Раніца рыкае (1925)/Маладзіца/Зазванеце

Зімовае Зазванеце
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
Тут і там
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зазванеце (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАЗВАНЕЦЕ

Зазванеце, зоры, па-над кручай!
Хай ня журыцца газьніца бляскам,
хай сыгнал электрыкі бліскучай
мільгане ў лучнік сялянскі,

Хай-жа тут па хатах саламяных
на калені стане бляск сталічны,
і няхай у лесе на паляне
зьвер абліжа яго твар-аблічча.

Хай-жа ў кожным сельсавеце
заляскоча клёкатам дынамо,
і няхай ў клянова-медным вецьці
пранясецца век з стальнымі днямі.

Хай-жа бразнуць радасьці падковы
ў дынамічна-звонным гоне.
Я ў вачох вясёлкава-вясковых,
сказ аб гэтым прачытаў сягоньня.

І мяне ўжо боязь ня трывожыць.
Хай машынай вёска весяліцца,
Селянін ня зьнікне ў куст, як вожык,
калі ўчуе яе лёскат ў лісьці,

Не баіцца ўжо ён больш матора, —
уцякаць ня хоча ў вербалозы.
Так было, было яшчэ учора,
а сягоньня трактар дай ў палосы.

Дык званеце, зоры, па-над кручай!
Хай ня журыцца газьніца бляскам,
хай сыгнал электрыкі бліскучай
мільгане ў лучнік сялянскі.