Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Сялянская рэволюцыя
← Распад Маскоўскага фэўдалізму | Сялянская рэволюцыя Аўтар: Міхаіл Пакроўскі 1927 Пераклад: Кастусь Гарабурда |
Дзяржава Раманавых і раскол → |
Сялянская рэволюцыя.
Новы цар, супраціўнік Гадунова, зьявіўся спачатку на Запарожжкы, у самай паўднёвай казацкай стаянцы на Дняпры, потым у Кіеве, які тады належаў не Маскоўскай, а Польска-Літоўскай дзяржаве. У гэтай дзяржаве ён знайшоў сабе новую падмогу. Папершае, там сабралася шмат выгнанцаў, людзей, якія зьбеглі ад Гадунова і яго парадкаў. Гэта быў часткаю гандлёвы люд, часткаю сваякі і служкі пакараных сьмерцю Гадуновым баяр і г. д. Уся гэта маса эмігрантаў (перасяленцаў) з радасьцю вітала новага цара. А потым на яго зьвярнулі ўвагу і польска-літоўскія магнаты. У Заходняй Расіі, г. зн. у тагочасным Польска-Літоўскім краю, адбывалася такое самае разьвіцьцё грашовай гаспадаркі і гандлёвага капіталу, як і ў Маскоўскай дзяржаве, толькі там гэта ўсё пачалося на цэлае сталецьце раней. Як і ў Маскоўскай дзяржаве, памешчыкі там пасьпелі ўжо к пачатку XVІІ веку агалець і таксама шукалі новых земляў. Часткова яны калянізавалі, засяляючы сваімі прыгоннымі незаселеныя тады паўднёвыя паветы цяперашняй Кіеўскай і Валынскай губ. Але тубыльныя паселішчы былі пад заўсёднай пагрозай татарскіх набегаў, і толькі самыя багатыя паны-абшарнікі, якія мелі шматлікую ўзброеную дворню і даволі грошай, каб купіць гарматы і другую зброю, пабудаваць крэпасьці і г. д., маглі займацца гэтай калянізацыяй. У кожным выпадку, гэта было справай цяжкой і складанай. Чым пасувацца на поўдзень, лягчэй і прасьцей, здавалася, пасувацца на ўсход, калі для гэтага ёсьць магчымасьць. І вось, зьяўленьне цара Дымітра Іванавіча нібыта давала гэту магчымасьць. Дапамагаючы новаму цару, польскія заходня-расійскія памешчыкі спадзяваліся гэтым шляхам атрымаць зямлю і шмат розных іншых багацьцяў у тагочаснай Маскоўскай дзяржаве. Яны пачалі актыўна падтрымліваць Дымітра.
Мы бачым розныя сілы, якія дапамагалі ворагу Барыса Гадунова, але самай галоўнай сілай было, зразумела, казацтва і тая маса прыгнечаных і зруйнаваных людзей, якія з нецярплівасьцю чакалі прыходу казакаў у Маскву. Калі-б ня было гэтай сілы, нічога ня вышла-б. Польскім памешчыкам ня прышло-б у галаву дапамагаць Дымітру. Яны проста не зьвярнулі-б на яго ніякай увагі. Калі яны пачалі яго падтрымліваць, дык толькі таму, што ён сам даволі моцна стаяў на нагах і прадстаўляў з сябе значную сілу, якую памешчыкі маглі выкарыстаць. Але буржуазныя гісторыкі, якім хацелася ўтаіць, што час, каторы яны называлі «смутным», быў паўстаньнем народнай масы супроць яе прыгоньнікаў, хацелася даць штучнае тлумачэньне для пазьнейшых гісторыкаў, пачалі расказваць, што нібыта новы цар лжэдымітры або Названы Дымітры, як яго называлі, высуваўся іменна польскімі памешчыкамі і каталіцкім касьцёлам. Гэтым яны хацелі прынізіць яго, зьменшыць яго значэньне, нібыта гэта быў нейкі чужынец, якога чужаземцы прывялі ў Маскву. Так прыгоньнікі народу і тыя, хто стараўся апраўдаць іх чорныя справы, рабілі заўсёды і пасьля: і ў самы апошні час, калі народ паўстаў на апошнюю барацьбу за сваю свабоду ў 1917 годзе, буржуазныя газэты таксама пісалі, што гэтую справу зрабілі немцы, што ўсё гэта падкуплена, зроблена на чужаземныя грошы і г. д. Як бачыце, заўсёды, ва ўсе часы адбывалася адно і тое самае. Народ, які паўстае за сваю свабоду, імкнуцца ня толькі заняволіць зноў, але і рознымі спосабамі зганьбіць і апаскудзіць тое, за што ён сапраўды змагаўся.
Чыім царом сапраўды быў названы Дымітры, гэта ён паказаў, як толькі прышоў у Маскву. Здарылася гэта не адразу. Польская вайсковая дапамога, сабраныя і ўзброеныя абшарнікамі атрады нанятых польскіх салдат ня прынесьлі яму тэй карысьці, якой ён чакаў ад іх. Да тых пор, пакуль войска Барыса Гадунова трымалася моцна, Названага Дымітрыя спатыкала няўдача за няўдачай, і калі-б не адвага і здольнасьці казацкіх атрадаў, якія ваявалі пад яго сьцягам, то ён мог-бы быць зусім зьнішчаны гадуноўскай арміяй. Але гэта армія складалася ў большасьці таксама з дробных людзей. Маса яе пяхоты, стральцы, былі набраны з незаможнага гарадскога насяленьня і па сваім промыслу і занятках амаль што зьлівалася з імі. У прамежках паміж паходамі стральцы гандлявалі, займаліся рознымі рамёствамі і г. д. Яны былі плоць ад плоці і косьць ад косьці таго «чорнага» пасадзкага люду, які, як мы бачылі, стагнаў ад уціску гандлёвага капіталу ня меней, чым селянін на вёсцы, толькі інакш. А гадуноўская коньніца складалася большай часткай з дробна-памесных дваран і дзяцей баярскіх, таксама часамі гэтак бедных, што яны прымушаны былі займацца якім-небудзь рамяством, і ў іх паслужбовых сьпісах адзначалася: «портной мастеришко». Тыя з іх, якія пайшлі на паўднёвыя акраіны, дзе, як мы памятаем, сялянскае насяленьне было вельмі рэдкае, у абшарнікаў прыгонных было вельмі мала, незаметна зьліваліся з верхнім заможным пластом казацтва; такім чынам і разабраць было нельга, дзе канчаецца дробна-памесны сын баярскі і пачынаецца які-небудзь казацкі атаман. Гэтыя дваране і дзеці баярскіх украінскіх прыстэпавых гарадоў першыя здрадзілі Гадунову. Яны зрабілі паўстаньне ў Гадуноўскім лягеры. Напалоханыя царскія ваяводы ўцяклі. Стральцы трымаліся крыху далей і мацней, але потым і яны перайшлі на бок новага цара. У Гадунова, урэшце, засталося толькі крыху нанятых ім нямецкіх салдат, але іх было так мала, што яны не маглі выратаваць яго прастол. Кінуты ўсімі, Гадуноў атруціўся, а яго сям'я бына перабіта паўстаўшымі маскоўцамі. Названы Дымітры ўвайшоў тады ў Маскву, і першымі-ж сваімі законамі ясна даў зразумець, на каго ён апіраецца, і на чыю карысьць пойдзе яго кіраваньне. Адным з такіх законаў «кабальнае халопства», г. зн. запазычанае, было моцна скарочана. Раней кабала, г. зн. запазычаны абавязак, пісалася на ўсю сям'ю, цяпер яна стала пісацца толькі на аднаго чалавека, г. зн., калі айцец трапляў у кабалу, жонка і дзеці былі вольнымі, прычым кабала мела сілу толькі да тых час, пакуль жывы быў той, у каго былі пазычаны грошы. Як толькі пан уміраў, халоп рабіўся зноў вольным.
