Прынц і жабрак (1940)/12
← Раздзел адзінаццаты. У ратушы | Раздзел дванаццаты. Прынц і яго збавіцель Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел трынаццаты. Знікненне прынца → |
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
ПРЫНЦ І ЯГО ЗБАВІЦЕЛЬ
Выбраўшыся з натоўпу, Майлс Гендон і маленькі прынц накіраваліся да ракі, прабіраючыся рознымі задворкамі ды закавулкамі. Яны без перашкоды дайшлі да Лонданскага моста, але тут зноў трапілі ў густы натоўп. Гендон моцна трымаў за руку прынца, або — не — караля. Патрасаючая навіна ўжо разнеслася па ўсім горадзе, і хлопчык чуў, як тысячы галасоў паўтарылі разам, што кароль памёр. Пры гэтай вестцы ледзяны холад пранікнуў у сэрца няшчаснага, беспрытульнага сіраты, і ён уздрыгануўся усім целам. Ён разумеў усю важнасць сваёй страты і быў глыбока засмучаны ёю, бо суровы тыран, які наводзіў жах на ўсіх, з ім быў заўсёды добры і ласкавы. Слёзы засцілі яму вочы, і ўсе навакольныя прадметы здаваліся яму нібы ў тумане. У гэтую мінуту ён адчуваў сябе самым пакінутым, адрынутым, забытым стварэннем ва ўсім свеце. Але раптам іншыя крыкі данесліся да яго, праразаючы начную цемру, нібы раскаты грома:
— Хай жыве кароль Эдуард Шосты!
Пры гэтым крыку вочы прынца заблішчэлі, і ён увесь задрыжаў ад гонару.
«Ах, — думаў ён, — якім гэта здаецца велічавым і дзіўным: я — кароль!»
Нашы сябры павольна пракладвалі сабе дарогу скрозь натоўп на мосце. Гэты мост, які існаваў ужо шэсцьсот гадоў і ўвесь гэты час быў нібы вельмі люднай і шумнай праезнай дарогай, цяпер меў вельмі цікавы выгляд: па абодвух баках, ад аднаго
Нашы сябры павольна пракладвалі сабе дарогу.
берага да другога, цягнуліся рады крам і складаў з жылымі памяшканнямі пад імі. Мост сам па сабе быў нібы асобным горадам. На ім была свая гасцініца, свае піўныя, булачныя, дробязныя крамы, свой харчовы рынак, свая рамесніцкая вытворчасць і нават свая царква. На двух суседзяў, якіх ён звязваў разам, на Лондан і Саутворк, мост глядзеў як на свае прадмесці і не надаваў ім вялікага значэння. Жыхары Лонданскага моста складалі, так сказаць, замкнёную карпарацыю; горад у іх быў вузенькі, усяго ў адну вуліцу, даўжынёю ў адну пятую мілі. Тут, як у вёсцы, кожны ведаў кожнага. Кожны ведаў бацьку свайго суседа, яго маці, усе падрабязнасці яго сямейных спраў. На мосце, вядома, была і свая арыстакратыя — старадаўнія роды мяснікоў і пекараў, па пяцьсот-шэсцьсот год гандляваўшыя ў адных і тых самых крамах, ведаўшыя ад дошкі да дошкі ўсю гісторыю моста з усімі яго дзіўнымі легендамі; яны нават гаварылі асобнай «маставой» мовай і думалі «маставымі» мыслямі, і хлусілі вельмі многа, выразна і грунтоўна, як умелі хлусіць толькі на мосце. Насельніцтва моста было цёмнае, вузкалобае, фанабэрыстае. Іншым яно і быць не магло. Дзеці нараджаліся на мосце, вырасталі на мосце, дажывалі там да старасці і паміралі, ні разу не пабываўшы ў другой частцы свету, апрача Лонданскага моста. Гэтыя людзі, натуральна, думалі, што грандыёзны і бясконцы рух цераз мост удзень і ўноч, мяшаны гул усялякіх крыкаў, іржанне коней, мычанне кароў, бляянне авечак і вечны тупат ног, які нагадваў далёкі грукат грома, — было адзінае, што важна на свеце. Ім нават здавалася, што часткова яны ўласнікі ўсіх гэтых багаццяў. Так яно і было на справе; прынамсі, калі кароль або які-небудзь герой спраўлялі ўрачыстую працэсію ў гонар свайго шчаслівага звароту на радзіму, яны заўсёды маглі з сваіх вокнаў паказаць зявакам гэтае пышнае відовішча, бо ў Лондане не было другога падобнага месца, дзе працэсія магла-б разгарнуцца такой даўгой, прамой, бесперапыннай калонай.
