекі яго сплюшчыліся ў глыбокім, спакойным сне. Гадзіны праходзілі, а ён усё спаў, як забіты. Так прайшлі гадзіны чатыры ці пяць. Потым здрантвенне, якое скоўвала яго па руках і нагах, аслабла, ён паварушыўся і, напалову прачнуўшыся, прамармытаў:

— Сэр Вільям!

І праз мінуту зноў:

— Сэр Вільям!

І далей:

— Ідзі-ка сюды, паслухай, які дзіўны сон я бачыў… Сэр Вільям, ты чуеш? Мне саснілася, што мяне падмянілі, што я зрабіўся жабраком і… Эй, сюды! Варта! Сэр Вільям! Што? Тут нават няма дзяжурнага лакея? Ну, пачакайце-ж! Я вам задам!..

— Што з табой? — прашаптаў нечы голас. — Каго ты клічаш?

— Сэра Вільяма Гербарта. А ты хто такая?

— Я? Каму-ж тут яшчэ быць, калі не сястры тваёй Нэн? О, Том, я і забылася! Ты ўсё яшчэ вар’ят! Небарака, ты ўсё яшчэ вар’ят! Лепш-бы мне не прачынацца, чым бачыць цябе вар’ятам. Але прашу цябе — прытрымай свой язык, а то нас усіх паб’юць да смерці!

Здзіўлены прынц прыпадняўся быў з падлогі, але рэзкі боль ад пабояў прымусіў яго апрытомнець, і ён са стогнам паваліўся назад, на брудную салому, усклікнуўшы:

— О! Значыцца, гэта не было сном!

Усе яго трывогі і смутак, на якія ён забыўся ў часе глыбокага сну, зноў вярнуліся да яго; ён успомніў, што ён ужо не любімейшы сын караля, на якога з замілаваннем глядзіць народ, а жабрак, адрынуты, пакрыты лахманамі палоннік у катуху, прыдатным толькі для жывёлы, у кампаніі са злодзеямі і жабракамі.

Сярод гэтых сумных мыслей ён не адразу пачуў вясёлыя крыкі. Яны раздаваліся паблізу — ля аднаго з суседніх дамоў. Праз мінуту ў дзверы моцна пастукалі. Джон Кэнці перастаў храпці і крыкнуў:

— Хто там стукае? Чаго трэба?

Нечы голас адказаў:

— Ці ведаеш ты, каго зваліў ты дубінай?

— Не ведаю. І ведаць не жадаю.

— Скора запяеш другую песню. Калі хочаш выратаваць сваю шыю, уцякай: толькі гэта можа выратаваць цябе. Чалавек гэты ўжо памірае. Гэта наш поп, айцец Эндр’ю.

— Злітуйся, божа! — крыкнуў Кэнці.

Ён разбудзіў усю сям’ю і хрыпла скамандаваў:

— Уставайце хутчэй і ўцякайце! Калі вы астанецеся тут, вы прапалі.

Праз пяць мінут усё сямейства Кэнці ўжо імчалася па вуліцы, ратуючы сваё жыццё. Джон Кэнці трымаў прынца за руку і цягнуў яго за сабою па цёмнаму завулку.

— Глядзі, звар’яцелы дурань, трымай язык за зубамі і не смей вымаўляць наша імя. Я выберу сабе новае імя, каб збіць з панталыку гэтых сабак, паліцэйскіх. Кажу табе, трымай язык за зубамі!

Тое самае ён унушыў і ўсім астатнім членам сям’і.

— Калі нам прыдзецца разлучыцца, няхай кожны ідзе к Лонданскаму мосту і, дайшоўшы да крайняй крамы суконшчыка, няхай там чакае другіх. Потым мы пойдзем усе ў Саутворк.

