Тры п’ескі (1930)/Скарб

Сашка-будаўнік Скарб
П’еса
Аўтар: Васіль Сташэўскі
1930 год
Маленькая Анжэліна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СКАРБ

П‘ЕСКА ў 6-ці СЦЭНАХ

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Крутагор — вясковы хлапец, школьнік гадоў 10—12.
Ціхаход — яго найлепшы сябра, такога-ж узросту.
Маці Крутагора.
Бацька Крутагора.
Хлопчыкі і дзяўчаткі — сябры Крутагора.
Пастух.
Рыгоркаў Васіль — таварыш Крутагора.
Лёнька — таксама.
Старшыня сельсавету.
Сакратар сельсавету.
Цімох — член камісіі.
Пятрук — член камісіі.
Абраша — хлопчык гадоў 13—14.
Міліцыянэр.
Мужчыны.

У аснову гэтае п‘ескі ўзята апавяданьне украінскага пісьменьніка І. Сенчэнко „Скарб“.

Сцэна першая

правіць

СЦЭНА ПЕРШАЯ

Удзельнічаюць:

1. Крутагор 3. Бацька
2. Яго маці 4. Хлопчыкі, дзяўчаткі
Адбываецца ў хаце Крутагора. Звычайная вясковая хата. Маці разглядае чорную аксамітную істужку.

Маці. Гм, што-ж гэта за істужка? Гладзенькая, чорненькая, аксамітная. (Разглядае, задумалася). А-а, успомніла. Шмат гадоў гэтай істужцы, ой шмат. Памерлі і дзед і бабка, нарасьлі новыя людзі…

Увайшоў бацька.

Бацька (паглядзеў на матку, якая стаіць у задуменьні). Што гэта ты стаіш, ды нешта задумаўшыся вельмі?

Маці. Ды я ўспомніла, бачыш, старынку.

Бацька. Якую гэта старынку?

Маці (паказвае істужку). Ды вось, бачыш.

Бацька. А што гэта?

Маці. Істужка.

Бацька. Якая?

Маці. У тым і справа, што не абы-якая.

Бацька (паглядзеў). Аксамітная, ці што?

Маці. Ды гэта што — аксамітная. Гэта-ж з паповае расы.

Бацька (усьміхнуўся, патузаў). Моцная, на яе дзіва. Я думаю, што з яе была-б доб­рая падцяжка хлапцу. А то на ім-жа жалеза гарыць.

Маці. Ня ведаю, мо‘ і добра было-б.

З чарадою хлапчукоў і дзяўчатак убягае Крутагор.

Крутагор (ускочыў першым). Мамка, скоранька дайце мне чаго-небудзь пад‘есьці.

Маці. Ох, які ты порсткі! Куды-ж гэта ты ўжо намерыўся ляцець?

Крутагор (ломіць лусту хлеба). Далёка, далёка.

Бацька. А мо‘ я цябе і ня пушчу.

Крутагор. Пусьціце, чаму не.

Маці. Паглядзі, бацька трымае папружку.

Крутагор (глянуў). Здаецца, гэта не папружка.

Бацька. Ты-ж не прабаваў. Вось давай папрабуем на табе, дык тады будзеш ведаць. (Падыходзіць да яго).

Крутагор. Не, не папружка, не, не папружка.

Бацька (з усьмешкаю замахваецца). Ну, трымайся!

Крутагор (крыху спужана}. Не, не.

Бацька (аддае істужку). На табе гэтую істужку. Маці зробіць падцяжку. (Крутагор бярэ). Ну, добрая будзе?

Крутагор (патузаў, ці моцная). Моцная.

Маці. Усё-роўна доўга яна на табе не патрымаецца. (Дае яму лусту хлеба з маслам. Дзеці абступаюць і разглядаюць істужку).

1-ы хлопчык. Ого, такое падцяжкі ні ў кога няма.

2-і хлопчык. Вядома, што няма.

1-я дзяўчынка. З такое істужкі шмат чаго можна было-б зрабіць.

Крутагор. А дзе вы, мама, яе ўзялі?

