Раздзел першы. Нараджэнне прынца і нараджэнне жабрака Раздзел другі. Дзяцінства Тома
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел трэці. Сустрэча Тома з прынцам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

ДЗЯЦІНСТВА ТОМА

Пераступім праз некалькі год.

Лондан існаваў ужо пятнаццаць вякоў і быў вялікім горадам — для тых часоў. У ім налічвалася сто тысяч жыхароў, —

Развяваліся яркія флагі і палалі кастры…

некаторыя думаюць — у два разы больш. Вуліцы былі вузкія, крывыя і брудныя, асабліва ў той частцы горада, дзе жыў Том Кэнці, недалёка ад Лонданскага маста. Дамы былі драўляныя; другі паверх высоўваўся над першым, трэці выстаўляў свае локці далёка над другім. Чым вышэй раслі дамы, тым шырэйшымі яны рабіліся. Шкілеты ў іх былі з моцных, складзеных крыжам бэлек. Прамежкі між бэлек запаўняліся трывалым матэрыялам і зверху пакрываліся тынкоўкай. Бэлькі былі афарбованы ў чырвоны, сіні або чорны колер, у залежнасці ад густу гаспадара, і гэта надавала дамам вельмі жывапісны выгляд. Вокны былі маленькія, з дробнымі многаграннымі шыбамі і адчыняліся на двор на петлях, як дзверы.

Двор аб’едкаў.


Двор аб’едкаў.

Дом, дзе жыў бацька Тома, стаяў у смярдзючым тупіку за Абжорным радам. Тупік называўся Дваром аб’едкаў. Дом быў маленькі, трухлявы, хісткі, даверху напханы галотаю. Сямейства Кэнці займала пакой на трэцім паверсе. У бацькі з маткай было нешта накшталт ложка ў куту, але Том, яго бабуля і абедзве яго сястры, Бэт і Нэн, не былі прымацованы да якога-небудзь аднаго месца; ім належала ўся падлога, і яны маглі спаць дзе захочуць. У іх былі абрыўкі адной ці двух коўдраў ды некалькі бярэмяў бруднай, спарахнелай саломы, але гэта наўрад ці можна было назваць пасцеллю, бо раніцою ўсё гэта звальвалася ў кучу, з якой увечары кожны выбіраў, што хацеў.

Бэт і Нэн былі пятнаццацігадовыя дзяўчынкі-блізняты, дабрадушныя, мурзатыя, адзетыя ў рыззё і зусім цёмныя. І маці мала чым адрознівалася ад іх. Але бацька з бабулькай былі як чэрці. Яны напіваліся, дзе толькі маглі, і тады біліся паміж сабой альбо з кім трапіцца, лаяліся і бажыліся на кожным кроку ў п’яным і ў цвярозым выглядзе Джон Кэнці быў злодзей, а яго маці — жабрачка. Яны навучылі дзяцей жабраваць, але зрабіць іх злодзеямі не маглі.

Сярод гэтых няшчасных людзей жыў добры стары поп, звольнены каралём з царквы з нікчэмнай пенсіяй у некалькі медных манет. Ён часта прыводзіў дзяцей да сябе і ўпотайку ад бацькоў навучаў іх усяму добраму. Ён вывучыў Тома чытаць і пісаць. Ад яго Том набыў некаторыя веды ў лацінскай мове. Стары навучыў-бы таксама і дзяўчынак, але дзяўчынкі баяліся сваіх таварышак, якія паднялі-б іх на смех за гэтую незвычайную вучонасць.

Увесь Двор аб’едкаў быў такім-жа асіным гняздом, як і той дом, дзе жыў Кэнці. П’янкі, сваркі і бойкі былі тут самай звычайнай рэччу. Яны адбываліся кожную ноч і працягваліся бадай што да раніцы. Праламаныя галовы былі тут такой-жа звычайнай з’явай, як голад. Аднак маленькі Том не адчуваў сябе няшчасным. Часам яму бывала надта цяжка, але гэта ніколькі не засмучала яго: гэтак-жа сама жылося і ўсім хлопчыкам у Дварэ аб’едкаў; таму ён лічыў, што яно так і быць павінна. Прыходзячы ўвечары дахаты з пустымі рукамі, ён ведаў, што бацька будзе лаяць і біць яго, ды і бабулька не даруе яму, а сярод ночы да яго падкрадзецца вечна галодная маці і ціхенька суне яму чорствую скарынку ці якія-небудзь аб’едкі, якія яна магла-б і сама з’есці, але зберагла для яго, хаця ўжо не раз пападалася ў часе гэтых каварных учынкаў і атрымоўвала цяжкія пабоі ад мужа.

