Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Першыя сталецьці расійскай гісторыі
← Уводзіны | Першыя сталецьці расійскай гісторыі Аўтар: Міхаіл Пакроўскі 1927 Пераклад: Кастусь Гарабурда |
Утварэньне Маскоўскай дзяржавы → |
ЧАСТКА І.
Першыя сталецьці расійскай гісторыі.
На расійскай нізіне чалавек зьяўляецца літаральна ў «незапомныя» часы, - калі ўся паўночная палавіна гэтай нізіны была схавана пад тоўстай карой лёду. Украіна сваім кліматам была падобна да цяперашняй Архангельскай губерні, і на яе тундрах пасьвіліся гурты мамантаў, дагістарычных сланёў, пакрытых густой даўгой поўсьцю. На гэтых мамантаў паляваў першы жыхар Расіі, іx мясам ён харчаваўся, з іх скуры рабіў сабе вопратку, з іх касьцей - прылады. Апрача гэтых касьцяных прыладаў, ён меў яшчэ груба абцесаную каменную сякеру і дубіну, і гэтым абмяжоўвалася ўся яго тэхніка. Сьляды адной стаянкі такіх паляўнічых на маманта знойдзены сярод цяперашняга гораду Кіева на некалькі сажняў глыбей сучаснага роўню глебы. Калі гэта было? У кожным разе, некалькі дзесяткаў тысяч год таму назад, ня менш. Ці былі гэтыя паляўнікі на маманта продкамі сучаснага насяленьня Эўропэйскай Расіі? Хутчэй за ўсё - не. Па меры таго, як зьмяняўся клімат[1], рабілася цяплей, ледавік усё звужаўся і звужаўся, і насяленьне, якое жыло па паўднёвым краі ледавіка, павінна было усё далей ісьці на поўнач і на ўсход, у цяперашнюю Сібір, да ледаватага акіяну. Туды пашоў і мамант, і там ён вымер: яго астачы (часамі з поўсьцю і мясам) і да гэтых пор часьцей за ўсё знаходзяць у лёдзе Сібіры. Магчыма, што вымерлі без астачы і людзі, якія палявалі на яго, а магчыма, што іх патомкі і да гэтых час бадзяюцца па берагох Ледаватага акіяну, у асобе сучасных самаедаў і лапароў, якія харчуюцца толькі ня мясам маманта, а яго малодшага сучасьніка, які застаўся, паўночнага аленя.
За дзесяткі тысяч год, што прашлі з тых час, насяленьне расійскай нізіны зьмянілася таксама, мабыць, не адзін дзесятак разоў. Пасьля дзікуноў каменнага веку мы спатыкаем тут яшчэ астачы подзей меднага і бронзавага веку, якія ня ведалі яшчэ жалеза, - потым астачы людзей «жалезнага» веку: але і гэта, мабыць, ня былі яшчэ продкі сучаснага насяленьня. З V-га сталецьця да пачатку нашага лічэньня часу, г. зн. за дзьве з палавінай тысячы год да нас, мы маем ужо пісоўныя расказы аб паўднёвай частцы Расіі (цяперашняй Хэрсонскай, Кацярынаслаўскай і Таурыцкай губэрнях). Там тады жылі скіфы, вандроўны народ, які займаўся гадоўляй жывёлы: астачай яго зьяўляюцца сучасныя осэтыны ў Каўкаскіх горах. Што было далей на поўнач, - грэкі, якія расказвалі нам аб скіфах, добра й самі ня ведалі. Праз 800 год пасьля гэтых расказаў мы спатыкаем першыя весткі аб славянах: тут ужо пачынаецца непарыўная сувязь з навейшымі часамі, бо на славянскіх мовах гаворыць пераважная большасьць насяленьня сучаснай Расіі[2].
Падабенства мовы, зразумела, яшчэ ня можа служыць довадам пахаджэньня сучаснага насяленьня расійскай нізіны ад адных славян. Цяперашнія французы гавораць на «романскай мове», на аднэй з моваў, якія пайшлі ад лацінскай мовы старажытных рымлян, але паходзяць яны не ад рымлян, а, галоўным чынам, ад кельтаў, якія былі колісь заваяваны рымлянамі і набылі іх культуру, а з ёю іх мову. Мы пэўна ведаем, што на расійскай нізіне адначасна з славянамі жылі народы і іншых моваў, і назвы розных месцаў, рэчак і нават гарадоў да гэтых час аб гэтым напамінаюць. Словы «Москва», «Ока», «Клязьма» - не славянскія, а фінскія, паказваюць, што колісь тут ажылі фінскія пляменьні, якія да гэтых час ня вымерлі, а толькі заваяваны славявамі і аславяніліся, набыўшы сабе ўсходня- славянскую, г. зн. расійскую мову, і якія запамінаюць аб сабе знадворным выглядам, абрысамі твару цяперашняга вялікарасійца, маскоўца або ўладзімерца. Далей, на ўсход такія самыя неславянскія пляменьні, заваяваныя ў пазьнейшыя часы, захавалі яшчэ й сваю мову (чувашы, народ мары, або чарамісы і т. п.). Такім чынам, славянская мова яшчэ не даводзіць, што ў нашых жылах цячэ канечна славянская кроў: расійскі народ утварыўся з вельмі розных пляменьняў, якія жылі на расійскай нізіне, але славянскае племя было з іх усіх самых культурным (адукаваным) і самым дужым, а й навязала ўсім другім сваю мову.
