Пясьняр сноў і чараў (М. Багдановіч)

Пясьняр сноў і чараў (М. Багдановіч)
Артыкул
Аўтар: Міхайла Грамыка
1923
Крыніца: Полымя, 1923, №3-4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пясьняр сноў і чараў (М. Багдановіч).

Надзвычайна радуе вока від дагледжанага саду, поўнага яблык, ігруш і чырвона-крывавага вішаньня. Нас супакойваюць гэтыя салодка-карысныя вынікі чалавечай пільнай працы-культуры. Але, ці ня болей узрадуедца вока, убачыўшы сярод такога саду гавоны ружовых пялёсткаў, сінькаляровых віолаў і вострых пахам гваздочкаў... Як цягнемся мы да гэтых кветак усёй сваёй істотай і адпачываем адразу... Так, тут добра, тут ужо заможнасьць тых, хто гаспадарыць - бо тут ужо зарадзілася пекната!...

Такой поўнай клюмбай квяцістага згуртаваньня азначаецца поэзія М. Багдановіча сарод працавітага саду нашае літаратуры.

Ён прайшоў свае кароткае жыцьцё ў «зачараваным царстве» ідэалізаванай ім бацькаўшчыны, з нізкай жамчужын-вершаў, якія, нібы пацеркі, перабіраў, зьвяртаючыся ў песьнях-модлах да бога хараства.

Ён мала ведаў рэальную бацькаўшчыну працы й змаганьняў. Замест галасоў стогну і барацьбы, яму чуўся сумны, маркотны лясун - гэты праабраз вечнай прыроды,-які йграў на нацягнутых струнах тонкаствольных хвоек...

Калі йграе лясун - прырода, тады ўсё засыпае: і рака, і каласы ў палёх, і няведама, што дрыжыць на лісьцях лазьняку -

«Кроплі сьлёз, ці халоднай расы»...

Гарачыя сьлёзы чалавечых вачэй і халодныя росы прыроды аднолькава блізкі гэтаму чуламу ўспрыяльніку.

Природа жыла перад ім не болей, як перад іншым песьняром, бо ён насяляў яе ня толькі сваім перажытым, але і ўсім глыбока мінулым народнае творчае фантазыі.

Вось чаму возера сярод бору - гэта люстра, пакінутае лясуном - прыродай, каб поэта мог агледзіць у ім увесь сьвет, усю тую дрыжачую, прамяністую матэрыю, якая, як русалка, блутае свае косы у сеці-думкі... А белы месяц-фантазія ловіць у гэтыя сеці русалку.. І ноч шапоча ім: «засьнеце!»

І сьпіць усё ў яго зачараваным царстве: і асока, і лаза зялёная, і хваля, што ціха кодіцца... усё навакол.

Толькі сам пясьняр, «заварожаны вячэрняй цішынёй», зьліўшыся пачуцьцём з прыродай, чуе, як «дрыжаць ад ветра зоркі»... Крыштальна-дзяцінная душа! Каб чуць гэта, траба ня мець гневу ні проці каго. Ды на каго здаваць грамадзяніну «зачараванага царства?» Хто захоча пакрыўдзіць яго? Хіба «сінявокая» ноч, што ціха, па няккай траве праходзіць... а за ёю туман «быццам дым сіняваты з кадзіла.» Ніхто яго ня скрыўдзіць, бо ён усім скажа: «добрай ночы!» І сумна паплыве маладзік у небе вячэрнім, зялёным, як лёд. Бледа-сіні месяц сярод зялёнага, як лёд, неба! Хто бачыць такія колеры, колеры мудрасьці й спакою, той мае права

«Кінуць думкі аб долі гаротнай,
Хоць-бы на момант спачыці душой».

О, як любілі хворыя грудзі жыцьцё! Вядома, сваё жыцьцё, - пекнаты і хараства! Жыцьцё на волі, дзе над галавой -

Дубоў павець.
Віднеюць неба, горы, поле
Праз лісьцяў сець.

Тут, у яго жыцьці, усё добра:

«І блеск і цень,
«Той дзень, што мае нарадзіцца
І зьнікшы дзень».

М. Багдановіч - зачараваны месяцам «сомнамбул».

Выплыў месяц над змрочнай, заснуўшай зямлёй
І павёў яго ў цемную даль за сабой
І прывабіў да мглістай, халоднай вады.
Сэрца білася рыбкай у сеці тады.
Але месяц правёў праз ракі сьветлы шлях.
І разьвеяўся з сэрца дрыжачага жах.
Зіхацела яна, серабра пуціна,
Увадзіла ў той край, дзе пануе вясна.
Доўга, доўга цябе ён чакаў і шукаў,
Але вось час жаданы нарэшце настаў...
І пайшоў ён па шляху, пайшоў аж да дна:
Агарнула яго цішына, глыбіна!..

