Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)/Песня першая

Прысвячэнне Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)
Паэмы
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1820
Арыгінальная назва: Руслан и Людмила
Пераклад: Андрэй Александровіч
Песня другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песня першая


Падзеі дзён даўно былых,
Паданні старыны глыбокай.

У грамадзе сыноў сваіх,
З сябрамі, ў цераме высокім
Ўладзімір-сонца баляваў;
Малодшую ён выдаваў
Дачку за храбрага Руслана
І з цяжкай шклянкі мёд духмяны
За іх здароўе выпіваў.
Паволі елі продкі нашы,
Паволі кругам за сталом
Абходзілі каўшы і чашы
З кіпучым півам і віном.
Яны бяседу весялілі,
Шыпела пена па краях,
Іх важна чашнікі насілі
Гасцям — з павагаю ў вачах.
Зліліся словы ў шум няроўны;
Гудзе гасцей вясёлы круг;
Пачуўся раптам спеў цудоўны
І звонкіх гусляў беглы гук;
Прымоўклі, слухаюць Баяна:
І славіць ён, пясняр-мудрэц,
Красу-Людмілу і Руслана
І Лелем звіты ім вянец.

Пачуццем палкім змардаваны
Руслан сумуе, закаханы;
На друга мілага глядзіць,
Злуе, ўздыхаючы, гарыць,
Вус шчыплючы ад нецярпення,
Ён лічыць кожнае імгненне.
Тры віцязі за іх сталом
Сядзяць з нахмураным чалом,
Адны, сумуюць маладыя;
Маўчаць перад каўшом пустым,
Забылі кубкі кругавыя,
Частункі непрыемны ім;
Не чуюць вешчага Баяна,
Спусцілі долу свой пагляд:
То тры сапернікі Руслана;
У сэрцы тояць страшны яд ­
Нянавісці й кахання чад.
Адзін — Рагдай, ваіцель смелы,
Мячом рассунуў ён надзелы
Багатых кіеўскіх палёў;
Другі — Фарлаф, крыкун фарсісты,
Герой на балях урачыстых,
Ды воін сціплы між мячоў;
Апошні, повен думы бурнай,
Ратмір — хазарскі хан, юнак.
Утрох сядзяць тужліва, хмурна,
Не весяліць іх баль ніяк.

Вось і канец; усталі госці,
Бязладна, ў шумнай весялосці
Ідуць; глядзяць на маладых:
Нявеста вочы апусціла,
Як быццам сэрцам затужыла,
І светлы радасны жаніх.
Ды цень абняў усю прыроду,
Час поўначы глухой прыйшоў;
Баяры, дрэмлючы ад мёду,
З паклонам рушылі дамоў.
Жаніх гарыць, і ў захапленні
Ён уяўляе ў летуценні
Дзяўчыны любай прыгажосць;
З таемным сумным заміленнем
Вялікі князь з задавальненнем
Благаслаўляе маладосць.

І вось нявесту маладую
Вядуць на шлюбную пасцель;
Агні патухлі… і начную
Запальвае лампаду Лель.
Збыліся палкія імкненні,
Кахання спраўдзіліся сны;
Спадзе раўнівае адзенне
Праз хуткі час на дываны…
Вам чутны шэпты закаханых,
Гук пацалункаў, еднасць душ,
Пярэчанні усхваляванай
Апошняй боязні?.. І муж
Шчаслівы момантам жаданым;
Вось ён настаў… Ды ўміг чаму ж
Гром грымнуў, бляск святла ў тумане,
 Лампада тухне, дым бяжыць,
Вакол цямнее, ўсё дрыжыць,
Душа замерла у Руслана…
Ўсё змоўкла. Ў грознай цішыні
Пачуўся двойчы кліч нязнаны,
І нехта ў дымнай глыбіні
Ўзляцеў чарней імглы туманнай…
Зноў апусцеў палац, заціх,
Устаў спалоханы жаніх,
З аблічча льецца пот застылы;
Дрыжыць, халоднаю рукой
Пытае змрок ён, сам не свой…
Бяда: няма сяброўкі мілай!
Паветра ловіць ён дарма,
Людмілы ў цемрадзі няма,
Украдзена нязнанай сілай.

