Родныя зьявы (1914)/Так і трэба ашуканцу

Стараста Так і трэба ашуканцу
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Выбар старшыны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Так і трэба ашуканцу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Так і трэба ашуканцу.


I.

Канцэлярскі пісец, Спірыдон Зручны, доўга не ўставаў с пасьцелі, хоць і даўно ўжо прачхнуўся і выспаўся ў смак… У пасьцелі было так добра пацягвацца, пакачывацца і разважаць с самым сабою! Але калі ўжо шанцуе, то і ў лапцях танцуе: якраз прыпаў у гэты час сьвяты дзянёк. Работы ў канцэлярыі паветоваго члена, дзе ён служыў, ня мелася. Дык чаго сьпешацца? І Спірыдон лежаў ў сваім бярлогу пад дзяругаю, здаволены сабою і сваею доляю. Гэтае здаволеньне павялічалася ешчэ і тым, што Спірыдону прысьніўся надта прыемны сон. На іншых мамэнтах гэтаго сну Спірыдон затрымоўваўся даўжэй і перэжываў іх ешчэ і ешчэ. Што яму сьнілася, можна было толькі дагадывацца, і то здалёк, кінуўшы на увагу, як ён, узяўшы са стала забруджэнае мухамі „туалетнае зеркала“, пазіраўся ў яго, пакручываючы пяць сьветлых, пад колер сьметаны, валаскоў пад носам, каторые азначалі сабою Спірыдонавы вусы. На Спірыдона з люстэркі пазіралі такіе-ж сьветлые, як і вусы, вочы, сьветлые бровы, каторые с першаго погляду трудна было разглядзець. Адзін толькі нос — чаравік — кідаўся кожнаму ў вочы сваім доўгім, задраным у гару канцом, ахварбаваным пад бурачны квас. І дурню было ясна, што гаспадар таго носа дужа змагаўся с п’янствам, і змагаўся проста, аткрыта, чэсна, без усякіх там хітрыкаў — галялюшчыў і толькі.

Спірыдон пазіраўся ў люстэрку доўга, покі не праканаўся, што ён — маладзец-малайцом! А то можэ не? Чаго-ж на яго зазіраюцца „барышні?“ О, ён толькі ня хочэ гаварыць, як ім цікавяцца, бо ён перш-на-перш чэлавек сукромны, а другое — ведае сабе цану.

Невядома, да чаго дайшоў-бы Спірыдон у сваіх думках, каб не адна праява, каторая пакіравала і думкі і ўсю энергію Спірыдона ў другі бок.

І вось с чаго ўсё гэта зачалося. Спірыдонаў нос — тут і мудруй, як хочэш — ні с таго ні с сяго ўзяў ды засьвярбеў моцна, станоўка, зацяжна. Можэ ён палічыў сябе пакрыўджэным відочным зневажэньнем свайго гаспадара, каторы пазіраючыся ў люстэрку, умудраўся не замечаць такую важную асобу, якою быў яго нос. Каму-ж міла такая неўвага? І вось гэты самы нос і напомніў свайму гаспадару, што ён, нос, не для якіх-нібудзь жартаў займае сваё мейсцэ, што ён не дармаед і не батрак, а шчыры прыяцель і верны член у сямьі другіх членоў чэлавечаго цела, і што ён ня толькі нюхае ўсякую дрэнь і трымае соплі, а і ешчэ што-нібудзь значыць. А які выпівака ня ведае, што азначае сьверб носа!

Ведаў гэта і Спірыдон.

Ня ўсьпеў нос кончыць сьвярбець, як ужо перад вачыма Спірыдона ўстала бутэлька і чарка і мілая кампанія. Ешчэ не было такога здарэньня, каб яго нос сьвярбеў калі так, на ўзві-вецер.

Непраўду кажуць, калі гаворуць, што дзьве работы зараз рабіць ня будзеш: Спірыдон і аб гарэлцэ думаў і нос чухаў. Чухаў яго Спірыдон далікатна, бокам пальца, а ня кіпцем, потым правёў па ім разоў колькі рукавом кашулі. А нос усё сьвярбеў на радасьць канцэлярысту. Тагды Спірыдон, прыцягнуўшы дзяругу, стаў шоргаць па ёй носам на права і на лева, як шаруе сваей дзюбай варона, седзючы на страсе.

— А ўсё-ж такі і ўставаць пара, — сказаў Спірыдон і падняўся.

