Радасны будзень (1935)/II/Суседка

Нямашака ў свеце нічога Суседка
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Я твар радзімы пазнаю

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СУСЕДКА

Чорны шал імглой спавіў
На палях жывыя кветкі.
Рукі белыя ў крыві
Ў далікатнае суседкі.

Паздзірала строі ўсе
Пані турмаў і вяровак…
Голай лыткаю трасе
Ў хэўры кручаных сябровак.

Любіць вельмі свет прыгод
І сябе яе асоба.
Скаліць свой шчарбаты рот
Сам удалы пан Заглоба.

Не здаецца стары псюк,
Брацца вучыцца загрудкі…
З смелым дзедам смелы ўнук
Цісне градус польскай вудкі.

Ў поўным доме добра жыць,
Піць і песні пець ваяку,
Чалавечынай карміць
Паліцэйскага сабаку.

Селі псярнямі кругом
Ваяводскія закуткі —
Вартаваць публічны дом
Еўрапейскай прастытуткі.

Вецер свішча праз мяжу
Пра спакой душы вяльможнай:
Пані дорыць па крыжу
Людзям хат рукой набожнай.

Пані з імі многа мук:
Папусціся — будзе дзела…
І ўразаецца каблук
Ў пераборлівае цела.

Пані моршчыць горды лоб:
Ёй не вераць злыя дзеці, —
Што да шчасця шлях праз гроб —
Ў пана-бога, на тым свеце;

Што лізаць скаварады
Там не будзе з іх ніводны…
І буяняць гарады, —
Муціць шатан дух народны!..

Абраслі шляхецкі рай,
Як смаўжы, святыя прошчы,
Гвалт і нэндза цераз край —
Гэта твар шаноўнай Польшчы.

Але грымне грозны гром, —
І сама крутой дарогай
Знойдзе пані лад і дом
Пад крылом святым у бога.

1932 г.