Калі ты лічыш дні свае
У страсці марнай і тужлівай,
Хоць цяжка жыць, сябры мае,
А жыць, аднак, яшчэ мажліва.
Пасля ж гаротных, доўгіх год
Абняць любімую дзяўчыну —
Прадмет сваёй тугі, журбот,
І так раптоўна, за хвіліну,
Навек згубіць… які дакор,
Вядома, лепш бы я памёр!

Аднак жыве Руслан няшчасны.
Ды што вялікі князь сказаў?
Бядою ўражаны дачаснай,
На зяця гнеў свой скіраваў,
Яго і двор свой князь склікае:
«Дзе, дзе Людміла?» — ён пытае
З чалом жахлівым, агнявым.
Руслан не чуе. «Дзеці, дзеці!
Не жыць ужо мне больш на свеце,
О, злітуйцеся над старым!
Скажыце, хто з вас згодзен будзе
Мне ў цяжкім горы памагчы?
Чый подзвіг смелы ўславяць людзі,
Таму — злачынец, плач, крычы!
Не мог ты жонкі ўберагчы! —
Таму аддам яе я ў цвеце,
З паўцарствам прадзедаў маіх.
Хто ж адгукнецца, дзеці, дзеці!..»
«Я», — сумна вымавіў жаніх.
«Я! я! — усклікнулі з Рагдаем
Фарлаф і радасны Ратмір, —
Мы зараз коней асядлаем;
Мы ўсёй зямлі аб’ездзім шыр.
Кароткім будзе час разлукі;
Не бойся: едзем за княжной».
Стары з удзячнасцю нямой
У слёзах прасцірае рукі,
Увесь замучаны тугой.

Учацвярых ідуць сумесна;
Руслан, бы хто яго прыбіў;
За долю згубленай нявесты
Яго цяпер дакор мярцвіў.
На коней селі і імкліва
Ля берагоў Дняпра шчаслівых
Лятуць, клубіцца хмарай пыл;
Схаваліся за небасхіл,
І не відаць ужо іх болей…
А доўга ўсё яшчэ глядзіць
Вялікі князь у далеч-поле
І думкай ім услед ляціць.

Руслан таміўся, быў маўклівы,
Ён сэнс і памяць пагубляў.
А ехаў поруч ганарліва
Фарлаф, з дакорам паглядаў
На невясёлага Руслана.
Казаў ён: «Прычакаў пары,
На волю вырваўся, сябры!
Ці хутка з волатам паганым
Спаткаюся? Пальецца кроў,
Гарачым будзе міг расправы!
Павесяліся, меч мой, зноў,
Павесяліся, конь мой жвавы!»

Хазарскі хан, ён пачуццём
Ужо Людмілу абымае,
Ледзь ён не скача над сядлом,
Бо кроў гуляе маладая.
Агнём надзей пагляд гарыць:
То ён удаль стралой ляціць,
То для забавы ён крутога
Каня паставіць на дыбкі,
Ці зноў імчыцца па дарогах.

Рагдай пануры. Лёсу злога
Баіцца, стаў негаваркі.
Ён стомлен рэўнасцю дарэмнай,
І неспакойны штосьці ён,
Часцей пагляд яго страшэнны
За князем слаўся наўздагон.

Сапернікі адной дарогай
Сумесна едуць цэлы дзень.
Дняпра цямнее бераг строга;
З усходу льецца ночы цень;
Туманы над Дняпром глыбокім;
Перадыхнуць даць коням час.
І шляхам пад гарой шырокім
Тут перасекся шлях якраз.
«Раз’едземся, пара! — сказалі, —
Нязнаны лёс спаткае нас».
І кожны конь памчаўся далей
Сваёй дарогай ў гэты час.

Што робіш ты, Руслан тужлівы,
Адзін, дзе векавая ціш?
Людмілу, шлюбны дзень жахлівы,
Здаецца, ты, гаротны, сніш.
Насунуў медны шлем на бровы,
З рукі магутнай кінуў повад,
Ты ціха едзеш між палёў,
Ў душы тваёй пакутнай зноў
Надзея, вера згаснуць скора.

