Радасны будзень (1935)/II/Я твар радзімы пазнаю

Суседка Я твар радзімы пазнаю
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Лічыць я часта прызвычаен

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я твар радзімы пазнаю
І ў ранах, вынесеных з бітвы…
Мы долю вывелі сваю
Праз бездарожыцу і рытвы.

Ў зямлі паростак не дало,
Што камнем стаць на горле прагла…
Бярэ упартая далонь
Усё, па чым душа так прагла.

Маіх клапот лірычны цэх
Паўстаў блакітнымі мурамі,
Дзе чалавечы плён уцех
Смактала шляхта хутарамі.

Як толькі рань брывом кране,
Я чую, ўзрушаны дазвання:
Танцуе песня на струне,
І слоў у сэрцы трапятанне.

І гук, што лётаў кагадзе,
Хвалюе жыл напружных рочаць.
Узрэхі рэчаў і людзей
Жывая думка ўпарта точыць.

Вядзе на шторм, каб збіць прабой
Ў ланцужных кратах і кавальнях,
І ненавідзець ўсей душой
І блізкіх ворагаў і дальніх.

Хай сёння сплёваны бульвар
З краін адрэзаных утворан.
Няхай там лютуе жандар,
З тупою мордай чорны воран.

Хай ладзяць вырадкі кірмаш,
Каб прадаваць свой скарб іржавы…
А заўтра дзень надыйдзе наш,
Дзень суднай радасці і славы.

1932 г.