Проці яснага сонца
Дні пасталі вялікай чаргою.
І лірычнай старонцы
Далікатных не бачыць прастояў.
Далікатная немач
І прагулы пагардлівых крокаў —
Папятрэлі ў бярэмах,
Пазгаралі у марах далёкіх.
Развінуліся сцежкі,
Павыросталі ў торы-дарогі.
Пахаваліся рэшткі
Маніякаў, прарокаў бязногіх.
Ні карчмы, ні прытону
Для крыві не знайсці ім разгульнай,
Пад струмень самагону
Не ступіць на разбой ўсеагульны.
Толькі ў прыцем, як вусень,
Хто дзе выпаўзе ў сонным затоне, —
Падуладны спакусе,
У перабэшчаных згадак палоне.
Яго постаць худая
Ніцма трупам абрыдлівым ходзіць.
І груган чорным баем
Над ім горкую песню заводзіць.
З горкай песняй на дзюбе, —
Ён крылом памахае жалобе,
Ён заплача аб згубе,
Аб няўдачы ў рыхтованай спробе.
Ў зрыўку срэбранай тогі,
Як дваццатага века патрыцый,
Каб размяць свае ногі,
Выйдзе Езус з самотнай бажніцы.
З ім, у боскай карэце, —
Хто здаўмеўся — памёр за пагодай, —
Перад счутым у свеце
Ўзвыюць душы святых ваяводаў.
Хмелем прошлых забойстваў
Будзе голавы княскія гойдаць.
Толькі ўласнага войска,
Толькі ратнікаў болей не знойдуць.
Пранясуцца над краем,
Разарвуць свае рызы на чвэрці
І з бяды паўміраюць
Другі раз валачужніцкай смерцю.
Гарады і асмуглыя хаты
Сталі сілай пагрознай —
На ўладаннях сучасных магнатаў,
На касцях Браціславічаў розных.
Да суладдзяў адзіных
Вышлі людзі ўсіх земляў і нацый.
Хрыпне спеў лебядзіны
Ў абхаўтураным дыме палацаў.
Сквіл і вэрхал бясконцы
На кавалках разбітых скрыжаляў…
Проці яснага сонца
Дні адплатнай чаргою пасталі.
1931 г.
|