Радасны будзень (1935)/I/Прышла і загадала сесці

Я праменным дажджом, залатым вадаспадам Прышла і загадала сесці
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Зіма заплакала ў тумане

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прышла і загадала сесці.
Слухмяна выканаў загад.
Я ёй, з далёкага прадмесця,
Як родны чалавек і брат.

Было падкрэсленне гаворкі
І залацела галава.
Цвілі не яблыні — падпоркі,
Гулі не пчолы, а трава.

Найлепшай зграбнасцю у словах
Мне празвінела ў гэты час:
Лірычных вершаў аб каровах
Яшчэ не вычытаў калгас.

Хоць звонкіх аб самой брыгадзе
Не лішне выпала радкоў…
Сачыла хмарка ў даляглядзе
За лётам вёрстаў і падкоў.

І што іскрой з вачэй ляцела,
Было адказам блізкім, ім:
— Калі адна душа і цела, —
Жыве і дбанне аб адным.

1934 г.