Людзі, якія радзіліся і выраслі на мосце, лічылі жыццё ва ўсіх іншых месцах нясцерпна нудным і прэсным. Расказваюць, быццам нейкі стары сямідзесяці аднаго года пакінуў мост і паехаў дажываць свой век у вёску. Але там ён цэлыя ночы качаўся ў пасцелі і не мог заснуць — так прыгнятала, ціснула і страшыла яго непрыемная і глыбокая цішыня. Змучаўшыся ўшчэнт, ён вярнуўся на сваё ранейшае месца, худы і страшны, як здань, і мірна заснуў і соладка марыў пад песню-калыханку бурлівай ракі, пад тупат, грукат, гром Лонданскага моста. У тыя часы, пра якія мы пішам, мост даваў сваім дзецям прадметны ўрок па гісторыі Англіі: ён паказваў ім свежыя і завялыя галовы славутых людзей, надзетыя на жалезныя палкі, якія тырчалі над варотамі моста. Але мы адхіліліся ад тэмы.
Гендон займаў пакой у невялікай таверне на мосце. Не паспеў ён са сваім маленькім прыяцелем дабрацца да дзвярэй, як нечы грубы голас закрычаў:
— А ты ўсё-такі з’явіўся нарэшце! Ну, цяпер ужо ты не ўцячэш, будзь спакойны! Вось пачакай! Я ператвару твае косці ў пудынг; можа тады ты не будзеш прымушаць нас так доўга цябе чакаць.
І Джон Кэнці ўжо працягнуў руку, каб ухапіць хлопчыка.
Майлс Гендон загарадзіў яму дарогу.
— Не спяшайся, прыяцель! Па-мойму, ты дарма лаешся. Якая табе справа да гэтага хлопчыка?
— Калі ты абавязкова хочаш соваць нос у чужыя справы, то ведай, што ён мой сын.
— Лжэш! — горача ўсклікнуў малалетні кароль.
— Смела сказана, і я табе веру, мой хлопчык, усёроўна, ці твая галава цэлая ці з трэшчынай. Бацька ён табе ці не, я не дам цябе біць і мучыць гэтаму нягоднаму чалавеку, раз ты лічыш за лепшае астацца са мной.
— Але, так! Я не ведаю яго. Я лепш памру, чым пайду з ім.
— Значыцца, скончана, і больш гутарыць няма чаго.
— Ну, гэта мы яшчэ паглядзім! — закрычаў Джон Кэнці, зрабіўшы крок да хлопчыка і адхіляючы Гендона. — Я яго сілай…
— Калі ты толькі дакранешся да яго, гнусная падла, я пракалю цябе, як гуся, наскрозь, — сказаў Гендон, загарадзіўшы яму дарогу і ўхапіўшы шаблю. — Не забывайся, што я ўзяў гэтага хлопчыка пад абарону, калі на яго гатова была напасці цэлая банда падобных на цябе нягоднікаў і ледзь было не забіла яго; дык няўжо-ж ты думаеш, што я кіну яго цяпер, калі яму пагражае яшчэ горшая доля? Бацька ты яму, ці не, — а я ўпэўнены, што ты лжэш, — для такога хлопчыка лепш хуткая смерць, чым жыццё з такім зверам, як ты. Лепш выходзь, ды хутчэй, бо я не ахвотнік да пустых гутарак і па прыродзе сваёй не вельмі цярплівы.
