Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Паўночная вайна і Расійская імпэрыя

Дзяржава Раманавых і раскол Паўночная вайна і Расійская імпэрыя
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Пераклад: Кастусь Гарабурда
Прамысловы капіталізм

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўночная вайна і Расійская імпэрыя.

Барацьба за Бальтыцкае мора была вялікай спробай для дзяржавы Раманавых. Ад таго, як гэта барацьба кончыцца, залежала, ці вытрымае гэтая новая будова, ці яна разваліцца, і руіны яе расьцягнуць другія, больш шчасьлівыя супраціўнікі. Такі канец быў магчымы. Гандлёвая капіталістычная дзяржава, Польшча, якая паўстала раней Маскоўскай, іменна такім чынам развалілася ў канцы XVІІІ веку, і астачы яе разабралі сабе суседзі. Маскоўская дзяржава была больш шчасьлівай. Тая вайна, ад якой залежала яе існаваньне, урэшце, стварыла надзвычайна спрыяльныя ўмовы для яе далейшага разьвіцьця і, ужываючы выраз аднаго поэты, які выхваляў тую эпоху, выкавала яе, як молат куе сталь. Вайна гэта ня была выпадковай і нечаканай. Маскоўская дзяржава да яе рыхтавалася паволі і асьцярожна, зьбіраючы сілу і старанна тоячы свае замеры. Цар Пётра, даўно ўжо надумаўшы вайну і завязаўшы для гэтага саюз з Польшчай і Даніяй, двума другімі супраціўнікамі Швэцыі ў барацьбе за Бальтыцкае мора, адначасна асыпаў швэдзкага пасла ў Маскве рознымі ласкавымі словамі, езьдзіў да яго ў госьці, пеставаў яго дзяцей і г. д., стараючыся гэтым паказаць, што ў швэдаў няма лепшага сябры, чым Маскоўскі цар. «Ня гледзячы на усе гэтыя меры асьцярогі, добра падрыхтавацца да вайны Маскоўскай дзяржаве не ўдалося. Занадта была цяжкая задача. Швэцыя нашага часу маленькая, вельмі адукаваная, але зусім бясьсільная, з боку вайсковага, краіна, якая за апошнія 40 год страшэнна баялася імпэратарскай Расіі і поўзала часамі каля яе ног. Швэцыя 200 год таму назад была адной з самых вялікіх, калі ня самай вялікай, вайсковай дзяржавай Эўропы. На працягу ХVІІ веку яна вытрымала славутную 30-гадовую вайну, у часе якой швэдзкая армія заняла першае месца сярод эўропэйскіх армій таго часу. Гэта было найлепш узброенае, найлепш дысцыплінаванае і організаванае войска. Рыхтуючыся на бой з гэтым, па тагочаснаму, асілкам, Маскоўская дзяржава старанна запасалася ўсімі найноўшымі, для таго часу, вынайдзеньнямі. Стары кнотавы мушкет Смутнага часу зьмяніўся крэмневай стрэльбай. На канцы гэтай стрэльбы быў прышрубован штых, галоўнае вайсковае вынайдзеньне таго часу. Справа ў тым, што пяхота ХVІІ веку на ўмела яшчэ злучаць халодную зброю з агнястрэльнай. Палавіна была ўзброена агнястрэльнай зброяй-мушкетамі, а палавіна пікамі. Такім чынам, калі войска страляла і калі яно білася ў грудзі, аднолькава палавіна сілы прападала дарма. Штых даў магчымасьць адначасна і страляць, і калоць і, такім чынам, падвоіў сілу пяхоты. Трэба адзначыць, што шведы ня ўсвоілі гэтага вынайдзеньня, а ў Маскве гэта скарысталі: салдаты Пётры мелі на стрэльбах штыхі.