У першы час славяне займалі толькі невялікі паўднёва-заходні куток гэтай нізіны, цяперашнія Валынскую і Падольскую губ. ды ўсходнюю Галіцыю. Крыху пазьней яны занялі сярэдняе цячэньне Дняпра і Палесьсе (беларусы зьяўляюцца, як відаць, рэшткамі старажытных славянскіх пасяленцаў), яшчэ пазьней пасунуліся на поўнач, да фінскай затокі і Ладаскага возера, і, урэшце, пазьней за ўсё занялі цяперашнюю Вялікарасію, Маскоўскую і сумежныя губерні. Гэта перасуваньне славян па расійскай нізіне заняло ня менш 500 год, а калі лічыць да таго часу, калі яны дасяглі самага ўсходняга краю нізіны, Уральскіх гор, дык і ўсю тысячу год. Ад апошніх шасьці сталецьцяў гэтага тысячалецьця мы маем пісоўныя помнікі - летапісы, зборы судовых звычаяў (на старарасійскай мове называліся «Праўдамі» і «Судзебнікамі»), урэшце розныя дагаворныя і «жалаваныя граматы», духоўніцы і т. п. Ад апошніх трох- чатырох сталецьцяў захаваліся нават і сякія-такія помнікі матэрыяльнай культуры, пераважна цэрквы і абразы, але таксама і астачы іншых вялікіх будынін, палацаў і крэпасьцяй. Адным словам, жыцьцё расійскіх славян з адзінаццатага па шаснаццатае сталецьце нашага лічэньня часу (у шаснаццатым веку першыя расійекія колёністыя перайшлі за Уральскі хрыбет) мы можам уявіць сабе даволі поўна і падрабязна. Што тычыцца першых трох-чатырох сталецьця славянскага расьсяленьня, то мы аб іх простых вестак ня маем і можам меркаваць аб славянскай культуры таго часу часткова па расказах чужаземцаў, якія бачылі расійскіх славян таго часу (пераважна грэкаў і арабаў), галоўным-жа чынам па мове.
Чалавек дае назвы прадметам свайго жытку, прыладам, якімі ён карыстаецца. Прылады зьмяняюцца, але назвы часта застаюцца, людзі да іх прывыклі, ім ня хочацца вынайходзіць новых слоў. Раней на вуліцах цераз гразь перакідалі бярвеньні, гэта было падобна да мосту і правільна называлася «маставой»; астачы такой драўлянай маставой знайшлі ў маскоўскім Крамлі. Цяпер гавораць пра «асфальтавую маставую», хоць тут нічога падобнага да «масту» ужо няма. Так, па старых словах мы можам аднавіць старую культуру.
Славянская мова навочна паказвае нам усе ступені разьвіцьця тэхнікі. Так мы ведаем з раскопак, што раней мэталічных прыладаў усе людзі мелі прылады з каменьш, спачатку груба абцесанага (так зван. старажытна-каменны, палеолетычны пэрыод, ад грэцкіх слоў «палеос»-стары, старажытны, і «літос» - камень), потым адшліфаванага («нова-каменны», «нэолітычны» пэрыод). Але славянскае слова «нож», значыць на тэй мове, адкуль япо запазычана, «крэмень»: значыцца, першыя нажы, якія пабачылі славяне, былі каменныя. Дзікун каменнага веку толькі рэдка адважваецца напасьці проста на вялікага зьвера - часьцей ён стараецца заўладаць ім хітрыкамі, злавіць яго ў засаду. Зазначаныя у пачатку паляўнікі на маманта заганялі яго ў знарок выкананыя ямы і чакалі, пакуль там зьвер здохне. Зусім натуральна, што самае старажытнае паляўнічае слова славян, якое гучыць аднолькава на ўсіх славянскіх мовах, - цянёты. Цяперашняе ворыва, за дапамогай сахі або плуга, сілаю каня або вала, здаецца нам за просты занятак, а сапраўды гэта быў вынік цэлага шэрагу вынайдзеньня, плод намаганьняў шмат пакаленьнях людзей, якія працавалі на зямляробстве тысячы год. Перш за ўсё, вынайсьці такія, на погляд, простыя прылады, як саха ці барана, было ня так проста. Замест бараны яшчэ год 80 назад на акраінах Расіі можна было бачыць вялікі хваёвы сук: яго асобныя галіны і заступалі сабою зубы бараны. А ў больш старажытны час такі самы сук, толькі яшчэ больш тоўсты і моцны і без галін, заступаў сабою саху. Такое ворыва выгнутым суком або палкай мы яшчэ і цяпер спатыкаем у розных дзікіх народаў Афрыкі, а што таксама было і у славян, показвае першапачатковае значэньне слова «саха»: спачатку гэта слова значыла іменна палка, жэрдка.
Яшчэ трудней было знайсьці жывую сілу, якая цягнула-б плуг ці саху. Калі ўжо забіць вялікую дзічыну дзікуну каменнага веку было не пад сілу, дык тым менш мог ён прымусіць служыць сабе жывёлу, сіла якой куды большая за сілу чалавека, як конь або бык. Нагляданьні над дзікунамі, якія цяпер жывуць, паказваюць, што гадоўля жывёлы разьвіваецца ў людзей пазьней за ўсё, куды пазьней, чым яны пачынаюць займацца зямляробствам. Зусім зразумела, чаму слова «скаціна» на стараславянскай мове азначала багацьце: той, хто першы прыручыў жывёл, бы настолькі экономічна мацней за другіх, што быў усё роўна, як міліонэр у буржуазным грамадзтве. Недармо вышэйшая кляса ва ўсёй Заходняй Эўропе атрымала даўней назву «кабылятнікаў» або «конных», (пагішпанску-«кабаллеро». ад «кабалюс», конь; пафранцуску-«шэвальлё», ад «шэваль», конь; панямецку--«рытэр», «конны», адкуль нашае «рыцар» і г. д.). Мы зараз угледзім, што ўладаньне жывёлай было крыніцай сілы і ўплыву нават у часы зусім гістарычныя.
