Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Рэволюцыйная буржуазія

Прыгоньніцкая дзяржава Рэволюцыйная буржуазія
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Пераклад: Кастусь Гарабурда
Народная рэволюцыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рэволюцыйная буржуазія.

Да гэтых час мы малявалі разьвіцьцё народнае гаспадаркі і дзяржаўных формаў у Расіі так, як-бы гэты процэс адбываўся зусім гладка, не натыкаючыся ні на якія перашкоды, бяз сучка, без зачэпкі, як кажуць. Мы бачылі, што процэс гэты ўвесь час ішоў да аднае мэты-эксплёатацыі селяніна то на той, то на іншы манер, прычым спачатку эксплёатаваў селяніна, адбіраючы ад яго дадатковы продукт, адзін гандлёвы капітал, а потым ён пачаў рабіць гэта ў кампаніі з прамысловым капіталам, але пакідаючы сабе ўсё-ткі вялікую долю. Няўжо-ж сам селянін абыяка і без нараканьня вытрымліваў гэту эксплёатацыю, якая ўсё расла? Мо ён час ад часу варушыўся, напамінаючы таму, хто сядзеў на яго сьпіне, што ён, селянін, так сама жывы чалавек, а не драўляная лава, і што сялянская сьпіна адчувае цяжар?

Варушыўся, і так моцна, што гэта наганяла панічны страх на адных і давала надзеі-не заўсёды грунтоўныя-другім. З гэтых надзей пайшла народніцкая рэволюцыя, аб якой мы раскажам у наступным разьдзеле. А гэтыя страхі затрымлівалі ў нас буржуазную рэволюцыю, затрымлівалі да тае пары, пакуль не пачаўся ў Расіі рабочы рух, які вытруціў з расійскай буржуазіі апошнія астачы рэволюцыйнасьці.

Але тут трэба на мінуту прыпыніцца на пытаньні аб тым, пра якую-ж буржуазію мы гаворым, калі кажам аб «рэволюцыйнасьці» буржуазіі? Часта гэта разумеюць так, што колісь кляса капіталістых (прычым не разьбіраюць, якіх іменна: гандлёвых ці прамысловых) была сама, беспасрэдна, рэволюцыйная. Гэтага ніколі ня было і нідзе ня бывае. Рэволюцыя заўсёды ёсьць рух народнае масы, заўсёды, проста або пабочна, накіравана супроць эксплуатацыі-- кожная рэволюцыя, на толькі соцыялістычная. Цяпер абмяркуйце, які-ж гэта эксплёататар будзе клікаць народ на бой супроць эксклёатацыі? Гэтага ніколі, пэўна, не здараецца. Але адны эксплёататары заўсёды ўмеюць выкарыстаць паўстаньне эксплёатаваных супроць другіх эксплёататараў. Гэта-асаблівая форма буржуазнай конкурэнцыі, калі хочаце. Так, у Францыі, у канцы XVІІІ веку, прамысловы капітал за дапамогай сялянскай і рабочай рэволюцыі, выкінуў з сядла стары гандлёвы капітал, памоцна зьвязаны з зямельнай уласнасьцю, а потым сам сеў на месцы купцоў і памешчыкаў. Але гэта ня значыць, што беспасрэдным кіраўніком францускай рэволюцыі былі фабрыканты і заводчыкі. Француская рэволюцыя 1789 г. і пачалася-ж з паўстаньня на аднэй фабрыцы. Правадырамі рэволюцыі ў Францыі былі не фабрыканты, наогул не прадпрыемцы, а прамежная кляса паміж прадпрыемцамі і дробнай буржуазіяй,--класа моцна зьвязаная з прамысловым капіталізмам, якая ад яго залежала, але якая сама не эксплёатавала беспасрэдна народную масу. Гэтую клясу адукаваных служак капіталу, «грамацеяў-дзесятнікаў», прынята называць у Расіі інтэлігенцыяй (г. зн. людзі, якія «знаюць, разумеюць»).

Інтэлігенцыя таксама жыве на дадатковы продукт,-у гэтым яе сувязь з буржуазіяй. Чым хутчэй і шырэй разьвіваецца капіталізм, тым ён выгадней, бо тым больш інтэлігенцкіх профэсій, тым шырэй поле для дзейнасьці інтэлігенцыі. Гандлёвы капітал меў пры сабе, у якасьці інтэлігенцкіх служак, толькі дактароў ды канцылярскую «інтэлігенцыю», чыноўніка. Літаратары, акторы, мастакі знаходзіліся ў гандлёвага капіталу на становішчы жартаўнікоў і блазнаў. Уся гэтая інтэлігенцыя была або мала інтэлігентна (чыноўнікі), або вельмі мала ўплывовая ў грамадзкім сэнсе. Таму ў рэволюцыях эпохі гандлёвага капіталізму інтэлігенцыя мала прымае ўдзелу, мы гэта зараз і ўбачым. Але па меры разьвіцьця прамысловага капіталізму сюды далучаюцца юрыстыя-адвакаты, часопісцы-газэтчыкі, потым, па меры пашырэньня машыннай тэхнікі, інжынеры і г. д. Яны ўжо вельмі патрэбны буржуазнаму грамадзтву, і грамадзкая роля ў іх куды большая. У Францыі правадырамі рэволюцыі былі, галоўным чынам, адвакаты і часопісцы (але быў і доктар Марат, былі інжынеры - Карно ды інш.). У іншых выпадках гэта маглі быць літаратары, настаўнікі або нават вайскоўцы. Удзел вайскоўцаў у буржуазнай рэволюцыі вельмі заметны ў Гішаніі, у Італіі і ў нас, у Расіі: самае галоўнае выступленьне рэволюцыйнай буржуазіі, змова дзекабрыстых (гл. вышэй ст. 94 і ніжэй) усьцяж была вайсковай.

Значыцца, беспасрэдным увасабленьнем буржуазнай рэволюцыйнасьці зьяўляецца не сама прадпрыемчая буржуазія, а інтэлігенцыя. Будзем памятаць гэта і, дарэчы, адзначым, што зусім не канечна, каб інтэлігенцыя разумела, да якога канцовага выніку хіліцца буржуазная рэволюцыя, каб ёй ясна было, што яна змагаецца за прамысловы капітал супроць гандлёвага. Рэволюцыя вымагае ад сваіх дзеячоў захапленьня, самаахвярнасьці, ва ўсякім разе, рызыкі сваім жыцьцём і становішчам. Але хто-ж захопіцца малюнкам, калі фабрыкант праганяе ў карк купца, і хто пачне дзеля гэтага чым-колечы рызыкаваць? Усёй тэй падкладкі барацьбы, аб якой мы расказвалі вышэй, інтэлігенцыя проста не разумела. Яна бачыла знадворныя праяўленьні прыгоньніцкай дзяржавы,-сваволю царскай улады, прадажнасьць чыноўніцтва, жорсткія кары, прыгнечаньне ніжэйшых кляс, і яна паўставала супроць усяго гэтага ў імя волі. Што сапраўднай волі ня можа быць, пакуль існуе эксплёатацыя чалавека чалавекам, пакуль існуе капіталізм, гэтага інтэлігенцыя доўгі час не разумела, а калі зразумела, то перастала ў большасьці сваёй быць рэволюцыйнай. Бо інтэлігенцыя, паўтараем гэта, як буржуазія, жыла на дадатковы продукт, які гвалтоўна выціскаўся з селяніна ці рабочага. Комуністычная рэволюцыя для яе азначала, што яна павінна была страціць выгодны паёк, павінна была стаць у адзін шэраг з працаўнікамі фізычнай працы, адмовіўшыся ад сваіх прывілеяў. А на гэта мог пайсьці толькі мала хто, найбольш шчырыя і адданыя справе рэволюцыянэры-інтэлігенты.