Маці. О, гэта, дзеткі, цікавая істужка. Ёй ужо многа-многа гадоў. Гэтая істужка на папу была. Ён у царкве рызыкаваў з ёю, тады гэта была яго раса.

Усе. Ого-го! Цікава.

Бацька. Раскажы хіба, дык і я паслухаю, што гэта там была за раса такая.

Усе. Ага, раскажэце, раскажэце.

Маці. Ну, добра, слухайце, як гэта было. І цяпер яшчэ на сьвеце многа цёмнага на­роду, а даўней ён быў куды цямнейшы. Ведама, ціснулі паны, пакутавалі людзі. Але раз нейк ушчачурыліся, каб адабраць у пана зямлю.

Крутагор. Ну, і адабралі, чаго-ж.

Маці. Пачакай, гэта цяпер адабралі. А тады нічога ня выйшла. Пан падстроіў сялянам штучку.

1-ы хлопчык. Вось ліха яму.

Маці. У гэтай вёсцы была старэнькая царква. А пан збудаваў новую, ды выпісаў новага папа, ды адзеў яго ў шаўковую расу.

1-я дзяўчынка. Дык няхай сабе і моліцца.

Маці. Каторыя былі багацейшыя сяляне, дык пайшлі ў новую царкву, а бедныя засталіся ў старой ды пачалі прыбіраць яе, каб іх, значыцца, царква выглядала лепей. І што вы думаеце: гэтая бедната ды цемната купіла папу аксамітную расу.

Бацька. Гэта была праўда, ці мо‘ ты каз­ку нам расказваеш?

Маці. Цяпер гэта на казку выглядае, а тады гэта было сапраўды так. Мне тады было адзінаццаць гадоў. Прыбралі хораша царкву, а поп і пахаджае ў новай расе, нібы чорная птушка.

Галасы. Гы-гы, птушка!

Маці. Радуецца поп, што яму стала добра жыць. Радуецца і пан, што сяляне за царкоўным клопатам забыліся пра зямлю. А тут знайшоўся адзін, сярод беднаты, няверуючы чалавек ды кажа: „Людзі добрыя! што вы робіце? Навошта вы траціце свае грошы на розныя аксамітныя рызы ды срэбныя кадзільніцы? Ці-ж ня лепш скарыстаць гэтыя грошы на што-небудзь іншае для нас і для дзяцей нашых?“

1-ы хлопчык. О, гэта ён добра сказаў.

Усе. Ага, ага.

Маці. А бабы і загулі на яго: „Змоўкні, грэшны чалавек, а то адлупцуем так, што ніколі не прачнешся“.

2-і хлопчык. Гы-гы.

1-ы хлопчык. От, дурныя бабы.

Маці. Ну, ён ня спужаўся іх і часта ўсё хадзіў і пад‘южваў сялян, каб яны кінулі царкву, ды каб за панскую зямельку ўзяліся, каб адабраць.

Галасы. О, гэта добра.

Маці. Добра. Але знайшлося некалькі ча­лавек, пайшлі яны да вурадніка і расказалі яму, што ў іх завёўся бязбожнік і не дае спакою. Ну, і як бачыш гэтага чалавека адправілі ў Сібір.

Галасы. Ай, яй!

Маці. Думалі, што супакояцца іх душы. Не дайшоў яшчэ гэты чалавек да Сібіры, сяляне занепакоіліся. Сьніцца ім зямля. А як прысьніцца зямля, дык і той чалавек. Пайшлі тыя сяляне да вурадніка і просяць, каб ён вярнуў чалавека: „Мы яго загналі туды, мы яго і вярнуць можам“, — кажуць яны.

Бацька. Ого, вернеш.

Маці. Вядома, што не вярнулі. Пайшлі да папа.

1-ы хлопчык. Эх, якія-ж яны.

Маці. Поп, як поп, а ветрам ад яго іншым дзьме. Разьвёў такую казань, што сяляне нічога не маглі зразумець. Пасьля бачаць, што іх айцец ня туды гне, яны і пытаюць: „Хто табе, чалавеча добры, вось гэтую аксамітную расу справіў?“

Галасы. Ага, ага.

