Родныя зьявы (1914)/Выбар старшыны
← Так і трэба ашуканцу | Выбар старшыны Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1914 год |
Злучыліся → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Выбар старшыны. |
Выбар старшыны
Ужо ад самаго ранку крычалі выбарные. Многа выпілі гарэлкі, а ешчэ больш піва.
У воласьці я застаў пісара і яго памочніка. Заглядаў сюды такжэ дзед — стораж с чырвоным носам — табаку зажываў ды ў гарэлцэ быў ня дурэнь. Ён здзьмуха́ў пыл, прыбіраў, як перэд Калядамі. Чэкалі земскаго.
А на „зборнай“, як на кермашы гаманіў сход.
— Ось хіба сягоньня пілі дык пілі! — кажэ памочнік. Гарэлку не чаркамі лічылі, а шклянкамі. Старшына адразу даў дваццаць пяць рублёў, а калі выбяруць яго, то ешчэ, казаў, дасьць гэтулькі.
У нас ужо такі парадак: хто больш паставіць гарэлкі, той старшына. А хто-ж больш паставіць, як не багаты. Селяне нашы таго ня помнюць, што гэту выпіўку старшына пасьля ў тры разы верне. У нас ешчэ і так бывае: выбяруць старшыну, а на заўтра тые самые, што выбіралі яго, прыходзяць цалаваць яму рукі.
— Дзын-дзын-дзын! Дзын-дзын-дзын! Земскі прыехаў.
Старшына і пісар разам пабляднялі.
— Здраствуйце!
— Здравя жэлаем, ваша сіяцельства!
Адзін выбарны здароўкаўся аддзельна. Усё ужо сціхла, а ён, пьяны як земля, заікаецца, крычыць:
— Здраввя жжжалаю ввваша пппббблагородзьзе!
— Ну, каго хочэце мець старшыною?
— Таго, хто й быў! — крыкнулі разам.
— Ладна! — кажэ земскі.
Я думаю, што „ладна“! Калі-б я быў на яго мейсцы, то і я сказаў-бы „ладна“…
Старшына стаяў белы, як сьнег. Згорбіўся у дзьве пагібелі, як сьвіны татка.
Я бачыў яго да сходу: такі бравы, як генерал які. Я пазіраў на яго ды думаў: няўжо-ж гэта той самы чэлавек? Быць ня можэ! той быў роўны, а гэты — як абаранак. Той хадзіў па воласьці, як сам цар, крычаў аж шыбы бражджалі, а гэты сагнуўся, як жэбрак, і маўчыць, як немка — толькі вачыма лыпае. Той быў таўсты, а гэты на цэлы пуд худзейшы.
Як толькі пачуў ён моц сваю, павесялеў чэлавек, выбраў мінуту, маргнуў пісару і язык высалапіў.
Земскі стаў нешта пісаць.
Здаецца усё зрабілася добра. І трэба-ж выскачыць як-раз цяпер Піліпу, селяніну с чорнай барадою. Піліпа ў воласьці не было, як выбіралі старшыну — выпіваў с сябрам.
Убег ён у воласьць, як куля; стукнуў дзьвярыма.
— Грамада! ужо выбралі? Апанаса Кветку? Каб вам доскі сабралі! Каго вы выбралі? Ешчэ мала выпіў у вас крыві?
— Ціха! — кажуць. — Тут-жэ земскі!
— А што мне ён? Але вы абармоты! Га-ааа? Ты старшынка? Сто рублёў прапіў! Каму трэба — патсунуў? Зноў кроў будзеш піць?..
Земскому і старшыне хоць вазьмі засадзі туды вочы, гдзе яны ніколі не сядзелі, а каб і сядзелі, то сьвету-б не бачылі.
А сход пазірае, як баран.
Беднаго Піліпа пасадзілі ў халодную.
Гэтак пазалетась выбіралі старшыну каля Пінска.
Паглядзім, як гэта цяпер будуць у нас выбіраць дэпутатаў у Гасударственную Думу?