Высьветліўшы сабе аснаўныя рысы буржуазнай рэволюцыйнасьці, пяройдзем цяпер да таго фундаманту, на якім павінна была стаяць расійская буржуазная рэволюцыя, як і кожная іншая: да народнага сялянскага руху. Мы угледзім, што фундамант гэты так тросься, што буржуазная інтэлігенцыя нічога пабудаваць на ім ня здолела. Ён вытрымліваў толькі не-буржуазную будову,-так ужо ён быў пабудаваны.

У першай частцы гэтай кніжкі мы бачылі, што спробы сялянскай масы ісьці супроць эксплуатацыі гандлёвага капіталу, якая на яго насувалася, у пачатку ХVІІ веку, перад зьяўленьнем Романовых («смута»), і ў канцы яго, перад выступленьнем Пётры І (паўстаньне Разіна), абедзьве скончыліся няўдачай. Пасьля Разіна якраз 100 год ня было ў Расіі вялікага сялянскага руху. Можна было падумаць, што народ з роспачы апусьціў рукі. Сапраўды-ж, спачатку смута, а потым Паўночная вайна зрабіла насяленьне такім рэдкім, што на долю кожнага селяніна прыходзілася болей зямлі, чым раней (перад «Смутай», напрыклад, на кожны сялянскі двор прыпадала 2½ дзесяціны, а праз 80 год ужо 9; лік душ у кожным двары, праўда, таксама павялічыўся, але значна менш, ня больш, чым удвойчы). Селяніну з гэтай прычыны, было куды лягчэй вытрымліваць эксплёатацыю. Але як толькі к ІІ-ой палавіне XVІІІ веку насяленьне зноў згусьцілася, зьявіліся азнакі зямельнай цеснаты (першая рэвізія Пётры І дала 5½ міл. душ мужч. полу, а трэцяя, праз 40 год, ужо бадай 7½ міл., ня гледзячы на тое, што яна была куды менш строгай; сапраўды, тагочасныя статыстыкі налічвалі калл 8½ міл. душ), зноў дачынаюцца сялянскія «забурэньні» і к 70-м гадом ХVІІІ веку выліваюцца ў вялізны пугачоўскі бунт.

Прычынай была ня толькі зямельная цесната,-яна толькі й рабіла становішча ўва ўсёй Расіі вельмі напружаным,-а мясцовыя прычыны сялянскай рэволюцыі былі іншыя: гэта відаць ужо з таго, што выбухла яна і трымалася ўпарта больш за ўсё на ўсходняй акраіне Расіі, на Урале і ў Паволжы, дзе якраз зямельная цесната не магла быць галоўнай бядою. Але тут трэба прыпамятаць, што гэты час, другая палавіна XVІІІ веку, быў часам першага росквіту расійскага збожжавага гандлю. Расійская пшаніца ўжко прасілася за мора, Кацярына ІІ ужо вяла войны з Турцыяй, каб адчыніць ёй дарогу, а Паволскія і Прыуральскія губэрні і цяпер найбольш урадлівыя, найбольш збожжавыя губэрні. Тут апэтыт памешчыка к дадатковаму продукту быў асабліва гостры, а сялян тут было яшчэ параўнаўча мала: з гэтай прычыны эксплёатацыя сялянства ва ўсходняй Расіі адрозьнівалася асаблівай жорсткасьцю. Тут паншчына, якая ў другіх месцах адбірала ў селяніна 3-4 дні на тыдзень, даходзіла часамі да 6-7 дзён. Калі-б у селяніна быў і вялікі надзел,-то калі яму было на ім гаспадарыць? Скрозь ужо ў тагочаснай Расіі нявольнік, селянін быў у гэтых месцах нявольнікам больш, чым дзе-б то ні было, напамінаючы нэгра амэрыканскіх плянтацый або нявольніка ў старажытным Рыме, у якога нічога ня было свайго, усё панскае.

У такім становішчы было ня толькі зямляробскае насяленьне, але й прыгонныя майстаравыя уральскіх горных заводаў. Гэта асабліва важна таму, што на уральскіх горнарабочых і горназаводзкіх сялянах (апошнія павінны былі для заводаў сячы лес, падвозіць руду, капаць сажалкі і т. п.) трымалася галоўная сіла Пугачова. Гэты апошні паходзіў з данскіх казакоў. Ён спачатку дзейнічаў на Цераку (Паўночны Каўказ), дзе граў выдатную ролю, потым трапіў на раку Урал (якая тады называлася Яікам) і застаў тубыльнае казацтва ў вялікім неспакоі. Яіцкія казакі жылі, галоўным чынам (як часткова і цяпер жывуць уральцы), рыбнымі промысламі. Яны лавілі рыбу, салілі яе і адсылалі ў Расію. Але соль была скарбовай манаполіяй, а салявы водкуп захапіла ў рукі казацкая старшыня. Казацкая маса была ў старшыні, як у мёртвай пятлі; не абмяжоўваючыся салявым падаткам, старшыня абкладала казакоў яшчэ рознымі, ужо зусім незаконнымі, паборамі. Казакі паўставалі, уласна, супроць сваіх атаманаў-эксплёататараў. Але на дапамогу атаманам зьяўляліся вайсковыя каманды з Орэнбургу, і казакаў жорстка ўсьміралі. Мноства казакаў было адлупцавана бізуном, саслана на катаргу, аддана ў салдаты. Злосьць была страшэнная, і калі Пугачоў абвясьціў сябе «цудоўна-выратаваным» Пётрам ІІІ, казакі пачалі зьбірацца да яго з усіх бакоў. Калі Пугачоў пытаў першых, што прыехалі да яго, ці прымуць яны яго, яму, як адзін, адказвалі: «Прымем, баця, толькі заступіся за нас і ў нашых ад старшынь крыўдах памажы, мы ўсе зусім згалелі ад вялікіх грашовых пабораў».

Здавалася-б і гэта паўстаньне ўраду Кацярыны ІІ было таксама лёгка ўсьмірьць, як і папярэднія. Пасланы супроць Пугачова генерал больш за ўсё баяўся, як-бы той «ня пусьціўся ўцякаць», ня зьбег ад яго (Пугачоў аднойчы ўжо быў арыштаваны, як «Пётра ІІІ» і шчасьліва зьбег). Заместа таго цераз некалькі тыдняў «пусьціўся ўцякаць» сам гэты генэрал. Як-жа гэта здарылася? А таму, што насустрэч Пугачову пайшло «ўсеагульнае чэрні ўзрушэньне», «у сярэдзіне і збоку зладзейства, здрадніцтва і непаслушэнства ад жыхароў», як пісаў у Пецярбург другі генэрал, прысланы на зьмену першаму. А на першым месцы «усеагульнае забурэньне» ахапіла ўральскія заводы з іх прыгонным, рабочым і сялянскім насяленьнем. Пры гэтым, - даносіў з Пецярбургу ангельскі пасланьнік свайму ўраду, вялікая колькасьць медных гармат, вылітых на скарбовых ліцейных заводах, трапіла ў рукі мяцежнікаў, якія разбурылі некалькі ліцейных заводаў, у тым ліку адзін з заводаў Дземідава, прыгоннныя сяляне якіх далучыліся да бунтаўшчыкоў».