Ня гледзячы на ўсё гэта, старая моцная швэдзкая армія была дужэйшая, чым маладое маскоўскае войска, і ў першым-жа баі, пад Нарвай (1700 г.), войска Пётры было разьбіта нашчэнт, ад яго арміі бадай нічога не засталося. Маскоўская дзяржава здавалася на краі пагібелі, але на шчасьце Масквы швэды ня лічылі яе сваім галоўным ворагам. Прывыкшы ваяваць на захадзе, яны куды больш увагі зварачвалі на датчан, на палякаў і на саксонцаў, якія злучыліся з апошнімі. Разьбіўшы маскоўскую армію і лічачы справу на ўсходзе скончанай, швэдзкай кароль Карл XІІ пайшоў з сваім войскам на берагі Віслы, даўшы Маскве некалькі год на тое, каб акрыяць, выкарыстаць практыку першых год вайны і стварыць новую армію. Калі швэды хапіліся і зразумелі зробленую памылку, было ўжо позна. Маскоўскае войска тымчасам моцна асела на берагох фінскай затокі, куды Пётра перанёс і сваю галоўную кватэру. У сьцены заваяванай ім швэдзкай крэпасьці, з якой ён потым зрабіў новую сталіцу расійскай дзяржавы, Карлу XІІ прышлося пракладаць сабе шлях з Польшчы цераз паўднёвую граніцу Маскоўскай дзяржавы. Тут, праўда, ён знайшоў сабе саюзьніка ў асобе ўкраінскай казацкай старшыні, якая пасьпеўшы расчаравацца ў маскоўскіх царох моцна падпарадкавала сабе ўкраінскае паспольство (сялянства) і жадала эксплуатаваць яго самастойна. Але і гэтая дапамога ня выратавала швэдаў, і ў баі пад Палтавай (1709 г.) швэдзкая армія была разьбіта таксама грунтоўна, як за дзевяць год перад гэтым маскоўская армія над Нарвай. Ролі зусім перамяніліся. З абароннай Масква зьмянілася ў наступальную. Маскоўская дзяржава за панаваньне Раманавых зьмянілася ў Расійскую імпэрыю, з сталіцай на беразе Бальтыцкага мора, Пецярбургам. Яшчэ 12 год пасьля Палтаўскай бітвы цягнулася вайна. Швэды знаходзілі сабе яшчэ саюзьнікаў, перш за ўсё ў асобе туркаў, якія адзін раз чуць ня прыкончылі Пётру і яго армію ў час паходу на Румынію (так зв. Пруцкі паход 1711 г.). Але канчатковыя вынікі ўсё больш і больш складаліся на карысьць Пётры. Урэшце, у 1721 г., згодна з Ністадзкім мірам, Швэцыя павінна была прызнаць сябе пераможанай, і Маскоўская дзяржава зрабілася аднэй з вялікіх бальтыцкіх дзяржаваў. К гэтаму часу у руках новай Расійскай імпэрыі было ня толькі вусьце Нявы з Пецярбургам і Кронштадтам, але і цэлы шэраг бальтыцкіх партоў: Выбарг, Рыга і Рэвель. Паўночны канец вялікага воднага шляху, які зьвязвае Эўропу і Азію, Бальтыцкае мора з Касьпійскім, быў цяпер моцна ў маскоўскіх руках. Заставалася цяпер замацаваць сваё становішча на паўднёвым канцы шляху, дзе Маскве раней належала толькі Астрахань. Апошні паход Пётры быў накіраваны супроць Пэрсіі і яго задачай было: захапіць Касьпійскае мора таксама моцна ў рукі расійскага гандлёвага капіталу, як перад гэтым была захоплена ўсходняя частка Бальтыцкага. Гэты пэрсыйкі паход Пётры быў менш удачны, чым вялікая Паўночная вайна, але ўсё такі транзытны-перадатковы-гандаль азіяцкімі таварамі, галоўным чынам шоўкам (які тады каштаваў надзвычайна дорага, так што гандаль шоўкам быў бадай ці не галоўным гандлем у Эўропе, як кажа адзін падарожнік) застаўся ў маскоўскіх руках.

Маскоўскі гандлёвы капітал удала вытрымаў спробу і мог цяпер не баяцца ні Швэцыі ні Польшчы. У наступных войнах XVІІІ сталецьця гэтыя абодвы, некалі магутныя, праціўнікі Масквы, ад якіх бегла расійская армія, адзін з якіх заўладаў на час нават Масквой, усё больш і больш слабеюць, да тых пор, пакуль Швэцыя не дайшла да таго ганебнага становішча, аб якім я казаў вышэй, а Польшча проста дасталася Расійскаму цару, які зрабіўся расійскім імпэратарам.

