Над борам змрокі для маніст
Рабіну ніжуць на аборкі.
Сялом вясковы гарманіст
Ідзе к дзяўчатам на вячоркі.
Бадзёрасць звонкае хады
У кроках дробленых гамоніць.
І рэжуць „барыню“ лады,
Вясёлы рыпае гармонік.
Прыбег, няведама адкуль,
На скокі вецер зухаваты.
Глядзяць, зяхаючы ў руку,
Гульнёй разбуджаныя хаты.
Цікавы кожнаму двару
Ігрышч святочныя забаўкі.
Святліцу дзеўкі прыбяруць,
Пасядуць з хлопцамі на лаўкі.
Танцоры з‘явяцца сюды
І песні скончацца не скора…
Мы ўсе жылі ў свае гады
Агнямі любымі вячорак.
Мы ўсе к суседзям і радні
Збірацца святамі любілі…
Цяпер запаленыя дні
Дыктуюць нам другія былі.
На шлях наш новы клопат лёг…
І ўсё-ж, ў хвіліну шчырых згадак,
Мы помнім родны свой парог
І сноў бярозавую радасць.
Зямля, як волат, дзень і ноч
Заўсёды круціць сваё кола.
Палос сялянскае радно
Ператвараецца наўкола.
Палае змрок. Асенні свіст
Налёг на хілкія задворкі…
Ідзе вясковы гарманіст,
Ідзе з сябрамі на вячоркі.
Свавольных жартаў сціхне гром —
І, ў кучу збітая, дружына
Навесіць думна над сталом,
Навесіць буйныя чупрыны.
Вось скажа хтось: „Давай, братва,
Гуртом праслухаем газету!..“
І будуць доўга вандраваць
Ступой маруднаю па свету.
Часы малюнкамі ўсплывуць.
Хай пан збіраецца на дзею:
— Даем адсекчы галаву,
Калі пашэнціць ліхадзею.
Калі на тое пойдзе, зброд —
І мы гадованы не ў лесе:
— Як япрука, на азярод
За вус драпежніка падвесім.
Бяседзе кожнай ёсць мяжа…
Натоўп ў разяўленыя сені
Усмешкай будзе праважаць
З кляновых рам Ульянаў-Ленін.
Пад ногі рыне жоўты ліст
І гляне двор на гоман хатні.
Тады пад песню гарманіст
Сыграе ў лад пра бой астатні.
1928 г.
|