Не, Тому жылося не так ужо дрэнна, асабліва ўлетку. Ён прасіў міласціну не надта старанна, абы толькі выратаваць сябе ад хатніх пабояў, бо законы супроць жабрацтва былі суровыя і жабракоў каралі бязлітасна.

Нямала часу праводзіў ён з папом Эндр’ю, слухаючы старыя казкі пра волатаў і карлікаў, пра чараўнікоў і феяў, пра зачараваныя замкі ды важных каралёў і прынцаў. Яго галава была запоўнена гэтымі дзівоснымі казкамі, і не раз уначы, лежачы ў цёмры на жорсткай саломе, змораны, галодны, пабіты, ён даваў волю сваёй фантазіі і хутка забываўся на крыўды і боль, уяўляючы сабе прывабныя карціны чароўнага жыцця якога-небудзь прынца ў каралеўскім палацы. Дзень і ноч яго праследавала адно жаданне: убачыць сваімі вачыма сапраўднага прынца. Аднаго разу ён выказаў гэтае жаданне таварышам у Дварэ аб’едкаў, але тыя паднялі яго на смех і так бязлітасна здзекваліся з яго, што ён пачаў хаваць сваю мару ад другіх.

…Суне яму чорствую скарынку.

Нярэдка ён чытаў старадаўнія кнігі папа і прасіў, каб той растлумачыў яму незразумелыя радкі і дапоўніў-бы іх сваімі расказамі. Мала-па-малу гэтыя кнігі і мары зрабілі вялікія змены ў яго жыцці. Героі яго мараў былі такія элегантныя, што ён пачаў брыдзіцца сваіх лахманоў, сваёй неахайнасці, і яму захацелася быць чыстым і лепш убраным. Праўда, ён і цяпер часта капашыўся ў балоце і знаходзіў у гэтым вялікую прыемнасць, але ў Темзе пачаў ён плюхацца не толькі для забавы; цяпер яму было важна і тое, што вада змывае з яго бруд.

У Тома заўсёды знаходзілася на што падзівіцца каля майскага слупа ў Чыпсайдзе[1] або на кірмашах. Апрача таго, час ад часу, яму, як і ўсім лонданцам, удавалася пацешыцца вайсковым парадам, калі якога-небудзь знатнага чалавека везлі ў турму Тауэра[2] сухім шляхам або ў лодцы. У адзін летні дзень ён бачыў, як спалілі на кастры ў Смітфілдзе няшчасную Анну Эск’ю[3], а з ёю яшчэ трох чалавек; ён чуў, як нейкі былы епіскап сказаў ім даўгую пропаведзь, якая, аднак, вельмі мала цікавіла яго. Такім чынам, жыццё Тома было досыць рознастайнае і прыемнае. Патрохі чытанне кніг і мары пра жыццё ў палацах так моцна ўздзейнічалі на Тома, што ён сам мімаволі пачаў граць ролю прынца. Яго вулічныя прыяцелі вельмі здзівіліся і ўзрадаваліся, калі заўважылі, што ён пачаў гаварыць смешнай, выкручастай, цэрамонлівай мовай і пераймаць манеры прыдворных вяльмож. Уплыў Тома на яго равеснікаў з кожным днём павялічваўся, і паступова яны прывыклі ставіцца да яго з вялікай пашанай, як да вышэйшай істоты. Ён жа-ж так многа ведаў! Ён умеў рабіць і гаварыць такія дзіўныя рэчы! І сам ён быў такі разумны, вучоны! Пра кожную заўвагу і пра кожны ўчынак Тома дзеці перадавалі старэйшым, так што нарэшце і старэйшыя загаварылі пра Тома Кэнці, як пра надта здольнае і незвычайнае дзіця. Дарослыя людзі ў некаторых выпадках пачалі звяртацца да яго за парадай і часта дзівіліся з яго розуму і мудрасці яго прыгавораў. Ён стаў героем для ўсіх, хто толькі ведаў яго, — толькі радня не бачыла ў ім нічога выдатнага.

