Раздзел трыццаты. Поспехі Тома Раздзел трыццаць першы. Каранацыйная працэсія
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел трыццаць другі. Дзень каранацыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

КАРАНАЦЫЙНАЯ ПРАЦЭСІЯ

На другую раніцу, калі Том Кэнсі прачнуўся, паветра было поўнае грамовым гулам. Усё навакол грымела. Для Тома гэты гул быў музыкай: ён азначаў, што ўся Англія дружна напружвае лёгкія, вітаючы вялікі дзень.

Том зноў заняў першае месца ў дзіўнай плывучай працэсіі на Темзе. Па даўняму звычаю, каралеўская працэсія павінна была прайсці праз увесь Лондан, пачынаючы ад Тауэра. І перш за ўсё Том адправіўся к Тауэру. Як толькі ён прыбыў у Тауэр, сцены старой крэпасці нібы раптам трэснулі ў тысячы месц разам, і з кожнай шчыліны выскачыў чырвоны вогненны язык і белы клуб дыму. Раздаўся аглушальны выбух, у якім на міг патанулі радасныя крыкі народа; ад гулу трэслася зямля; агонь, дым, трэск стрэлаў паўтараліся зноў і зноў з незвычайнай хуткасцю, так што праз мінуту стары Тауэр знік у густым воблаку дыму; толькі так званы Белы Тауэр — высокі шпіль, абвешаны флагамі, высіўся над гэтым морам дыму, як горная вяршыня над градой воблакаў.

Разадзеты Том Кэнці на статным баявым кані ў багатай папоне, якая апускалася бадай да зямлі, ехаў на чале працэсіі; зараз-жа за ім следаваў яго «дзядзя», лорд-пратэктар Самерсет, на такім-жа дзіўным кані; каралеўская гвардыя ў бліскучых латах суправаджала яго з абодвух бакоў; за пратэктарам следаваў бясконцы рад пышна ўбраных вяльмож у суправаджэнні сваіх васалаў; за імі лорд-мэр і ўсе олдэрманы[1] ў пунсовых аксамітных тогах, з залатымі ланцугамі на грудзях; за імі — дэпутацыі ўсіх лонданскіх гільдый, багата ўпрыгожаныя, са стракатымі сцягамі карпарацый. Працэсію заканчвала даўняя славутая артылерыйская брыгада, якая ў той час існавала ўжо каля трохсот год, адзіная вайсковая часць, меўшая прывілею (захаваную і да нашых дзён) не падпарадкавацца распараджэнням парламента. Гэта было выдатнае відовішча — брыгада велічна выступала сярод шматлікага народа, вітаючага яе на кожным кроку аглушальнымі крыкамі. Вось як расказвае аб гэтым летапісец:

«Калі кароль пад’ехаў да горада, народ сустрэў яго прывітальнымі крыкамі, малітвамі, добрымі пажаданнямі і іншымі выказваннямі шчырай любові вернападданых да свайго гасудара; і кароль, павярнуўшыся да народа светлым, радасным тварам і ласкава гутарачы з тымі, хто быў бліжэй да яго аўгусцейшай асобы, з лішкам узнагародзіў свой народ за яго пачуцці адданасці. У адказ на крыкі: «Хай жыве кароль Англіі!» — «Хай беражэ бог яго вялікасць Эдуарда Шостага!» — ён казаў прыхільна: «Хай беражэ бог вас усіх! Ад усяго сэрца дзякую майму добраму народу!» Ласкавыя словы расчулілі народ.

«У Фенчэрч-стрыце нейкае цудоўнае дзіця ў раскошным убранні ўзышло на падмосткі і віўала яго вялікасць вершамі:

Хай жыве кароль! — пяюць табе сэрцы.
Хай жыве кароль! — мы ўсе табе пяем.
Хай жыве кароль! Хай кіруе бясконца.
Беражы цябе, божа, ў велічы тваёй.

«Натоўп у адзін голас паўтараў словы дзіцяці».

