Родныя зьявы (1914)/Стараста
← З днеўніка пана Жылака | Стараста Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1914 год |
Так і трэба ашуканцу → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Стараста (Колас). |
Стараста.
— Ты знаеш хто я? знаеш?
— Чаму-ж не знаю: ты наш стараста.
— Стараста! Я — стараста, ста-а-ра-ста! — Пры гэтым стараста падняў ў гару палец, уставіўся ў адно мейсцэ, якбы абхопіваючы цалкам усю веліч свайго чына, сваей ўласьці, магутнасьці.
Гэты агляд упаіў старасту, галава яго закружылася ешчэ больш, і ён у парываньні нейкай дзікай радасьці і буйства крэпка згарнуў кулак і грукнуў па стале. Пустая бутэлька патскочыла ў гару і са звонам скацілася пад стол.
— А ты ведаеш, што ёсьць стараста?
Мікіта Булбатка, старастаў прыяцель і сябар па бутэльцы, да катораго зварачаўся стараста са сваім пытаньнем, сьцеляпнуўся ўсім целам, і з вялікім ціжарам узьняў на старасту вочы. Замеж аднаго старасты яму паказалася па меншай меры с шэсць старастаў, і Мікіта ня ведаў, катораму з іх атказываць.
— Стараста, ну, і ёсьць стараста, — прамовіў непаслухняным языком Мікіта. Але такі атказ не здаволіў і самога Мікіту.
— Ты выбраны обчэствам чалавек, значыцца, пастаўлены ад обчэства, — вось што ёсьць стараста, — паправіўся Мікіта.
Стараста круціў галавою і ешчэ больш наседаў на пытаньне, што ёсьць стараста.
Мікіта зусім зьбіўся с панталыку і ўжо з роспачы сказаў:
— Ты нашэ начальства!
— Во, во! праўду гаворыш, — патхапіў стараста: — то ўжо калі пашло на праўду, то і я скажу табе праўду: ты — самы разумны ў обчэстві!.. Так гаворыць табе начальства. Люблю я разумных, страх, як люблю!
Стараста і Мікіта перагнуліся праз стол і крэпка пацалаваліся. Мужчыны бліжэй патступілі да сяброў; гутарка гэта выпівакаў пачынала пацешаць іх. Сьмяшлівые вочы Кандрата Гоцкі акінулі мужчын.
— Начальства з розумам цалуецца, — сказаў ён.
— А тож я не начальства?! — павярнуў стараста малапаслушную галаву ў бок Кандрата.
— Хто-ж гаворыць, штэ ты не начальства? Хіба ня ведаем? Ці ня ты з нас падаткі бярэш? — Стараста нізка апусьціў галаву і слухаў, і ў тых мяйсцох, дзе патцьверджалася яго начальства, ён здаволенна ківаў галавой.
— Ці ня ты гоніш нас на работу? — гаварыў далей Кандрат, а стараста зноў скалыхнуў галавою.
— Ці ня ты павесткі нам патпісываеш і завераеш?
На стараставых губах зьявілася шчасьлівая усьмешка.
— І ты разумны, Кандрат! ты і Мікіта. Гавары далей.
Ці не цябе гэта Сальвось Кастантынаў гнаў з млёнам праз ўсю вуліцу? — Тут стараста ўзьняў на Кандрата вочы.
— Што?! — спытаў стараста. — Мужчыны зарагаталі.
— Ці ня ты ў халоднай сядзеў помніш можэ — земскі пасадзіў?
— Маўчаць!!!
— Ці ня ты гэта, як жэбрак, нядоімкі зьбіраеш?
— Дурэнь! — крыкнуў стараста: — дурэнь ты!
— Ніхай сабе дурэнь, а ты — папіхач, якое ты начальства? Пхае цябе пісар, пхае старшына, земскі… хто ня хочэ хіба, то той не пхае. Спытай хоць разумнаго Мікіту.
Мікіта целяпнуў галавою, хацеў штось сказаць у абарону старасты, ды нічога ня вышла.
— А што, і Мікіта патцьверджае, што ты папіхач.
— Мікіта, праўда гэта? — спытаў стараста Мікіту.
Мікіта нічога не цяміў; яму цяпер было ўсё роўна; а як адно слова сказаць было лягчэй, то ён і сказаў.
— Праўда!
Мужчыны са сьмеху аж за жываты хапаліся.
— Калі Мікіта сказаў „праўда“, то значыць праўда, бо Мікіта самы разумны ва ўсім обчэстве, — крычаў рагочучы стары Грышка.
Стараста грозна ўтаропіўся на Мікіту.
— Праўда?
— Праўда!
— Ах, ты гіцаль! І ты мяне лаеш? ты, каторы маю гарэлку піў?!
Цяпер Мікіта сьцяміў, што стараста яго лае. А калі чэлавека лаюць, то чаго цярпець? Што доўга разьбірацца?
— А-а-а ты ня піў маю гарэлку, каб ты смалы напіўся? — прарваўся ў канцы Мікіта: — жабіч ты! Ты думаеш, калі ты стараста, то ты ў мяне вялікая цаца? Плеваць я на цябе хачу, начхаць табе на голаву! Хрушч ты рыжы, жабіны начоўкі, падла сьмердзячая, абармот, п’яніца! Акцызнік ты, во што!
Стараста і вушам сваім ня верыў. Ён пазіраў асалавелымі вачамі і слухаў, як атчытываў яго Мікіта.
— Ты, ты мяне лаеш?! — устаў стараста, згарнуўшы кулакі: — ды ці ведаеш ты, каго лаеш? Мяне, должнасную асобу пры споўненьні служэбных абязаннасьцей? Ды я-ж цябе ў Сібір запякаю, з обчэства вышлю, на дзень у халодную пасаджу! Да ты ведаеш, хто я? Людзі, будзьця сьведкамі!
Стараста штось надумаўся, вылез з-за стала і, хістаючыся, рынуўся да дзьвярэй. Пераступіўшы парог, ён з усей сілы грукнуў дзьверамі. Доўгае крызо яго каптана папала між ушака і дзвярэй і зашчамілася. Стараста зразу пачуў, што яго нехта трымае.
— Пусьці! — крыкнуў стараста і рвануўся, але крызе моцна было прышчэмлена.
— Пусьці, кажу. Адвечаць будзеш за сапраціўленьне начальству. Мужчыны пазіралі ў вакно і поўзалі са сьмеху.
— Мікіта! пусьці, каб ты кроўю пусьціў, гад печэны!
Старастаў крык далёка нёсся па сялу. На гэты час ішоў з вудамі бацюшка лавіць рыбу. Бацюшка направіўся да старасты. Рвануўшыся са ўсей сілы, стараста адарваў крызо. Ганак быў высокі, і стараста, як клубок, пакаціўся аж пад кузьню.
Убачыўшы бацюшку, стараста, не ўстаючы з зямлі, з адарваным крызам, зьвярнуўся да яго.
— Бацюшка, будзьця сьведкай, забіць мяне хацелі.
Бацюшка паківаў галавою.
— Ох, стараста, стараста!
І пашоў вудзіць рыбу.