Прынц і жабрак (1940)/29
← Раздзел дваццаць восьмы. Афяра | Раздзел дваццаць дзевяты. У Лондан! Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел трыццаты. Поспехі Тома → |
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
У ЛОНДАН!
Адседзеўшы вызначаны час ля ганебнага слупа, Гендон быў вызвалены і атрымаў загад выехаць з гэтай акругі і ніколі больш не вяртацца ў яе. Яму вярнулі яго шпагу, а таксама мула і осліка. Ён сеў і паехаў у суправаджэнні караля; народ са спакойнай пачцівасцю расступіўся перад імі і, як толькі яны ад’ехалі, разышоўся па хатах.
Гендон хутка паглыбіўся ў свае думкі. Яму трэба было многа чаго абдумаць. Што яму рабіць? Куды накіравацца? Трэба абавязкова знайсці знатнага заступніка, іначай прыдзецца адмовіцца ад спадчыны і ганебна прызнаць сябе самазванцам. Але дзе можна спадзявацца знайсці такую абарону і заступніцтва? Дзе? Вось пытанне! У яго мільганула ў галаве думка, якая мала-па-малу вырасла ў маленькую надзею, вельмі слабую і цяжкую для выканання, але ўсё-ж такую, аб якой варта падумаць, калі няма другой. Рыцар успомніў, што яму казаў стары Эндрус пра дабрату юнага караля і яго велікадушнае заступніцтва за пакрыўджаных і няшчасных. Ці не паспрабаваць дабрацца да яго і прасіць у яго справядлівасці? Так, але ці дапусцяць такога бедняка да аўгусцейшай асобы манарха? Ну, ды ўсёроўна, пакуль няма чаго тужыць: яшчэ будзе час аб гэтым падумаць. Гендон быў стары салдат, удзельнічаўшы ў некалькіх войнах, кемлівы і вынаходлівы; бясспрэчна, калі дойдзе да справы, ён прыдумае спосаб. А цяпер трэба ехаць у сталіцу. Можа за яго заступіцца стары друг яго бацькі, сэр Гэмфры Марло, добры стары сэр Гэмфры — галоўны загадчык кухні нябожчыка караля, ці стайняў, або нечым у гэтым родзе, — Майлс не мог дакладна прыпомніць, чаго іменна. Цяпер, калі трэба сканцэнтраваць усе свае сілы, калі з’явілася пэўная мэта, туга, прыгнятаўшая яго, рассеялася; ён падняў галаву і паглядзеў навакол. Ён нават здзівіўся, як многа яны праехалі; вёска асталася далёка ззаду.
Кароль, трасучыся ззаду на асле, павесіў галаву; ён таксама быў заняты сваімі мыслямі і планамі. Гендон адчуў некаторую трывогу: ці захоча хлопчык вярнуцца ў горад, дзе ўсё сваё нядоўгае жыццё ён не ведаў нічога, апрача голаду, крыўд і пабояў? Трэба спытаць яго, — усёроўна гэтага не ўнікнуць. Гендон прытрымаў мула і крыкнуў:
— Я забыўся спытацца цябе, куды ехаць. Загадвай, гасудар!
— У Лондан!
Гендон рушыў далей, вельмі задаволены адказам, але здзіўлены.
Усю дарогу яны ехалі без ніякіх прыгод. Але пад канец без прыгоды ўсё-такі не абышлося. Каля дзесяці гадзін вечара дзевятнаццатага лютага яны ўз’ехалі на Лонданскі мост і апынуліся сярод густога, шумнага натоўпу. Людзі вылі, гагаталі, гарланілі; чырвоныя ад піва, потныя твары блішчэлі пры святле мноства факелаў. Акурат у тую мінуту, калі падарожнікі пад’ехалі да варот, зверху сарвалася згніўшая галава нейкага былога герцага ці якога іншага вяльможы і, стукнуўшыся аб локаць Гендона, адскочыла ў натоўп. Вось якія нядоўгавечныя ў гэтым свеце справы рук чалавечых! Мінула ўсяго тры тыдні са дня смерці добрага караля Генрыха, не прайшло і трох сутак ад дня яго пахавання, а благародныя ўпрыгожанні[1], якія ён так старанна выбіраў для свайго дасканалага моста сярод першых асоб у дзяржаве, ужо сталі падаць… Нейкі гаражанін спатыкнуўся аб упаўшую галаву, ударыў сваёй галавой у спіну пярэдняга. Той абярнуўся, зваліў кулаком з ног абы якога суседа, што трапіўся яму пад руку, і сам паляцеў, звалены з ног таварышам упаўшага.
Час для бойкі быў самы зручны. Заўтра пачыналася каранацыя, і ўсе ўжо загадзя былі поўны гарэлкай і патрыятызмам. Гендона адціснулі ад караля, і абодва яны згубіліся ў шуме і мітусні равучага чалавечага зборышча.
Тут мы пакінем іх.
- ↑ Пры Генрыху VIII на Лонданскім мосце выстаўляліся галовы пакараных смерцю.