Ды раптам віцязь стрэў пячору;
Ў яе нясмела ён зайшоў;
Пячора даўняе пароды,
Равесніца самой прыроды.
Што ж бачыць віцязь прад сабой?
Там дзеда ўбачыў ён з даўгой
Густою белай барадой;
Лампада перад ім гарыць;
За кнігай дзён былых сядзіць,
Яе уважліва чытае.
«Заходзь, будзь ласкавы, мой сын! —
Сказаў з усмешкай ён Руслану, —
Ўжо дваццаць год я тут адзін
Ў імгле жыцця старога вяну;
Ды ўрэшце дзень прыйшоў ка мне,
Што я калісь яшчэ прадбачыў.
Злучыла доля нас, няйначай,
Сядай і выслухай мяне.
Руслане, страціў ты Людмілу;
Твой цвёрды дух губляе сілы;
Не век пакутваць у бядзе,
Да часу следам зло ідзе.
З надзеяй, вераю, разважна
Ідзі на ўсё, смялей ступай.
Наперад! Ты мячом адважна
Свой шлях на поўнач прабівай.

Ты знай, Руслане, зневажае
Цябе страшэнны Чарнамор,
Крадзе красунь, ў гарах хавае.
Ён уладар паўночных гор.
Яшчэ ў яго палацы дальнім
Ніхто не быў да гэтых пор,
А ты, зласлівых спраў знішчальнік,
Ты будзеш там — і вораг твой
Загіне ад рукі тваёй.
І гаварыць не трэба болей:
Твой лёс і добры твой настрой
Залежыць ад уласнай волі».

Наш віцязь перад ім упаў,
Руку ад радасці цалуе.
Перад вачыма свет заззяў,
Пакута ў сэрцы менш пануе,
Ён ажывіўся: раптам зноў
Прыбегла сумная хвіліна…
«Пазнаў тваёй журбы прычыну;
Сум хутка пройдзе, як прыйшоў, —
Сказаў стары, — цябе пужае
Каханне ведзьмара; дый не —
Яно дарэмнае і, знаеш,
Зусім не страшнае княжне.
Ён зоры зводзіць з высі яснай,
Ён свісне — месяц задрыжыць;
Але супроць законаў часу
Яго навука не ўстаіць.
Раўнівы, злосны ён ахоўнік
Замкоў бязлітасных дзвярэй,
Ён толькі мучыць, безумоўна,
Душу нявольніцы. Як змей,
Наўкол яе маўкліва бродзіць,
Клчне ён лёс суровы свой…
Ды, віцязь добры, дзень праходзіць,
А трэба ўсё ж табе спакой!»

Руслан на мяккі мох кладзецца
Прад заміраючым агнём;
Заснуць жадае моцным сном,
Але не можа, сэрца б’ецца,
Адплюшчыць вочы, уздыхне:
«Не спіцца, бацька, штосьці мне!
Я захварэў, відаць, душою,
І сон не ў сон, як нудна жыць.
Дазволь мне сэрца асвяжыць
Тваёй гаворкаю святою.
Пытанне я задам табе,
Прызнайся: хто ты, дабрадзейны, —
Люзей няшчасных друг надзейны?
Ў пустыню хто загнаў цябе?»

Стары, з усмешкаю маркотнай,
Свой даў адказ: «Любімы сын,
Не помню я свой край гаротны
Айчыны дальняй. Кроўны фін,
У полі, нам адным вядомым,
Ганяў я статак сёл знаёмых
І з дзён юнацтва толькі знаў
Лясы дрымучыя, палянкі,
Пячоры, раўчукі між траў
Ды дзікай беднасці гулянкі.
Пабыць у гэтай старане
Нядоўга давялося мне.
Тады ад вёскі недалёка,
Як быццам кветка, адзінока
Жыла Наіна. Між дзяўчат
Яна грымела пекнатою.
Аднойчы ранняю парою
Ганю свой статак ля прысад,
Я на дудзе сваёй іграю;
Перада мной шуміць паток.
Адна красуня маладая
На беразе пляла вянок.
Прыйшла шчаслівая хвіліна…
Ах, віцязь то была Наіна!
Я да яе ўраз падышоў,
Адным ахоплены жаданнем,
Душой тады пазнаў любоў
З яе нябесным красаваннем,
З яе тугой, што паліць кроў.