Тут няправільна толькі, што Пугачоў «разбурыў» заводы: сапраўды-ж заводы на яго працавалі, забесьпячалі яго порахам і бомбамі. Людзі, якія ўмелі выліваць гарматы, умелі з іх і страляць; разам з бомбамі і порахам Пугачоў атрымліваў з заводаў і артылерыстых, і яны былі лепшыя, чым урадовыя. Удзел уральскіх горнарабочых даў пугачоўцам тэхнічную перавагу над войскам Кацярыны ІІ, а вандроўныя народы пры Ўрале, асабліва, башкіры (якіх царская адміністрацыя рознымі спосабамі катавала і зьнішчала: пасьля аднаго паўстаньня башкір было зьнішчана каля 30 тысяч), падмацавалі Пугачова коньніцай. Калі ён зьявіўся з усёй гэтай сілай у Паволжа, то ў яго была сапраўдная армія.

Калі-б Пугачоў адразу пайшоў на Маскву, ён, мабыць, меў-бы поўны посьпех: у Маскве і ў Туле майстаравыя таксама былі ўзрушаны, а дваранства было зусім у страху. Але казакі прымусілі яго застацца каля Орэнбургу, дзе сядзеў галоўны, па іх разуменьню, вораг-губарнатар. Гэтым ён страціў час, а Кацярына выйграла. На Урал былі сабраны вялікія вайсковыя сілы. Разьбіты ў некалькіх баёх, Пугачоў і цяпер быў яшчэ страшны. Ён кінуўся ўрэшце туды, куды яму трэба было йсьці з самага пачатку-па маскоўскай дарозе, на Казань. Яго скрозь сустракала з захапленьнем ня толькі сялянства, але нават і духавенства, якое ад страху перад сялянамі сустракала «Пётру» з крыжамі і паходнямі. Усіх памешчыкаў няшчадна зьнішчалі,-за час пугачоўшчыны іх было перавешана некалькі тысяч. «У Маскве,-пісаў адзін сучасьнік,- халопы і фабрычныя і ўся шматлікая чэрнь маскоўская, бадзяючыся па вуліцах, бадай відочна выяўляла буйны свой настрой і адданасьць самазванцу, які згодна іх слоў нясе ім жаданую волю».

Якую-ж волю нëс Пугачоў? У сваіх «маніфэстах» ён «дараваў» «усім, хто знаходзіўся раней у сялянстве і падданстве памешчыкаў, вернападданымі нявольнікамі ўласна нашай кароны» - быць, тлумачыцца далей, «вечна казакамі», не вымагаючы рэкруцкіх набораў, падушных і іншых грашовых падаткаў, ва ўладаньне землямі, ляснымі, сенакоснымі ўжыткоўнасьцямі, рыбнымі лоўлямі, салявымі вазёрамі бяз куплі і без аброку». Гэта была, як мы бачым, поўная програма вызваленьня сялян ня толькі з іх зямлёй, але з зваротам сялянам усіх ужыткоўнасьцяй, калі-небудзь адабраных ад іх і ад казакоў памешчыкамі і адкупшчыкамі (рыбная лоўля і салявыя вазёры здаваліся на водкуп). Мала таго, зьнішчаўся ня толькі просты ўціск гандлёвага капіталу цераз прыгоннае права, але і ўскосны, цераз падаткі: апрача падушных, аб якіх ужо гаварылася вышэй, побач з рэкрутчынай, маніфэст вызваляў сялян «ад усіх раней чынімых-ад зладзеяў дваран, гарадзкіх хабарнікаў і судзьдзяў-сялянам і ўсяму народу падаткаў, якія накладаліся, і абцяжаньняў». Такую грунтоўную зьмену, якая зьнішчала ўвесь сэнс існаваньня прыгоньніцкай дзяржавы, маніфэст відочна не разьлічаў правесьці сіламі аднэй царскай улады, ад імя каторай быў напісан маніфэст. У заключэньне гэты апошні прапанаваў сялянам дзейнічаць уласнымі сродкамі, і памешчыкаў, праціўнікаў нашай улады, бунтароў імпэрыі і руйнавальнікаў сялян лавіць, казьніць і вешаць».

Маніфэст ня толькі ня меў на ўвазе політычнага перавароту, але наадварот, захоўваў самадзяржаўную ўладу ва ўсёй недатыкальнасьці. Людзі, якія толькі што пакаралі сьмерцю свайго маленькага цара-памешчыка, павінны былі застацца паслухмянымі нявольнікамі вялікага памешчыка-цара. Аўтар пугачоўскага маніфэсту (наўрад ці гэта быў сам Пугачоў, чалавек зусім малапісьменны), як відаць, зусім не разумеў, навошта і чаму існуе самадзяржаўе, не разумеў, што немагчыма захаваць каранаваную верхавінку прыгоньніцкай дзяржавы, зьнішчыўшы ўвесь яе фундамант. Але ў гэтым яго нельга вінаваціць, калі мы ведаем, што праз 100 год адукаваныя людзі, профэсары, думалі, што можна вызваліць народ, а царскую ўладу у Расіі пакінуць. Затое маніфэст лепей усіх адукаваных людзей 1860-1870 г.г. разумеў, што вызваліць сялян-значыць зьнішчыць памешчыцкую ўладу зусім, дазваньня, што калі памешчык застанецца, то застанецца хоць кавалачак прыгоннага права.

Пугачову ўдалося зьнішчыць шмат памешчыкаў, але памешчыцкага стану зьнішчыць не ўдалося. У цэнтральную, карэнную памешчыцкую Расію яго ня пусьцілі. Яго войска было даволі добра організавана, каб разьбіваць асобныя невялікія ўрадовыя атрады, але справіцца з цэлай урадовай арміяй Пугачоў ня меў сілы. Адкінуты ад Казані пасьля заядлай бітвы («зладзеі на мяне наступалі з такой гарматнай і стрэльбавай стралянінай і з такой зацятасьцю, якую толькі ў лепшым войску знайсьці спадзяваўся», пісаў начальству генэрал, які ваяваў з Пугачовым каля Казані), але далёка яшчэ ня зьнішчаны Пугачоў кінуўся ўніз па Волзе, і хутка ўся прастора цяперашніх Сімбірскай, Самарскай і Саратаўскай губэрняў была ахоплена ўсьцяж сялянскім бунтам. Толькі каля Царыцыну Пугачоўская армія атрымала сьмяротны удар. Пугачоў зьбег у стэп, быў выданы казакамі і пакараны сьмерцю ў Маскве 10 студзеня 1775 году. Сялянскае паўстаньне было задушана з барбарскай жорсткасьцю, цэлыя вёскі былі «зголены» карнымі атрадамі. І яшчэ доўга каля ўсіх вёсак бунтоўнага краю красаваліся шыбеніны і колы, на страх «злачынцам і праступнікам подлага стану».