Але, кошкаючы зямлю выгнутым сукам, першабытны славявін харчаваўся ўсё-ткі, галоўным чынам, ад зямляробскай працы. Гэта відаць з таго, што ён слова «жыта» вытвараў ад таго самага кораня, як і «жыцьцë». Збожжа было галоўным сродкам для жыцьця, галоўнай жыўнасьцю. На паляваньне славянін пакладаўся куды меней: пакуль яшчэ ў цянёты зьвер трапіць. Затое была маленькая жывёлінка, якой калі й нялёгка было заўладаць, ды й ня варта, - дык у каторай лёгка было адабраць смачныя і спажыўныя плады яе працы. Гэтай жывёлінкай была пчала. Здабываньне мёду дзікіх пчол, бортніцтва, адзін з старажытных заняткаў ня толькі славян, а ўсіх без выключэньня жыхароў расійскай нізіны. Мёд ня толькі адно з самых старых славянскіх слоў, але яно агульнае ў славян і ў фінскіх пляменьняў, што засяляюць, або засялілі калісьці Расію. Бортныя-ж «ухожаі», месцы, дзе пладзіліся дзікія пчолы, лічыліся за вялікую каштоўнасьць зноў такі ўжо ў зусім гістарычныя часы, калі славянін даўно ўжо меў жалезную сякеру і даўно вывучыўся араць канём.
Мова, такім чынам, малюе нам старажытных славян народам вельмі першабытным.
З гэтым зусім сходзяцца тым апісаньні славян, што пакінулі нам грэкі, якін наглядалі славян у пачатку гэтага пэрыоду, у VІ веку нашага лічэньня часу. Грэкі малююць тагочасных славян сапраўднымі дзікунамі-бруднымі, паўголымі, якія ня маюць нават сталых памяшканьняў, а жывуць у шалашох, якія ужываюць атручаныя стрэлы і надзвычайна жорсткія: напаўшы на які-небудзь грэцкі горад, яны зьнішчалі ўсё чыста насяленьне, нявольнікаў ня бралі. Затое,-нечакана дадаюць грэцкія пісьменьнікі,-славяне і самі ня ведаюць нявольніцтва, і калі хто, выпадкова, застаўся цэлым ды трапляе да іх у палон, то ён жыве таксама, як і самі славяне. Грэкаў гэта вельмі дзівіла, бо іх уласная гаспадарка трымалася у гэты час на нявольніцкай працы, і яны не маглі зразумець, як гэта людзі могуць ганьбаваць такой каштоўнай рэччу, як нявольнік. У славян-жа ў гэты час ніякай правільнай гаспадаркі яшчэ ня было, і нявольніцкай працы ім ня было дзе ўжыць, таму яны і палонных ня бралі і чужаземца, які выпадкова трапляў у палон, не рабілі нявольнікам.
Што тычыцца грамадзкага ладу тагочасных славян, дык пра іх грэкі маглі толькі расказаць, што славяне распадаюцца на шмат дробненькіх пляменьняў, якія заўсёды знаходзяцца ў звадцы. Успaміны аб гэтых заўсёдных звадках паміж пляменьнямі захаваліся і ў паданьнях аб пачатку расійскай дзяржавы, які летапіс адносіў да сярэдзіны ІX веку, - год, значыцца, цераз трыста пасьля таго, як зьявіліся першыя весткі аб славянах. Але паводле гэтага паданьня, заснавальнікамі першых вялікіх дзяржаў на расійскай нізіне былі не славяне, а прышлыя народы: на поўдні-хазары, якія прышлі з Азіі, а на поўначы-варагі, якія прышлі з Скандынаўскай поўвыспы, з цяперашняй Швэцыі. Потым варагі перамаглі хазараў і зрабіліся гаспадарамі на ўсёй прасторы Эўропэйскай Расіі.
З гэтым наданьнем навейшыя гісторыкі часта не згаджаліся з меркаваньняў патрыотычных, г. зн. нацыяналістычных: ім здавалася зьнявагай для народнага гонару рускіх славян, што іх першымі царамі былі чужаземцы. А сапраўды гэта ня менш і ня больш зьняважліва, чым тое, што Расія з палавіны XVІІІ веку кіравала, пад імем Романовых, патомства нямецкіх, голштынскіх гэрцагаў (сапраўдныя Романовы вымерлі ў 1761 годзе ў асобе дачкі Пëтры 1-га - Елізаветы, якая ня мела дзяцей). Гэта знача, што гэта зусім ніякага значэньня на мела, і тое, што першыя ноўгародзкія і кіеўскія князі, якіх мы ведаем на іменьнях, паходзілі з швэдаў (што бясспрэчна), зусім няважна. Куды важней тое, што швэды ўладалі нявольнікамі і гандлявалі імі: хапаць нявольнікаў і гандляваць імі было промыслам першых уладароў расійскай зямлі. Адгэтуль нясупынныя войны паміж гэтымі князямі,-войны, мэтай якіх было «ополоніцца чэлядзьдзю», г. зн. захапіць шмат нявольнікаў. Адгэтуль іх зносіны з Константыполалем, дзе быў галоўны тады, бліжэйшы к Расіі нявольніцкі рынак. Аб гэтым сваім тавары, «чэлядзі», першыя князі гаварылі зусім адкрыта. не саромеючыся: адзін з іх, Сьвятаслаў, хацеў сваю сталіцу перанесьці з Дняпра на Дунай, бо туды, к Дунаю, сходзілася «ўсякае дабро», а сярод гэтага ўсякага «дабра» была і «челядзь». Апрача гэтага на рынак ішлі і продукты лясной гаспадаркі-футравыя скуры, мёд і воск. Гэта князі здабывалі «мірным шляхам», зьбіраючы гэта ўсё у выглядзе даніны з славянскіх пляменьняў, якіх ім удавалася спакарыць; але нявольнікі былі самым важным таварам-аб іх болей за ўсё пішацца ў дагаворах першых рускіх князёў з грэцкімі імпэратарамі.