— І дзе-ж то давядзецца выпіць? — думалася Спірыдону. У самога не было і ломанаго грошыка; сябры, с каторымі ён кампанаваў, ня менш, як ён сам, прыслуховываліся да сьвербу сваіх насоў, і ўсе свае надзеі так сама клалі ў чужую кішэню. Ніхто не запрашаў яго да сябе, але вера ў выпіўку с прычыны сьвербу носу была так вялікая, што Спірыдон ні на адзін момэнт ня думаў над тым, шо нос засьвярбеў можэ з другой прычыны.

Надзеўшы манішку і прычапіўшы гальштук, Спірыдон пачаў шворыцца па закутках сваей кватэры, шукаючы сьнеданьня. Атчыніўшы шкапік, Спірыдон перэбраў колькі скамечаных паперак і толькі ў аднэй з іх знайшоў акасьцянелы кусок каўбасы і скарынку зацьвіўшаго хлеба. Спірыдон з мінуту пазіраў на каўбасу і на хлеб. Губы яго ўзварухнуліся, падаліся ўпярод, нос ешчэ болей задраўся ў гару. Відаць было, што гэта сьнеданьне не надта гарнула да сябе, і Спірыдон шпурнуў яго ізноў у шкапік. Раздабыўшы шклянку гарбаты. Спірыдон выпіў яе у прыкуску, адзеўся, узяў зухаўскую палачку і вышаў на вуліцу.

II.

Спірыдон нарыхтаваўся на глаўную вуліцу горада N., куды выпаўзала ўсё панства-чынавенства. Наўперад трэба было прайсьці колькі глухіх, залітых гразёю вуліц, потым пратралеваць праз рынак, дзе сягоньня быў кірмаш, і ўжо тагды толькі можна было трапіць на „Неўскі“.

Ціха і сьветла было на душы Спірыдона Зручнаго, як у засеку багатаго гаспадара на зімоваго Міколу. Ось ён выйшаў на такую часьць вуліцы, дзе быў паложэн тратуар. Па другой старане вуліцы йшлі дзьве паненкі. Спірыдон нацэліўся ў іх, і апроч іх нікога не бачыў. А якраз на гэты час на спатканьне Спірыдону сунулася сьвіньня толькі-што выкупаная ў гразі. Ці яна ня ведала, што спатыкала такую важную асобу, як наш Спірыдон, ці не хацела мачыць сваіх капыцікаў у гразі посля купаньня, ці проста па сьвінскай сваей натуры, толькі-ж яна палічыла лішнім сходзіць на бок і шарганулася бокам аб сініе джыгіналёвые штанцы Спірыдона.

— А каб цябе халера! — у вялікім гневе крыкнуў Спірыдон і са ўсяго размаху сьвіснуў палкаю па сьвінячай сьпіне. Палавіна палачкі адляцела на вуліцу, а ў руках Спірыдона засталася крывулька. Сьвіньня толькі злёганька рохнула.

— Ну! —

Здавалася, яна проста падумала, што паніч жартуе з ёю, а гэта ешчэ больш узлавала Спірыдона. Бедны ня ведаў, што рабіць. У першы момэнт хацелася пагнацца за сьвіньнёю. Можэ-б ён і пагнаўся, ды на гэты час дзьве паненкі азірнуліся. Ну, куды-ж тут гнацца? Ешчэ падумаюць, чорт ведае што… Хоць бы гарадавы здарыўся — можна-б было прахапіць яго, за чым пазірае, чаму дазваляе сьвіньням шпацыраваць па тратуарах. А як нічога такоўскаго не было, то прыходзілася плюнуць і даваць якую раду сінім майткам. Глянуўшы навакол, Спірыдон заскочыў у краму, сяк-так выцер свае сініе нагавіцы і пашоў далей, прыгледаючыся зрэдка на пляму.

— Не! трэба прайсьціся рынкам, покі крыху апсохнуць, — сказаў сам сабе Спірыдон і зьвярнуў с тратуару.