Маці. Гэта, кажа, мне бог даў.

Крутагор. От, жулік!

Усе (засьмяяліся).

Маці. Скідай, кажуць тады сяляне, паглядзім, як ён табе дасьць.

1-ы хлопчык. Садраць з яго!

Маці. Так, і пачалі зьдзіраць. Памялі яны гэтую расу, пакудлычылі папа, пасьмяяліся ды пайшлі.

Галасы (ажыўлена). О, так і трэба.

Няхай не бярэ чужога.
А ён, мусіць, не хацеў аддаваць.
Мусіць, добра пакудлычылі яго.

Крутагор. Шкада, што я ня бачыў.

Маці. Пачакайце. Мужыкі ад папа, а поп да вурадніка.

1-ы хлопчык. Вось як ён?

Маці. Назначылі суд. Назначылі суд і прысудзілі (паўза) вярнуць расу папу.

Крутагор. Няправільна! праўда?

Усе. Няправільна! Няправільна!

Маці. Пачакайце вы, гэта-ж вам ня мітынг. Я расказваю, як яно было. Вядома, што няправільна, дык-жа сяляне падалі тады ў павятовы суд.

1-ы хлопчык. О, добра.

Маці. Пачакайце. Там таксама прысудзілі расу папу.

Крутагор. Трэ‘ было падаць іх у газэту.

Усе. Ага, ага.

Маці. О, якія-ж вы сьмешныя. Дзе там былі тыя газэты, хто іх калі чытаў? Гэта цяпер, дык усюды гэтых газэтак, а даўней ня было.

Бацька. Ды ці ўмелі пісаць.

Маці. Вядома, што не.

Крутагор. А мы ўмеем. Мы сваю газэтку ў школе робім.

Бацька. Штаноў зашпіліць ня ўмееш, а пішаш, праўда, сын? (Дзеці засьмяяліся. Засьмяялася і маці).

Крутагор. Не. Зашпільваць умею і пісаць умею.

Бацька. Ну, добра, слухаем далей.

Маці. Паехалі сяляне ў губэрню, да самага губарнатара. А ў губарнатара, у яго канцылярыі многа было служачых, кожнага трэ‘ было падмазаць, каб канцылярскія калёсы ня рыпелі. Езьдзілі, езьдзілі сяляне, мазалі, ма­залі канцылярыстых ды адвокатаў.

1-я дзяўчынка. А чым яны іх мазалі?

Крутагор. Здорам, ха-ха-ха! (Усе засьмяяліся).

1-ы хлопчык. Грашыма, чым-жа.

Маці. Так. І столькі прамазалі грошай, што можна было-б цэлую сотню купіць такіх расаў. Аж пяць гадоў судзіліся за гэтую расу.

Усе. Ай, яй!

Маці. А пан з папом пасьмейваюцца. Нарэшце дачуўся архірэй. Брыдка яму стала. Аддайце, кажа, расу сялянам, бо падрываеце толькі веру. От, яны забралі яе ды меліся прадаць, але-ж за яе больш дваццаці рублёў ніхто не даваў. А прасудзілі яны аж сто пяцьдзесят.

Бацька. Здорава ўмазаліся.

Маці. Ага-ж. Тады яны наважылі падзяліць, каб кожнаму дасталася частачка, каб кожны ведаў, успамінаў ды ўнукам сваім пераказваў, чаго ня трэба рабіць і як ня трэба лезьці ў дурні. Адна такая частачка, вось гэтая істужка, і прыпала майму бацьку. Маці палажыла ў прыскрынак і сказала: „Няхай ляжыць, няхай нашы дзеці і ўнукі ня будуць такімі дурнымі, як іх бацькі і дзяды“. Вось і ўсё.

Бацька. Та-ак. Цікавая гісторыя. Што-ж ты мне не расказала раней?

Маці. Ды я забылася пра яе.

Крутагор. Ну, мы ня будзем такімі дур­нымі.

Маці. Дык вось, якая будзе ў цябе дарагая падцяжка.

Крутагор. А калі вы мне прышыеце яе?