Першыя рускія «цары» былі, такім чынам, верхаводамі банд, якія гандлявалі нявольнікамі. Само па сабе зразумела, што яны нічым не «кіравалі»: у Х-м веку, напрыклад, князь ня прымае яшчэ удзелу і ў судзе. Толькі з ХI-га сталецьця князі пачынаюць пакрысе клапаціцца аб «парадку» ў тых гарадох, якія ўтварыліся пакрысе каля стаянак гандляроў нявольнікамі. Пісоўныя помнікі, якія дайшлі да нас, малююць іменна гарадзкі быт і гарадзкое жыцьцё. Насяленьне гэтых гарадоў было ня чыста славянскае, а вельмі мяшанае. Туды зьбіраліся гандляры і проста бягуны з розных краін, куды езьдзілі рускія купецкія караваны. Іменна гэта мяшанае насяленьне і атрымала раней за ўсё назву «Русі», - ад прозьвішча, якое фіны далі шведам, што наяжджалі у Фінляндыю цераз Бальтыцкае мора. Швэды складалі першы час пануючую клясу гэтага гарадскога насяленьня: іменьні першых князёў ды іх бліжэйшых памоцнікаў, баяр, усе швэцкія, як мы ўжо адзначалі. Грэцкія пісьменьнікі падаюць пекалькі тагочасных «рускіх» слоў, і ўсу яны запазычаны з швэцкай мовы. Самое слова «князь» паходзіць ад швэцкага «конунг», а другое ўсім знаёмае слова «віцязь» ад такога самага швацкага «вікінг». Але большасьць гарадзкога насяленьня была славянская, і князі, з іх баярамі хутка сярод яго аславяніліся. У канцы Х-га веку ўсе князі маюць ужо славянскія іменьні (Сьвятаслаў, Уладзімер, Яраслаў і г. д.) і гавораць. не пашвэцку, а паславянску.
Пра быт і звычаі гэтых першых «рускіх» людзей, жыхароў Ноўгараду, Кіева, Смаленску, Чарнігава, Пераяслаўля (гэта разам з Полацкам, які знаходзіўся крыху ў баку і знаходзіўся спачатку ў руках асобнай княжацкай сям'і, але таксама швэцкага паходжаньня, самыя старажытныя расійскія гарады, аб якіх мы ведаем), мы даведваемся больш за ўсё з так званай «Рускай Правды», зборніка судовых звычаяў, самыя старыя з якіх паўсталі ў Х-м веку, а канчаткова склалася «руская Правда» ў ХІІІ-м веку. Адгэтуль мы і даведваемся, што князь у Х-м веку яшчэ ня судзіў. Справы паміж гарадзянамі разьвязваліся або самасудам,-калі адзін чалавек раніў ці забіў другога, то або яго сябры і сваякі распраўляліся з вінаватым самі, сіняк за сіняк, паломаную рабрыну за паломаную рабрыну, а за забойства забойцу забівалі: гэта называлася «кроўнай помстай»; або-ж спрэчнікі йшлі на трэцейскі суд перад 12-ю чалавекамі (прысяжнымі) і падпарадкаваліся іх пастанове. Пастанова гэта звычайна складалася з таго, што таго, хто ўдарыў або забіў, прысуджалі заплаціць пакрыўджанаму або яго сям'і грашыма. Даражэй за ўсё плацілі за тых, хто належа да княжага двара, найменей-за сялян-тое, самае, што і за нявольнікаў. Лічылі тады на срэбра, хоць і вазывалі яго часамі, па старой памяці, «скацінай». Перавесьці тагочасныя цэны на цяперашнія вельмі цяжка, але прыблізна выходзіць, што жыцьцё селяніна каштавала тады рублёў 500 на грошы, якія у нас былі да вайны 1914 году, а жыцьцë баярына ў 16 разоў даражэй. За калецтва таксама плацілі, але, зразумела, меней, чым за забойства. Калі забіты быў нявольнік, гаспадар вылічаў, ці быў гэта навучаны якому-небудзь рамяству нявольнік, ці просты чорнарабочы: за навучанага нявольніка-рамесьніка трэба было плаціць даражей, чым за вольнага селяніна.
З чаго-ж тут складаўся суд? Ды вот з таго, што судзьдзі памагалі згаварыцца баком, пакрыўджанаму з крыўдзіцелем, і вылічалі, колькі каму плаціць. А кара? Аб ёй спачатку і гутаркі ніякай ня было, ня лічачы таго, што пакрыўджаны, калі адчуваў сябе дужым, мог ударыць, а не, дык і забіць крыўдзіцеля. Кар спачатку ня было, бо гарадзкая Русь Х-ХІ веку яшчэ ня ведала грамадзкіх кляс. Кара зьяўляецца сродкам для пануючай клясы падтрымаць сваю ўладу і прывілеі (перавагі). Напрыклад, у буржуазным грамадзтве, дзе ўсё заснована на прыватнай уласнасьці, карамі стараюцца надаць павагу да уласнасьці. Хто зачапіць чужое права ўласнасьці, таго рознымі спосабамі саромяць, садзяць у турму, засуджваюць на катаржныя працы і г. д. Але пакуль кляса ўласьнікаў яшчэ не ўтварылася, кожны абараняў сябе і сваю маёмасьць, як умеў, або зварачаўся да ваколічных жыхароў і суседзяў і ў іх шукаў абароны. Што патрэбна нейкая ўлада, якая-б хапала, саджала, карала,-гэта ня прыходзіла у галаву.