Другім законам былі амаль што скасаваны законы аб зьбеглых, якіх так шмат выдаваў Гадуноў. Усім сялянам, якія зьбеглі ад сваіх памешчыкаў у часе голаду,-а ў гэты час сяляне асабліва ў вялікім ліку ўцякалі ад сваіх паноў,-усім гэтым сялянам дазволена было пад ярмо сваіх ламешчыкаў не варочацца, а заставацца на тых месцах, дзе яны аселіся. Само па сабе зразумела, што памешчыкам, асабліва вялікім, не магло гэта падабацца. Ня вельмі гэта падабалася і багатаму купецтву, асабліва, калі яно ўбачыла чужаземцаў. якія прышлі з Дымітрам, якія відочна зьбіраліся стала асесьці ў Маскве і за якімі, зразумела, павінны былі зьявіцца польскія гандляры з загранічнымі таварамі і адабраць ад маскоўскага гандлёвага капіталу яго монополію, а мы памятаем, як ён заядла змагаўся за гэту монополію яшчэ 150 год раней, калі Іван Васільлевіч, дзед Грознага, хадзіў заваёўваць Ноўгарад. Баяры і багатае купецтва павялі агітацыю супроць Дымітра. Той быў католік. Ён таіў гэта, але гэта відаць было з усіх яго звычаяў. Ён дрэнна захоўваў расійскія пасты, расійскія сьвяты і т. п. Гэтым карысталіся, каб пераканаць народ, што ён прышоў пашырыць у Расіі каталіцкую веру. На просты народ, які праваслаўнае духавенства выхоўвала ў адчужэньні і ненавісьці да ўсіх людзей іншай веры (царкоўныя навучаньні забаранялі нават есьці з адной пасуды з каталікамі), усё гэта рабіла ўплыў, але горай за ўсё, зразумела, услужылі Дымітру прыведзеныя ім з сабою польскія салдаты. Яны як мага займаліся непарадкамі, рабаваньнем і г. д. Гарадзкі просты народ, рамесьнікі, дробныя крамнікі пачалі бачыць, што сапраўды нібыта пачынаецца нейкая чужаземная навала, і ўсё больш уважліва і ўважліва прыслухоўваліся да таго, што гаварылі агітатары, якіх падсылалі баяры і заможныя купцы. Дымітры быў вельмі пераконан у сабе. Перамога над Гадуновым вельмі ўскружыла яму галаву, і ён выабражаў, што ў Маскве ў яго няма супраціўнікаў. А тымчасам, у гэты час у Маскве плялася баярска-купецкая змова. Урэшце, уночы на 17-га траўня 1606 году змоўнікі адважыліся на выступленьне. Баярын Васіль Іванавіч Шуйскі, які за некалькі месяцаў перад гэтым быў бадай што выкрыты ў змове і ледзь не пакараны сьмерцю, але памілаваны Дымітрам, на чале з сваімі ўзброенымі халопамі і з іншымі баярамі і іх дворняй уварваўся ў Крэмль. Дымітра забілі. А ў гэты час маскоўскіх пасадзкіх нацкавалі на двары, занятыя польскімі гандлярамі і польскімі абшарнікамі, якія прыехалі з Дымітрам. Такім парадкам, простаму народу паказалі ўсю справу, як паўстаньне супроць чужаземцаў, супроць палякаў, якія нібыта хочуць заняволіць Расію, а сапраўды скарысталі паўстаньне для таго, каб забіць цара, які ішоў супроць інтарэсаў багатых памешчыкаў і капіталістых. Ненавісьць гэтых апошніх да Дымітра была такой вялікай, што яны не задаволіліся нават простым забойствам, а спалілі цела супроцьдваранскага цара і выстралілі яго касьцямі з гарматы.
Калі гэта здарылася, купцы і баяры высунулі цара з сваіх колаў. Адпаведным чалавекам зьявіўся верхавод змовы В. і. Шуйскі. Баяры яго ня вельмі любілі, бо ён у іх вачох быў здраднікам: пры Грозным, у час апрычыны, ён служыў у гэтай апрычыне і, значыцца, памагаў маскоўскім дробным служылым зьнішчаць баяр. Але асабіста, сваім паходжаньнем, ён належаў да вяльможнага баярства, быў для баяр свой чалавек. Разам з тым у яго былі вялізныя сувязі сярод маскоўскага купецтва. Яму належалі вялікія прамысловыя вотчыны ў цяперашняй Уладзімерскай губерні, і да гэтых час, частка маскоўскіх тарговых радоў мае назву Шуйскага падвор'я, напамінаючы аб тым гандлёвым значэньні, якое калісьці мела фамілія Шуйскіх. Іменна з званіцы цэрквы ільлі Прарока, якая стаіць пасярэдзіне гэтага надвор'я, і падалі знак да нападу на Крэмль уночы 17-га траўня. Маскоўскае купецтва дзеля гэтага з захапленьнем вітала Шуйскага, і купецтва ўсіх іншых гандлёвых гарадоў- Ніжняга, Яраслаўля, Валогды-увесь час яго падтрымлівала, што ён сам прызнаваў у сваіх граматах. Шуйскі такім чынам, быў царом баярска-купецкім і нават болей купецкім, чым баярскім. Ён зноў, як Гадуноў, быў ажыцьцяўленьнем гандлёвага капіталу, які кіраваў у Расіі. Але ў той час, калі ў дзейнасьці Гадунова мы бачым і добрыя бакі тагочаснага капіталізму - імкненьне ўсталяваць парадак, абарваць эксплуатацыю мас насяленьня, якая разьвівалася і г. д., у Шуйскага мы бачым толькі адмоўныя бакі. Гэта быў чалавек прагавіты, вельмі нясумленны і фальшывы, які шмат раз выракаўся таго, што ён ужо гаварыў публічна. Ён, напрыклад, спачатку па вымаганьню Гадунова заяўляў, што Дымітры памёр, і што ён сам бачыў яго мёртвае цела. Потым, калі перамог названы Дымітры, ён прызнаў яго царом, г. зн. прызнаў, што ён першы раз салгаў. А потым, як скінулі Дымітра, ён зноў адкрывае мошчы забітага Барысам Гадуновым Дымітра. Такім парадкам, аб адным і тым самым чалавеку ён гаварыў тры разы зусім рознае. Ён прабаваў зноў замацаваць сялянскую няволю. Законы аб зьбеглых былі зноў адноўлены, і памешчыкам дазволена адшукваць усіх, хто ўцёк з іх маёнткаў, нават за 15 год да гэтага часу. Але гэта была пустая пагроза, бо вельмі хутка пасьля таго, як Шуйскі сеў на прастол, не памешчыкі пачалі ганяцца за сялянамі, каб вярнуць іх да сябе, а сяляне пачалі ганяцца за памешчыкамі, каб іх забіць і захапіць іх маёнткі, памешчыкі-ж павінны былі ўцякаць у Маскву.