Маці. Ды хоць і цяпер. Скідай штаны, дык я і прышыю.

Крутагор (закруціўся). Во, добра. (Да дзяцей). Вы пачакаеце крышку.

1-ы хлопчык. Доўга чакаць, трэба ісьці.

Усе. Пойдзем, пойдзем.

Крутагор. Крышачку пачакайце, я скіну. (Пачынае скідаць штаны). Мамка мне прышыюць, ды пабяжым да Ціхахода. (Маці і бацька лёганька ўсьміхаюцца).

Заслона

Сцэна другая

правіць

СЦЭНА ДРУГАЯ

Удзельнічаюць:

1. Ціхаход 3. Лёнька
2. Крутагор 4. Васіль
5. Пастух
Адбываецца каля лесу. Тут стаяць вясковыя хлапчукі: Ціхаход, Крутагор, Лёнька і Рыгоркаў Васіль. Ціхаход грае на дудцы. На Крутагоры чорная падцяжка. Здалёк чутна труба пастуха.

Крутагор (да Лёнькі). Дай мне, Лёнька, свайго ножыка, я спушчу сабе дудку.

Лёнька (у гэты час стружа нешта). Мне не шкада, але і мой вытупіўся, ня рэжа, а толькі коўзае.

Крутагор. А ты шкадуеш.

Лёнька. Вот сказаў, — шкадую: вазьмі, але ўсёроўна ты ім нічога ня зробіш. (Дае но­жык).

Ціхаход. Ты што, здаецца, зьбіраешся хвойку глуміць.

Крутагор. А табе шкада?

Ціхаход. А табе не шкада?

Крутагор. А што, я многа псаваў?

Ціхаход. Я ня ведаю, але ведаю, што з аднае хвойкі ты дудкі ня зробіш.

Крутагор. А можа і зраблю.

Ціхаход. А як ня выйдзе?

Крутагор. А што, — табе аднаму на дудцы іграць?

Ціхаход. Іграй сабе і ты, але-ж я хвойкі не псаваў.

Крутагор. Дык нехта псаваў.

Ціхаход. Выбачай, у мяне ня з хвойкі скручана, а ў звычайным бярозавым палене выкручана дзірка і зроблена дудка.

Крутагор. А калі ў мяне няма чым пракруціць?

Ціхаход. Пайдзі да каваля і прапячы.

Крутагор. Мне цікава, ці не наняўся ты сьцерагчы лес?

Ціхаход. Пакуль што я не наймаўся, але ведаю, што глуміць маладое дрэва ня можна.

Крутагор. Гэта я ведаю і без цябе.

Ціхаход. Ведаеш і хочаш глуміць. А мо‘ з гэтага тоненькага дрэўца вырасьце такое дрэва, што будзе самае лепшае ў лесе, мо‘ з яго выйдзе некалькі добрых бярвеньняў, а з гэтых бярвеньняў многа добрых дошчак, а з гэтых дошчак прыгожыя дзьверы, рамы, стол? А ты хочаш папсаваць яго на адну дудачку.

Лёнька. Няхай псуе, а лясьнік пабачыць ды зьдзярэ шапку.

Ціхаход. Вось успомніў ты пра шапку. Скажы, Крутагор, падабаецца табе твая шапка?

Крутагор. Вядома, што падабаецца, бо яна лепшая, як у вас.

Ціхаход. А ты ведаеш, адкуль яна ўзялася?

Крутагор. Бацька купіў, адкуль-жа.

Ціхаход. Дзе ён яе купіў?

Крутагор. У краме, дзе-ж.

Ціхаход. А ў краму яна адкуль трапіла?

Крутагор. А мне якое да гэтага дзела?

Ціхаход. Вось гэта і дрэнна. Твая шапка, браце, не сама вырасла.

Крутагор. А ты вельмі ведаеш, адкуль узялася мая шапка.

Ціхаход. Я ведаю.

Крутагор. Ну, адкуль-жа?