Спірыдон ішоў памалу, дзе-ня-дзе нават застанаўліваўся, прыглядаўся да тавару, прыслуховываўся да торгу, да гаворкі, каб пачуць што нібудзь сьмешнае і расказаць потым Кацярыне Паўлаўне. Рынак гуў тысячамі галасоў… Але ўсякі ведае, што робіцца на рынку, што можна там убачыць. Спірыдон прыпыніўся каля гуртка старцаў. Ох, і хітрэц гэты Спірыдон! Ці яму патрэбны старцы? Не! У грамадзе народу, што стаяў каля дзядоў, былі дзьве дзяўчыны-красуні, такіе прыгожые, сьвежые, як майскіе краскі. Спаміж старцаў выдзеляліся два. Сеўшы на сырой зямлі і неміласэрдна круцячы галовамі, сьпевалі гэтые старцы, палажыўшы перад сабою шапкі. У аднаго старца была у руках лера, просты дзерэвяны самадзялковы струмэнт. Таўстые агрубелые пальцы спаважна перэбіралі струны. Мягкіе жалобные зыкі вылеталі аттуль скрозь гоман кірмашны сумным тонам, ўрываліся ў душы, размягчалі сэрцы набожным кабетам, і многа рук даставала з-за пазухі вузельчыкі, каб кінуць свой працавіты медзяк у старэцкую шапку. Другі старэц, ні на кога ня гледзючы, у тахт леры пеяў громкім, прыемным голасам, і выходзіла прыемная музыка. Але Спірыдон ня слухаў старцаў. О, у Спірыдона вуха наравістае: ён чуў артыстаў — цыганоў і сам сьпеваў раманцы, як напрыклад:

„Под душыстою веткой сірэні“.

Дык дзе яму слухаць старцаў? А калі і стаяў тут, то меў на гэта свае прычыны: збавіць час, высушыць пляму на майтках і, самае глаўнае, міргнуць разоў пару гэтым мілым вясковым красуням. Красуні зараз-жэ сьцямілі Спірыдонавы погляды і пачалі перашэптывацца. Спірыдон выцяг шыю, наставіў вушы каб улавіць іх гаворку, бо знаёмства бадай што завязана.

— Ось — гаворыць адна: — у гэтаго паніча нос! Хоць бяры у прыймы: такі нос, што і матыкі ня трэба асыпаць бульбу.

Гэтаго ніяк не чэкаў Спірыдон. Покі ён разважаў, як тут быць, нос сам сабою недавольна пацягнуў воздух, пачырванеўшы ад крыўды і сораму.

— Эх, гэты пракляты нос! колькі за яго прышлося выцярпець!

Каб ня чуць ешчэ якіх жартаў, наш кавалер павярнуўся і пашоў далей.

Можна быць пэўным, што Кацярына Паўлоўна не пачуе сягоньня сьмешнаго апаведаньня.

III.

Дзень кончыўся не так, як зачаўся. Да чаго прыраўняць гэты дзень? Ён падобны да цэлаго веку чэлавечаго. Хто з нас, браты мае, стоячы на парозі сваей вясны, не парываўся, увесь аддаўшыся ў абладу сьветлым марам, у невядомую даль? Хто не імчаўся, як у гіз задраўшы хвост вол, на спатканьне ўсякім прыгодам нягодам? Ці ня гэтак і Спірыдон зачынаў сягоняшні дзень? Ці не імчаўся і ён, як той вол, туды, куды цягнуў яго сьверб носа? Але хоць мы, далёка пакінуўшы за сабою вясну свайго жыцьця, часта сядзімо каля гнілога карыта растрэсеных думак і абманных надзей, усё-ж такі мы любоўна глядзімо на нашу моладасьць, і серцэ наша гатова плакаць па ўтрачэнай вясьне, і нам хочэцца гукнуць: „Пастой, весна, не пакідай нас, вярніся ешчэ хоць на момэнт!“ У Спірыдона і гэтаго не было нічога. Няўжо быў ён рады у гэты дзень? Няўжо гэта ён лежаў, пазіраўся ў люстэрку, поўны радасьці і сьветлых думак?

Спірыдон, залажыўшы рукі за сьпіну, хадзіў з вугла ў вугал сваей нецікавай кватэры і падводзіў рахункі гэтаму дню.

Дрэнны дзень! Каб можна было, то Спірыдон скасаваў-бы яго, выкінуў-бы яго с кнігі сваей памяці. Але пражыты дзень гэта ня тое, што прыгавар уезднаго члена: прыгавар можна спаліць, і ўсё прапала, зрабі толькі гладка. І які гэта дурэнь казаў, што добры пачатак — палавіна справы!..

