Радасны будзень (1935)/VI/Сякуць падкованыя коні

Куляецца за колам кола Сякуць падкованыя коні
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Ты чорная, як смоль, як вугаль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сякуць падкованыя коні
Празрысты сум… Ты іх спыні:
Як верасень, на падваконні —
Прысядзь, са мной пагамані.

Як верасень, прыдзі і ляпні
Ў спакой перакананы шыб…
Гуртом да вобразаў не трапных
Ніколі рыфмы не дайшлі-б.

Урыўкамі пацёртых сказаў
Мы-б не ўпіраліся ў платы
І лёгка лукаткі абразы
Перамагалі-б я і ты.

Прайшлі мы, як святло, як лета,
Праз жорсткай былі барану.
Адзінай марай мы сагрэты
І маем сцежку мы адну.

У высцігах і на ўздагоне
Не здрадзіць целу наша моц…
Як зор сузор‘і шлях сягоння
І як аўсянае вязьмо.

Ў пярэданнях — тут слёзы сохлі,
Заростала травою твань,
Тут з гора нават кошкі дохлі,
Ратуючы дзявоцтва грань.

Тут кон праўдзівасці прачутай
Раскідала мая далонь,
Мая апошняя пакута,
Лірычная мая аблонь.

Развязаны шляхоў шарады
На выспрабаваны узор.
Ёсць і маёй тут частка ўлады,
З краінай кроўны дагавор.

Ён для мяне, як след сукрыты,
Як матцы роднае дзіця.
Суровай ніткаю прашыты
Старонкі смерці і быцця.

З іх адышла былога замяць,
Знікаючы ў вякоў труху, —
Як адышла у даўнасць памяць
Пра гарацешную саху.