Ціхаход. Перш, чым трапіць на тваю галаву, яна расла сабе прывольна недзе ў по­лі. Тады яшчэ яна ня была шапкаю, а расла, як бавоўнік. Гэты бавоўнік сабралі, нагрузілі на поезд і адвезьлі на фабрыку. Там яна доўга хадзіла з цэху ў цэх, пакуль, нарэшце, з яе выткалі прыгожую тканіну. А ўжо з тае тканіны кравецкая фабрыка нарабіла многа, многа шапак і разаслала іх па коопэратывах. У адзін з іх зайшоў твой бацька ды купіў гэтую шапку. (У гэты час Васіль, залажыўшы, рукі назад, пахаджваў і не зварачаў на шапку ніякае ўвагі).

Крутагор (падкінуў шапку ўверх). Ага, але-ж такое шапкі ні ў кога няма, нават у грамадзяніна Васіля, магу нават залажыцца.

Васіль (супыніўся, нахмурыў бровы, прышчурыў вочы, перадражніў). Грамадзянін… Шапка то шапка, і вельмі добрая, а вось ня зробіш так, як я зраблю са сваёю. (Ён узяў з галавы шапку, злажыў яе ўтрое і палажыў у кішэню).

Крутагор. Падумаеш, — якая важнасьць! (Зьняў з галавы шапку). Раз! (Злажыў яе напал і палажыў у кішэню). Гатова.

З кустоў голас. „Гу-гу-у-у!“

Лёнька. Што гэта? (Крутагор выхапіў з кішэні шапку, хутка надзеў і спужана аглядаецца).

Ціхаход (зьвярнуўся ў той бок, адкуль быў голас). Хто гэта тут пужае і каго?

Зьяўляецца пастух.

Пастух. А хоць-бы і цябе.

Ціхаход. А я ніколі ня пужаюся.

Усе. А, гэта вунь хто.

Васіль (да Крутагора). А Крутагор думаў, што гэта лясьнік ідзе.

Пастух. А вы што тут робіце?

Лёнька. Ды нічога, — гуляем, хадзілі па полі, а цяпер пройдзем паўз лес — ды дадому.

Пастух. Паўз лес, а праз лес нябось баіцеся?

Крутагор. Мы баімся? Чаго гэта мы будзем баяцца?

Пастух. Ня ведаю мо‘ ваўкоў, а мо‘ бандытаў.

Ціхаход. Дзе тут тыя бандыты?

Пастух. У лесе, дзе-ж.

Ціхаход. Нешта я пра гэта ня чуў.

Лёнька. І я таксама.

Васіль. Ня чуў і я.

Пастух. Бо позна радзіліся.

Крутагор. Чаму гэта вы думаеце, што мы позна радзіліся?

Пастух. А хто-ж, па-твойму, радзіўся ра­ней — ты, ці я?

Крутагор. Вядома, што вы.

Пастух. Дык вось, я і ведаю пра бандытаў, а ты не.

Крутагор. Чуў і я, як яны забівалі людзей, кралі, а іх лавілі.

Пастух. Э-э, гэта што. А скажэце мне, што вы ведаеце пра атамана Грака?

Крутагор. Чулі і пра Грака.

Пастух. Ну, што вы чулі?

Ціхаход. Як я чуў, расказвала мне маці, дык гэта быў добры чалавек, за бедных стаяў ды паноў лупіў.

Пастух. Праўда сказана. (Задаволена). А я яго добра ведаю. Служыў я тады ў Залесьсі, таксама пасьвіў гавяду і часта з ім бачыўся.

Крутагор. Вы з ім нават бачыліся?

Пастух. У-у-у! Колькі мы з ім пагутарылі, пакурылі…

Лёнька. Мусіць, ён быў вельмі страшны?

Пастух. Для паноў, ого-го! Гэта-ж было тады, як тут былі белапольскія легіёны. Oх, і стараліся-ж паны, каб як увабраць яго. І дзень і ноч шукалі яго. (Глядзіць, каб не пайшло ў шкоду быдла). Хаця каб там не залезьлі ў шкоду.

Васіль. Не, там-жа падпасыч, а каровы-ж спакойна ходзяць.

Ціхаход. Раскажэце нам, дзядзька, пра атамана Грака.