Прайшло нямнога часу, і Том арганізаваў для сябе каралеўскі двор! Ён быў прынцам; яго бліжэйшыя таварышы былі яго аховай, камергерамі, загадчыкамі стайні, прыдворнымі лордамі, статс-дамамі і членамі каралеўскай фаміліі. Кожны дзень самазваннага прынца сустракалі па цэраманіялу, які Том вычытаў з кніг; кожны дзень вялікія справы яго неіснуючага царства абмяркоўваліся на каралеўскай нарадзе; кожны дзень яго высокасць самазванны прынц выдаваў загады неіснуючым арміям, флотам і віцэкаралям.

А затым ён у тых-жа лахманах ішоў жабраваць, выпрошваў некалькі фартынгаў[4], грыз сухую скарынку, атрымоўваў звычайную порцыю пабояў і, разлёгшыся на смярдзючай саломе, вяртаўся ў марах да сваёй выдуманай велічы.

А жаданне ўбачыць хоць адзін раз у жыцці сапраўднага прынца, жывога, расло ў ім з кожным днём, з кожным тыднем і нарэшце засланіла ўсе іншыя жаданні і зрабілася адзінай марай яго жыцця.

Дарослыя людзі пачалі звяртацца да яго за парадай.


Дарослыя людзі пачалі звяртацца да яго за парадай.

Аднаго разу, у студзені, ён, як заўсёды, вышаў у паход за міласцінай. Некалькі гадзін падрад, босы, здубянелы, сумна бадзяўся ён вакол Мінсінг Лэйна і Літл Іст Чыпа, зазіраючы ў вокны харчэўняў і глытаючы сліну пры выглядзе страшэнных пірагоў са свінінай і іншых жудасных страў, выстаўленых у акне; для яго гэта былі райскія ласункі, годныя ангелаў, прынамсі так можна было меркаваць па іхняму паху, бо каштаваць іх яму ніколі не даводзілася. Сыпаў дробны, халодны дождж, дзень быў смутны, пахмуры. Пад вечар Том прышоў дадому такі прамоклы, стомлены, галодны, што нават бацька з бабуляй як быццам пашкадавалі яго, — вядома, пасвойму: наспех пачаставалі яго кухталямі ды адправілі спаць. Боль ва ўсім целе і голад, а таксама сваркі і калатня суседзяў доўга не давалі яму заснуць, але нарэшце думкі яго паімчаліся ў далёкія, цудоўныя краіны, і ён заснуў сярод прынцаў, ад ног да галавы залітых золатам і засыпаных каштоўнымі камнямі. Прынцы жылі ў дасканалых палацах, дзе натоўпы слуг схіляліся перад імі да самай зямлі, вітаючы іх, або па першаму знаку ляцелі выконваць іхнія загады. А затым, як водзіцца, ён сасніў, нібы ён і сам — прынц.

Усю ноч ён цешыўся з свайго каралеўскага бляску; усю ноч ён быў абкружаны знатнымі лэдзі і лордамі; у патоках яркага святла ён важна ішоў сярод іх, удыхаючы цудоўныя араматы, слухаючы чароўную музыку і адказваючы на пачцівыя паклоны натоўпу то ўсмешкай, то прыхільным кіўком.

А раніцою, калі ён прачнуўся і ўбачыў навакольнае ўбоства, усё здалося яму ў тысячу разоў горшым. Сэрца яго горка заныла, і ён заліўся слязмі.


  1. Майскім слупом называецца ў Англіі высокая мачта, упрыгожаная кветкамі і флагамі. Мачту гэтую ставяць звычайна на вялікім лузе, і вакол яе адбываюцца майскія гульні.
  2. Тауэр — лонданская крэпасць, якая служыла турмой для лордаў, герцагаў і нават каралёў. Там адбываліся катаванні і пакаранні смерцю.
  3. Анна Эск’ю (1521 — 1546) была засаджана, як пратэстантка, у турму за „ўпартасць і незгаворлівасць у розных пытаннях“ і пасля катавання спалена ў Смітфілдзе.
  4. Фартынг — медная манета, менш за капейку.