Том Кэнці глядзеў на гэта ўсхваляванае мора радасных твараў, і сэрца яго весялілася; ён адчуваў, што калі варта жыць, дык толькі для таго, каб быць каралём і любімцам народа. Раптам ён убачыў воддалі двух маленькіх абадранцаў, яго былых таварышоў па Двару аб’едкаў (адзін з іх займаў пасаду лорда-адмірала пры яго пацешным двары, а другі — першага лорда адпачывальні), і яшчэ больш заганарыўся. О, каб яны маглі пазнаць яго цяпер! Якое невыказнае шчасце было-б, каб яны яго пазналі, каб убачылі, што пацешны кароль трушчоб і задворкаў зрабіўся сапраўдным каралём, што яму прыслужваюць герцагі і прынцы і ля ног яго ўвесь англійскі народ. Але ён павінен быў адрачыся ад сябе самога, ён павінен быў заглушыць сваё жаданне, бо такая радасць абышлася-б яму надта дорага. І Том адвярнуўся, а хлопчыкі прадаўжалі скакаць і крычаць, не падазраючы каму яны пасылаюць свае прывітанні.

— Слава! слава! — крычаў народ, і Том замест адказу кідаў у натоўп жмені новенькіх бліскучых манет. Летапісец расказвае: «На верхнім канцы Грэсчэрч-стрыта горад пабудаваў багатую арку, пад якой былі падмосткі, якія цягнуліся з аднаго боку вуліцы да другога. На гэтых падмостках былі выстаўлены статуі бліжэйшых продкаў караля. Там сядзела Елізавета Іоркская — пасярэдзіне вялікай белай ружы, пялёсткі якой звіваліся вакол яе вычварнымі фестонамі; побач з ёй, у чырвонай ружы, сядзеў Генрых VIII; рукі царскай пары былі злучаны, — на іх красаваліся выстаўленыя напаказ заручальныя пярсцёнкі. Ад белай і чырвонай ружы цягнулася сцябло да другіх падмосткаў, дзе Генрых VIII выходзіў з чырвона-белай ружы разам з Джэн Сеймур, маткаю новага караля. Ад гэтай пары зноў-жа цягнулася сцябло да трэціх падмосткаў, дзе стаяла статуя самога Эдуарда VI на троне, ва ўсёй яго царскай велічы. Усе падмосткі былі апавітыя гірляндамі руж, чырвоных і белых».

Гэта дзіўнае і прыгожае відовішча прывяло ў такое захапленне радасны народ, што яго крыкі зусім заглушылі слабы голас дзіцяці, якому даручана было растлумачыць значэнне гэтай карціны ў хвалебных вершах. Але Том Кэнці не шкадаваў аб гэтым: вернападданы рэў народа быў для яго саладзей за ўсякія вершы, нават самыя лепшыя. Калі Том павярнуў да народа свой шчаслівы юны твар, народ заўважыў падабенства яго са статуяй, і зноў загрымела бура воплескаў.

Працэсія ўсё пасоўвалася наперад, праходзячы пад трыўмфальнымі аркамі міма эфектных кампазіцый, выяўляючых розныя добрыя якасці, таланты і заслугі новага караля. «Па ўсім Чыпсайдзе з кожнага акна, з кожнага карніза звешваліся сцягі і флагі, а таксама багацейшыя каўры, дарагая тканіна і залатая парча — багацці, якія хаваліся ў куфрах; таксама былі ўпрытожаны і іншыя вуліцы».

— І ўсе гэтыя дзівоты, усе гэтыя цудоўнасці выстаўлены дзеля мяне, дзеля мяне! — мармытаў Том Кэнці.

Шчокі мнімага караля гарэлі ад узбуджэння, вочы блішчэлі, ён адчуваў шчасце, асалоду. Раптам, акурат у той момант, калі ён падняў руку, каб кінуць народу жменю манет, ён убачыў у натоўпе бледны, здзіўлены твар, які не адводзіў ад яго пільнага позірка. У яго пацямнела ў вачах: ён пазнаў сваю маці! Ён хутка засланіў вочы рукой, павярнуўшы яе далонню ад сябе — стары мімавольны жэст, узнікшы ад даўно забытых прычын і ўвайшоўшы ў прывычку. Праз міг жанчына прабілася наперад, скрозь натоўп, скрозь варту і апынулася каля яго. Яна абхапіла яго нагу, пачала цалаваць яе; зарыдала.

— Дзіця маё, любае дзіця! — і падняла да яго твар, асветлены радасцю і любоўю.

Адзін з ахоўнікаў з лаянкай павалок яе прэч і дужай рукой адштурхнуў назад. Словы: «Жанчына, я не ведаю цябе!» ужо гатовы былі сарвацца з вуснаў Тома; але крыўда, нанесеная яго матцы, укалола яго ў самае сэрца. І калі яна абярнулася, каб апошні раз зірнуць на яго, перш чым натоўп зусім засланіў яго ад яе вачэй, у яе быў такі смутны твар, што Тому зрабілася сорамна. І гэты сорам знішчыў яго гордасць і атруціў усю радасць крадзенай велічы. Уся пашана раптам здалася яму не маючай вартасці. Яна звалілася з яго, як сатлелае рыззё.