Джон Кэнці падаўся назад, мармочачы пагрозы і праклёны, і хутка знікнуў у натоўпе. А Гендон са сваім
Джон Кэнці працягнуў руку…
гадаванцам падняўся ў свой пакой, на трэці паверх, перад гэтым загадаўшы ўнізе, каб ім прынеслі есці.
Пакой быў бедны, з убогім ложкам, са старой, паламанай і разрозненай мэбляю, цьмяна асветлены параю худых свечак. Маленькі кароль ледзь дабраўся да ложка і паваліўся на яго, зусім знясілены голадам і змораю. Ён цэлы дзень і частку ночы правёў на нагах — цяпер ужо была трэцяя гадзіна — і ўвесь гэты час нічога не еў. Ён прамармытаў сонным голасам:
— Калі ласка, разбудзі мяне, калі накрыюць на стол!
І зараз-жа заснуў глыбокім сном.
Смех заіскрыўся ў вачах Гендона, і ён сказаў сабе:
«Клянуся богам, гэты маленькі жабрак размясціўся ў чужой кватэры і на чужым ложку з такой вольнай элегантнасцю, як быццам у сябе, у сваім доме, — хоць-бы сказаў: «дазвольце мне», або «зрабіце ласку, дазвольце». Па сваёй хворай фантазіі ён называе сябе прынцам Уэльскім і, праўду кажучы, вельмі добра ўвайшоў у сваю ролю. Беднае, адзінокае мышанё! Без сумнення, яго розум папсаваўся з-за таго, што яго сям’я абыходзілася з ім вельмі дрэнна. Але што-ж? Я буду яго другам, — я яго выратаваў, і гэта прывязала мяне да яго. Я ўжо паспеў палюбіць гэтага дзёрзкага на язык прайдзісвета. Як храбра ваяваў ён з гэтым цёмным народам, як задзёрыста глядзеў ім у вочы — нібы храбры салдат. І які ў яго мілавідны, прыемны і ціхамірны твар цяпер, калі ў сне ён забыў свае трывогі і няшчасці! Я буду вучыць яго, я яго вылечу; я буду для яго старэйшым братам, буду клапаціцца аб ім і берагчы яго; і хто ўздумае здзеквацца з яго ці крыўдзіць, няхай лепш загадзя заказвае сабе труну.
Ён схіліўся над хлопчыкам і доўга ласкава, з жалем глядзеў на яго, пяшчотна гладзячы яго юныя шчокі і адкідаючы з ілба сваёй вялікай загарэлай рукой яго зблытаныя кудзёркі.
Па целе хлопчыка прабеглі дрыжыкі.
«Ну, вось, — прамармытаў Гендон, — як гэта благародна з майго боку — пакінуць ляжаць яго тут непакрытым! Чаго добрага, прастудзіцца можа! Як жа-ж мне быць? Калі я вазьму яго на рукі і палажу пад коўдру, ён прачнецца, а яму-ж так патрэбен адпачынак».
Ён пашукаў вачыма што-небудзь, каб пакрыць спячага, але нічога не знайшоў. Тады ён зняў з сябе камзол і захутаў ім прынца:
«Я ўжо прывык і да сцюжы і да беднай адзежы. І холад і вільгаць для мяне нішто».
І ён зашагаў узад і ўперад па пакою, каб хоць як-небудзь сагрэцца, прадаўжаючы гутарыць сам з сабой:
«У яго пашкоджаным мазгу засела мысль, што ён прынц Уэльскі. Дзіўна будзе, калі ў нас астанецца прынц Уэльскі цяпер, калі той, хто быў сапраўды прынцам, цяпер ужо не прынц, а кароль… Але яго бедныя мазгі не могуць справіцца з гэтай фантазіяй і не сцямяць, што цяпер ужо яму трэба забыць прынца і зваць сябе каралём… Я цэлых сем гадоў правёў у зняволенні, на чужыне, і нічога не чуў пра дом; але калі мой бацька яшчэ жывы, ён ахвотна прыме беднага хлопчыка і велікадушна дасць яму прытулак пад сваёй страхой дзеля мяне, таксама і мой добры старэйшы брат Артур. Мой другі брат, Г’ю… Ну, ды я разаб’ю яму галаву, калі ён уздумае ўмяшацца не ў сваю справу, гэта злая жывёла з сэрцам ліса! Так! Мы паедзем туды — і як мага хутчэй».