Ужо ўвосень 1606 году увесь поўдзень Маскоўскай дзяржавы быў ахоплен паўстаньнем. Як толькі тое войска, якое Дымітры сабраў на паўднёвай акраіне, даведалася аб тым, што ён загінуў, то яно паўстала супроць новага ўраду, як адзін чалавек. Яно заўсёды помніла, што ў Маскве скінулі яго ўлюбенца. Пачалі хадзіць чуткі, што ўсё гэта Шуйскі і яго таварышы налгалі (Шуйскі, як мы памятаем, заўсёды лгаў) і што сапраўды Дымітры выратаваўся і дзесьці хаваецца. Хутка знайшлі чалавека, які ўзяў на сябе гэта імя, і пачалі пераконваць, што ён і ёсьць Дымітры, які выратаваўся, а з тае прычыны, што цара ў твар ведаў вельмі мала хто, дык мана лёгка ўдалася. Паўднёвае войска рушыла на Маскву. Становішча Шуйскага штодзень рабілася цяжэйшым. Але тут, калі здрадзілі яму яго вайсковыя сілы, яму памаглі яго хітрыкі ды выкрутасы. Ён проста падкупіў тых дробных памешчыкаў, якія складалі і тут калі не галоўную, то вельмі вялікую сілу войска другога Дымітра. Гэтыя памешчыкі, як не адданыя былі яны Дымітру, усё-ж такі не маглі зусім спачуваць імкненьням сялян. Супроць баяр і багатага купецтва яны паўстаць маглі. Але калі паўстаўшыя сяляне пачалі разбураць памешчыцкія сядзібы, забіваць памешчыкаў, захопліваць іх дабро, памешчыкі Дымітравага войска не маглі не адчуць у сабе дваран.
А тымчасам сялянскае паўстаньне разьлівалася ўсё шырэй і шырэй. Калі ў час паходу першага Дьмітра супроць Гадунова сяляне амаль што ня краталіся, дык цяпер яны ўсёй масай паўсталі супроць Шуйскага. Їх верхавод Ів. Іс. Балотнікаў, зьбеглы халоп, які трапіў некалі ў палон да татар і ўцёк заграніцу, чалавек адважны, энэргічны, заклікаў усё сялянства скінуць уціск, пад якім яно пакутвала, і самым стаць на месца памешчыкаў, рабаваць у іх тое, што яны нарабавалі ў сялян. Паміж дзьвюмя гэтымі часткамі паўстанца -дваранскай і сялянскай,-чым далей, тым меней было ладу. І калі паўстаўшае супроць Шуйскага войска падышло да Масквы, паміж ім адбыўся распад. Шуйскі паабяцаў памешчыкам розныя міласьці, раздаў ім шмат зямлі, прыняў іх правадыроў у баярскую думу, і ў рашучую мінуту яны кінулі сваіх сялянскіх таварышоў, адны-ж сяляне і казакі ня мелі сілы, каб справіцца з царскім войскам. Балотнікаў быў разьбіты, уцёк у Тулу, і там яго акружыла і ўзяла царскае войска, а казакі адступілі зноў к паўднёвай акраіне Maскоўскай дзяржавы, але толькі на кароткі час. Хутка яны ачунялі, і за дапамогай польскіх атрадаў, якія зноў прышлі ў Маскоўскую дзяржаву, часткай, каб помсьціцца за сваіх, часткай проста рабаваць, балазе дарога ім было ужо знаёма, казакі падышлі цяпер да самай Масквы і замацаваліся ў Тушыше, за 15 вёрст на паўночны захад ад тагочаснай маскоўскай заставы. У Тушына пераехаў на жыцьцё і сам названы Дымітры. Каля яго ўтварыўся цэлы двор накшталт маскоўскага двара. У Тушыне ўтварылася як-бы другая сталіца, і выбіць адтуль казакоў і польскія атрады Шуйскі ўжо ня меў сілы. Пакрысе нават баяры пачалі яго кідаць, а шмат якія з іх не саромеліся займаць пасады пры тушынскім двары. На чале іх быў старэйшы з тагочасных баяр, блізкі сваяк маскоўскай дынастыі, якая вымерла, Фёдар Нікіціч Раманаў, якога Гадуноў пастрыг у манахі пад імем Філарэта і якога Дымітры зрабіў Растоўскім мітрапалітам. Пераехаўшы ў Тушына, Філарэт зрабіўся патрыархам. Дзеля таго, што было два цары, дык, зразумела, было і два патрыархі ў тагочаснай царкве.
Каля двух год Маскоўскае царства жыло такім чынам з двума царамі: адным казацка-сялянскім у Тушыне, якога ў Маскве называлі тушынскім злодзеем, але які ў Тушыне быў такім самым царом, як і кожны іншы, і другім-у Крамлі, царом памешчыкаў і купцоў. Але чым далей, тым гэтым апошнім рабілася горш. Перш за ўсё, бязупынная дамовая вайна вельмі абцяжала гандлёвыя зносіны Маскоўскай дзяржавы. З перапіскі гарадоў паміж сабою мы даведваемся, што па цэлым годзе з Казані ў Перм і назад ня мог прайсьці ніводзін купецкі караван. Ужо гэта адно павінна было прымусіць купецкі капітал усё больш уважліва і ўважліва адносіцца да таго, што адбывалася. Падругое, рэволюцыя з вёскі пакрысе перакідалася на горад. Маса гарадзкога насяленьня, як мы бачылі, спачатку яшчэ паддавалася агітацыі памешчыкаў і капіталістых. У Маскве ім удалося падняць чорны люд супроць першага Дымітра. Але пакрысе і гарадзкое насяленьне, якое ўціскалася і эксплёатавалася гандлёвым капіталам крыху менш, чым ён эксплёатаваў на вёсцы сялян, пачынае разумець, на чым баку яму трэба стаяць. і вот, «лепшыя людзі», г. зн. багатыя купцы, кулакі, розных гарадоў у сваёй перапісцы з трывогай пачынаюць паведамляць адзін аднаго, што вось там «чэрнь» цалавала крыж Дымітру Іванавічу, а лепшыя людзі павінны былі разьбегчыся, куды вочы глядзяць. У вялікіх гарадзкіх цэнтрах, як, напрыклад, у Пскове, справа даходзіла да сапраўднай гарадзкой рэволюцыі. Тут маса рамесьнікаў і дробных гандляроў разам з стральцамі і казакамі захапіла ўладу і ўстанавіла нешта накшталт демократычнай рэспублікі, а госьці, памешчыкі і вялікія купцы, якія былі ў горадзе, былі перш пасаджаны ў турму, а потым большай часткай перабіты.
Усё гэта паказвала гарадзкому капіталу, што працяг дамовай вайны пагражае яму поўнай згубай. Запытаньне, дзе-ж шукаць дапамогі. Першая думка, за якую ўхапіліся багатыя купцы разам з памешчыкамі, была дапамога чужаземная. У Маскоўскай дзяржаве ужо пад самай Масквою стаялі польскія дружыны, якія прышлі «дапамагаць» Дымітру і казакам, а сапраўды рабаваць, карыстаючыся дамовай вайной. Гэта, зразумела, былі дрэнныя памоцнікі тым, хто было хацеў прыпыніць дамовую вайну. Але супроць іх можна зьвярнуцца да польскага ўраду і прасіць у яго дапамогі польскага рэгулярнага войска. Так і зрабілі. У гэты час тым памешчыкам, якія перайшлі на бок Тушына, таксама апрыкрыла іх становішча. Яны таксама ў першы момант спадзяваліся выкарыстаць паўстаньне «чэрні» для таго, каб зрабіць свае справы. Але хутка яны адчулі сябе ў Тушыне, бы ў палоне казацтва і паўстаўшых сялян. Пачалася двайная змова: у Маскве змаўляліся, як збавіцца ад В. і. Шуйскага, які прыпыніць дамовую вайну ня ўмеў і ня мог, у Тушыне-як збавіцца ад Дымітра, які відавочна быў халопскім царом і з якога ніякім чынам нельга было зрабіць цара дваранскага і купецкага. Абедзьве змовы хутка зьліліся ў адну. Змовіліся на тым, што маскоўцы і Паўночнае Паволжа скінуць Шуйскага, а Тушына скіне Дымітра, і ўсе разам пасадзяць на прастол польскага царэвіча ўладыслава, разам з якім прыдзе ў Расію польскае войска і прыпыніць дэмократычную рэволюцыю.