У тую мінуту сям’я Кэнці нечакана вышла з цемры на яркае святло і апынулася сярод шумнага натоўпу, які сабраўся на беразе ракі. Народ спяваў, скакаў, крычаў; уверх і ўніз па ўсёй Темзе на ўзбярэжнай гарэлі кастры; Лонданскі мост быў увесь ілюмінаваны, і Саутворкскі мост таксама. Уся рака бліскала рознакаляровымі агнямі; раз-по-раз з трэскам лопаліся ракеты, узвіваючыся к небу, і з неба сыпаўся дождж асляпляльна яркіх іскраў, якія нібы ператваралі ноч у дзень. Усюды віднеліся натоўпы піруючых; здавалася, увесь Лондан ахоплены весялосцю.

Джон Кэнці ўсцешыў сваю душу страшэннай лаянкай і скамандаваў сваім спадарожнікам вярнуцца зноў у цемру, але было ўжо позна. І ён і яго сям’я былі праглынуты чалавечым вуллем і безнадзейна разлучаны адзін з адным.

Але Джон Кэнці прадаўжаў моцна трымаць за руку прынца. Сэрца хлопчыка радасна закалацілася ў надзеі на збавенне. Праціскаючыся скрозь натоўп, Кэнці моцна штурхануў нейкага дужага п’янага лодачніка, і той сваёй велізарнай ручышчай схапіў яго за плячо.

А прынц ходу!..

— Куды ты гэтак спяшаешся, прыяцель? Навошта пэцкаеш сваю душу нейкімі нікчэмнымі справамі, калі для ўсіх добрых людзей і вернападданых яго вялікасці — свята?

— Не совайся ў чужыя справы, — груба адказаў Кэнці. — Убяры руку і дай мне прайсці.

— Не, брат, калі так, то мы цябе не прапусцім, пакуль ты не вып’еш за здароўе прынца Уэльскага. Гэта ўжо я табе кажу: не прапусцім, — сказаў лодачнік, рашуча замінаючы яму дарогу.

— Тады давайце чашу, ды хутчэй, хутчэй!

Тым часам гэтай сцэнай зацікавіліся другія гулякі.

— «Чашу дружбы»! «Чашу дружбы»! — закрычаў натоўп. — Прымусьце гэтага грубага плута выпіць «чашу дружбы», а то мы яго кінем на корм рыбам.

Прынеслі вялізную «чацу дружбы»; лодачнік узяў яе за адну ручку і, падымаючы другой рукой канец уяўляемай сурветкі, паднёс яе, як гэта належала па звычаю, Джону Кэнці, які ўзяўся адной рукой за другую ручку, а другой павінен быў зняць пакрыўку, як кажа старадаўні звычай[1]. Такім чынам, яму прышлося на момант выпусціць руку прынца. А той, не трацячы часу, нырнуў у цэлы лес чалавечых ног, што акружалі яго, ды ходу!.. Праз мінуту знайсці яго ў гэтым жывым, усхваляваным моры было-б таксама цяжка, як знайсці манету, кінутую ў Атлантычны акіян. Прынц вельмі хутка сцяміў, што справа стаіць іменна так, і паспяшыў заняцца сваімі ўласнымі справамі, не думаючы больш аб Джоне Кэнці. І другое стала ясна яму. А іменна, што горад ушаноўвае замест яго — самазванага прынца Уэльскага.

З гэтага прынц мог вывесці толькі адно: што маленькі жабрак, Том Кэнці, свядома скарыстаў перавагі свайго незвычайнага становішча і бессаромна захапіў яго ўладу.

Аставаўся апошні сродак: знайсці дарогу ў ратушу, з’явіцца туды і выкрыць самазванца. Прынц тут-жа пастанавіў, што Тома трэба павесіць, утапіць і чацвертаваць па тагачаснаму закону і звычаю, як вінаватага ў дзяржаўнай здрадзе.


  1. Цэрамоніі пры паднашэнні „чашы дружбы“, тлумачацца такім чынам: у даўнейшыя суровыя часы лічылася асцярожнасцю, каб абедзве рукі абодвух п’ючых былі занятыя, а то, пакуль адзін з іх запэўняе другога ў сваёй дружбе і адданасці, другі можа пырнуць яго кінжалам.