Саўладаўшы з пугачоўшчынай, прыгоньніцкая дзяржава, на першы погляд нібы-то яшчэ больш зрабілася нахабнай. Іменна пасьля гэтага Кацярына ІІ пашырыла прыгоннае права на Украіну. Сапраўды-ж, яна вельмі баялася. Рашыўшы, што паўстаньне разраслося з тае прычыны, што на месцах мала было начальства і паліцыі, Кацярына павялічыла лік губэрняў з усім іх чыноўніцкім штатам, так што цяпер адзін губарнатар прыпадаў на 300 тысяч жыхароў (у той час, як раней у адной Маскоўскай губэрні было больш 2 мільёнаў), стварыла новыя паліцэйскія органы (капітан-іспраўнікаў) і г. д. Боязьнь гэтага падтрымлівалася тым, што сялянскія забурэньні з тых час ня сьціхалі зусім ні на воднае панаваньне, кожнаму з патомкаў Кацярыны прыходзілася мець з імі справу. Адразу-ж пасьля ўступленьня на прастол Паўла, забузабурэньні былі гэткія вялікія, што прыходзілася пасылаць, каб іх супакоіць, вялікія атрады войска з гарматамі. Гэта часткова прымусіла Паўла выдаць указ аб трохдзённай паншчыне. Сеў на прастол Аляксандар І, сяляне зной хваляваліся, і Аляксандар палохаў сваіх прыдворных (якія не згаджаліся з забаронай прадаваць сялян без зямлі), што забурэньне такой колькасьці людзей, узмацніўшыся, можа зрабіцца небясьпечным. Быў зноў выданы указ-аб «вольных хлебаробах», які дазваляў памешчыкам адпушчаць сялян на волю цэлымі вёскамі з зямлёю (раней вызваляць было можна толькі штукамі).

Памешчыкі гэты ўказ бадай не скарысталі, яны запомнілі пугачоўшчыну лепей, чым цар і яго двор. Пасьля таго, як сеў на прастол Мікалай І, зноў пачаліся забурэньні, і зноў указ, які заклікаў памешчыкаў да «хрысьціянскага абыходжаньня» з прыгоннымі. У гэтае панаваньне забурэньні паўтараліся шмат разоў, - аднойчы, у 40-х гадох, у Віцебскай губэрні, сабралася каля 20 тысяч сялян узброеных стрэльбамі, цапамі, косамі, якія сабраліся йсьці на Пецярбург. Выдаючы свой нікчэмны закон пра абавязаных сялян (гл. вышэй стар. 97), Мікалай зноў напамінаў пра пугачоўскі бунт. Дваране зноў і вухам не павялі. У час Севастопальскай вайны рух набыў асабліва грозны характар. Сяляне, з якіх фармавалі апалчэнскія дружыны, замест таго, каб ісьці на ворага, нападалі на спраўнікаў і сваіх паноў. Гэты рух вельмі дапамагаў таму, што адразу пасьля ўступленьня на прастол Аляксандра ІІ, сялянскае пытаньне было адразу пастаўлена на першую чаргу. Бяручыся за вызваленьне, Аляксандар ІІ больш за ўсё баяўся сялянскага бунту. Ён быў перакананы, што калі сяляне зразумеюць ману, зразумеюць, што пад выглядам «вызваленьня» іх аграбілі, яны паўстануць усёй масай; часткова яго непакой і апраўдаўся: пры абвяшчэньні «волі» было больш 2 тысяч сялянскіх бунтаў. Сур’ёзьней за гэта ня было з часу пугачоўшчыны, але ў адно агульнае паўстаньне, накшталт пугачоўшчыны, гэтыя бунты ня зьліліся. Вайскова-паліцэйская організацыя імпэрыі «Романовых» была цяпер даволі моцная і даволі прадбачлівая.

Як-жа адносілася да ўсяго гэтага рэволюцыйная буржуазія, якая жадала прыкончыць прыгоньніцкую дзяржаву? Яна баялася, баялася ці ня больш яшчэ, чым цары і іх двор. Уся гісторыя спроб рэволюцыйнай буржуазіі скінуць самадзяржаўе прасякнута гэтым страхам перад сялянскімі нажамі і сякерамі. Яны скрозь здаваліся гэтай буржуазіі і сьціскалі яе страхам у самыя рашучыя хвіліны. А пасьля хваляваньня 1861 году буржуазная рэволюцыйнасьць зусім вытыхаецца і тухне, пасьля гэтага аб ёй і гаварыць ня прыходзіцца.

У канцы XVIII веку буржуазнай інтэлігенцыі было ў Расіі яшчэ вельмі мала. Яна групавалася ў масонскіх лёжах каля адзінага тады ў Расіі Маскоўскага унівэрсытэту. Масонства, гэта-рэлігійная навука, вельмі арыстократычнага характару, аблытаная рознымі замыславатымі абрадамі, царамоніямі і клятвамі, і даступная толькі невялікім, строга зачыненым гуртком прысьвечаных (гэтыя гурткі называліся «лежамі»). Масоны не прызнаюць розьніцы паміж верамі, прызнаюць толькі веру ў бога і лічаць сваімі роданачальнікамі будаўнікоў Саламонавай царквы. Сэнс масонства быў у тым, што яно дазваляла збліжацца паміж сабою людзям рознай веры, напрыклад, яўрэям з хрысьціянамі, што было вельмі зручна для гандлёвага капіталу, які зьвязваў розныя краі і ў тым яшчэ, што сваёй таемнасьцю яно адлучала багатых і адукаваных людзей, якія ўваходзілі ў масонскія лёжы, ад неадукаванай чэрні, якая проста хадзіла тады ў цэркву. Патаемнасьць вельмі ішла да твару гандлёваму капіталізму (гл. вышэй стар. 98). У Расіі за Кацярынай ІІ на чале масонаў былі маскоўскі друкар-выдавец Новікаў і профэсар маскоўскага унівэрсытэту Шварц. На самадзяржаўе маскоўскія масоны і ня думалі рабіць замаху, яны спадзяваліся, наадварот, ажыцьцяўляць свае пляны за дапамогай самадзяржаўя, для чаго і зблізіліся з сынам Кацярыны, Паўлам, якога ім удалося запісаць у масонства. За гэта Кацярына пасадзіла Новікава ў крэпасьць. (Шварц ужо памёр да таго часу).

Ня будучы зусім буржуазнымі рэволюцыянэрамі, масоны падрыхтавалі апошнім шлях у двух кірунках. Па-першае, у масонскіх лёжах, побач з вольнымі размовамі аб рэлігійных прадметах (у тыя часы выказаць сумненьне нават у перавазе праваслаўя над другімі верамі было ўжо цяжкім праступкам, а масоны зусім розьніцы паміж верамі не прызнавалі), адбываліся і вольныя політычныя размовы: а па-другое, масонская лёжа з яе таемнасьцю была вельмі выгоднай абалонкай і вельмі добрай школай для змовы: недарма змоўшчыкі дзекабрыстыя ўсе выйшлі з масонскіх лёж, і недарма ўрад адносіўся да масонаў вельмі падазрэнна, пакуль Аляксандар І не забараніў масонскія лёжы зусім. Але першы, каго можна было назваць буржуазным рэволюцыянерам Расіі, вышаў не з масонскай лёжы, а быў вучнем францускіх філëзофаў і публіцыстых XVІІІ веку. Гэта быў Аляксандар Мікалаевіч Радзішчэв, аўтар кнігі «Путешествие из Петербурга в Москву» (1790 г.).