Мінула года палавіна;
Сказаў, хвалюючыся, ёй:
«Люблю, люблю цябе, Наіна».
Але нясмелы голас мой
Яна душой не адчувала,
Любіла больш за ўсё сябе;
І раўнадушна адказала:
«Пастух, я не люблю цябе!»

І ўсё мне дзіка, змрочна стала:
І родны лес, і цень дуброў,
І гульні жвавых пастухоў —
Нішто тугі не сунімала.
Ў самоце сэрца сохла, вяла.
Тады і думкі мне прыйшлі
Пакінуць фінскія палі;
Сабраць адважную дружыну,
Марамі ўдалеч плыць і плыць,
І славай бітвы заслужыць
Увагу гордае Наіны.
Я клікнуў смелых рыбакоў
Шукаць і золата і сховаў.
І ціхі край маіх бацькоў
Пачуў змагання гул суровы
І шум узброеных чаўноў.
Надзеяй поўны, плыў я ўдалеч
З гурбой бясстрашных землякоў;
Мы дзесяць год на снег і хвалі
Лілі людзей варожых кроў.
Баяліся цары чужыны
Маіх нападаў, слых не ціх;
Іх гордых воінаў дружыны
Ўцякалі ад мячоў маіх.
Не адступалі мы ні разу,
Дзялілі дань, ішлі удаль,
І з пераможанымі разам
Спраўлялі свой вясёлы баль.
Ды сэрца, поўнае Наінай,
Ў час балявання ці баёў,
Мяне цягнула да дзяўчыны,
Шукала фінскіх берагоў.
Пара дамоў, сказаў я, другі!
Мы скінем жорсткія кальчугі,
Павесім іх пад родны дах.
Сказаў — і вёслы зашумелі;
Пакінуўшы на моры страх,
Дадому, з радасцю ў вачах,
Мы горда й весела ляцелі.

Час надыходзіць залаты, —
Збыліся палкія жаданні!
Хвіліна мілага спаткання,
І для мяне бліснула ты!
Прынёс да ног сваёй Наіны
Каралі, золата, тканіны;
Меч акрываўлены паклаў;
І перад ёю, зачарован,
Сярод зайздрослівых сябровак,
У сковах страсці я стаяў;
Стаяў нявольнікам паслушным,
Ды што ёй быў дарунак мой!
Яна сказала раўнадушна:
«Я не люблю цябе, герой!»

Нашто расказваць, добры сын,
Што расказаць не хопіць сілы?
Ах, і цяпер адзін, адзін,
Душой заснуўшы, ля магілы,
Я помню горасць, і парой,
Як пра былое прыгадаю,
Па барадзе маёй сівой
Сляза цяжкая працякае.

Ды слухай: на зямлі бацькоў
Спакон вякоў між рыбакоў
Адна навука працвітае.
Сярод лясоў, каля ракі,
У ціхай глушыні далёкай
Жывуць здаўна чараўнікі;
Валодаць мудрасцю высокай —
Кірунак думкі іх такі;
Ўсё чуе голас іх суладны,
Было што — і што будзе зноў,
Іх волі грознай падуладны
І дамавіна і любоў.

І я, так прагнучы кахання,
Рашыў у смутку й спадзяванні
Наіну чарамі схіліць
І ў сэрцы любай чараваннем
Агні кахання запаліць.
Спяшаўся я на шлях свабоды,
У адзінотны змрок лясоў;
Там я ў навуцы ведзьмароў,
Правёў нябачаныя годы.
Настаў даўно жаданы міг,
І тайну страшную прыроды
Я светлай думкаю спасціг:
Пазнаў я сілу заклінанняў.
Вянок каханню і жаданням!
Цяпер, Наіна, ты мая!
Я перамог! Так думаў я.
Але другая злая воля
Перамагла — мая нядоля.