У Паўночнай вайне канчаткова складаецца і ўвесь мэханізм гандлёвой бюрократычнай дзяржавы, заснованай Раманавымі. Мы напомнім у некалькіх словах яго соцыяльна-экономічную (гаспадарчую і грамадзкую) аснову. Мы памятаем, што гандлёвы капітал не організоўваў сам вытворчасьці. У яго руках былі толькі ўсе сродкі збыту і абмену. Гандлёвы капітал скупляў гатовыя тавары, зробленыя, вытвараныя самастойна дробнымі гаспадарамі, сялянамі і рамесьнікамі. Гэтым дробным гаспадаром не патрэбны людзі, якія скупляюць, яны маглі-б прадаваць свае тавары самі і ўвесь прыбытак палажыць у сваю кішэню, або маглі-б самі іх спажыць. і таму іх трэба прымусіць прадаць свае продукты; для гэтага гандлёвы капітал утварае моцную цэнтральную гладу, з добра організаваным, на ўзор купецкай канторы, чыноўніцтвам, з неабмежаванымі поліцэйскімі поўнамоцтвамі, з жорсткім, не народным, а таксама чыноўніцкім судом, які дзейнічае сакрэтна, і толькі карае публічна. Адначасна ён падтрымлівае на вёсцы прыгоннае права, за дапамогай памешчыкаў, прымушаючы сялян аддаваць збожжа ды іншую сырызну, выбіваючы яе з сялян розгамі памешчыцкіх стайняў. Усё гэта складалася ўжо ў Маскоўскай дзяржаве XVІІІ веку, але ўсё гэта было яшчэ ў хаотычным (неорганізаваным) стане. Моцная цэнтральная ўлада ўжо была, але яна была яшчэ акружана старымі фэўдальнымі ўстановамі, якія зусім ня былі патрэбны гандлёваму капіталу. Побач з царом існавала баярская дума, куды людзі назначаліся паводле іх пахаджэньня. Дума не магла, зразумела, ісьці супроць царскае ўлады, але гэтае лішняе кола, якое рыпела і паволі круцілася, абцяжала ход усяе машыны. У часе Паўночнай вайны баярская дума зьнікае канчаткова, і на яе месцы зьяўляецца сэнат, складзены з чыноўнікаў, назначаных царом бяз увагі на іх пахаджэньне і абавязаных бясспрэчна выконваць царскія загады. Сэнат-гэта сход царскіх прыказчыкаў. Побач з ім і пад яго контролем, з пярэстай купкі маскоўскіх прыказаў, якія паўсталі выпадкова і загадвалі ўсім на сьвеце-і судом, і зборам падаткаў, і войскам, кожным пакрысе, паўстае зграбная сыстэма колегій, папярэднікаў наступных міністраў, паміж якімі дзяржаўныя справы былі разьмеркаваны ў строгім парадку. Была свая колегія для суда - юстыц-колегія, свая колегія для збору дзяржаўных прыбыткаў, свая для выдаткаў, свая для контролю. Надзвычайна характэрным для ўсяе сыстэмы зьяўляецца вялікая колькасьць колегій з чыста гаспадарчым прызначэньнем. Была ўтворана свая колегія для кіраўніцтва горнымі заводамі (бэр-колегія), фабрыкамі (мануфактур-колегія), свая для загадваньня гандлем (комэрц-колегія).

Якраз таксама былі організаваны і ўсе іншыя галіны кірауніцтва дзяржавай. Гарады былі канчаткова аддадзены пад загад мясцовага купецтва. У першы час была ўтворана нават чыста клясавая купецкая ўсерасійская ўстанова-ратуша, нешта накшталт цэнтральнай колегіі гасьцей, якая забірала прыбыткі з усяе Расіі. Але ў часе вайны гэты орган быў нявыгодны, таму і быў заменены адпаведнымі колегіямі. У руках купецтва засталося толькі кіраваньне на месцах у асобных гарадох. Што тычыцца вёскі, дык яна была аддадзена пад поўны загад памешчыкаў, у рукі якіх пасьля гэтага пераходзіць самая галоўная функцыя - кіраўніцтва на вёсках. Яны судзяць і караюць усіх сялян аж да высылкі на катаржную працу. Зьбіраюць з іх новы падушны падатак, уведзены ў часе вялікай Паўночнай вайны, замест розных збораў, якія дасталіся раманаўскай дзяржаве ад маскоўскіх цароў ХVІ веку. Падушны падатак плацілі ўсе мужчыны без выключэньня, ня гледзячы на век. Малыя дзеці і дзяды аднолькава абкладаліся гэтым падаткам. Гэта, такім чынам, ня было спробай налажыць падатак на той або іншы прыбытак. Гэта быў просты сродак атрымліваць грошы з народу самым простым і лёгкім спосабам, зьлічыць колькасьць жыхароў мужчынскага полу, потым падзяліць між імі суму, якую павінна была атрымаць дзяржава, галоўным чынам, на утрыманьне арміі, ― падушны падатак прызначаўся для гэтай мэты.—і ўсё было гатова. Што тычыцца ўскосных падаткаў, то на працягу XVІІІ веку ў адносінах да галоўнага з іх «ліцейнага» падатку, збору за права прадаваць гарэлку, якая давала вялікі прыбытак. усё больш і больш ужывалася адкупная сыстэма. Вялікія купцы плацілі дзяржаве пэўную суму, а за гэта атрымлівалі права гандляваць гарэлкай у тэй ці іншай губэрні. Як яны ёю гандлююць, як спойваюць народ, як яны прадаюць замест сапраўднай гарэлкі са збожжа дрэнны дурман, на гэта дзяржава назірала праз пальцы, абы толькі атрымаць тое, што належыць. Як бачым, і ў гэтай галіне збору падаткаў дзяржава Пётры і яго наступнікаў правільна адбівае сваю аснаўную існасьць, як панаваньне гандлёвага каліталу.