Раздзел дваццаць трэці. Прынц арыштаваны Раздзел дваццаць чацверты. Уцёкі
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць пяты. Замак Гендона

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЕРТЫ

УЦЁКІ

Кароткі зімовы дзень канчаўся. Вуліцы былі пустыя, толькі зрэдку трапляліся прахожыя, ды і тыя шагалі спехам, з выглядам заклапочаных людзей, якія жадаюць хутчэй скончыць справы і схавацца ў прытульных дамах ад надышоўшага ветру і блізкага змроку. Яны не глядзелі ні направа, ні налева; яны пе звярталі ніякае ўвагі на нашых падарожных, нават як быццам не бачылі іх. Эдуард Шосты пытаў сябе, ці здаралася калі-небудзь, каб народ глядзеў на караля, які ідзе ў турму з такой незвычайнай абыякавасцю. Нарэшце паліцэйскі дайшоў да зусім пустой рыначнай плошчы і павёў іх праз яе. Дайшоўшы да сярэдзіны, Гендон палажыў руку на плячо паліцэйскага і шапнуў яму:

— Пачакай хвілінку, добры сэр! Нас ніхто не чуе. Мне трэба сказаць табе два словы.

— Мой абавязак забараняе мне размаўляць, сэр. Калі ласка, не затрымлівай мяне, хутка ноч.

— А ўсё-такі пачакай, бо справа блізка цябе тычыцца. Адвярніся на хвіліну і зрабі выгляд, нібы нічога не бачыш: дай беднаму хлопчыку ўцячы.

— Як ты смееш прапанаваць мне гэта, сэр? Арыштую цябе імем…

— Пачакай, не спяшайся! Паспешнасць ніколі да дабра не даводзіць.

Гендон знізіў голас і шапнуў на вуха паліцэйскаму:

— Парася, купленае табою за восем пенсаў, можа каштаваць табе галавы!

Небарака паліцэйскі, захоплены знянацку, спачатку знямеў, а потым пачаў пагражаць і лаяцца; але Гендон спакойна і цярпліва чакаў, пакуль ён уціхамірыцца; затым сказаў:

— Ты мне спадабаўся, прыяцель, мне не хацелася-б, каб ты трапіў у бяду. Памятай, што я ўсё чуў, ад слова да слова. Я зараз дакажу табе гэта.

І ён паўтарыў слова ў слова ўсю размову паліцэйскага з жанчынай у сенях і дадаў:

— Ну, што, хіба не так было? Хіба я не магу, калі трэба будзе, даць паказанні перад суддзёй?

У першую мінуту паліцэйскі знямеў ад страху і прыкрасці; потым узяў сябе ў рукі і з ненатуральнай развязнасцю адказаў:

— Парася можа каштаваць табе галавы.

— Ты робіш з мухі слана; мне проста прышло ў галаву пажартаваць з гэтай жанчыны дзеля забавы.

— І парася ты пакінуў сабе дзеля забавы?

Паліцэйскі адказаў паспешна:

— Вядома, добры пан. Кажу табе, што гэта быў жарт.

— Я пачынаю табе верыць, — сказаў Гендон ні то сур’ёзна, ні то з насмешкай. — Тады пачакай ты крыху тут, а я збегаю папытаюся яго міласць суддзю — ён-жа чалавек спрактыкаваны, разбіраецца і ў законах, і ў жартах, і ў…

Ён завярнуўся і пайшоў; канчаючы апошнія словы нахаду. Паліцэйскі пачакаў крыху, патупаў на адным месцы, вылаяўся разы са два, потым крыкнуў яму ўслед:

— Стой, добры сэр, пачакай мінутку! Ты гаворыш, суддзю запытаеш? Ды ён на жарты дурны, як бервяно! Хадзі лепш сюды, давай пагаворым. Дзіўная рэч! Я, здаецца, трапіў у гісторыю і ўсё праз гэты нявінны, неабдуманы жарт. Я чалавек сямейны, у мяне жонка, дзеці… Падумай-жа, твая міласць, чаго ты хочаш ад мяне?

— Толькі таго, каб ты быў сляпы, нямы і не рухаўся з месца, пакуль не палічыш да сотні, — сказаў Гендон з такім выглядам, нібы прасіў самай дробнай паслугі.

— Ды я-ж тады прапашчы чалавек! — з роспаччу ускрыкнуў паліцэйскі. — Будзь-жа разважлівы, мой добры сэр; ты-ж сам разумееш, што там быў жарт і больш нічога. А, калі нават прымаць гэта усур’ёз, дык і тады за такую дробязь самае большае, чым я рызыкую, гэта атрымаць наганяй ад суддзі; ён зробіць мне вымову і параіць ніколі не паўтараць падобных спраў.

— Гэта жарт? — з ледзянай урачыстасцю адказаў Гендон. — Гэты твой жарт носіць у законе назву, — ты ведаеш якую?

— Я гэтага не ведаў! Можа таму я быў неасцярожны. Мне і ў галаву не прыходзіла, што гэта ўжо носіць назву… Я думаў, што я першы выдумаў такі жарт.

— Так, ён мае назву. У законах ён называецца non compos mentis lex talionis sic transit gloria mundi[1].

— Ах, божа мой!

— І кара — смерць.

— Божа, злітуйся нада мной, грэшным!

— Скарыстаўшы перавагі свайго становішча, ты захапіў за бясцэнак чужую ўласнасць, коштам больш за трынаццаць з паловай пенсаў; а гэта паводле закона ёсць наўмысная нядобрасумленнасць, вераломства, перавышэнне ўлады, ad hominem expugatis in statu quo — i кара за гэта — смерць на шыбеніцы, без выкупу, без літасці, пакаяння і ўцехі рэлігіі.

— Падтрымай мяне, зрабі ласку, мой добры сэр, ногі не трымаюць мяне! Злітуйся, выратуй мяне ад пагібелі, і я стану да вас спіной і нічога не буду бачыць і чуць. — Добра! Нарэшце ты паразумнеў. А парася ты аддасі гэтай жанчыне?

— Аддам, абавязкова аддам! І ніколі больш не дакрануся да парасяці, хаця-б сам архангел прынёс мне яго з неба! Ідзі, я дзеля цябе аслеп на абодва вокі, я нічога не бачу. Я скажу, што ты сілай вырваў у мяне з рук асуджанага. Дзверы ў турме старыя, слабыя, я сам выламаю іх пасля поўначы.

— Выламай, добрая душа, дрэнна ад гэтага нікому не будзе. Суддзя сам шкадуе гэтага беднага хлопчыка, — ён не будзе праліваць слёзы і ламаць турэмшчыку косці за тое, што хлопчык уцячэ.


  1. Тут Гендон, каб застрашыць паліцэйскага, нагаварыў па-лацінску бязглуздзіцы.