Увайшоў слуга, несучы гарачае блюда, паставіў яго на маленькі нефарбаваны стол, прыставіў крэслы да стала і вышаў, лічачы, што такія танныя жыхары могуць прыслужваць сабе самі. Стук дзвярэй разбудзіў хлопчыка; ён ускочыў і сеў на ложку, радасна азіраючыся навакол; але зараз-жа на твары яго з’явіўся смутак, і ён ціха прамармытаў:
«На жаль, гэта быў толькі сон! Гора мне, гора!»
Тут ён заўважыў на сябе камзол Майлса Гендона, перавёў вочы на самога Гендона, зразумеў, якую афяру той яму прынёс, і ласкава сказаў:
— Ты добры да мяне! Але, ты вельмі добры да мяне! Вазьмі свой камзол і надзень, — болей ён мне не спатрэбіцца.
Затым ён устаў, падышоў да ўмывальніка, што быў у куту, і спыніўся, чагосьці чакаючы. Гендон весела сказаў:
— Якая ў нас цудоўная вячэра! Мы зараз паядзім, як мае быць, бо ежа гарачая і смачная, і ад яе ідзе пара. Не бойся: сон і ежа хутка зробяць цябе зноў чалавекам.
Хлопчык нічога не адказаў, але паглядзеў на высокага рыцара пільна і сур’ёзна, са здзіўленнем і нават некаторай нецярплівасцю. Гендон здзіўлена спытаў:
— Чаго нехапае табе?
— Добры сэр, я хацеў-бы памыцца…
— Толькі гэта? Ты можаш рабіць тут, што захочаш, не пытаючы дазволу ў Майлса Гендона. Будзь як дома, не саромся, калі ласка.
Але хлопчык усё-такі не рухаўся з месца і нават разы са два тупнуў маленькай нецярплівай нагой. Гендон быў зусім азадачаны.
— Што з табою? Скажы на ласку.
— Калі ласка, — налі мне вады і не гавары столькі лішніх слоў.
Гендон ледзь было не зарагатаў, але стрымаўся і сказаў сабе: «Клянуся ўсімі святымі, гэта надзвычайна цікава!» і спяшыў выканаць просьбу свайго дзёрзкага госця. Пасля таго яго ашаломіў новы загад:
— Ручнік!
Майлс узяў ручнік, які вісеў пад самым носам у хлопчыка, і, не гаворачы ні слова, падаў госцю. Потым ён стаў сам умывацца, а яго прыёмны сын у гэты час ужо ўсеўся за стол і рыхтаваўся прыступіць да яды. Гендон паспяшыў скончыць умыванне, прысунуў да сябе другое крэсла і хацеў быў ужо сесці, як раптам хлопчык з абурэннем усклікнуў:
— Пачакай! Ты хочаш сесці ў прысутнасці караля!
Гэты ўдар паразіў Гендона ў самае сэрца.
«Небарака! — прамармытаў ён. — Яго вар’яцтва з кожнай гадзінай расце; яно змянілася адпаведна той важнай змене, якая адбылася ў дзяржаве, і цяпер ён лічыць сябе каралём! Ну, што-ж? Трэба мірыцца і з гэтым, — іншага спосабу няма, — а то яшчэ ён, чаго добрага, загадае пасадзіць мяне ў Тауэр».
І, задаволены гэтым жартам, ён адсунуў сваё крэсла, стаў за крэслам караля і пачаў прыслугоўваць, як умеў, па-прыдворнаму.
У часе яды суровасць каралеўскага гонару хлопчыка крыху памякчэла, і разам з сытасцю ў яго з’явілася жаданне пагутарыць.
— Ты, здаецца, назваў сябе Майлсам Гендонам, ці так я пачуў?
— Так, гасудар, — адказаў Майлс, а сам падумаў:
«Калі ўжо прыстасоўвацца да вар’яцтва гэтага беднага хлопчыка, то трэба яго велічаць і гасударам і вашай вялікасцю; не трэба нічога рабіць напалову; я павінен увайсці ў сваю ролю да тонкасці, а то я сыграю яе дрэнна і сапсую ўсю справу, а справа задумана добрая».