Уся яго «рэволюцыя» і была ў выданьні гэтай кніжкі. Каля яго ня было нават маленькага гуртка, ён быў зусім адзін. Суд не знайшоў у яго самай нязначнай спробы «збунтаваць» каго-б то ні было. У жыцьці гэта быў самы ціхі літаратар, якога толькі можна сабе ўявіць. Пасаджаны ў турму, ён вельмі каяўся, што напісаў сваю кнігу, якую ён назваў у пісьме да сьледчага «мерзительной» і «гнусной». Тым ня менш Кацярына выслала яго ў Сібір. За што-ж? Два месцы з «Путешествия» тлумачаць гэта. «Зьвяры прагавітыя, п'яўкі ненасытныя, што мы селяніну пакідаем? Тое, чаго адабраць ня можам-паветра. Так, адно паветра. Адбіраем у яго часамі ня толькі дар зямлі-хлеб і ваду, але й самы сьвет. Закон забараняе адабраць у яго (селяніна) жыцьцё. Але ласьне раптоўна (гэта знача адразу). Колькі спосабаў адабраць у яго паступова! З аднаго боку — бадай усемагутнасьць, з другога-слабасьць безабаронная. Бо памешчык у адносінах селяніна ёсьць законадаўца, судзьдзя, выканаўца свае пастановы, і па сваім жаданьні-ісьцец, супроць якога адказчык нічога сказаць ня можа».

Так пісаў Радзішчэў аб прыгонным праве ў той самы час, калі яно, мы ведаем, было асабліва дорага памешчыку. Ужо гэтага зьнесьці прыгоньніцкая дзяржава не магла. Але Радзішчэв не прыпыняўся перад маленькім царом, ён дабіраўся і да большага. Ужо ў адной кніжцы, выданай яшчэ да «Путешествия», ён тлумачыў свайму чытачу, што «самадзяржаўе ёсьць найпраціўнейшы чалавечай натуры стан». «Неправасудзьдзе цара дае народу тое самае над ім права, якое яму (цару) дае закон над праступнікамі. Цар ёсьць першы грамадзянін народнага грамадзтва». Тады гэта абышлося Радзішчеву дарам. У «Путешествии» ён загаварыў аб тым самым куды больш адважна. Ён падаў у адзін з разьдзелаў свае кнігі, нібыта на ім напісаны, верш, «К вольнасьці», напісаны так, што да рэволюцыі 1905 году яго немагчыма было друкаваць у Расіі. Зьмест гэтага вершу прысьвечан узброенаму паўстаньню супроць самадзяржаўя, паўстаньню ўдачнаму, якое канчаецца тым, што «венчаннаму мучыщелю» цару, адсякаюць галаву. Цар пры гэтым называецца «страшыдлам жудасным», «злачынцам, злачынцаў усіх люцейшым» і т. п. Прачытаўшы гэты верш, Кацярына знайшла яго «зусім і відочна бунтарскім», «крымінальнага (гэта знача праступнага) замеру». Сапраўды, больш адкрыта аб царох у Расіі ні гаварылі да Мікалая ІІ; так адважыліся пісаць, як Радзішчэв, толькі заграніцай. А ён выдаў сваю кніжку ў Пецярбургу!

Нас не павінна дзівіць, што, трапіўшы за сваю кнігу ў турму, Радзішчэв трымаў сябе на допытах зусім не па-гэройску. Мужнасьць даецца рэволюцыянэру сьвядомасьцю, што за ім, за яго сьпіною стаіць увесь народ. Радзішчэв і ня думаў зварачацца да народу. Кніжка была надрукована ў мізэрным ліку экзэмпляраў, ды й напісана так, што вышэй мы павінны былі крыху выправіць некаторыя выняткі, каб зрабіць іх зразумелымі. Гэта-інтэлігент пісаў для інтэлігенцыі. Адзінокасьць Радзішчэва даволі тлумачыць нам упадак духу яго, калі ён, адзінокі літаратар, тварам да твару стаў са страшным самадзяржаўем. Але гэта самадзяржаўе атрымала ад аўтара «Путешествия» такую звонкую аплявуху, што яна была чутна цэлае сталецьце.

Ніякай сувязі з сялянскім рухам у першага расійскага рэспубліканца-як зусім справядліва можна назваць Радзішчэва-ня было. Праўда, у сваім «Путешествии» ён з спачуцьцём піша аб забойстве сялянамі жорсткіх памешчыкаў, але гэта ўсё, што ў яго можна знайсьці, што хоць крыху напамінае пугачоўшчыну. Затое ў Радзішчэва былі бясспрэчныя сувязі ў другі бок: ён вельмі цікавіўся экомомічнымі пытаньнямі, на што яго наштырхнула часткова яго служба (ён быу начальнікам Пецярбурскай мытніцы). У паказаньнях ён проста адзначае той уплыў, які на яго мела, тагочасная экономічная літаратура-пераважна француская. У яго былі і ўласныя працы, напрыклад «Письмо о китайском торге», напісанае ім у час ссылкі ў Сібіры. Тут ён выказвае новую для таго часу думку аб патрэбнасьці «протектарскай сыстэмы» (гл. вышэй стар. 79), якая ажыцьцявілася ў Расіі цераз 30 год пасьля гэтага пісьма. «Забарона чужаземных мануфактурных продуктаў няўхільна народзіць мануфактуры дома,-піша Радзішчэв,-а без таго ўнутраныя рукамествы могуць заглухнуць». Рэспубліканец Радзішчэв быў, такім чынам, адначасна адным з першых вяшчуноў ідэяў прамысловага капіталізму ў Расіі.

Яшчэ мацней тая самая сувязь адчуваецца ў наступнага па часу «буржуазнага рэволюцыянэра», як ня дзіўна так называць чалавека, які за 1.000 вёрст стаяў ад усякай думкі пра гвалтоўны пераварот,-Сперанскага. Сперанскі думаў дзейнічаць цераз пасярэдніцтва самадзяржаўнай улады. Ён быў сэкрэтаром Аляксандра і па яго даручэньні напісаў проект дзяржаўнай пабудовы Расіі. Згодна яго ўяўленьня, Расія павінна зрабіцца з прыгоньніцкай дзяржавы буржуазнай монархіяй з констытуцыяй, заснаванай на цэнзе (выбарнікамі маглі быць толькі зямляўласьнікі і багатыя купцы), з двума палатамі, дзяржаўнай радай і дзяржаўнай думай. Бадай за сто год (яго проект адносіцца да 1809 году) ён прадугледзеў констытуцыю, якую даў Расіі гр. Віттэ ў 1905 годзе. Але констытуцыя Віттэ была ўступкай народнай рэволюцыі, а ў час Сперанскага ніякай рэволюцыі ня было. Проектам Сперанскага Аляксандар хацеў толькі падлісьціцца да дваранства, а калі выясьнілася, што апошняе больш за ўсё жадае захаваць паншчыну, а ў констытуцыі зусім не адчувае патрэбы, Аляксандар ня толькі адлажыў проект на бок, але і саслаў Сперанскага, якога дваранства не магло зносіць, бо ён быў прыхільнікам саюзу з Францыяй і разрыву з Англіяй. Мы ведаем, што саюз з Францыяй і контынэнтальная сыстэма вельмі штырхнулі разьвіцьцё расійскай апрацоўчай прамысловасьці: Сперанскі зноў зьяўляецца адным з прарокаў ідэй прамысловага капіталізму. Разьвіцьцё мануфактур ён лічыў адной з галоўных задач дзяржаўнай улады: асноўнай задачай галоўнага міністэрства, па пляну Сперанскага, міністэрства ўнутраных спраў, былі клопаты аб разьвіцьці прамысловасьці. Ён і асабіста знаходзіўся ў коле багатых капіталістых: гэта былі яго першыя сябры. Затое з рэволюцыянэрамі ён спаткаўся ўпяршыню, калі, зьвернуты з высылкі, зрабіўшыся зноў членам дзяржаўнай рады, ён складаў, па даручэньні Мікалая І, абвінавальны акт па справе дзекабрыстых.