Але паступова наверсе гарадзкой Русі вылучаліся людзі, у руках якіх, з прычыны ўдачных паходаў і рабаваньня, назьбіралася шмат багацьця, галоўным чынам, скаціны (мы помнім, што ў пачатку яна была вельмі дарагая) і нявольнікаў, «халопаў». Маса працоўнага насяленьня ад іх залежала. Сяляне, якіх войны не абагачвалі, а руйнавалі, павінны былі пазычаць у багатых, пераважна скаціну, коні. Скаціну яны павінны былі аддаваць з прыплодам (адгэтуль «рост» і расійскае «ростовщик»[3]), - так вытварыліся процанты). Сяляко, якія завінаваціліся, «закупы», калі не маглі расплаціцца (а маглі гэта яны зрабіць вельмі рэдка), траплялі у становішча, вельмі падобнае да халопскага: «ліхвяр»-гаспадар іх біў, часамі і прадаваў, як нявольнікаў. У такое самае становішча траплялі і гарадзкія рамесьнікі, нават купцы, якія гандлявалі на пазычаныя грошы. Утварыліся дзьве клясы: багатыроў, на чале якіх стаяў князь, і гарадзкой ды бясковай беднаты, якую прыгняталі багатыры.
Як зьявіліся клясы, пачалася і клясавая барацьба: бедныя паўставалі, нападалі на багатых, падпалівалі іх хаты, кралі іх скаціну. У пазьнейшых частках «Русской Правды» (мы памятаем, што яна, складалася на працягу трох сталецьцяў) мы ўжо знаходзім кару, і іменна, за разбой, г. зн. узброены напад на чужую ўласнасьць, за падпал і канакрадзтва. Ад гэтых праступкаў нельга было адкупіцца, за іх каралі сьмерцю. Цікава пры гэтым, што прыходзілася забараняць плаціць усёй вёскай за разбойніка: відаць, што сялянства пазірала на яго іншымі вачыма, чым багатыя людзі: яму здавалася, што разбой можна адкупіць, як і звычайнае забойства ў тыя часы. Затое, калі разбойніка не знаходзілі, г. зн. вёска яго ўтойвала, дык спаганялі з усяе вёскі, па кругавой паруцы. З гэтых пастаноў «Русской Правды» мы, да-слова, даведваемся, што ахвярамі разбою часьцей за усё былі «княжы-мужы», гэта знача, багатыя блізкія да князя людзі.
Ніякімі суровымі карамі нельга было спалохаць задушаную ліхвярамі народную масу. і пры першым-жа выгодным выпадку яна падымалася ўся, ужо ня ў выглядзе асобных «разбойнікаў», а ў выглядзе агульна-народнага паўстаньня. У Кіеве,-гэта быў самы вялікі тагочасны горад, мы ведаем-два такіх паўстаньні: адно ў другой палавіне XІ-га веку, другое ў пачатку XІІ-га. Прычынай для першага былі ваенныя няўдачы князёў. Мы ўжо зазначалі, што не адны толькі варагі (швэды) палявалі на «чадядзь», не адны яны гандлявалі нявольнікамі на расійскай нізіне. У іх былі супраціўнікі, конкурэнты па гэтай частцы, якія прыходзілі з Азіі. Спачатку гэта былі хазары, - з імі справіліся яшчэ першыя вараскія князі. Потым прышлі печанегі, - і з імі справіліся, але барацьба ўжо абышлася нятанна: князь Сьвятаслаў, аб якім пісалі вышэй, быў печанегамі забіты, і з яго чарапа печанескі князь зрабіў сабе кубак. Калі прышла настунная хваля азіяцкіх супраціўнікаў, прышлі полаўцы, праўнукі Сьвятаслава ўжо ня мелі сілы справіцца з імі і паўцякалі. Насяленьне Кіева тады само ўзялося за зброю, але прагнала ня толькі полаўцаў, а і князёў з іх баярамі. Гэта быў, аднак, кароткачасовы посьпех; хутка князі зноў вярнуліся і жорстка расправіліся з правадырамі народнай рэволюцыі. Зьдзірства ліхвяроў рабілася ўсё больш нахабным, прычым гняздом ліхвярства быў князёўскі двор: князь быў першым спэкулянтам, гандлюючы сольяю і т. д. На гэты раз кіеўская бедната яе чакала ваенных няўдач: як толькі гэты князь (бацька яго быў скінуты і вярнуўся за 40 год перад тым) памёр, паўстаньне выбухла зноў і на гэты раз не ўдалося яго задушыць. Кіеўскія багатыры выратаваліся толькі тым, што хутка выклікалі з другога гораду, з Пераяслаўлю, самага популярнага тагочаснага князя, які ўславіўся перамогамі над полаўцамі, Уладзімера Манамаха. Той здолеў ашукаць народ лісьлівай гутаркай, але павінен быў зрабіць і цэлы шэраг уступак. Зноў выданыя пастановы, запісаныя у «Русскую Правду», забаранялі абыходзіцца з закупам, як халопам: закуп мог цяпер шукаць управы на свайго гаспадара-ліхвяра. Калі купец, што пазычаў грошы, траціў іх не на сваёй віне, а з прычыны пажару або крушэньня карабля, напрыклад, і ня мог аддаць пазыкі, яго не рабілі нявольнікам, як гэта было раней, ён атрымліваў адсрочку, каб заплаціць пазыку. Зразумела, усё гэта не прыпыніла ліхвярства і прыгнечаньня масы, якая ад заўсёдных войн усё больш бяднела. Але першы час пасьля кіеўскай рэволюцыі з гэтай масай лічыліся болей, чым калі-б то ні было. і сход кіеўскіх гарадзян, веча, кіравала Кіевам, ставіла і скідала князёў, а тыя павінны былі гаварыць з вечам не як з падданымі, а як з сваім братам, як з роўным. Князь гаварыў: «браты кіеўляне», а тыя яму адказвалі: «брат наш».
