Прамінуў я дарогу вялікую
Звонам рэек і лётам машын.
Я цябе з сініх хваляў паклікаю —
Неўміручая радасць душы.
Спахмурнее ў вятрах мора Чорнае
І блакітам, што з вока ганю, —
Вышлю думку сваю непакорную
На спатканне нязнанаму дню.
Будуць, знаю я, словы ўрачыстыя
Ад былых і ад новых дарог.
Возьмуць песню маю галасістую
Ў рушнікі пераходных эпох.
Стане вабіць крытычныя доследы
Зернем слоў залатая ралля…
Каб прыгожаю гамаю после там
Маладая гудзела зямля.
Каб, ахоплены морскімі плынямі,
Дзень мой светлымі думамі бег,
Каб ляцеў за слядамі звярынымі
Ад Ай-Петры насыпаны снег,
Трос благое раз'ятранай пенаю,
Меў дзіклівасць патокамі вод…
Маё слова апошняю зменаю
Ля Байдарскіх прыціхне варот.
Лягуць зморшчыны вытканым дэсанем
На асмугласць мядзяную шчок.
Мар дарожных усмешкай абвеснены
І татарскай фурманкі званок.
Перад намі, хвілінай надаранай,
Кіпарысы згінаюць камлі…
Толькі зайздрасцю ў былі адмаранай
Плачуць вочы сівога татарына
Па старой неабмытай зямлі.
Што яму ў ёй так люба і дорага,
Што і дзецям бывае не рад?..
Ці пад ласкаю гора і ворага
Злога шчасця ён бачыў не шмат?
Ці аблашчан быў царскай апекаю,
Ў белым смерчы пацешыў гады?..
Хай пакута з нядоляй і здзекамі
Больш не стрэне яго барады.
Ў свет шырокі дарога адчынена…
Сніцца думам наступнага тор.
І гарыць, нібы вочы дзяўчыніны,
Цёплых зор залаты перабор.
|