Крутагор. О, праўда, я вельмі люблю паслухаць.

Пастух. Вось так: бывала сядзіш на пянчуку, пляцеш лапаць, задумаешся, а ззаду галінка трэсь.

Лёнька. Ой, страшна.

Пастух. Вось бачыш табе ўжо страшна.

Крутагор. А мне ніколечкі.

Пастух. Гляджу — Грак. Закурваем. А то, бывае, дастану з торбы кавалак хлеба, ён возьме есьць і расказвае.

Лёнька. От, бедны, галодны быў.

Пастух. Усяк, дзеткі, бывала. Бывала, што і грошай у яго хапала, а есьці ня было чаго. Ды ён-жа не адзін быў. Дык вось аднаго разу пачалася на яго аблава. Загадалі паны злавіць яго, сотні тры сагналі мужчын і пайшлі па лесе. А загадана было ісьці па лесе ціханька, каб і трава ня шасьнула, а яны ідуць ды галёкаюць. Гэта значыць знарок. А Грак сядзіць пад кусьцікам. А паўз яго праходзяць, з аднаго боку Яўтух, а з другога Сьвірыд. Убачылі яго.

Крутагор. Ой!

Ціхаход. Спакойна.

Пастух. Хе-хе. Яўтух кінуў яму пачак махоркі, а Сьвірыд сярнічкі і пашлі далей, быццам і ня бачылі яго.

Крутагор. Гэта былі малайцы.

Пастух. А гэта былі абодва кавалі, а Грак таксама быў кавалём, і яны былі памочнікамі яго. Прайшла гэтая аблава, а Грак вылез з-за куста, закурыў Яўтухавае махоркі, прыпаліў Сьвірыдаваю сярнічкаю ды пайшоў сабе. (Усе засьмяяліся).

Васіль. Значыць, чалавеку пашанцавала.

Пастух. А то аднаго разу сустрэўся ён з панам Гардылам. Грак і кажа яму: „Добры дзень, пане Гардыла“. Той насупіўся і дастае ляворвар.

Крутагор. Ого!

Пастух. А Грак яму і кажа: „А вы думаеце, пане, што ў мяне няма гэтакае самае штукі?“ І паказвае яму — у аднэй руцэ ляворвар, а ў другой бонбу.

Лёнька. Ой, мусіць нешта будзе.

Крутагор. А ты ўжо спужаўся?

Пастух. Пачакайце. Пан ужо здрэфіў.

Крутагор. Вось бачыш.

Пастух. Грак садзіцца ў яго каламажку, едзе з ім разам і пытае: „Ну, як вам жывецца, пане Гардыла?“ А пан і адказвае: „Учора добра, а сёньня не“. „А чаму, скажэце, — пытае Грак, — вы так недалікатна сустрэлі мяне? Я вам дзеньдобры, а вы наставілі на мяне ляворвар?“ „Ты-ж усёроўна заб‘еш мяне“, — адказвае пан. „Так, вы не памыліліся, — адказвае Грак, — пан з кавалём ня могуць доўга ехаць на аднэй каламажцы“. Выйшлі з лесу тры Гракавы таварышы, за­бралі пана Гардылу, і больш ён з лесу не вярнуўся.

Лёнька. Ой, страшна!

Крутагор (абурана). Дык ня слухай, калі табе страшна. А я магу дзень і ноч слухаць.

Пастух. Пасьля забілі легіёны і Грака. А перад гэтым ён са сваёю ватагаю пабываў у гасьцях у аднаго пана Мацісона. Забралі ў яго многа золата і хавалі недзе яго, каб пасьля аддаць саветам.

Крутагор. От быў чалавек, каб такіх было больш.

Пастух. Псі-і, каб такія былі ўсе, як ён, дык ад легіёнаў ды паноў толькі-б пыл курэў.

Крутагор. Каб я тады быў такім, як цяпер, дык напэўна быў-бы разам з Гракам.

Ціхаход. Так. Я чуў, казала мне маці, што ён за праўду стаяў, яго любілі бедныя сяляне і ненавідзелі паны. Скінем, хлопцы, шапкі і схілімся перад такім чалавекам, як атаман Грак. (Ціхаход скідае шапку, за ім скідаюць усе. Пастух скінуў шапку і перахрысьціўся).