У Польшчу адправілася пасольства, якое зрабіла з айцом Уладыслава, каралём Жыгімонтам, умову. Умова цікава з таго боку, што гэта першая спроба расійскай констытуцыі, г. зн. першая спроба вызначыць правы і абавязкі цара, замацаваць іх пісоўнай умовай, якая была-б для яго абавязкова. Само па сабе зразумела, што гэтая констытуцыя была прызначана зусім не для сялян і не для нізоў гарадзкога насяленьня. Пра апошніх там зусім нічога не гаварылася, а што тычыцца сялян, дык аб іх упамінаецца толькі ў тым сэнсе, што ўсе артыкулы і законы аб зьбеглых павінны быць адноўлены, і што сялянам не павінна быць дазволена пераходзіць з Маскоўскай дзяржавы ў Польскую, і наадварот. Але, затое, у гэтай умове старанна вызначана, як павінен кіраваць цар-канечна з баярскай думай. А ў важных выпадках ён павінен быў склікаць земскі сабор з прадстаўнікоў заможных клясаў, памешчыкаў ды купцоў. Бяз іх ён ня мог выдаваць новых законаў: уся-ж бягучая праца была ў руках баярскай думы.
Гэта ўжо ня першы раз заможныя клясы стараліся выкарыстаць рэволюцыю ў сваіх інтарэсах. Калі садзіўся на прастол Шуйскі, яны таксама прымусілі яго цалаваць крыж, што ён нікога ня будзе караць сьмерцю, ні ў каго ня будзе адбіраць маёнтак інакш, як па суду і па падставе закону. Само па сабе зразумела, што і тады гэта тычылася толькі памешчыкаў і купцоў; там проста было сказана: «У памешчыкаў не адбіраць іх вотчыны, а ў гасьцей не адбіраць іх тавараў і капіталаў». Што тычыца простага народу, дык з імі і пасьля гэтай граматы распраўляліся, як і раней.
На аснове згоды маскоўскіх і тушынскіх змоўнікаў з польскім каралём, Шуйскі быў скінуты і пастрыжаны ў манахі, а Дымітры хоць і ня быў скінуты, таму што казакі сталі на яго бок, але за дапамогай палякаў быў прагнаны з Тушына. Маскоўская дзяржава, г. зн. дзяржава памешчыкаў і купцоў, зноў нібыта аб'ядналася. У яе зноў была адна сталіца-Масква. Але вельмі хутка змоўнікі павінны былі пераканацца, што яны прамянялі зязюльку на ястраба. Кароль Жыгімонт зусім не для таго даў свайго сына маскоўскім людзям, каб аднаўляць у Маскоўскім царстве парадак. Гэта яго цікавіла меней за ўсё. Ён быў прадстаўніком тагочаснага польскага імпэрыялізму. Польскія памешчыкі, якія, як мы ўжо гаварылі, далёка выперадзілі маскоўцаў, бо Польшча ішла наперадзе Расіі ў сваім экономічным разьвіцьці амаль што на сталецьце, будавалі вялізныя пляны. Мы ўжо бачылі, што ім таксама патрэбна была зямля, і што яны хацелі з гэтай мэтай скарыстаць яшчэ першага Дымітра. Цяпер ім здарыўся выпадак, куды выгаднейшы за першы. На Маскоўскім прастоле проста апынуўся паляк. Яны пачалі марыць аб тым, каб проста далучыць Маскоўскую дзяржаву да Польшчы, як яны раней, за 60 год перад гэтым, далучылі да Польшчы Літву, якая раней таксама была асобнай дзяржавай. Не дачакаўшы нават, пакуль новы цар Уладыслаў прыедзе у Маскву, яны ўжо пасьпелі скарыстаць перамену, і кароль Жыгімонт пачаў направа і налева аддаваць зямлю, адбіраючы яе ў тых, хто з тых або іншых прычын быў супроць новага цара, або нават бяз гэтай прычыны. Маскоўскі памешчык у адзін прыгожы дзень даведваўся, што яго зямля зусім не яго, што яе недзе за тысячы вёрст, у Варшаве, аддалі іншаму гаспадару.
Зразумела, такія парадкі памешчыкам зусім не падабаліся, ды і купцы хутка прыпомнілі, што цесная сувязь з Польшчай абяцае зьяўленьне ў Маскве польскага гандлёвага капіталу, г. зн. конкурэнтаў, і канец тэй монополії, якой цешыўся да гэтых час маскоўскі капітал у сябе дома. Словам, вельмі хутка ў краіне пачалося зноў нездавальненьне ў вышэйшых клясах супроць новага ўраду. Зразумела, аб гэтых экономічных прычынах нездавальненьня, аб небясьпецы за зямлю, за капітал, уголас не гаварылі. Аб гэтым можна прачытаць толькі ў сакрэтнай перапісцы маскоўскіх баяр, якія стаялі цяпер на чале дзяржавы паводле ўмовы з польскімі дзяржаўнымі людзьмі, а па першы плян незадаволеныя ўладыславам пачалі выстаўляць тое, што ён вось ня рускі і не праваслаўны, а католік, і што таму прызнаваць яго за цара сорамна і ня трэба, нібыта ён ня быў паляком і католікам, калі яго выбіралі і яму прысягалі. Але тады спадзяваліся атрымаць ад яго выгоду, а цяпер ясна было, што толку ад Уладыслава ніякага ня будзе.
Галоўная асноўная мэта, якой дамагаліся, выбіраючы Ўладыслава, ня была дасягнута. Дамовая вайна ня толькі ня спынілася, але пачала гарэць яшчэ больш яскравым полымем. Палякі, даволі дужыя, каб захапіць Маскву і пачаць тасаваць, як карты, маёнткі баяр ды іншых вялікіх уласьнікаў, зусім ня мелі сілы прыпыніць дэмократычную рэволюцыю. У іх, перш за ўсё, было вельмі мала войска, а падругое, тут яшчэ раз, як было за першым Дымітрам, выявілася, што Тушына было моцнае зусім ня польскімі атрадамі, як думалі змоўнікі супроць Дымітра, а іменна казакамі. Калі польскія атрады, па загаду свайго ўраду, кінулі Дымітра, дык гэта зусім не загубіла яго, як думалі яго ворагі: ён толькі пераехаў з Тушына далей ад Масквы, але ўсё такі заставаўся на чале казацкага войска, на гэтулькі моцнага, што памешчыцкая і купецкая Масква павінна была перад ім дрыжаць. Нават калі Дымітры быў забіты,- з удзелам змоўнікаў ці бяз удзелу-невядома, сучасныя летапісцы прыпісваюць яго сьмерць выпадковасьці, - казацкі рух не зрабіўся менш грозным, бо ў Дымітра застаўся сын, і казакі высунулі яго, як кандыдата, на прастол. Словам, падвойная змова супроць Шуйскага і Дымітра ні да чаго не вывяла, і заможныя клясы павінны былі шукаць іншага выхаду з свайго становішча.
Перамены наверсе,-гэта было ясна,-ні да чога не вялі. Ці нельга было папрабаваць зрабіць перамены ўнізе, раскалоць гэтую масу, якая стаяла супроць памешчыкаў і купцоў і пагражала ім? Мы бачылі, што гэтая маса ня была аднастайнай, што яна складалася з людзей рознага стану і розных інтарэсаў. На самым версе яе стаялі казацкая старшыня, атаманы ды іншыя казацкія начальнікі і дробна-памесныя дваране, пераважна з паўднёвай акраіны Маскоўскай дзяржавы. Гэта былі таксама зямляўласьнікі, але толькі дробныя, якія уладалі ня соткамі і нават не дзесяткамі прыгонных, а толькі дзесяткамі дзесяцін зямлі, на якой іншы раз у гэты час ня было нават і сялян. Па сваім маемасным становішчы гэта было нешта падобнае да цяперашняга кулацтва, ніжэй стаялі рамесьнікі. сяляне, халопы і г. д.
