Раніца рыкае (1925)/Маладзіца/Зімовае

Дажынкавае Зімовае
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
Зазванеце
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зімовае (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМОВАЕ

Пылкага сонца вугальлі
сівер на выгане студзіць.
Эх, вы, марозныя далі —
сочна-вішнёвыя грудзі!
Упіцца я хочу
соладам вашай красы.
Расплюшчыла раніца вочы, —
сьнег пульхны жуюць палазы.

∗     ∗

На расхрыстаны водшыб
з зарасьляў вецер уцёк.
Рвецца у пошыбе
сонца, —
шалясьціць сухавеем трысьцё…
О, сакаліныя песьні, свавольце!

∗     ∗

Хіляцца ніцам каліны.
Ветрась сьмяецца ў журбе.
Сеецца пухавы іней.
Дарога санямі храпе.
Мітульгой асыпае бярозы.
Кудзеляцца грывы у кляч.
О, вецер, мой, вецер цьвярозы,
мяцеліцай поле ўскудлач!