Уся поэзія поэты-«сомнамбула» у гэтым вершы. Месяц-гэта яго поэтычнае натхненьне. Яно вывела яго да мглістай вады жыцьця. І забілася рыбкай сэрца песьняра перад гэтым бягучым жыцьцём-рэчкай, дзе столькі віроў барацьбы и няпраўды. Ён знайшоў дно, але ня звычайнае тваністае дно абыватальства... яго дно-цішыня пазнаваньня, у якім зараджаюцца зерні нямінучай будучыны.

Поэта не дажыў да пары рэальна далучыцца да закладаньня цаглін будучыны-вось чаму з такой парыўнасьцю ён зацікавіўся «Старой Беларусьсю». У цішы гэтай мінуўшчыны, ён хацеў знайсьці той плястычны матар'ял, з якога іншыя маглі-б ляпіць сучасныя соцыяльныя формы. Гісторыя паглыбляе сучаснае. Яна дае пэрспэктыву ціхіх, як прысады, вякоў. Ён любіў уяднацца ў гэтыя прысады, каб разабрацца ў гаманлівым, але яшчэ ня выразным у яго часы, жыцьці. Зацікавіўшыся каранямі, ён тым самым як бы прапанаваў зірнуць і ў другі бок народнае культуры, у ствол і галіны, дзе пачынаюць покацца адросткі маладых пролетарскага характару патрэб.

Мінулае ў Багдановіча ня толькі апісваецца: яно жыве, праўда, без спарахнелых ужо костак... яно жыве, бо пясьняр аджывіў у ім пекнату.

«Так, рупная пчала ўмее мёд сабраць і з горніх кветак».

Праз вякі прайшлі запісы й творы... І чаму-ж ня можа паўстаць з глыбокага гістарычнага сну і дзейнік усяго гэтага-чалавек!

«Парой ён спыніцца, каб лецей завастрыць пяро гусінае і гляне... Сьветла сонца стаўпамі падае праз вузкае ваконца, і круціцца ў іх прыгожы, лёгкі пыл; рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі ў небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі. А тут, каля вакна, малінаўка пяе і стукае жаўна»...

Калі так моцна жыве мінулае, то і тое, чым мы напаўняемся сёньня, таксама пранясецца праз вякі - вось думка, выплываючая з вершаў Багдановіча.

Правадыр «зачараванага царства» быў надзвычайна вострым эстэтам. Усё пекнае, выразнае і плястычнае вабіла яго: глыбокая думка, музычны твор, волак майскай раніцы, яскрыстае віно!

«Мудрай прамовы мёд залацісты поўныя соты» - яму былі «да спадобы»-«але ня меней сэрцу панадны мёд сваім хмелем, сьветлым і тонкім».

Гэта старажытны грэк у беларускай вопратцы... Толькі грэкі ўмелі так разумець і любіць жыцьцё. Недарма наш беларусін-грэк любіў песьняра Анакрэона:

«Бледны, хілы ўсё-ж люблю я
Твой і мудрш, і кіпучы верш, Анакрэон -
Верш такі, як дар прыроды -
Вінаграднае, густое, цёмнае віно:
Дні ідуць, праходзяць годы
Але ўсё крапчэй, хмяльнее робіцца яно!»

Сам пясьняр, як ні жадаў, - ня мог сьпіць поўную чару жыцьцёвага хмелю... Апрача хваробы, пяшчотнасьць, нейкая дзявочая саромлівасьць і глыбокі сум, што агартаў яго, калі ён выходзіў з свайго зачараванага краю ў край праўдзівы, - зрабілі тое, што й самае жывучае з пачуцьцёў - каханьне - ператварылася ў вобразы глыбока драматычныя. «Дзьве хмары - грымотная і празрыстая - жадалі зьліцца... ужо чырванелі ад жару... Але далёка іх вецер разьнёс, наляцеўшы нячутна. Дробным дажджом пад зямлёй, як сьлязамі, адна пралілася... Гулкім раскатам грымотаў другая ў адказ адзвалася... І паасобку загінулі хмары бяздольныя тыя, чуючы ў небе, як вецер над сьмерцю іх радасна вые»...

* * *

Што мы, рэальныя працаўнікі, штодзённыя цагляры зможам знайсьці ў поэзіі «сноў і чараў?»

Мы знойдзем багата чаго карыснага. Надзвычайна выяўлены індывідуалісты і эстэт, Багдановіч не замкнуўся ў сваей асобе. Творачы хараство, ён добра ведаў, што гэтым хараством ня кожны можа і мае права карыстацца. Што трэба яшчэ шмат зрабіць... Каб толькі хапіла сілы змагацца з «грамадзкім горам».

Але ён ужо й тагды ведаў, што пад шэрым попелам няяснасьці тагачасных палітычных адносін, чырвоны жар гарыць».

Мы, пролетарыі, якія щжо навучыліся любіць і разумець хараство, павінны берагчы і пільнаваць зярняткі яго, каб перадаць іх тым, што яшчэ толькі праціраюць вочы свае запатнелай далоньню.

Міхайла Грамыка.

17-IV 23 г. Менск

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.