Такія самыя, як у Кіеве, парадкі ўсталяваліся і ў іншых гарадох: у Роставе (Яраслаўскім), Уладзімеры, асабліва-ж у Ноўгaрадзе, аб якім яшчэ прыдзецца гаварыць асобна. Але апрача Ноўгараду, дзе былі і асаблівыя мовы, як мы ўгледзім далей, у вечавых парадкаў ня было ніякай будучыны. Тагочасныя вялікія гарады жылі гандлем нявольнікамі. - ня трэба запамінаць на гэта, яны страшэнна пустошылі гэтым вакольную краіну. Сяляне беглі ад гэтых гарадоў у нетры прыволскіх і прывокаўскіх лясоў, цяперашню Маскоўскую, Разанскую і Уладзімерскую губэрні. Гэтыя сяляне ўжо ня былі поўдзікунамі, як першыя славянскія пасяленцы: яны мелі ўжо жалезныя прылады, умелі араць зямлю на кані сахою або плугам, яны былі куды дужэйшыя за фінаў, якіх яны знаходзілі ў маскоўскіх лясох і лёгка іх спакарылі. Адначасна для гарадзян яны, як раней, заставаліся «сьмердамі» (адгэтуль «сьмярдзець»), якія варты толькі на тое, каб узяць іх у няволю або браць з іх даніну. На вечы сьмерды ня мелі голасу, і ня было ім сэнсу падтрымліваць веча. Стараруская воля была гарадзкой воляй, і на кончылася разам з гарадамі.
Галоўных прычын заняпаду старарускіх гарадоў было дзьве: першай была вялізная зьмена ў кірунку і характары тагочаснага гандлю. Гэтая зьмена вядома у гісторыі над назвай «Крыжацкіх паходаў». Бо галоўнай мэтай, якая ўсім абвяшчалася, гэтых паходаў было нібыта заваяваньне «няверных», г. зн. магомэтан. Іерусаліма ды іншых сьвятых месц. Сапраўды-ж заходня-эўропэпэйскае войска, якое йшло вызваляць «гроб гасподзень», было толькі прыладай у руках сярэдня-вяковага заходня- эўропэйскага (пераважна італьлянскага) гандлёвага капіталу. Паўднёва-францускія ды італьлянскія купцы хацелі сабе пралажыць простую дарогу на багаты тады Ўсход, каб не залежаць болей ад грэцкіх, константынопальскіх купцоў, якія трымалі да тых пор у руках усходні гандаль. У Іерусаліме крыжакі і ўтрымаліся нядоўга, але Константыпопалем яны, у 1204 г., заўладалі больш моцна. Галоўны пакупнік расійскіх тавараў быў зруйнаваны. Усходні гандаль, які йшоў раней цераз Чорнае мора і па Дняпры, абыходам у Бальтыцкае мора, пайшоў цяпер проста з Сырыі, Палестыны і Эгіпту у Венэцыю, Гэную і Марсэль, адтуль, цераз альпійскія горныя праходы і Рэйн, у Пaўночную Эўропу. «Вялікі водны шлях з Вараг у Грэкі», на якім выцягнуўся ланцуг старарасійскіх гарадоў, заглух, а разам з ім сталі заглухаць і гэтыя гарады.
Канчаткова іх дабіла татарская навала. Татары прышлі адтуль-жа, адкуль прыходзілі хазары, печанегі, полаўцы: яны былі блізкія да гэтых народаў, і мэты ў іх былі тыя самыя-паляваньне на чалавечую дзічыну-але з усіх азіяцкіх прышэльцаў, татары былі самымі дужымі, лепей усіх організаванымі. Навалы ранейшых азіятаў прыпыняліся перад сьценамі гарадоў: усе спусташэньні прыпадалі зноў такі на сялян, «сьмердаў». Татары ўмелі браць гарады: як відаць, ім быў вядомы нават і порах, яшчэ невядомы тады (сярэдзіна ХІII-га сталецьця) у Заходняй Эўропе. Дружыны расійскіх князёў не маглі саўладаць з такім ворагам: усе расійскія гарады трапілі адзін за адным у рукі татар, апрача Ноўгараду. Татары ня толькі зьнішчылі іх і забралі ў палон насяленьне, але, узмацняючы сваю уладу, яны з коранем вырвалі скрозь (зноў такі, апрача Ноўгараду) гарадзкую волю. З князя яны зрабілі свайго прыказчыка, які зьбіраў даніну для татарскага хана, і кожнае супраціўленьне ханскаму прыказчыку каралася новым няшчадным руйнаваньнем. «Веча» пачало азначаць тое самае, што «бунт», «вечнік»-тое самае, што і «бунтаўшчык».
Татарскія парадкі стала замацаваліся на Русі, асабліва на паўночным усходзе, каля Масквы і Уладзімеру. Татарскі спосаб раскладу падаткай (на сохах. так зван. сошнае пісьмо») утрымаўся да сярэдзіны XІІІ-га сталельця. Мы ўгледзім далей, як аб'яднаньне Русі каля Масквы было на добрую палавіну татарскай справай. Але гэта было яшчэ паперадзе. І простыя, беспасрэдныя вынікі татарскай навалы былі вельмі вялікія. Гарадзкая Русь, высіленая ўласнымі рабаваньнямі, падцятая перасуваньнем сусьветных гандлёвых шляхаў з Чорнага мора і Дняпра на Міжземнае мора і Рэйн, была канчаткова дабіта татарамі і пасьля татарскага руйнаваньня не магла акрыяць. Расія зрабілася тэй самай вясковай краінай, якой мы прывыклі яе бачыць. І парадкі, якія склаліся ў гэтай вясковай Русі, былі непадобны ні ў горшы, ні ў лепшы бок на тое, што прадстаўляла з сябе гарадзкая Русь Х-га і ХII-га сталецьцяў. Князь і яго баяры, спачатку гандляры нявольнікамі, цяпер робяцца зямляробамі. Замест таго, каб дастаўляць тавар на нявольніцкія рынкі, яны садзяць цяпер захопленых імі палонных на зямлю, робяць з іх сваіх «сьмердаў». Усё гэта здарылася, зразумела, не адразу, не за адзін-два гады, нават не за адно-два дзесяцілецьці. Задоўга перад татарамі, у ХІІ-м веку, баярын з ліхвяра і гандляра зьмяняецца ў сельскага гаспадара: у яго, па «Русской Правде», ёсьць вёска, у вёсцы прыказчык і розныя рабочыя. У аднаго князя летапіс налічвае 700 чал. такой вясковай челядзі, пра другога-Галіцкага князя Рамана-нават прыказка склалася: «Рамане, Рамане, худымі жывешы, Літвою[4] орэшы», бо ён літоўскіх палонных садзіў на зямлю і прымушаў араць. Усё гэта, аднак, першы час не перашкаджала князём ды баярам займацца разбоем і, пры выпадку, гандляваць нарабаваным, а ліхвярства нават добра ўжывалася з сельскай гаспадаркай, дастаўляючы працоўныя рукі ў асобе «закупаў». Толькі заняпад гарадоў моцна асадзіў баярына ў яго сядзібе і канчаткова зрабіў яго «панам», абшарнікам.
