Раніца рыкае (1925)/Я/Не ўдалося ў гэта мне лета

⁂ (Эх, вёска) ⁂ (Не ўдалося ў гэта мне лета)
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
Ой ды, песьні мае, цёмнавірыя!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не ўдалося ў гэта мне лета…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Не ўдалося у гэта мне лета
мэндляў песень аўсяных нажаць.
Не ўдалося, каб ліпень, зарою адзеты,
ўскудлачыў душы сенажаць.

А й хацелася-ж ў шыр белазорую
паваляцца ў кудлатай лазе.
Мо‘ хто скажа, што гэта і сорамна, —
але што-ж мне рабіць блазнаце?!

Ужо гэтакі поўдзень буяе
у сэрцы маім маладым;
у ім песьні базыраць буяна
і на новыя хочуць цымбаліць лады.

Я уцехай быў рэдка ахмелены
у закураных вуліцах Менску.
Вось за гэтым і цягне на аселіцу,
дзе я бегаў у лапцях маленькім.

Ой вы, нівы, з вусатым калосьсем,
сваю радасьць я ў вас утапіў!
Ўспамінаю, як езьдзіў ў калёсах,
і зарою аўсяніўся песень наліў.

Ўспамінаю, як сівенькім дзедам
умываўся туман у рацэ.
Вось за гэтым і ліпень, зарою адзеты,
ў маім сэрцы сягоньня расьце.