Змест Роднае карэнне
I
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
II
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




…А яшчэ трэба паведаміць табе, даражэнькі сынок наш, — чытаў, лежачы на цвёрдай канапе пасля абеду, бацькоўскую пісульку студэнт-медык Архіп Ліпкевіч, — што ў новай нашай хаце жыць мы дужа баімся…

Архіп пацягнуў раз-другі папяроску, абтрос попел на бляху, буркнуў пад нос: «Што за дзіва?» — і, зацікаўлены, пачаў разбіраць далей закаручкі запэцканага чарнілам пісьма:

…Здаецца, ні разу не было таго ў нашым сяле, што дзеецца цяпер у гэтай хаце…

— Ну й пісара ж знайшоў бацька сабе, — уголас загаварыў Архіп, ніяк не могучы разабраць слова ў пісульцы.

Ён ізноў зацягнуўся, вылаяў у думцы пісаку, што, нягледзячы на добры сялянскі пачастунак і пяць капеек, так дрэнна піша пісьмы, саўсім нечытэльна, і задумаўся аб далёкім родным сяле, аб міленькіх старэнькіх, сялібах і садку, што сам з бацькам садзіў колькі гадоў назад.

«Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Час ідзе — угары, у воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перагаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чалавека на колькі трэба часу і ўзноў аджыўляць яго; усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш… Сумна, сумна».

«У дваццатым вяку баяцца жыць у новай хаце. А чаго? Ну, пэўне, чэрці не даюць». — Так думаў-сумаваў студэнт.

…Мы ўжо й папа прывозілі і свянцілі яе, але нехта асеў у ёй і не дае начаваць… — прачытаў ён і аж зазлаваў:

— Выдумаюць сабе ўсякіх дурацкіх зданнёў дый, быццам дзеці, забаўляюцца. Як бы рабіць няма чаго. Э-эх!

…У прошлы чацвер пайшоў батрак начаваць у ёй, бо там халадней, а ў старой хаце аб цяперашнюю летнюю пару дужа душна, дый мухі спакою не даюць. А лавак у ёй мы яшчэ не паставілі, дык ён і лёг на грубцы, бо мы цяпер яе не топім, і спаць там хораша…

Студэнту было троху смешна.

…Якое ўжо, не пры нас будзь казана, ліха здалося яму там, — пісалася далей у пісьме, — ці ён, можа, вечарам з дзеўкамі перажартаваў, ці, часам, да Міхаля ў карчму збегаў, хто яго там ведае, а толькі не паспелі мы заснуць у старой хаце, як раптам заляскаталі нашы вокны так, што мы аж адразу папрачнуліся і надта папужаліся. Матка й кажа да мяне: «Нупрэй, Нупрэй, ці

не біць нас хто лезе, што гэта робіцца?» А я — шусь! да акна, гляджу, ажно гэта батрак у адной сарочцы, без шапкі, босы, як адурэўшы, крычыць нема: «Дзядзічка, адчыняй хутчэй!» Адчыніў я акно, упусціў яго, а ён трасецца, зуб на зуб не трапляе… «Што такое? Што такое?» — запыталіся мы. «Нехта ў новай хаце з печы мяне зваліў». «Злодзей, можа, ды там жа красці няма чаго», — сказаў я, але батрак кляўся, бажыўся, што ў хату чалавек залезці ніяк не мог, бо ён на ноч залажыў чэп у прабой, засадзіў кіёк і слясак з клямкі выцягнуў. Ніхто ўлезці не мог… А нехта, нявідзімы, слізкімі, як вужакі, халоднымі рукамі схапіў яго за ногі і махануў з печы на мост. І сапраўды ў батрака быў збіты бок і абдзёрты аб цэглу рукі…

— Нячысцікі завяліся там, ці што? — злосна смяяўся студэнт і падумаў, што батрак пабіўся з хлапцамі за дзевак і паддурыў старыкоў чартаўнёй, як найлепей.

Архіп устаў з канапы і засігаў па святліцы ў задумленні. Затужыў троху. І ўспомніў старога дзеда Міхалку, на каторага ўсе казалі, што ён тры гады бегаў ваўкалакам. Сам Архіп некалі даваў гэтаму веры.

— Што за народ наш, беларусы? уголас задаў ён сабе пытанне і размеркаваў, што доктарам будзе служыць на Беларусі і будзе збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа.

…А надоечы пайшоў начаваць ужо я і батрак, удвух. І таксама прыбеглі ноччу ў старую хату, бо я прачнуўся, чуць не акалеўшы, пад зэдлікам, хоць заснуў на зэдліку, а на батрака нехта ўзваліўся і душыў…

— Незразумела, уцяміць не можна, што за штуковіна такая, — ламаў галаву медык, і на глыбіні яго душы пачалі капашыцца вобразы таемнага, страшнага, шчыра беларускага…

Не дарма быў Архіп — выліты яго дзед, што да смерці заўсёды крэпка маліўся богу і тым часам лашчыў, як можна, дамавых, лесавых, вадзяных.

…Мы ўжо ставілі ў куце й «пратэсы», псалтыр чыталі і псалмы пелі, — нічога, рады няма, усяліўся нехта ў хаце і не дае спакою. Ці не параіш ты чаго, а то хоць хату разрый…

Архіп задумаўся яшчэ больш. Дачытаў пісьмо, дзе пісалася ўжо, што кароўкі, дзякаваць богу, пагулялі, малака даюць многа, жарабё прадалі Зэліку, падсвінак здох, яблык урадзіла дужа-дужа многа. А потым ішоў цэлы ліст паклонаў «ад белага ліца да сырой зямлі».

Студэнт памаўчаў троху, шчакануў пальцамі і тут жа падскочыў ад раптоўнай думкі — паехаць самому дамоў на гэтую чартоўшчыну.

— Яблык, гуркоў, суніц, чарніц, маліны, грыбоў цяпер там… На сенакосе з касою гуляну, як у старыну калісь, з дзяўчаткамі знаёмства старыннае ўспомню, — пацяшаўся студэнт,— а старыя будуць рады рады!

Думкі хмары яго разляцеліся.

— К чорту ўрокі, перадам вучанікоў таварышам, хопіць грошы, а то яшчэ зараблю ўзімку, як-небудзь узнясу за права вучэння, а цяпер жа ў нашай вёсцы — сяле закутным — рай!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

На другі дзень Архіп ужо тросся на жалезнай дарозе.