І ў дзекабрыстых мы ня знойдзем ніякай сувязі з сялянскімі рухамі: наадварот, мы убачым, што адна думка аб магчымасьці такога руху замарожвала дзекабрыстых і прыпыняла іх уласны рух. Дзекабрыстыя былі на 9/10 вайсковыя, прытым не салдаты, а афіцэры. Вайсковыя пасьля вайны 1812 году, якой урачыста далі імя «Айчыннай», адчувалі сябе збавіцелямі айчыны, першымі людзьмі ў Расіі. Прайшоўшы пераможным паходам да Парыжу, скрозь сустракаючы пераможанае, пакорнае, лісьлівае насяленьне, расійскія афіцэры прывыклі лічыць сябе бадай што ні гаспадарамі ўсяе Эўропы. Адначасна пабачыўшы чужыя краіны, аб якіх яны раней толькі чулі або чыталі ў кніжках (падарожнічаць у тыя часы маглі толькі багатыя людзі), нагледзеўшыся на іншыя не расійскія парадкі, яны вярнуліся з Эўропы куды больш адукаваныя, чым пайшлі туды. І вось, пасьля звароту, гэтых людзей аддаюць пад каманду грубаму поўпісьменнаму салдату Аракчэеву, і прымушаюць цэлымі днямі займацца самым і мучыць сваіх салдат бяссэнсоўнай казарменнай вучобай, бы нейкіх баявых жывёл, якіх трымаюць выключна для бою. Толькі горшыя з іх (як палкоўнік Скалазуб у «Горе от ума») падладжваліся да новых парадкаў; лепшыя пашлі ў адстаўку, найбольш адважныя прышлі да думкі скінуць аракчэеўшчыну і зрабіць Расію політычна эўропэйскай краінай. Што вайсковыя гэта могуць зрабіць, парукай былі ўсе дварцовыя перавароты XVІІІ веку, зробленыя гвардыяй, асабліва 11 сакавіка 1801 году, калі Павал быў афярай іменна афіцэрскай змовы. Пазьней дабавіліся больш сьвежыя і яшчэ больш пераканальныя прыклады: шэраг рэволюцый у Гішпаніі ды Італіі, распачатых таксама арміяй.

Калі дадаць да гэтага, што ў «Айчынную» вайну ўся без выключэньня інтэлігенцкая моладзь апранула вайсковы мундзір, мы зразумеем, чаму афіцэрства і інтэлігенцыя да 1820 году зьліліся, і чаму настрой лепшай, найбольш адважнай часткі гэтай інтэлігенцыі быў рэволюцыйны. Але што значыла зрабіць Расію эўропэйскай краінай? Адказ на гэта даваў той экономічны пераварот, які перажывала тады Расія і сярод якога жыла тагочасная інтэлігенцыя. Дзекабрыстыя былі зьвязаны з прамысловым капіталізмам, які разьвіваўся, яшчэ цясьней, чым Радзішчэв і Сперанскі. Адзін з найбольш выдатных (і адзін з нямногіх не вайсковых) змоўнікаў, Тургенев (далёкі сваяк вядомага пісьменьніка), бый выдатным, для свайго часу, экономістым: яго кніга аб падатках была першай у расійскай літаратуры спробай ужыць да гэтага пытаньня ідэі «клясычнай» політычнай экономіі, на якой выхаваўся і Маркс. Галава Пецярбурскай змовы (мы зараз убачым, што змоваў было дзьве: адна ў Пецярбургу, другая на поўдні Расіі), поэт Рылеев, быў прадпрыемцам-выдаўцом і кіраўніком спраў «Расійска-Амэрыканскай кампаніі», самага вялікага гандлёва-прамысловага прадпрыемства тагочаснай Расіі, якое эксплëатавала Аляску, у Амэрыцы, што тады належала Расіі. У Рылеева былі вялізныя сувязі з буржуазнымі коламі ў Пецярбургу. У Маскве да дзекабрыстых быў блізкі друкар і выдавец Селіваноўскі, які задумаў першы ў Расіі энцыклёпэдычны слоўнік. На пярэдадні 14 сьнежня інжэнэр Баценков, якога змоўнікі вызначалі ў кіраўнікі спраў часовага рэволюцыйнага ураду (куды павінен быў увайсьці, паміж іншым, і Сперанскі), «часьцей за ўсё хадзіў па купецкіх дамох, і паколькі гэтая кляса наагул нездаволеная абмежавальнымі для гандлю пастановамі, то зносіны з імі падбухторвалі жаданьне перамены». Калі зразумець словы Баценкова літаральна, то выходзіць, што яго самога купцы падбухторвалі на пераварот. Наўрад ці гэта было так, але мы павінны ўсё-ткі прыпамятаць купцоў, аб якіх мы казалі вышэй, пецярбурскага гасьціннага двара, што гаварылі аб констытуцыі.

«Констытуцыя», гэта знача абмежаваньне ўлады цара сходам «народных» прадстаўнікоў, разам з скасаваньнем прыгоннага права, былі тымі вымаганьнямі, якія ядналі вялізную большасьць дзекабрыстых. Констытуцыя, аб якой яны марылі, таксама, як і тая, якую проектаваў Сперанскі, была цэнзавая, гэта знача народных прадстаўнікоў павінны былі пасылаць ня ўсе, а толькі заможныя клясы. Пры гэтым памешчыкі павінны былі атрымаць галасоў у 500 раз болей, чым папрыгонныя сяляне (ад дзяржаўных сялян пасылалі аднаго выбаршчыка на 500 душ), прыгонныя-ж сяляне зусім не атрымлівалі выбарных правоў, яны павінны былі задавальняцца «грамадзянскай свабодай», гэта знача вызваленьнем ад прыгоннага становішча. Гэтае вызваленьне малявалася дзекабрыстым прыблізна ў тэй форме, у якой яно ажыцьцявілася ў 1861 годзе, з адабраньнем ад сялян часткі іх зямлі на карысьць памешчыка, прычым рэформа Аляксандра ІІ была для сялян нават больш шчодрай, чым дзекабрыстыя: тыя жадалі адабраць у селяніна больш зямлі. На гэтым згаджаліся ўсе ўдзельнікі змовы, якія жылі ў Пецярбургу, належалі большай часткай да заможных памешчыкаў, служылі ў гвардыі і не адрозьніваліся асаблівай рэволюцыйнасьцю. Першае сэкрэтнае таварыства, «Союз Спасения», яны прымусілі распусьціць, і заснавалі «Союз Благоденствия», які існаваў амаль бадай адкрыта і ня траціў надзеі дамагчыся рэформы ад Аляксандра І мірным шляхам. Прыпаміналі, што ён сам калісьці марыў аб констытуцыі і гаварыў супроць прыгоннага права. У Аляксандра на пісоўным стале ляжаў схатут «Союза Благоденствия», але ён ня прымаў ніякіх мер супроць яго: ён добра-такі грэбаваў гэтых гаваруноў, якія і жадалі політычнай волі, і не адважваліся на рэволюцыю.