Пасля другой шклянкі віна кароль зусім сагрэўся і сказаў:
— Я хацеў-бы пазнаёміцца з табой. Раскажы мне сваю гісторыю. Ты храбры, і выгляд у цябе благародны, — ты дваранін?
— Наш род не вельмі знатны, ваша вялікасць. Мой бацька — баранет, які выслужыўся з дробных дваран, сэр Рычард Гендон, з Гендонскага замка ў Кенце.
— Я не прыпомню такога прозвішча. Расказвай далей сваю гісторыю.
— Расказваць прыдзецца нямнога, ваша вялікасць, але можа гэта пацешыць вас на поўгадзіны, калі няма лепшага. Мой бацька, сэр Рычард, — чалавек вельмі багаты і надзвычай велікадушнага характару. Маці мая памерла, калі я быў яшчэ хлопчыкам. У мяне асталося два браты: Артур, старэйшы, душою і характарам у бацьку, і Г’ю, малодшы за мяне, нізкі чалавек, зайздросны, прагны, подлы, вераломны — сапраўдны гад. Такі
Раскажы мне сваю гісторыю.
ён быў з самага дзяцінства, такім быў дзесяць гадоў назад, калі я бачыў яго апошні раз, — у дзевятнаццаць год ён быў ужо зусім закончаным падлюгай; мне было тады дваццаць гадоў, Артуру-ж дваццаць два. У доме, апрача нас, жыла яшчэ лэдзі Юдзіф, мая кузіна, — ёй было тады шаснаццаць год, — прыгожая, добрая, скромная дачка графа, апошняя ў родзе, наследніца велізарнай маёмасці і графскага тытула, які не было каму перадаць. Мой бацька быў яе апекуном. Я любіў яе, і яна любіла мяне; але яна была з дзяцінства заручана з Артурам, і сэр Рычард не дапусціў-бы, каб падобны дагавор быў парушаны. Артур любіў другую дзяўчыну і ўгаварваў нас не журыцца і не траціць надзеі: час і шчаслівы выпадак памогуць кожнаму з нас дайсці свайго. А Г’ю любіў багацце лэдзі Юдзіфі, хоць і запэўняў, што любіць яе самую, — але такая ўжо была ў яго манера: гаварыць адно, а думаць другое. Аднак усе яго хітрыкі не прывялі ні да чаго. Яму не ўдалося зачараваць Юдзіф; ён мог ашукаць майго бацьку, але нікога другога. Бацька-ж любіў яго больш як нас усіх і ва ўсім верыў яму: Г’ю быў малодшы сын, і другія ненавідзелі яго, а гэтага ва ўсе часы было досыць, каб пакарыць бацькаўскае сэрца; да таго-ж у яго быў салодкі, ліслівы язык і здзіўляючая здольнасць хлусіць, а гэтыя дзве якасці надзвычайна памагаюць ашукваць сляпую прыхільнасць. Я быў самадур, па праўдзе — нават вялікі самадур, хаця самадурствы мае былі нявінныя, бо нікому не рабілі шкоды, толькі мне аднаму. Я не наклікаў на свой дом ні сораму, ні страты, не заганіў сябе злачынствам або нізасцю і наогул не зрабіў нічога не належнага майму благароднаму стану.
«Аднак мой брат Г’ю ўмеў скарыстаць мае хібы. Бачачы, што брат мой Артур слабога здароўя, і спадзеючыся, што яго смерць пойдзе яму на карысць, калі толькі адхіліць мяне прэч з дарогі, Г’ю…
«Ну, ды гэта даўгая гісторыя, мой добры гасудар, і не варта яе расказваць. Карацей кажучы, малодшы брат вельмі спрытна пералічыў мае недахопы, выставіў іх як злачынствы і ў дадатак да ўсіх гэтых нізасцей знайшоў у маім пакоі шоўкавую лесніцу, ім-жа самім падкінутую, і пры дапамозе гэтай хітрасці і паказанняў падкупленых ім слуг і іншых нягоднікаў пераканаў майго бацьку, што я думаю звезці Юдзіф і ажаніцца з ёю супроць яго волі.
