Раніца (1914)/Беларуская ідэя і рух беларускі паміж студэнтамі

Казка аб крыльлях Беларуская ідэя і рух беларускі паміж студэнтамі
Публіцыстыка
Аўтар: Клаўдзій Дуж-Душэўскі
1914 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларуская ідэя і рух беларускі паміж студэнтамі.


Калі кінем вокам на жыцьцё беларускае сярод студэнтоў; калі прыгледзімся як адбіваіцца ідэя адрадженьня на моладзі; што робіць моладзь для краю і народу, то угледзім, што моладзь зварухнулася, што ена не зачыняе вочэй, не адрэкаіцца і не адварачываіцца ад справы, а наадварот бярэцца да працы шчыра і ахвотна.

Найдалей пашоў у гэтым кірунку унівэрсытэт у Пецярбурзі. Там энэргіей і працай таварыша Е. Хлебцэвіча і колькі др. залажылася у 1913 гаду даволі сільная студэнцкая арганізація, каторая ясна ставіць ідэю беларускую на самы першы плян, стараіцца па праўдзі пазнаць свой край і народ. Уніварсытэт — гэто гняздо і крыніца усіх лепшых думак, лепшых ідэй і меншых людзей і на гэты раз апынуўся на перадзі.

За унівэрсытэтам ідуць Сельска-Гаспадарскіе курсы. Там стараньнем Ар. Смоліча летась у 1913 гаду закладаіцца студэнцкі хаўрус. Зразу ён стаяў не залішне крэпка, але селета акрэп: прыплыло туды шмат новых сіл…

Дзяцюкі рупна бяруцца да працы. Есьць надзея, што дзякуючы гэтаму гуртку, Беларусь будзе мець шмат добрых агрономаў і ідэёвых грамадзян. Гэты гурток мае і тую вагу, што сябрукі яго пойдуць усе ў народ.

Як гуртку унівэрсытэцкаму, так і гуртку на сельска-гаспадарскіх кусрах, можна закінуць тое, што не ўсе ўмеюць добра гаварыць па беларуску, але гэта хутко пройдзе таму, што усе ахвотна чытаюць беларускіе кніжкі і газэты.

Апроч гэтых двух арганізацій чыста беларускаго характэру, шмат раскідана па ўсіх вышэйшых вучэльнях разных земляцтвоў, хаўрусоў, гурткоў і т. д. так ці інакш, беларускіх.

Там глядзіш «Бабруйское земляцтво», а там Мінскае, Магілёўскае, Гродзенское, Вітэбское ці іншае якое.

Гэты гурткі, хоць чыста беларускай ідэолёгіі не маюць (пакуль што), хоць вядуць свае кніжкі і запісы па расейску, усё ж складаюцца у большай своей часьці з беларусоў, часта вельмі ідэёвых і шчыра адданых свайму краю і народу.

Апошнімі часамі зрадзілася думка, каб гэты ўсе гурткі злучыць якім небудзь спосабам, каб працаваць усім разам, каб, не разбіваючы кожнаго па асобку гуртка, выбраць агульны урад, каторы вёў бы агульна студэнцкае беларускае жыцьцё.

Гэта узмацавалаб самые арганізаціі і прыняслоб куды болі карысьці грамадзянству.

Нам, моладзі, трэба падумаць добра над гэтым злучэньнем, каб ужо узяцца да працы над ім.

Што датычэ другіх гарадоў, то і там прабуджаіцца моладзь.

У Варшаві ужо даўна злучыліся студэнты беларусы і працуюць, больш-менш, на шырокую ногу.

Недаўна залажыўся студэнцкі беларускі гурток у Пулавах (Ново-Ал.) у Сельска-гаспадарскім інстытуце.

У Маскве, хоць там і шмат беларусоў чыста беларускіх гурткоў ешчэ нема. А трэба было аб гэтым парупіцца таварышам з маскоўскаго унівэрсытэту і інстытутоў.

К. Д.