Радасны будзень (1935)/IV/Марудна і дбайна ішла

Напаткаліся вочы твае Марудна і дбайна ішла
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Прамінуў я дарогу вялікую

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Марудна і дбайна ішла,
Спынялася пошукам горным.
Усыпана сцежка была
Смарагдам блакітава-зорным.

Шумелі начамі трыма
Твае чорнаморскія косы.
Я нервы ў аброці трымаў,
Глытаючы дым папяросы.

Знайсці я не марыў прыпын
Тваёй і сваёй невыгодзе…
Грыз сэрца маё нікатын,
І ты — далікатна, па модзе.

Што зробіш у гэтакі час?
Язык ушчаміў я у зубы,
I мармур бялюткі пляча
Цмянеў, як чужы і не любы…

Знікала вачэй глыбіня,
Агні пераменныя тухлі.
І рук не магла ты разняць,
І вусны лінялі і пухлі.

А я, белы прывід начэй,
Выношваў гадзюку пагрозы…
І фарбу дзявочых брывей
Змывалі халодныя слёзы.

Лёд думак, узагрэты крывёй,
Душу маю мучыў да ранку…
Ты рвала пад хмурай гарой
Мае і свае абяцанкі.

Марудна і дбайна ішла,
Спынялася пошукам горным.
Усыпана сцежка была
Смарагдам блакітава-зорным.

1931 г.