«Бацька рашыў адправіць мяне на тры гады ў выгнанне, кажучы, што гэтыя тры гады, воддалі ад дома і радзімы, можа зробяць з мяне чалавека і воіна і хоць трошкі навучаць розуму. За гэтыя доўгія гады іспыту я ўдзельнічаў у кантынентальных войнах, перацярпеў многа гора і няшчасцяў, перажыў многа прыгод; але ў апошняй бітве я быў узяты ў палон і цэлых сем гадоў таміўся ў турме, на чужыне. Дзякуючы хітрасці і мужнасці я нарэшце вырваўся на волю і паімчаўся прама сюды. Я толькі што прыехаў. У мяне няма прыстойнага адзення, мала грошай і яшчэ менш звестак аб тым, што адбывалася за гэтыя сем гадоў у Гендонскім замку, што сталася з ім і яго жыхарамі. Цяпер, гасудар, з вашага дазволу, вам вядома ўся мая мізэрная аповесць!»
— Цябе ганебна пакрыўдзілі, — сказаў маленькі кароль, бліскаючы вачыма. — Але я аднаўлю твае правы, клянуся святым крыжам! Не забудзь, што гэта гаворыць кароль.
Пад уплывам расказа аб гаротных прыгодах Майлса ў караля развязаўся язык, і ён вылажыў перад здзіўленым слухачом усе свае нядаўнія нягоды. Майлс слухаў і думаў:
«Якая-ж, аднак, у яго багатая фантазія! Сапраўды, гэта рэдкі розум, іначай ён не здолеў-бы, здаровы ці хворы, сплесці такую яркую і праўдападобную казку, як кажуць, з паветра, з нічога. Гаротнае, страціўшае розум дзіця! Пакуль я жывы, у яго будзе другі прытулак. Я не адпушчу яго ад сябе ніна крок; ён будзе маім пестуном, маім маленькім таварышам. І мы яго вылечым — о, абавязкова! І тады ён праславіцца, а я з гонарам буду гаварыць: так, ён мой, я падабраў яго, калі ён быў бяздомным валацугай, але я тады ўжо бачыў, якія ў ім вялікія здольнасці, і прадракаў, што свет калі-небудзь пачуе аб ім. Глядзіце на яго: хіба я не быў правы?»
А кароль гаварыў удумліва, мерным голасам:
— Ты вызваліў мяне ад сораму і крыўды, можа нават выратаваў маё жыццё і, значыцца, карону. Такая паслуга патрабуе шчодрай узнагароды. Скажы мне, чаго ты жадаеш, і, паколькі гэта ў маёй каралеўскай уладзе, тваё жаданне будзе выканана.
Гэта фантастычная прапанова вывела Гендона з задумення. Ён ужо хацеў быў падзякаваць каралю і перамяніць гутарку, сказаўшы, што ён толькі выканаў свой абавязак і не хоча ўзнагароды; але яму прышла ў галаву мудрая мысль, і ён папрасіў дазволу падумаць некалькі мінут, каб абмеркаваць гэтую міласцівую прапанову. Кароль з важнасцю адобрыў гэтую мысль, заўважыўшы, што ў такіх важных справах лепш не спяшацца.
Майлс падумаў некалькі мінут і сказаў сабе:
«Так, гэта трэба зрабіць. Іншым спосабам гэтага немагчыма было-б дабіцца, а між тым вопыт толькі што мінуўшай гадзіны паказаў, што прадаўжаць такім чынам было-б і нязручна і цяжка. Так, я прапаную яму гэта. Вельмі добра, што я не адмовіўся ад такога зручнага выпадку».