А працэсія ўсё ішла ды ішла; ўпрыгожанне вуліц рабілася ўсё раскошней; прывітальныя крыкі гучэлі ўсё мацней; але для Тома Кэнці ўсяго гэтага нібы і не было. Ён нічога не бачыў і не чуў. Каралеўская ўлада страціла для яго прывабнасць; у акружаючай пышнасці яму здаваўся папрок. Згрызота мучыла яго сэрца. Ён казаў сабе: «Хоць-бы бог вызваліў з гэтага палону!» Ён мімаволі паўтарыў тыя самыя словы, якія так часта паўтараў у першыя дні сваёй прымусовай велічы.

Пышная працэсія ўсё выгіналася па крывых вуліцах старога горада, як бясконцая змяя ў бліскучай скуры. Народ вітаў яе крыкамі; але кароль ехаў, звесіўшы галаву і нічога не бачачы

— Гасудар, цяпер не час марыць.

перад сабой, апрача абражанага твара сваёй маткі. І ў выстаўленыя рукі падданых ужо не сыпаліся бліскучыя манеты.

— Слава! слава! — але ён не слухаў гэтых крыкаў.

— Хай жыве Эдуард, кароль Англіі!

Здавалася, уся зямля ўздрыганулася ў адказ на гул; не адказаў толькі кароль. Да яго гэтыя крыкі даляталі, як далёкія раскаты грома, заглушаемыя іншымі гукамі, якія чуліся бліжэй, у яго ўласных грудзях, у яго ўласным сумленні, — голасам, паўтараўшым ганебныя словы: «Жанчына, я не ведаю цябе!»

Гэтыя словы гучэлі ў душы караля, як гучыць пахавальны звон у душы чалавека на пахаванні блізкага друга, якому ён пры жыцці вераломна здрадзіў.

На кожным завароце яго чакалі новыя знакі пашаны, новая пышнасць, новыя цуды, грукат прывітальных стрэлаў, радасныя крыкі народа; але кароль ні словам, ні жэстам не адгукаўся на іх, бо нічога не чуў у сваёй гаротнай душы, апрача дакорлівага голасу.

Мала-па-малу і ў гледачоў змяніліся твары і замест радасных зрабіліся заклапочанымі, і прывітальныя крыкі раздаваліся ўжо не так гучна. Лорд-пратэктар хутка заўважыў гэта і адразу зразумеў прычыну. Ён пад’ехаў да караля, зняў шапку, нізка пакланіўся і шапнуў:

— Гэта была мая маці.

— Гасудар, цяпер не час марыць! Народ бачыць тваю панікнуўшую галаву, твой спахмурнелы твар і прымае гэта за дрэнны знак. Паслухайся маёй рады! Хай зноў заззяе тваё каралеўскае сонца і асвеціць праменнямі свой народ. Падымі галаву і ўсміхніся народу!

З гэтымі словамі герцаг кінуў направа і налева па прыгаршчы манет і вярнуўся на сваё месца. Мнімы кароль машынальна выканаў тое, аб чым яго прасілі. У яго ўсмешцы не было душы, але толькі нямногія стаялі да яго настолькі блізка, толькі нямногія мелі настолькі востры зрок, каб заўважыць гэта. Ён так міла і зграбна нахіляў сваю аздобленую пер’ямі галаву, з такой царскай шчодрасцю сыпаў навакол новенькія бліскучыя манеты, што трывога народа рассеялася, і прывітальныя крыкі загрымелі таксама гучна, як і раней.

А ўсё-ж, незадоўга да прыбыцця, герцагу прышлося яшчэ раз пад’ехаць да караля і зрабіць яму заўвагу. Ён прашаптаў:

— Вялікі гасудар, страсані з сябе гэты пагібельны сум; вочы ўсяго свету накіраваны на цябе! — і з прыкрасцю дадаў. — Каб яна прапала, гэта няшчасная жабрачка! Гэта яна так расстроіла вашу вялікасць!

Расфранчоны кароль накіраваў на герцага патухшы позірк і сказаў бязгучным голасам:

— Гэта была мая маці!

— Божа мой… — прастагнаў пратэктар, ад’язджаючы назад. — Дрэнны знак не прайшоў дарма: ён зноў страціў розум!


  1. Олдэрман — член гарадской управы ў Англіі.