Радасны будзень (1935)/I/Я праменным дажджом, залатым вадаспадам

Завінуўся на выгодзе Я праменным дажджом, залатым вадаспадам
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Прышла і загадала сесці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я праменным дажджом, залатым вадаспадам
Скарб назбіраных думак табе аддаю.
Выйдзі ў вецер вясенні наструненым ладам,
Усміхніся на шчырую песню маю.

Стань на ўзгорку зялёным з сузор‘ямі побач, —
З іх не ткаць нам, як ткалі, пародый вянка…
Ў нашай яснасці зараз і наша спадоба,
Без вычудаў сяброўская наша рука.

Гэтай праўды сустрэчнай ніхто не адрыне
Ў свеце мудрасці ўладнай і ўладных дарог.
Ты прагнала з двара, дзён сваіх гаспадыня,
Беспрытульную песню тугі і знямог.

З песень смутку па долі да жніўнага стогну,
З песень слёзаў вясельных да песень хаўтур —
Абівалі парог твой абломкі прыгону,
Поўз вужакаю поля агораны шнур.

Іх прагналі з двара, каб ніколі не бачыць,
Сцежку гора і подласці сцерлі на век.
Ў даль суладжанай рані, ўвесь свет перайначыць
Вышаў крокам жалезным змагар-чалавек.

Грымне неба не раз ашалелым прыпаркам,
Дождж свінцовы абсвішча, закруціць, як вір…
Пролетарскай айчыны дачка і ўладарка,
Боль народны патоне ў варожай крыві!

Ў гэты судны патоп нават мёртвы пачуе
Нашых постацей гордых працоўную знаць…
Хто любіць можа болей краіну такую,
Дзе сцяною выростае простая раць!?

Маладзее зямля, дню наступнаму рада.
Ловіць вецер вясенні усмешку тваю…
Я праменным дажджом, залатым вадаспадам
Скарб назбіраных думак табе аддаю.