Мы бачылі, што ўжо Шуйскаму ўдалося аднойчы адкалоць гэту верхавіну і прыцягнуць яе на свой бок, і што гэтым тлумачылася першая яго і апошняя перамога над войскам Балотнікава. Заставалася паўтарыць гэтую спробу Шуйскага. Па меры таго, як расла дэмократычная рэволюцыя, вярхі казацкага войска пачалі адчуваць сябе таксама няпрытульна, як адчувалі сябе баяры і дваране, якія складалі спачатку двор Тушынскага цара. Їм таксама хацелася, гэтым вярхом, пакласьці канец дамовай вайне, каб замацаваць за сабою тое, што ім удалося захапіць у часе гэтай вайны, калі яны ўсе нахапалі сабе вотчын і грошай. Каб прыцягнуць іх на свой бок канчаткова, людзям гандлёвым, купцом прышлося толькі зрабіць яшчэ адно намаганьне, канчаткова і ўжо шырока разьвязаўшы сваю машну.
Ніжагародзкі купец Мінін пачаў зьбіраць войска «для вызваленьня Масквы ад палякаў і людзей іншых вер», і прытым, у тымто і была яго гэніяльная выдумка,-пачаў абяцаць тым, хто пойдзе ў гэтае войска, такую пенсію, якой у мінулы час не атрымоўвала і царская гвардыя. Простым радавым служылым людзям абяцалі столькі, колькі раней ня мелі гвардзейскія афіцэры. Ня дзіва, што такая мера прывяла, як расказваюць сучасьнікі, да поўнае згоды паміж памешчыкамі і купцамі, з аднаго боку, дробнымі служылымі і больш заможнымі казакамі-з другога. Тыя пабачылі, што служыць заможным клясам куды выгадней, чым братацца з народнай масай і дапамагаць демократычнай рэволюцыі, якая яўна ішла на карысьць бедных і не абяцала нікому ніякага багацьця.
Пакрысе ўвесь штаб Тушынскага лягеру перайшоў на бок Мініна і назначанага купецтвам галоўнакамандуючага сабранага ім войска-Пажарскага. Паўстаўшыя масы, якія засталіся без правадыроў, не маглі супраціўляцца. Меншасьць казакоў, што яшчэ падтрымлівалі сына названага Дымітра, прымушана была ўцякаці на Волгу, а там яшчэ далей. Перад купецка-памешчыцкім войскам быў цяпер толькі адзін організаваны вораг-польскае войска ў Крамлі, але з ім за дапамогай казакоў, якія перайшлі на бок заможных кляс, справіцца было ня цяжка. Цар Уладыслаў быў скінуты,-скінуты, між іншым, таксама, як ён быў выбраны, толькі па іменьні, бо асабіста ён з прычыны свайго маленства ў Маскву і не прыяжджаў. У Маскве сьвяткавалі перамогу праваслаўя над каталіцызмам, які зноў нібы хацеў забрацца сюды, як за першым Дымітрам. У гэты час у маскоўскага купецтва зьяўляюцца і першыя папрыотычныя ноткі. Купецтва ў адозвах заклікае паўстаць ня толькі за праваслаўную веру, але і за сваю зямлю і, дадаюць яны, за дабро, якое нам даў гасподзь бог. Абарона айчыны і абарона сваёй машны ў гэтых людзей, як у буржуазіі ўсіх час, злучалася, такім парадкам, у вадно.
Такі патрыотызм, зразумела, ня толькі не перашкаджаў стараннай абароне сваіх інтарэсаў, але, наадварот, дапамагаў ёй. Капіталістыя і памешчыкі, знаходзячы для сябе выгодным мець цара з чужаземцаў, які ня меў-бы каранёў у сярэдзіне краіны, былі не ад таго, каб пашукаць цара у Швэцыі. Пажарскі стаяў іменна за тое, каб на маскоўскі прастол выбраць швецкага прынца. Але тут умяшалася тая сіла, без якой гандлёвы капітал нічога зрабіць ня мог. У казацтва і у дробна-памесных дваран і баярскіх дзяцей, якія перайшлі на бок заможных кляс, быў свой кандыдат, які набыў популярнасьць іменна ў Тушыне.
Гэта быў сын тушынскага патрыарха Філарэта Нікіціча Раманава. Сам патрыарх быў у гэты час у Польшчы, куды ён паехаў весьці перамаўленьні з Жыгімонтам, ды яго, як манаха пастрыжанага, выбраць на царства і нельга было. Але ў яго быў сын, дұрнаваты 16-гадовы юнак, які, як прадстаўнік сям'і Раманавых, быў, аднак, популярны ў казацкіх і дробна-памесных колах. Дробна-памесны галіцкі дваранін назваў першы гэтага кандыдата, а калі начальныя людзі дваранскага і купецкага войску пачалі выражаць сваё незадавальненьне наконт гэтага, то з шэрагу тых, што сабраліся, выступіў данскі атаман і вельмі цьвёрда падтрымаў гэту кандыдатуру. Пажарскі і яго таварышы зразумелі, што лобам муру не разаб'еш, кінулі свае мары аб швецкім прынцы і падпарадкаваліся няўхільнаму. Кандыдат казакоў і дробна-памесных дваран зрабіўся царом. Быў склікан земскі сабор, катораму заставалася толькі прызнаць факт, які адбыўся.
Так пачала панаваць у Расіі дынастыя Раманавых. Плод здрады вярхоў рэволюцыйнага войска сваім нізом, яна не замядліла здрадзіць тым, хто яе высуваў. Здавалася-б, што Раманавы, пасаджаныя па царства, хоць і не дэмократычнай рэролюцыяй, але ўсё-ткі людзьмі, якія вышлі з шэрагу гэтай рэволюцыі, павінны былі памагаць, калі не сялянству і не халопам, то ў кожным выпадку нізом дваранскага грамадзтва. Нічога гэтага ня было. Сапраўды, пры першых Раманавых лепей за ўсё жылося буйнаму гандлёваму капіталу, вялікія госьці пакрысе забралі ў свае рукі ўсё кіраваньне дзяржаўнымі фінансамі, разьмяркоўвалі і зьбіралі ўсе падаткі, бралі сабе на водкуп збор падаткаў і іншыя выгодныя прадпрыемствы і г. д., што тычыцца зямляўладаньня, дык тут Раманавым удалося аднавіць тое, што пачаў разбураць Грозны. Пры іх у Маскоўскай дзяржаве зноў паўстае вялікае вотчыннае зямляўладаньне. Перш за ўсё царская сям'я і яе родныя забралі ў свае рукі вялізную колькасьць зямлі, а за імі ўсе іншыя, хто новай царскай сям'і памагаў і ёй служыў. На месца баярства, загнанага і прыдушанага, паўстае новая арыстократыя, якая адрозьнівалася ад ранейшай тым, што тая вяла сваё пахаджэньне ад вялікіх фэўдалаў, удзельных князёў і баяр, а гэта--ад новых людзей, пахаджэньне часта вельмі нязначнага. Але з цягам часу гэтыя баяры зрабіліся ня горш ранейшых, і ў сваіх маёнтках з тысячамі і дзесяткамі тысяч душ сялян яны зноў зрабіліся нечым падобных да фэўдалаў. Калі на Русі ня было поўнасьцю адноўлена тое, што зьнішчыў Грозны, дык толькі таму, што экономічнае разьвіцьцё далёка зайшло наперад і вярнуцца да старога нельга было.