Не! што ні кажы, а ён павінен быў вярнуцца, спаткаўшы свіньню. І што робяць вучоные? Чаму яны не прасьцерэгаюць людзей? Каб Спірыдон быў прафэсарам, то ён вучыў-бы, ўсім казаў-бы: „Калі ідзеш на каханьне, а табе свіньня на спатканьне, — вярніся і сядзі дома. Чаму ён не вярнуўся, тым болей, што ён ясна чуў ў сабе голас: „Спірыдон, вярніся! Спірыдон, вярніся!“ Дык не паслухаў-жэ! Ну, і чорт цябе бяры! угнявіўся Спірыдон на сябе самога.

Ну, і Кацярына Паўлаўна!.. Справядліва паглядзеўшы, дык не такая ўжо яна краля. Каб і Спірыдон спаліў скрыначку запалак і пашмараваў імі бровы, то меў бы ешчэ можэ чарнейшые, як у яе. Пры гэтым Спірыдон усьміхнуўся: ўзяць-бы гаршчок, насыпаць поўны сапухі, наклеіць на ім паперку з напісам: „Кацярыне Паўлаўне. Мазь на бровы“, і паслаць ёй. Нашмаруецца, нашускае пэйсы і думае, што яна і німа ведама што. З землямерам пазнаёмілася! Ані прыступу. На казе не пад’едзеш. Басэтля!

— Вы, мусіць, с сьвіньнёю вальц танцавалі! — ніяк ня мог дараваць ёй Спірыдон гэтаго насьмеханьня. І каб што людзкае, а то — як ступа, ходзіць, як на кандыбах. Нос — звяно. Але як толькі дайшоў Спірыдон да носа, то ешчэ большая паднялася ў ім бура. І гэта было сягоньня. Спаткаліся с пісцом з Управы, і ешчэ былі знаёмые. Выпіць усім хацелася, але ўсе, як бацы, голые. Упраўскі пісец і гаворыць Спірыдону.

— Ведаеш, Спірыдон Марцінавіч?

— Што?

— Давай зробім камэрцію: барыш будзем піць.

— Ну?

— Меняймася на насы!

Цьфу, гад печэны! выдумаў! Спірыдон ясна паказаў, што гэткіе жарты выдумляе толькі дурніца. А той уляпаў сваё, як свіньня у гарох.

— Колькі дасі прыдатку?

— Ніхай табе дасьць Бог скулу, дурак!

— На чорта мне твая булбатка? Стараўся жартаблівым тонам сказаць і Спірыдон.

— Чым-жэ кепска булбатка? Не спадабаецца, даў пстрычку і па ўсім. А папробуй панасіць такі пранік, як у цябе — карк атцягне. Дык што: менькі?

Па настаяшчаму варта было плюнуць у морду, і ўсё.

Спірыдон хадзіў з вугла ў вугал. У жываце было пуста, як у беднаго гаспадара ў засеку вясною, і моташна, як у каталашцы.

Зноў зашуршэлі паперкі у шкапіку, зноў пачаў перэбіраць іх Спірыдон. Знайшоў ён ранішнюю скарынку і кусок каўбасы. Хлеб скрыгаў ў зубах, як немазанае кола. Каўбаса ніяк не жэвалася; толькі сьліна цекла, а толку не было. Выплюнуў яе Спірыдон у руку, паглядзеў, размахнуўся і ляпнуў ею з-за плеча аб зямлю, ешчэ і камашам прыдавіў.

Злосьць апанавала Спірыдона. Ну, і жыцьцё, каб ты спруцянела! Спірыдон прысеў каля стала. Колькі мінут сядзеў ён, не варушучыся. Потым вочы яго падняліся і зірнулі ў люстэрка. У-у-у мардасіна! Можэ-б і абышлося ўсё, бура улеглася-б, і Спірыдон заспакаіўся-б. Але гэты прахвост, нос, як сумыслу, зноў засьвярбеў так сама, як і раніцай.

— Не, брат! Німа дурных! — Зларадна сказаў Спірыдон.

Задраў ён у гару галаву, прыплюшчыў крыху вочы; нос яго са страху зморшчыўся, так што і зубы выскаліліся. Потым прыгнуў Спірыдон сярэдні палец правай рукі да вялікаго пальца.

— Троп! троп! троп! — паняслося па пустой кватэры.

— Так табе і трэба, ашуканцу! — прыгаварываў Спірыдон, даючы у нос пстрычкі.