Ад гарадзкой Русі (гісторыкі звычайна называюць яе «Кіеуска-Наўтародзкай», па двох галоўных гарадох) засталося даволі шмат пісоўных помнікаў, якія паказваюць, што ў той час у гарадох, асабліва пры дварох князёў, людзі былі ўжо даволі разьвітыя разумова, мелі літаратурныя, мастацкія інтарэсы і г. д. Князі ня толькі рабавалі, а захопліваліся ваеннай славай, прыдворныя поэты выслаўлялі іх вялікія ўчынкі і аплаквалі іх няшчасьці. Адна такая прыдворная поэма-«Слово о полку Ігореве»-да нас дайшла цалком: яна расказвае пра няўдачны набег аднаго князя на полаўцаў. Ад другіх падобных захаваліся адрыўкі ў летапісах, якія вяліся пры кожным княжым двары; князі апіраліся на летапісы, калі ім трэба было давесьці сваю правату або неправату суседа. Само сабою зразумела, што ў гэтых летапісах ня толькі князі на першым месцы, але аб іх расказваецца ўсё добрае, што можна расказаць, а пра іх ворагаў усё дрэннае. Калі нават і летапісы не маглі схаваць тых кіеўскіх рэволюцый, аб якіх гаварылася вышэй, значыцца ўжо занадта вядомая была справа, аб ёй хадзіла гутарка ў народзе, летапісцу нічога не заставалася, як выпраўдваць свайго князя, ускласьці віну на яго моладасьць, на дрэнных парадчыкаў і т. п. Наогул летапісцы ўсімі спосабамі стараліся ўзьвялічыць князёў: гэта іменна з летапісаў Кіеўскай Русі найноўшыя гісторыкі здабылі розныя байкі пра тое, што нібыта князі зьявіліся на Русь, каб навесьці парадак, супыніць праступкі, абараніць пакрыўджаных і г. д., - казкі, якія цяпер можна пачытаць у дрэнных гістарычных кніжках, што пашыраліся царскім урадам.
Гэта узьвялічэньне князёў тлумачыцца ня толькі тым, што летапісцы былі прыдворныя людзі, але й тым яшчэ, што гэта былі на большай частцы людзі духоўныя, прыдворныя сьвяшчэньнікі або кіраўнікі манастыроў, якія засноўвалі і багата надаралі князі. Цывільных пісьменных людзей у той час было яшчэ мала; «Русская Правда», напрыклад, ня ведае яшчэ пісоўных дагавораў, а сьвяшчэньнікі ўсе як адзін і тады былі пісьменныя: натуральна, што яны часьцей за ўсё зьяўляліся пісьменьнікамі. Але хрысьціянская царква абавязана сваім існаваньнем і красаваньнем Расіі князём ды баярам. Калі ў нас пачаў ўтварацца верхні пласт грамадзтва (гл. вышэй), то ён ганьбаваў старымі славянскімі рэлігійнымі абрадамі і славянскімі знахарамі, «волхвамі», а пачаў выпісваць сабе разам з грэцкімі шаўковымі матэрыямі і залатой аздобай і грэцкія абрады і грэцкіх «волхвоў», сьвяшчэньнікаў.
Праваслаўная царква, зразумела, як магла, разьдзьмухала значэньне гэтага здарэньня, так званага «хрышчэньня Русі», але сапраўды зьмена была чыста знадворная, і справа йшла аб зьмене іменна абрадаў, а рэлігійныя погляды і да і пасьля хрышчэньня заставаліся і тады, і куды пазьней, да нашых дзён-анімізмам[5], г. зн. верай у тое, што ўвесь сьвет заселены мноствам духаў, злых і добрых, але болей злых, чым добрых, ад якіх залежыць усё, што адбываецца ў сьвеце, - рух нябесных сьвяціл, надвор'е, ураджай, шчасьце і няшчасьце чалавека-усё гэта вызначалася капрыснай воляй гэтых духаў.