У асобе Мініна і Пажарскага атрымаў перамогу гандлёвы капітал, для якога купцы былі гаспадарамі, памешчыкі-ж-першымі бліжэйшымі слугамі. Першы час купцы і памешчыкі, якія зрабіліся падазронымі, з прычыны цэлага шэрагу няўдачных цароў Смутнага часу, пільна сачылі за сваім выбранцам, і земскі сабор, дзе купцом і памешчыкам належала рашучая большасьць, на працягу пекалькі год зусім не разыходзіўся, ды і потым зьбіраўся вельмі часта. Пaкрысе, аднак, заможныя клясы прасякаліся давер'ем да новай дынастыі, асабліва з таго часу, калі вярнуўся з заграніцы айцец Міхаіла Фёдаравіча, патрыарх Філарэт, адзін з самых спрытных дзяльцоў і дыплёматаў свайго часу. Калі памёр Міхаіл, яго сына Аляксея выбралі на прастол бяз усякіх хістаньняў і спрэчак.
Усе прывыклі к таму, што сям'я Раманавых сумленна служыць гандлёваму капіталу. Яна ня толькі служыла гандлёваму капіталу, але нібы зраслася з ім. Царскі двор ужо пры Грозным прымаў удзел у гандлёвых справах. Грозны даваў субсыдыю-«бологодзець»-расійскім купцом, якія езьдзілі заграніцу. Яго сын Фёдар іванавіч быў пайшчыкам ангельскай кампаніі, якая галдлявала ў Маскве. Пры Раманавых цар, ужываючы ўдалы выраз аднаго чужаземца, зрабіўся першым купцом сваёй дзяржавы. Вялікія купцы, маскоўскія госьці зрабіліся простымі царскімі агентамі, а гандаль усімі каштоўнымі таварамі, шоўкам, які атрымліваўся з Пэрсіі, дарагімі сібірскімі футравымі скурамі, скурамі, вырабленымі асаблівым расійскім спосабам, якія надзвычай цаніліся ў Заходняй Эўропе і г. д., зрабіўся царскай монополіяй. К пачатку наступнага XVІІІ сталецьця, гадоў цераз сто пасьля таго, як Раманавы селі на маскоўскі прастол, царскі двор, як піша другі чужаземец, быў падобны да купецкай канторы. Там увесь час гутарылі аб розных гандлёвых гешэфтах, аб паташы, няньцы, каноплях і г. д., і чужаземцы, якія прывыклі да зусім іншых прыдворных гутарак, не маглі прыйсьці да сябе ад зьдзіўленьня. Госьці зрабіліся свайго роду прывілейным станам. Гэта было гандлёвае дваранства.-уся маса дробных гандляроў была ў яго ў кабале, крыху лепшай за тую, у якой памешчыкі трымалі сялян.
Трэці чужаземец.-усе чужаземцы зварачалі ўвагу на гэту асаблівасьць Маскоўскай дзяржавы,-сьведчыць, што каб у Маскоўскай дзяржаве выбухла паўстаньне, дык гасьцям перш за ўсё скруцілі-б галаву. Але дваранска-купецкая ўлада пільна глядзела за «парадкам» у дзяржаве і ўжывала ўсе меры, каб не паўтарыліся тыя здареньні, якія былі ў часе «смуты», як пачалі дваране і купцы называць народны рух у пачатку XVІ веку. Перш за ўсё пільна ахоўвалася сама асоба папа, каб з ёю ня здарылася такой няпрыемнасьці, як з першым Дымітрам, якога забілі, або з Шуйскім, якога скінулі з прастолу і пастрыглі. Строга забаронена было з зброяй у руках падыходзіць да царскага палацу, апрача, зразумела, варты. Нават у вароты Крамля, так званыя Спаскія, народ ня сьмеў уваходзіць у шапках. Аднаго халопа жорстка зьбілі бізунамі за тое, што ён адважыўся правесьці каня цераз царскі двор. Словам, да новай дынастыі стараліся надаць такое паважаньне ўсім падданым, якога не вымагала да сябе дынастыя Івана ІІІ і Грознага. Потым была добра організавана поліцыя. Амаль што на чале ўсяе дзяржавы быў пастаўлены пры Раманавых «прыказ тайных дзел», і з яго лёгкай рукі розныя сакрэтныя «канцэлярыі» і «экспэдыцыі» праводзяць нас цераз увесь ХVІ век. У XІX веку ўсе гэтыя сакрэтныя ўстановы перадаюцца ў рукі корпуса жандараў і дэпартаменту поліцыі. Сакрэтны прыказ з самага пачатку, за першымі Раманавымі, быў надзелены вялізнымі паўнамоцтвамі. Нават члены баярскай думы, г. зн. дзяржаўнай рады, ужываючы пазьнейшае выражэньне, у гэты прыказ не хадзілі і справамі там ня ведалі. Ён быў, значыцца, паза контролем гэтай маскоўскай дзяржаўнай рады. Ён падлягаў беспасрэдны самому цару, і чыноўнікі яго, сапраўды, мелі больш улады, чым члены баярскай думы.
Але такая поліцыя і тады была толькі сілай, якая організавала, была, так сказаць, мазгамі гэтага кіраваньня. А мазгам патрэбны былі рукі, і першыя Раманавы паклапаціліся аб утварэньні добра ўзброенай сілы, зусім надзейнай і па магчымасьці незалежнай ад народнай масы. Раней войска маскоўскага цара, якое складалася з яго васалаў памешчыкаў і з нанятай пяхоты, набранай пераважна з нізоў гарадзкога насяленьня, стральцоў, было мала надзейна. Яно было замала дысцыплінавана і, як паказалі здарэньні пачатку XVІ веку, лёгка захоплівалася народнымі ўзрушэньнямі. Гэтых стральцоў і дробных памешчыкаў мы бачым то на адным, то на другім баку, то разам з Тушыным, то ў цара Васілія. Раманавы пачалі з таго, што ўзялі на сваю службу вялікую колькасьць чужаземных, нанятых салдат. Мы памятаем, што ў свой час нямецкія атрады заставаліся апошняй апорай улады Гадунова, калі ўся рэшта войска перайшла на бок Дымітра. Але ў Гадунова было занадта мала гэтых нямецкіх салдат. Пры першых Раманавых у Заходняй Эўропе адбывалася вялізная трыццацігадовая вайна, калі людзей вайсковага рамяства напладзілася вялікая колькасьць і на рынку прапаноўвалася вайсковых рук колькі хочаш. З гэтых людзей пачалі формавацца маскоўскія палкі. Аднак, хутка найшлі, што гэта занадта дорага, з аднаго боку, што гэта ня зусім надзейна--з другога, бо гэтыя людзі служылі толькі за грошы і за грошы іх можна было перакупіць. Пакрысе гэтыя дарагія і ня зусім надзейныя кадры новага войска пачалі папаўняцца людзьмі, якіх бралі з народнай масы, але якія былі адарваны ад яе зусім, назаўсёды. Гэта ня было войска, якое прызывалася час ад часу, як раней. Салдатам чалавек рабіўся на ўсё жыцьцё. Ён зусім адрываўся ад роднай вёскі, казармы для яго рабіліся другой хатай.
«Нашы братцы-тугі ранцы, нашы сестры-саблі востры, нашы дзеткі-пулі меткі», сьпявала салдацкая песьня часоў Мікалая 1-га.
Так салдат прывыкаў думаць, і яму рознымі спосабамі ўбівалі палкамі і пераконвалі, што ён абавязан служыць выключна цару і што калі цар загадае, дык ён павінен расстраляць айца, матку, каго хочаш. Пад начальствам нямецкіх, або навучаных у немцаў афіцэраў, з гэтых рэкрутаў хутка вырасла рэгулярная армія, якая па сваім узброеньні, організацыі і дысцыпліне стаяла куды вышэй за старое маскоўскае войска. Маючы такую армію ў руках, можна было ня толькі не баяцца ніякіх унутраных паўстаньняў, але гандлёвы капітал, маючы такую прыладу, мог весьці такую адважную і энэргічную замежную політыку, аб якой ён ледзь мог марыць за сто год да гэтага.