Ён апусціўся на калена і сказаў:
— Мая скромная паслуга не выходзіць за межы простага абавязку падданага, і таму я не магу лічыць яе сваёй заслугай; але-ж калі ваша вялікасць лічыць яе вартай узнагароды, я бяру на сябе смеласць прасіць наступнае. Каля чатырохсот гадоў назад, як вядома вашай вялікасці, у часе нязгоды паміж Джонам, каралём Англіі, і французскім каралём было дагаворана выпусціць з кожнага боку па байцу і вырашыць спрэчкі паядынкам, або так званым судом божым. Абодва каралі ды яшчэ кароль
Ён апусціўся на калена.
іспанскі прыбылі на месца паядынку, каб судзіць аб выніках бою; але, калі вышаў французскі баец, ён аказаўся да таго страшным, што ніхто з англійскіх рыцараў не адважыўся памерацца з ім зброяй. Такім чынам спрэчка, — і відаць, важная, — павінна была вырашыцца не на карысць англійскага караля за адсутнасцю байца. Між тым у Тауэры быў зняволены лорд Дэ-Курсі, самы магутны баец Англіі, які быў пазбаўлены ўсіх сваіх уладанняў і годнасці і даўно ўжо таміўся ў турме. Звярнуліся да яго; ён згадзіўся і прыбыў на паядынак у поўным узбраенні; але як толькі француз убачыў яго вялізную фігуру і ўзнаў яго слаўнае імя, ён пусціўся на ўцёкі, і справа французскага караля была прайграна. Кароль Джон вярнуў Дэ-Курсі ўсе яго тытулы і маёнткі, дадаўшы: «Прасі ў мяне, чаго хочаш; тваё жаданне будзе выканана, хаця-б яно каштавала мне паловы майго каралеўства». Дэ-Курсі схіліў калені, як я цяпер, і адказаў: «У такім разе, гасудар, дай мне і маім патомкам прывілею аставацца з пакрытай галавой у прысутнасці караля Англіі, пакуль у ёй будзе існаваць каралеўскі прастол». Просьба яго была задаволена, як вядома вашай вялікасці, і за гэтыя чатырыста гадоў род Дэ-Курсі не звёўся, так што і да сёнешняга дня галава гэтага даўняга рода заўсёды астаецца ў прысутнасці караля ў капелюшы ці шлеме, не просячы на гэта ніякага асобага дазволу, — чаго не мае права зрабіць ніхто іншы[1]. І вось, спыняючыся на гэтым прыкладзе, я прашу ў караля адной толькі ласкі і прывілеі, якая будзе для мяне больш як дастатковай узнагародай, а іменна: каб мне і ўсяму майму роду раз назаўсёды дазволена было сядзець у прысутнасці англійскага манарха!
— Устань, сэр Майлс Гендон! Я пасвяшчаю цябе ў рыцары, — з важнасцю прамовіў кароль, удараючы яго па плячы ягонай-жа шпагай, — устань і сядай! Твая просьба выканана. Пакуль існуе Англія, гэта ганаровае права астанецца за табой.
Яго вялікасць адышоў, задумаўшыся, а Гендон так і паваліўся на крэсла ля стала, разважаючы:
«Гэта была вельмі ўдалая выдумка. Яна выручыла мяне з бяды, бо ногі мае надта змарыліся. Каб не прышло мне гэта ў галаву, я быў-бы вымушаны стаяць яшчэ многа тыдняў, пакуль мой бедны хлопчык не вылечыўся-б ад свайго вар’яцтва. Затое цяпер я зрабіўся рыцарам Мараў і Ценяў! Вельмі дзіўнае званне для такога сур’ёзнага чалавека, як я. Я не смяюся, — барані, божа, не! — бо тое, што не існуе для мяне, для яго з’яўляецца сапраўднасцю. Ды і для мяне гэта ў адным сэнсе важна: гэта сведчыць, якая ў яго добрая і благародная душа… Але што, калі яму прыдзе ў галаву і на людзях велічаць мяне гэтым гучным тытулам? Вось забаўны кантраст паміж маім рыцарскім званнем і маім нікчэмным убраннем! Ну, ды ўсёроўна! Няхай заве мяне, як хоча, як яму падабаецца. Я буду задаволены!»
- ↑ Лорды Кінгсэл, патомкі Дэ-Курсі, да гэтага часу карыстаюцца гэтай прывілеяй.