Але на поўдві, у так званай «дзейнічай арміі», знайшоўся невялікі гурток людзей, куды больш рашучых, чым пецярбуржцы. Да іх належала часткова небагатае афіцэрства, якое склала асаблівае таварыства «Соединенных Славян», часткова гэта былі найбольш адукаваныя і энэргічныя удзельнікі сэкрэтнага таварыства, як Сяргей Мураўёў-Апостал, адзіны, які не абмяжоўваўся пропагандай сярод інтэлігенцыі, а спрабаваў пашырыць рэволюцыйныя ідэі сярод сваіх салдат (ён камандаваў палком). Для салдат ён улажыў асаблівы «праваслаўны катыхізіс», дзе тлумачылася, што бог зусім ня прыказваў бясспрэчна слухаць кожнага гвалтаўніка, як вучылі папы ў церквах: «Хрыстос сказаў: ня можаце богу працаваць і мамоне; таму-то расійскі народ і расійскае войска пакутуюць, што слухаюць цароў». «Якое кіраваньне сходна з законам божым? Такое, дзе няма цароў. Бог стварыў усіх нас роўнымі і, прышоўшы на зямлю, выбраў апосталаў з простага люду, а не з вяльмож і цароў. Значыцца, бог ня любіць цароў? Не. Яны праклятыя ім, як угнятальнікі народу, а бог ёсьць чалавекалюбец». У пацьвярджэньне падаецца вынятка з старога завету, дзе сапраўды напісана, што тых, хто выбраў сабе цара, бог пакіне слухаць. «Значыцца, і прысяга царом праціўная богу? Так, праціўная богу. Цары прадпісваюць прымушаныя (вымушаныя) прысягі народу на пагібель яго».

Зусім відочна, што Мураўёў-Апостал рыхтаваў сваіх салдат да паўстаньня не ў імя констытуцыі, а ў імя рэспублікі: паўдзённыя змоўнікі былі рэспубліканцы. Такі быў і іх правадыр, самы выдатны чалавек-змоўнік, палкоўнік Пэстэль. Ён разумеў (часткова ён мог гэта проста бачыць на прыкладзе Польшчы, гл. вышэй), што констытуцыя, пакуль на яе баку не стаіць уся народная маса, будзе толькі заслонай, за якую будзе хавацца толькі тое самае самадзяржаўе, а што народная маса, прыгонныя сяляне не спакусяцца тэй поўволяй, поўабрабаваньнем, якое ёй абяцалі проекты большасьці дзекабрыстых. Не жадаючы раздражняць апошніх, Пэстэль на словах згаджаўся на ўзнагароду памешчыкам за скасаваньне прыгоннага права: але затое ўсю зямлю ў сваім проекце, названы ім «Русской Правдой», ён аддаваў народу. Гэтым ён спадзяваўся прыцягнуць на бок новых парадкаў усіх, хто быў зацікаўлены ў зямлі, гэта знача, усіх сялян і салдат, якія былі таксама з сялян. Адначасна Пэстэль вельмі добра разумеў, што бяз самага рашучага рэволюцыйнага бою і бяз тэрору зламаць самадзяржаўе ня ўдасца: ён рыхтаваў усё да вялізнага ўзброенага паўстаньня (ён спадзяваўся мець на сваім баку цэлы корпус, гэта знача, 40 тысяч салдат), якое павінна было скончыцца зьнішчэньнем усіх «Романовых». Тады, думаў Пэстэль, справа будзе ўжо моцнай, і часовы рэволюцыйны урад за некалькі год зьменіць усю Расію.

Пэстэль дабіўся таго, што згодніцкі «Союз Благоденствия» быў заменены сапраўдным сэкрэтным рэволюцыйным таварыствам. Было ўмоўлена, што паўстаньне пачнецца ўлетку 1826 году, у час манэўраў на поўдні. Сыгналам павінна было зьявіцца забойства Аляксандра І. Потым паўстаўшая армія павінна была пайсьці на Маскву і Пецярбург, прымусіць вышэйшыя ўстановы імпэрыі - цывільную і царкоўную - сэнат і сынод прызнаць часовы рэволюцыйны ўрад, які павінен быў потым узяцца за ліквідацыю старога ладу. Плян гэты праваліўся яшчэ да вызначанага тэрміну. Навокал Пэстэля знайшліся здраднікі, і ён быў арыштаваны ў пачатку сьнежня 1825 году. Яшчэ двума тыднямі раней памёр Аляксандар І, памёр зусім нечакана-яму ня было яшчэ і 50 год. Змоўнікі без правадыра апынуліся перад зусім новым становішчам.

Але ў супроцьлеглым стане непакой быў ня менш. Сьмерць Аляксандра была нечаканасьцю ня толькі для змоўнікаў, але й для яго самога і для ўсёй царскай сям'і. Аляксандар дзяцей ня меў, яму павінен быў насьледаваць другі сын Паўла, Канстантын, які быў намесьнікам тады ў Польшчы. Ён, аднак, ня вельмі даўно перад гэтым адмовіўся ад прастолу з тае прычыны, што ён жанаты не на прынцэсе, а на простай сьмяротнай, аднэй польскай дваранцы; сапраўды-ж яго прымусіў адмовіцца яго старэйшы брат, бо Канстантын сваім шалёным, баламутным характарам вельмі ўжо напамінаў нябожчыка бацьку, і для яго можна было чакаць таго самага ўдзелу. Але адмаўленьне Канстантына не пасьпелі апублікаваць,-яно ляжала ў запячатаным канвэрце ва Ўсьпенскім саборы, у Маскве. У вачох усіх, апрача царскай-сям'і, якая адна ведала справу, Канстантын быў насьледнік; калі атрымалася вестка аб сьмерці Аляксандра, усе прысягнулі Канстантыну, як цару. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што і трэці брат, Мікалай Паўлавіч, ужо тады абяцаў будучага Мікалая Палкіна, і якраз у гвардыі яго не маглі цярпець. А тым часам, дзякуючы адмаўленьню Канстантына, ён рабіўся насьледнікам: з агню ды ў полымя.