Унутранае значэньне рэгулярнай арміі выявілася раней за ўсё. Уступленьне на прастол Раманавых ня толькі не палепшыла становішча народных мас, а, наадварот, пагоршыла яго, бо прыгоннае права, якое спачатку хісталася, то пашыралася на ўсё новыя і новыя масы сялянства, то адступала і выпускала з сваіх моцных кіпцюроў сялян, за панаваньне Раманавых асталявалася канчаткова. У палавіне XVІІ веку, за выключэньнем часткі паўночнай Расіі, дзе зямляробская гаспадарка магла быць толькі дапаможнай, і куды памешчыкі не заглядалі, не заставалася ніякіх іншых сялян, апрача прыгонных. Толькі зрэдка мы спатыкаем сялян, якія складаюць умовы з сваім панам. г. зн. сялян вольных, якіх трэба прывабіць за дапамогай пазыкі. Пераважная большасьць трымалася моцна сваіх паноў, бяз розных «пазыкавых запісаў» і разглядалася, як памешчыцкая ўласнасьць. Напрыклад, калі вінават быў памешчык, адказвалі яго сяляне. Няспраўных вінавайцаў ставілі на правеж, г. зн. білі палкамі кожны дзень, пакуль яны не аддадуць пазыкі. Дык вот, за памешчыка ставілі на правеж яго сялян, таксама, як раней гэты лёс пераносілі халопы. Такім чынам, цяпер паміж сялянамі і халопамі ня было ужо ніякай розьніцы.
Зразумела, што не палепшылася становішча і гарадзкой клясы пад ціскам гандлёвага капіталу, а дзеля таго што ўтрыманьне новага войска і наогул усяе адміністрацыі вымагала вялікіх выдаткаў, то, да ўсяго іншага, надзвычайна павялічваліся і тыя падаткі, якія ляжалі на ніжэйшых клясах насяленьня--на сялянах і дробных гарадзкіх людзях. Узоры гэтых падаткаў цяпер браліся часткова адтуль-жа, адкуль браліся ўзоры і новай вайсковай сілы. Так, цар Аляксей, другі Раманаў на прастоле, які насьледаваў Заходняй Эўропе, увёў падатак на соль. Падатак выклікаў бунт, але бунт гэты, за дапамогай новай вайсковай сілы, быў уціхаміраны. Таксама быў уціхаміраны і другі бунт, выкліканы спробай ураду выпусьціць фальшывыя грошы, так званыя медныя рублі. Тады было ў звычаі ня толькі ў аднаго маскоўскага ўраду псаваць монету, падмешваючы да срэбра медзі. Народ гэта мала заўважаў і папсутыя рублі хадзілі таксама, як поўнацэнныя. Дык вот крыха-пакрысе урад прышоў да думкі выпусьціць зусім медныя грошы, якія-б хадзілі, як срэбныя. Але ўжо кінулася ў вочы, і медныя грошы, якіх у дадатак выпусьцілі безьліч, пачалі хутка падаць у цане, а ўсе тавары пачалі даражэць. Гэта зноў выклікала народнае абурэньне, але раманаўскі ўрад ужо быў даволі моцны, каб з ім саўладаць.
Самае вялікае паўстаньне, з якім прышлося мець справу першым Раманавым, гэта было паўстаньне казацка-сялянскае, якое вышла з Дону, паўстаньне Сьцяпана Разіна. Яно беспасрэдна зьвязана з разьвіцьцем гандлёвага капіталізму. Яго тэатрам было Паволжа, якраз тыя месцы, па якіх ішоў самы галоуны гандлёвы шлях Маскоўскай Русі-рэчка Волга, якая зьвязвала маскоўскі край з Пэрсіяй, адкуль атрымліваліся самыя каштоіныя тавары, якія з вялікай карысьцю перапрадаваліся потым царскімі гасьцямі ў Заходнюю Эўропу, ангельскм і голяндзкім купцом у Маскве і Архангельску. Удоўж гэтага гандлёвага шляху сабралася шмат безьзямельнага люду, грузчыкі, бурлакі, розныя дробныя гандлёвыя служачыя, а потым проста дробныя гандляры і рамесьніцкі люд. Абшарніцкае зямляўладаньне на прыволскім чорназеме хутка пашырылася і дзеля таго, што тутэйшыя абшарнікі мелі шмат зямлі, але звычайна мала сялян, пераведзеных сюды абшарнікамі з цэнтральных краін Маскоўскай дзяржавы, дык тут была, зразумела, самая жорсткая паншчына. Сялян прымушалі працаваць болей, чым у якім-небудзь іншым месцы і ў завяршэньне ўсяго тут-жа побач, пасуседзтву, быў вольны Дон, казацкае гняздо, якое Раманавы доўга не адважваліся ні зруйнаваць, ні падпарадкаваць сабе. Наладжваючы парадкі ў сярэдзіне дзяржавы, яны не адчувалі сябе даволі моцнымі, каб узяць у рукі людзей, якія зьбеглі з їх царства, і якія жылі па той бок граніцы. Чарга гэтаму прышла толькі пазьней, цераз гадоў сто. Данское казацтва вельмі доўга пасьля смуты не мяшалася ва ўнутраныя справы Маскоўскай дзяржавы. Мы памятаем, што ў канцы рэволюцыі пачатку XVІІ веку узброеныя сілы гэтага казацтва былі расколаты, і казацкае афіцэрства-атаманы-перайшлі на бок заможных кляс. Казацтва было гэтым дэзорганізавана (разладжана). Частка яго трапіла ў дваране, рэшту раманаўскі ўрад таксама клапаціўся задобрыць, ня толькі ня дражнячы іх, як гэта рабіў Гадуноў, а наадварот, розна патураючы ім, забесьпячаючы іх хлебам і нацкоўваючы іх на суседзяў-турак і татар. Рабаваньні і набегі адбіралі ўсю ўвагу казацтва XVІІ веку. Але калі здарылася, што галоўная турэцкая крэпасьць Азоў апынулася ў іх руках, і казацтва наіўна зьвярнулася да Масквы з просьбай аб падтрыманьні,--Масква адмовіла. Ёй Азоў зусім ня быў патрэбны, а патрэбна было толькі адцягнуць казакоў. Казакі былі выбіты з Азову, і туркі настолькі ўмаваліся ў ім, што гэтая крэпасьць зрабілася няпрыступнай апорай турак. Рух на поўдзень быў спынепы, казацтва прымушана было шукаць выхаду ў другіх кірунках, на паўднёвы ўсход, і зразумела, натуральна стала на тым гандлёвым шляху, які быў так дарагі для гандлёвага капіталу,-на Ніжняй Волзе і Касьпійскім моры. Казакі пачалі з рабаваньня нерасійскіх людзей, пэрсаў. Але зусім натуральна, што яны парушылі і інтарэсы расійскага гандлю, і сутычкі з маскоўскім урадам былі зусім няўхільны. А распачаўшы барацьбу ў гэтых месцах, казакі мімаволі станавіліся ў цэнтры ўсяго гэтага дробнага, прыгнечанага, заняволенага люду, аб якім мы гаварылі. Сьцяпан Разін зрабіўся наступнікам Балотнікава. Пад яго атаманствам паўстаўшыя заўладалі Астраханьню, заўладалі Царыцыным і рушылі ўверх па Волзе, укірунку на Маскву. Але пад Сімбірскам іх спаткала новае навучанае, як заграніцай, маскоўскае войска і разьбіла нашчэнт. Разіна захапілі ў палон і пакаралі сьмерцю ў Маскве. Так скончылася гэта новая казацка-сялянская рэволюцыя, якая пакінула аб сабе памяць у народных песьнях, але якая куды меней страсянула гандлёвы капітал і створаныя ім парадкі, чым рэволюцыя пачатку XVІІ-га веку. А ўсьмірылі паўстаньне так моцна, што пасьля Разіна падобных паўстаньняў ня было сто год, і трэба было нячуванае ўзмацненьне ціску, які вісеў над сялянамі, у другой палавіне XVІ веку для таго, каб выбухла амаль што ў тых самых месцах новае паўстаньне Пугачова, аб якім падамо ніжэй.