З надзеяй ў сэрцы маладой,
З жаданнем палкага спаткання
Раблю паспешна заклінанні,
Дух клічу — ў цемені лясной
Страла прабегла грамавая,
Віхор чароўны ўзняў развой,
Зямля ўздрыгнула пад нагой…
І раптам бачу — прада мной
Сядзіць бабулька, ледзь жывая,
Запалі вочы, ўся сівая,
З гарбом, з трасучай галавой,
Журботнай старасці карціна.
Ах, віцязь, то была Наіна!..
І я жахнуўся і маўчаў,
Вачыма здань страшную мерыў,
Я сумняваўся і не верыў,
І тут заплакаў, закрычаў:
«Наіна, ты?! Ах, немажліва!
Скажы, дзе ўзлёт красы тваёй?
Няўжо нябёсы так жахліва
Цябе змянілі, дружа мой?
Скажы мне, я пакінуў вас,
Расстаўшыся з душой і мілай,
Даўно ўжо?..» — «Сорак год якраз», —
Пачуў жахлівы я адказ, —
«Сягоння семдзесят мне біла.
Што мне рабіць? — пішчыць яна. —
Гады гурбою праляцелі,
Прайшла мая, твая вясна,
Абодва пастарэць паспелі.
Ты, дружа, не лічы бядой
Юнацтва здрадлівага страту.
Цяпер я стала ўся сівой,
Мажліва, трохі і гарбатай;
Не тое, што калісь была,
Як кветка дзіўная цвіла;
Але ж (прыбавіла пляткарка)
Адкрыю тайну: я вядзьмарка!»

Было на самай справе так.
Нямы, застыглы перад ёю,
Я дурань быў, а не мастак,
З усёй прамудрасцю маёю.

Ды вось жахліва: як на злосць
Якраз збылося чараванне.
Сівая гэта прыгажосць
Аж палымнее ад кахання.
Скрывіўшы ўхмылкай страшны твар,
Магільным голасам пачвар
Мармыча мне сваё прызнанне.
Ад страху я збялеў дазвання!
Панурыўшыся, я дрыжэў;
Яна праз кашаль не ўнімала
Сваёй гаворкі нараспеў:
«Так, сэрца я цяпер пазнала;
Яна, мой верны друг, у нас
Для чулай страсці ў добры час;
Гараць пачуцці, я палаю,
Жаданні здзейсні ўсе свае…
Прыдзі ў абдымкі ты мае…
О мілы, мілы! паміраю…»

А паміж тым яна, Руслан,
Мігала цёмнымі вачамі;
А паміж тым за мой кафтан
Штосіл трымалася рукамі;
А паміж тым — я заміраў,
Пагляд жахлівасць засцілала;
Цярпець больш сілы неставала;
Я з крыкам роспачы ўцякаў.
Яна ж услед: «О, недастойны!
Ты ўсхваляваў мой век спакойны,
Парваў нявіннай дзевы сны!
Дасяг кахання ты Наіны
І зневажаеш — вось мужчыны!
Заўсёды здраднікі яны!
Але тут больш маёй віны;
Прывабіў ён мяне няшчасны!
Я гіну ад парываў страсных…
Ды разлічуся я з табой!
Дрыжы, блядней, мучыцель мой!»

Так развіталіся мы з ёй.
І з той пары я ў беспрасвецці
Жыву з разбітаю душой;
Уцехай мне адно на свеце —
Прырода, мудрасць і спакой.
Магіла ўжо мяне гукае;
Пра пачуццё сваё ж ані
Не забываецца старая,
Кахання позняга агні
З дакукі ў злосць ператварае.
Душою чорнай у кляцьбе
Старая ведзьма ўжо бясспрэчна
Узненавідзіць і цябе;
Ды гора на зямлі не вечна».

Наш віцязь з смагаю прымаў
Апавяданні дзеда; вочы
Дрымотай ён не закрываў,
І ціхага палёту ночы
Задумлівы не адчуваў.
Ды вось і дзень прыемны ззяе…
Ўздыхнуўшы, віцязь абдымае
З падзякай дзеда-ведзьмара;
Багата мар, надзей, дабра
Ў душы яго… Нагамі сціснуў
Руслан каня. І ўдалячынь
Ляцець гатовы ўжо, прысвіснуў.
«Мяне, мой бацька, не пакінь!»
І скача ён пустой далінай.
Сівы мудрэц, як быццам сыну,
Крычыць услед: «Бывай, бывай!
Даруй, кахай сваю дзяўчыну,
Парад маіх не забывай!»