Я разабраў свой дом стары,
Я папаліў гнілыя сцены,
Я тлумам сноў дагаварыў
Над прысакам настрояў тленных.
Імглу жалоб душа кляла,
Ахвярны трушчыла надгробак.
І шкода мне было сяла
І музыкі жытнёвай вобак.
Гула ў здарожаных касцях
Дня рупнасць, дзе ні заначую, —
Што больш, заціснуты ў мурах,
Я гучных вёсен не пачую.
Што не паеду на начлег
З такімі добрымі хлапцамі…
І зімы ў хлюпаце адлег
Каля жалезнай пройдуць брамы.
І вёсны ў зглушанай ганні,
І леты ў штучным бляску камня —
Пераляцяць, як авадні, —
Адгугняць згвалчаным паданнем.
На паскалку мінулых скрух
Варожыя заселі зубы.
Агонь зялёных воч патух
Ў сліхоце роспачы і згубы.
Шляхамі новых рат і карт,
Дарогамі нястрымных плыней —
Вяду я песень авангард
Ў агні народжанай краіне.
І не падыйдзе тлум крадком
Слоў любых дэсань пераблытаць.
Адчула сонца над сялом
Кірунак змененай арбіты.
І там, дзе выў лясун, і міт
Хрыпеў раз‘ятранай кувадай —
Кладзе адважны барацьбіт
Ставы рашучае дэкады.
Грыміць напружанай хадой
Вялікіх творцаў пакаленне…
Ім верш прыветны, сціплы мой,
Маё прачутае ўслаўленне.
1931 г.
|