Змоўнікі, у першую мінуту, ашаломленыя шэрагам нечаканасьцяй, угледзеўшы, што ў дварцы блытаніна ня меншая, чым у іх самых, набраліся бадзёрасьці. Пастаноўлена было выкарыстаць цяпер ужо не манэўры, а прысягу Мікалаю. Салдатам было расказана, што Канстантын зусім не адмовіўся, а яго ўхіляюць ад прастолу затое, што ён хоча даць Расіі констытуцыю. Разам з гэтым пусьцілі чутку, што ёсьць духоўніца Аляксандра, схаваная Мікалаем, якая салдатам паменшыла тэрмін службы (тады служылі ў салдатах 25 год), а сялянам дала волю. Салдаты слухалі прагла. У змоўнікаў, аднак, і ў гэтую мінуту ня было выразнай і цьвёрдай пастановы давесьці справу да ўзброенага бою з Мікалаем і тым войскам, якое засталося на яго баку. 14 сьнежня (дзень прысягі) правадыры змовы вывелі сваіх салдат на Сэнацкі пляц, дзе стаіць помнік Пётру, паставілі іх там у карз (квадратовая колёна) і пачалі стаяць, чакаючы, што да іх далучацца другія палкі. Тым часам увесь простанародны Пецярбург паўстаў на ногі. Вялізны натоўп народу запрудзіў Сэнацкі пляц і вакольныя вуліцы. У Мікалаеўскіх генэралаў кідалі каменьнямі і сьнежкамі, зрывалі з іх эполеты. Калі Мікалай з сьвітай адважыўся паказацца на пляцы, рабочыя, якія будавалі тады ісаакіеўскі сабор, прагналі яго паленамі; гэта сам Мікалай пасьведчыў у сваім дзеньніку. Пачыналася тое, да чаго змоўнікі былі падрыхтаваны менш за ўсё: народная рэволюцыя.

Тым часам у карэ на Сэнацкім пляцы, ня было нават і начальніка. Рылеев паказаўся на некалькі мінут, але потым пашоў дахаты. Яму гэта было прабачліва: ён быў дрэнны вайсковы (адстаўны дробны афіцэр), у дадатак хварэў у гэтыя дні. Але змоўнікамі быў назначаны спецыяльны «дыктатар», гвардзейскі палкоўнік князь Трубецкой,-гэты зусім не адважыўся паказацца на пляцы і хаваўся ў сваякоў. Сам Мікалай Палкін, праўда, быў зьбянтэжаны ня менш, але сярод яго сьвіты знайшліся спрактыкаваныя, баявыя генэралы, якія ня страцілі галавы. На пляц прывялі артылерыю і коньніцу, якіх у змоўнікаў ня было. Калі атаку коньніцы адбілі (не дзекабрыстыя, а тыя самыя рабочыя сваімі паленамі), артылерыя пачала страляць карцеччу па карэ і прысутных людзях. За некалькі мінукт усë было скончана.

Потым пачаліся масавыя арышты. Мікалай, пасьля ўдалага задушэньня ўзброенага паўстаньня, зноў набраўся бадзёрасьці, сам вёў сьледзтва і праявіў вялікія жандарскія здольнасьці. З першага ж допыту, ён пасьпеў выцягнуць шмат іменьняў і падрабязнасьці змовы ад яе ўдзельнікаў, якія пасьля няўдачы зьбянтэжыліся яшчэ больш. Ім трапна падавалі надзею, што ўсё скончыцца глупствам, што вінаватых самае большае адставяць ад службы ці пашлюць жыць у іх вëскі. А калі ўсё выведалі, наладзілі самую жорсткую расправу: пяцёра правадыроў змовы-Пэстэль, Рылеев, Сяргей Мураўёв-Апостал, які бяз посьпеху стараўся падняць паўстаньне на поўдні, Бястужэв-Рюмін і Кахоўскі былі павешаны (яшчэ і гэта была «міласьць» Мікалая: суд прыгаварыў спачатку іх да чацьвертаваньня). Больш соткі чалавек было саслана ў Сібір, шмат хто на катаргу, рэшта на пасяленьне. Баценков 20 год прасядзеў у казэмаце Петрапаўлаўскай крэпасьці, што было, зразумела, горш за ўсякую катаргу. Тысячы салдат, якія прымалі ўдзел у руху, былі сасланы на Каўказ, дзе бадай усе загінулі, калі не ад куль горцаў, дык ад хваробаў.

Чаму-ж дэкабрыстыя панесьлі такое паражэньне? У першую мінуту яны былі куды мацней Мікалая, у якога спачатку быў толькі адзін батальён пяхоты. Коньніца і артылерыя слухалі яго вельмі неахвотна: коньніца адступала пры самым нязначным супраціўленьні. Артылерыстыя доўга не маглі знайсьці бомбаў. Адзіны популярны генэрал, гэрой «Айчыннай вайны» быў забіты (Кахоўскім) у самым пачатку, рэшту салдаты таксама ненавідзелі, як і самога Мікалая. Чаму-ж дзекабрыстыя ня выкарысталі ўсяго гэтага? Адказ далі яны самы, яны баяліся агульна-народнага паўстаньня, якое пачыналася на іх вачох. «У Расіі рэспубліка немагчыма,-казаў Рылееву дзекабрысты Штэйнгель, і рэволюцыя з гэтым замерам будзе згубнай; у аднэй Маскве (Штэйнгель быў вельмі блізкі да маскоўскай прамысловай буржуазіі) 90 тысяч адных дваровых, гатовых хапіцца за нож, і першымі афярамі будуць нашыя бабулькі, цётачкі і сёстры». Дзекабрыстых перамог на Сэнацкім пляцы ня столькі Мікалай з сваёй карцеччу, колькі здань пугачоўшчыны. Жах перад гэтай зданьню скаваў іх рукі ў самую рашучую мінуту і назаўсёды загубіў буржуазную рэволюцыю ў Расіі. Сапраўды, 14 сьнежня 1825 году было першым і апошнім рэволюцыйным выступленьнем буржуазіі ў Расіі. Марыць аб констытуцыі буржуазія не пакідала ўвесь час, але надзеі яна ускладала выключна на царскую ласку. Яна падавала царом (асабліва Аляксандру ІІ) адрасы (просьбы) наконт констытуцыі ні адзін раз, але калі яна бачыла спробу рэволюцыі з боку соцыялістых, яна ў жаху кідалася ад гэтых бунтароў і пачынала пераконваць цара ў сваёй адданасьці, прапаноўваючы свае паслугі для барацьбы з «крамолай». Для буржуазіі сымболем веры зрабілася тое, што напісаў адзін з самых выдатных прадстаўнікоў буржуазнай думкі ў Расіі профэсар Кавелін: «Розныя абмежаваньні вярхоўнай улады ў Расіі, апрача тых, што выходзяць ад яе самой (гэта знача ўлады, а не Расіі), былі-б немагчымыя, і таму, як ілюзія і самаабман, станоўча шкодныя».

Чаму-ж гэта так было? Ці проста таму, што буржуазія, чым далей на ўсход Эўропы, тым больш подлая і трусьлівая, як напісана ў першым маніфэсьце расійскай рабочай партыі? Зразумела, і ў гэтай подласьці буржуазіі ёсьць свая «матэрыяльная падстава». Прамысловаму капіталізму ў пэрыод яго ўтварэньня патрэбен пролетарыят, гэта знача, патрэбна абезьзямеленьне сялянства, патрэбна «протэктарства айчыннай прамысловасьці», гэта знача, высокія мытныя пошліны, якія ўсім цяжарам падаюць на народную масу, урэшце, патрэбны замежныя рынкі, гэта знача, «патрасаючая Стамбул і Тэгеран дзясьніца». А для ўсяго гэтага патрэбна моцная цэнтральная ўлада, патрэбна монархія. А калі прыпамятаць яшчэ, што ў нас прамысловы капітал ніколі не кіраваў аднаўладна (як гэта было, напрыклад, у XІX веку ў Англіі і Злучаных Штатах), а ўвесь час павінен быў дзяліцца з гандлёвым, а таму была патрэбна ня толькі монархія, а і проста самадзяржаўе,-то політычная трусасьць расійскай буржуазіі робіцца больш чым зразумелай.