Раніца рыкае (1925)/Я/Вуліца рукі прасьцерла

⁂ (Я сын дубровы круглалістай) ⁂ (Вуліца рукі прасьцерла)
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
⁂ (Эх, вёска)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вуліца рукі прасьцерла…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Вуліца рукі прасьцерла
ў электра-вітрынным міганьні.
Абазваў я ня раз яе сьцервай
за дзяўчыну каханую-Ганну.

Але ўсё бескарысна, дарэмна:
не спаткаў аніводнага разу,
і ў сьпеве машыннага рэмня
не падслухаў яе я выразаў.

Ой далёка яна!.. далёка!
Цешаць яе півахмельныя нівы,
а я тут пад маторны бег-клёкат
„так і так“ запускаю ў вітрыны.

Бо што мне іхні бляск электрычны
і ухмылка ў ядвабным убраньні?
Калі нэпман ў іх тлусты мурлыча
у бэтонна-сталічнае раньне.

Толькі праўда, — была раз уцеха:
ў аўтабусна-трамвайным імпэце
паласкалася вуліца сьмехам,
а сабака схіліўся поэце.

З таго часу
ужо больш не хаджу я панурым,
нарыхтована кожнаму рэшты, —
хоць вочы й сьціскаюцца ў мурах,
промбанках і нэпмана-трэстах.