Апошнюю паслугу ў барацьбе з унутранымі ворагамі зрабіла Раманавым новае войска іменна супроць старога войска. Адчуваючы, што новыя парадкі пагражаюць самому існаваньню стралецкага войска, стральцы пачалі непакоіцца і скарысталі ўнутраныя нялады пры царскім двары, каб на некаторы час заўладаць Масквой. З імі хутка саўладалі новыя палкі чужаземнай муштры з царом Пётрам, самым энэргічным, самым таленавітым і самым выдатным з Раманавых, на чале. Калі Пётра паехаў заграніцу, стральцы папрабавалі паўстаць другі раз, але былі разьбіты канчаткова і амаль цалком зьнішчаны Пётрам, які быў ня толькі самым таленавітым і энэргічным, але і самым лютым з Раманавых. «Што ня зубец, то стралец», гаварыла тагочасная сумная прыказка аб тым, як Пётра разьвешваў правадыроў паўстаньня на зубцох крамлёўскай сьцяны, ня лічачы тых, хто быў беспасрэдна расстрэляны на месцы бойкі.
Але ў гэты час новае войска трэба было гандлёваму капіталу ўжо ня толькі для таго, каб усьміраць унутраных ворагаў, але і для замежных прадпрыемстваў, такіх вялізных і адважных, аб якіх ён не адважваўся-б і падумаць сто год таму назад. Ужо ў палавіне XVІІ сталецьця раманаўскі ўрад надзвычайна трапна выкарыстаў казацка-сялянскую рэволюцыю, якая адбывалася ў заходняй Расіі. Там па паўднёва-ўсходняй частцы польска-літоўскага каралеўства адбывалася тое самае, што было ў Маскоўскай дзяржаве. Таксама разьвіваўся гандлёвы капітал, пад уплывам гэтага гандлёвага капіталу на месцы ранейшай фэўдальнай павіннасьці зьявіліся жорсткія аброкі, жорсткая паншчына,- словам, усе сродкі выбіваньня з селяніна, як яго называлі ў заходняй Русі, «хлопа», дадатковага продукту, які потым ішоў на рынак і рукамі купцоў пашыраўся па ўсёй Эўропе. Польскай збажыной харчаваліся і ў Лісабоне, і ў Нэапалі, і няўраджай у Польшчы азначаў часамі голад у Італіі. Як гэта было ў Маскоўскай дзяржаве, новыя парадкі асабліва цяжка далі сябе адчуваць у месцах новай калёнізацыі, г. зн. якраз у Прыдняпроўі, у сучасных Кіеўскай, Валынскай і іншых суседніх губэрнях.
А недалёка тут-жа, на Дняпры, было казацкае гняздо-Запарожжа, якое ўтварылася такім самым шляхам, як і на Доне з зьбеглых «хлопаў». Натуральна, што паўтарылася тое самае, што было ў Маскоўскай Расіі. і як Маскоўская дзяржава бачыла казацка-сялянскае паўстаньне ў пачатку XVІІ веку, так канец XVІ і першая паавіна XVІІ веку былі ахоплены шэрагам казацкіх паўстаньняў у Прыдняпроўі. Польскі ўрад, які з самага пачатку меў і добрае рэгулярнае войска і лепшую поліцэйскую організацыю, чым мела Масква ў часы Шуйскага, доўга змагаўся з гэтымі паўстаньнямі. Тут аднак і вораг быў у дваранска-купецкай улады куды больш сур'ёзны. Казакі і сяляне Вялікарусі былі цёмнай, няпісьменнай масай. У казакаў і «хлопаў» заходняй Расіі знайшлася свая інтэлігенцыя ў асобе гарадзкога мяшчанства. Гэтае гарадзкое мяшчанства Львова, Кіева, Жытоміру ды іншых украінскіх гарадоў трывала ад свайго гандлёвага капіталу ня менш, чым маскоўскае ад свайго. Польскі ўрад стаяў, зразумела, як і маскоўскі, на баку багатага купецтва і рознымі спосабамі ціснуў і душыў украінскага мешчаніна. Але той меў сваю організацыю, накшталт заходня-эўропэйскай, організацыю царкоўную: украінскія рамесьнікі і дробныя гандляры ўтварылі свае «брацтвы» пры цэрквах з больніцамі, школамі і т. п. Гандлёвы капітал стараўся зламаць гэту організацыю: у канцы XVІ веку польскі ўрад правёў у заходняй Расіі «вунію», г. зн. падпарадкаваў украінскую царкву назначаным урадам архірэям, якія, у сваю чаргу, падпарадкаваліся агульна-каталіцкаму цэнтру, рымскаму папе. Для народу гэту скарбовую царкву прыгожа малявалі, як аб'яднанне ўсіх хрысьціян у аднэй царкве» (адгэтуль-«вунія», што значыць «злучаньне»). Але мяшчанства зразумела, што вунія наносіць сьмяротны удар яго організацыі, і паўстала супраць вуніі ўсімі сіламі, не падлягаючы скарбовым «вуніяцкім» архірэям. За гэта мяшчанскія брацтвы пачалі прыціскаць, што усё больш і больш штырхала мяшчан у бок «хлопскай» рэволюцыі. Праваслаўная вера зрабілася сьцягам гэтай апошняй, а кіеўская духоўная акадэмія яе разумовым цэнтрам. Казакі і «хлопы» тут, такім парадкам, ня толькі пакутвалі ад сваіх «паноў»-- памешчыкаў і памешчыцкага ўраду, але мелі і гатовае, зразумелае для сябе апраўданьне свайго паўстаньня супраць гэтага прыгнечаньня.
Калі паўстаньне тут было лепей організавана, чым па Русі маскоўскай, то польскі ўрад вёў сябе куды менш трапна, чым маскоўскі. Гэты апошні, адчуваючы сваю слабасьць, стараўся падзяліць і падкупіць паўстаўшых. Польскі, спадзяючыся на сваю сілу, ганьбаваў гэтым і аднолькава ціснуў і душыў і жабрака «хлопа», і заможнага казака «земяніна», і гарадзкога крамніка, і нават праваслаўнага папа або архірэя, які ня прыняў вуніі. Ён яднаў сваіх ворагаў замест заго, каб падзяліць іх, таму казацкае паўстаньне 1645 г., на чале якога стаяў адзін з прадстаўнікоў верхняга, заможнага пласта казацтва, Багдан Хмяльніцкі, вельмі ўдала перамагло польска-літоўскае ўрадавае войска. Але перамагчы зусім Хмяльніцкі ня здолеў, ён павінен быў шукаць саюзьнікаў. Гэтым надзвычайна трапна скарысталася Маскоўская дзяржава: яна ўзяла Хмяльніцкага пад сваю апеку, і такім чынам, Украіна, спачатку левы бераг Дняпра а горадам Кіевам, перайшлі ў рукі Маскоўскае дзяржавы. Апрача волскага гандлёвага шляху, гэтая апошняя трымала цяпер у сваіх руках і другі гандлёвы шлях да Чорнага мора-дняпроўскі. Але прайшло шмат часу, перш чым яна скарыстала гэты новы гандлёвы шлях і перш чым барацьба за Чорнае мора зрабілася галоўнай барацьбой для маскоўскага гандлёвага капіталу. Чарговая задача была іншая. Найбольш блізкі выхад у Заходнюю Эўропу быў для Маскоўскай Русі ня Чорнае мора, а Бальтыцкае. І вот у гэтай барацьбе за Бальтыцкае мора, так званай Вялікай Паўночнай вайне 1700-1721 г. г., асабліва зьявілася каштоўнай для гандлёвага капіталу яго новая зброя-організованая на чужаземны ўзор армія.