Радасны будзень (1935)/II/Нямашака ў свеце нічога

Я пакінуў у дарозе многа Нямашака ў свеце нічога
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Суседка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нямашака ў свеце нічога
Ад песні лірычнай праўдзівей.
Барозны ў адмернасці строгай
Кладуцца на ўчорашнім дзіве.

Разносіць базырлівы вецер
Разбітыя хмары ў бяздноўе…
Дарога пастаўленай мэце
Акроплена потам і кроўю.

Ўдратован за провадам провад —
За жылай напружанай — жыла.
Звініць нечуванае слова,
Расце нечуваная сіла.

Мінае за ўзгоркам узгорак,
Адвеку нязрушнае — рушыць.
Каму веснаход гэты горак?
Каго гэта ўзрушанасць глушыць?

Хто выняў разбойніцкі шворан
І цэліць — за „гонар крывіцкі“?..
Дзірван старажытны узоран
Сталёвым канём большэвіцкім.

Дзірван старажытны уздзёрты
Гартованым вострым нарогам.
Расце баявою кагортай
Краіна, праклятая богам.

Не змогуць ніякія громы,
Ні „дзіды дзіклівай шыпшыны“!
Сынам беларускім вядома
Мінулая „слава“ айчыны.

Дагэтуль удзячная памяць
Жыве пра дабродзеяў знаных:
Прыемна на целе рубцамі
Насіць дабрадзеевы раны.

Дагэтуль нас мары ўсё цешаць,
Ўсё „Крывію“ снім „залатую“:
Чакаем — хто прыдзе нас вешаць,
Айцоўскай рукой закатуе.

За ўсе абяцанкі-цацанкі,
За баек лісіныя футры —
Свае бомбавозы і танкі
Мы госцейкам вышлем насустрач.

Мы так ім сустрэчу сыграем,
Што белага свету не ўбачаць,
І больш над „аграбленым“ краем
Звярынай слязой не заплачуць.

І доўг наш шаноўным атойдзе
За клопат, за зоры на спінах…
А свет ў найвялікшае пройдзе —
За ўзнятай краінай краіна.

1931 г.