Анімізм быў колісь асновай рэлігіі ўсяго чалавецтва і да гэтых час жыве ў мове. Калі мы гаворым «сонца ўстае», дык паўтараем словы чалавека, што жыў тысячу год таму назад і шчыра пераконанага, што сонца ёсьць жывая істота, што яно кожны вечар кладзецца спаць і раніцаю ўстае з пасьцелі. Калі мы гаворым «лес шуміць», «рака бяжыць», то мы гэтым самым малюем іх жывымі істотамі. Але цяпер гэта-толькі словы, а калісьці чалавек, паўтараю, сапраўды верыў, што ўся прырода ажыўлена. Духаў, якія кіруюць усёй прыродай і ад якіх залежыць існаваньне чалавека, зразумела, страшэнна баяліся. Їх стараліся рознымі спосабамі уміласьцівіць, і затым, што наіўна думалі, што ў гэтых духаў былі такія самыя патрэбы, як у людзей, стараліся гэтых духаў накарміць, забясьпечыць іх вопраткай,-словам, дагадзіць ім так, каб ім ня было на што скардзіцца. Калі зьявілася хрысьціянства, то да ранейшых духаў дабавілася шмат новых хрысьціянскіх анёлаў і сьвятых. Але наогул гэтыя рэлігійныя погляды не зьмяніліся. Як раней, мелі месца ахвяры, толькі заместа таго, каб непасрэдна аддаваць духу курыцу, барана, каня або што іншае, гэта аддавалася духавенству, якое, думалі, умее нейк дагадзіць адпаведным духам сьвятых або напалохаць адпаведных злых-духаў. Хрысьціянскае духавенства, такім чынам, заступіла сабою тых знахароў і чараўнікоў, якія нібыта раней пазнавалі лёс.
Гэтая вера ня была зусім бяз сэнсу, як можа здацца з першага погляду. Наогул нічога бяз сэнсу ў гісторыі ня бывае, і духі, аб якіх ідзе гутарка, ня былі проста ні з таго ні з сяго выдуманы чалавекам. Гэта былі першапачаткова духі нябожчыкаў, якіх чалавек баяўся болей за ўсё на сьвеце, а нябожчыкаў чалавек баяўся таму, што нябожчыкі напаміналі яму аб сьмерці: сьмерці-ж, зьнішчэння ўсё жывое баіцца заўсёды болей за ўсё. Такім чынам, страх перад духамі ёсьць асаблівая форма страху сьмерці. г. зн. асаблівая форма пачуцьця самазахаваньня, у якой аб'яднаецца ўсё жывое. Чалавек спачатку баяўся самых нябожчыкаў, самых трупаў, стараючыся скарэй ад іх збавіцца, баючыся да іх падыйсьці, а пасьля таго, як падыходзіў, як мага, ачышчаўся, мыўся і г. д. Кожнаму лёгка дагадацца, як гэта было практычна, карысна, калі чалавек памёр ад заразнай хваробы, ды наогул труп, што гніе, напоўнен рознымі ядамі: такім чынам, чалавек, які захоўваў асьцярожнасьць, ходзячы каля гэтага трупа і падыходзячы да яго, рабіў разумна. Такім чынам, ня самыя ўчынкі чалавека былі ў даным выпадку недарэчныя, а недарэчныя былі тыя погляды, якія былі зьвязаны з гэтымі ўчынкамі, тыя тлумачэньні, якія ён гэтым учынкам даваў, і, перш за ўсё, вера ў тое, што шкодны ня сам труп, які гніе, а шкодны нейкі «дух», які хаваецца ў ім і якога ніхто ніколі ня бачыў і ня мог бачыць, бо «дух» існаваў толькі ў выабражэньні трусьлівага дзікуна.
Старарускі анімізм асабліва яскрава адбіўся ў «жыцьцях сьвятых», асабліва ў зборы апавяданьняў жыцьця манахаў галоўнага старарускага манастыра - Кіева-Пячэрскага. Усё жыцьцё старарускіх угоднікаў і манахаў складалася з нязьлічоных сутычак з рознымі «злымі», г. зн. варожымі хрысьціянству, духамі, прычым памоцнікамі манахаў выступалі «добрыя», г. зн. хрысьціянскія духі, сьвятыя і анёлы. Разам з гэтым мы даведваемся, што ў старарускім манастыры нічога не рабілася дарма, і манахам нельга было зрабіцца, не заплаціўшы грошай, - словам, усё было прасякнута такім самым духам гандлярства, як і ўсё жыцьцё старарускага гораду.
- ↑ Гэта зьмена клімату тлумачыцца рознымі прычынамі, галоўным чынам тым, што земная орбіта не заставалася аднолькавай ва ўсе часы існаваньня зямлі, а то удоўжвалася, то сьціскалася, рабілася больш падобнай да круга. Калі яна ўдоўжвалася, дых зіма рабілася даўжэй, лета карацей; з тае прычыны, што адначасна клімат у даўнейшы час быў больш вільготны, чымся цяпер, ад чаго сьнегу выпадала зімой вельмі шмат. і за кароткі час ён не насьпяваў растаць, - так утварыліся ледавікі. Па меры таго, як клімат рабіўся сушэй, а земная орбіта карацей, дык лета павялічвалася, ледавікі пачыналі раставаць і цяпер засталіся толькі каля канцавосься ды на самых высокіх горах.
- ↑ Славянскія мовы належаць да сям'і т. зв. "індо-эўропэйскіх", на якіх гаворыць (або гаварыла) насяленьне Эўропы на працягу апошніх трох тысячалецьцяў, потым насяленьне Пэрсіі, часткова Сярэдняй Азіі ды Індыі. На некаторых з гэтых моваў ужо не гавораць болей, і яны захаваліся толькі ў пісоўных помніках; да такіх "няжывых" моваў належаць з эўропэйскіх лацінская і стара-грэцкая, а з азіяцкіх - санскрыт. Другія ўжываюцца і цяпер, - да іх належаць романскія (француская, італьлянская, гішпанская і т. п.), нямецкія і славянскія (чэская, польская, баўгарская, сербская, расійская ды інш.).
- ↑ Пабеларуску ліхвяр
- ↑ Вельмі старажытнае інда-эўропэйскае племя на паўночным захадзе Расіі (яго сталіцай была спачатку Коўна, а потым Вільня). Пасьля татарскай навалы на руінах заходніх расійскіх княстваў яно заснавала вялікую дзяржаву, якая потым злучылася з Польшчаю (у XІV-XVІ сталецьцях).
- ↑ Ад латынскага слова анімус-дух.