Заслона

Сцэна трэцяя

правіць

СЦЭНА ТРЭЦЯЯ

Удзельнічаюць:

1. Крутагор 2. Ціхаход
Адбываецца ў лесе. Шчабечуць птушкі. Здалёк чуваць галасы Крутагора і Ціхахода. Яны спрачаюцца.

Крутагор. А я табе кажу, Ціхаходзе, раз чалавек высокі ды таўсматы, ён павінен быць дужым. А малы адкуль возьме сілу?

Ціхаход (ідучы за ім). А я табе кажу, Кру­тагор, што сіла даецца чалавеку не па росту.

Крутагор. Каторы конь здаравейшы, — малы ці вялікі?

Ціхаход. Калі малы ды сыты, дык ён зда­равейшы за вялікага худога.

Крутагор. А! калі сыты.

Ціхаход. Ну вось табе таксама і чалавек: бывае высокі, але нядужы, і другі меншы ростам можа лёгка пакаціць яго. Ды нашто табе далёка. Ты-ж, здаецца, крышку большы за мяне, але-ж я цябе валяю.

Крутагор. Ой, многа разоў ты мяне паваліў

Ціхаход. Колькі разоў дужаліся толькі і паваліў.

Крутагор. А я цябе ні разу не паваліў, — ну, скажы?

Ціхаход. Ну, мо‘ разоў два ўдалося.

Крутагор. А вось бачыш!

Ціхаход. Я-ж ня слонь, які вось, скажам, такое дрэўца на вяршкоў чатыры таўшчыні свабодна можа вырваць. А то можа здарыцца, што і ня вырве.

Крутагор. Што? Слонь ня вырве такога дрэўца? Ды яго ўсякі чалавек можа вырваць.

Ціхаход. Голымі рукамі?

Крутагор. А што-ж?

Ціхаход. Эх, таварыш Крутагор, памыляешся ты. Чалавек голымі рукамі ніколі гэтага не асіліць. Звычайны чалавек, праўду кажучы, зможа вырваць сякое-такое дрэўца, але толькі тады, калі, па-першае, гэта будзе ня дуб, а, па-другое, калі ўтаўшчкі гэтае дрэва будзе ня больш вяршка, і, па-трэцяе, калі корань будзе ісьці ня ўглыб зямлі, а больш зьверху.

Крутагор. От сказаў! Так яго і ўсякі дурань зможа выцягнуць, і ніхто гэтаму ня зьдзівіцца. Не заўсёды людзі былі такія кволыя, як цяпер. Калі даўней дзікі чалавек бадзяўся па лесе, дык не разьбіраў, ці дуб, ці ня дуб; ён вырываў усё, абы толькі абараніцца ад зьвера. Але-ж, цяпер ёсьць людзі, якім вырваць дрэва ўсёроўна што плюнуць.

Ціхаход. Вось гэта навіна. Страшэнна люблю глядзець на ўсякія дзівы. Але што-ж, дуба ты ніколі не перадужаеш, а з крушынаю справішся. Нават было-б дрэнна, каб мы не падужалі вунь тае лазіны.

Крутагор. Ты так думаеш?

Ціхаход. Так.

Крутагор. А што будзе, калі я павалю той дубок?

Ціхаход. Нічога ня будзе, хіба толькі ў часе работы ў каго-небудзь могуць пажоўкнуць штаны.

Крутагор. Я думаю, што гэта не пра мяне гутарка?

Ціхаход. Як сабе хочаш.

Крутагор. А ну пабачым. (Ён рашуча падышоў да дубка, плюнуў у далоні і сам сабе). Здалёк ён выглядаў крыху меншым.

Ціхаход. Пабачым. (Прылёг ці прысеў і жуе травінку. Крутагор узяўся за дубок і пачаў яго хістаць ва ўсе бакі).

Крутагор. Падаецца.

Ціхаход (счакаўшы). Ну, як?

Крутагор. Хутка выверну, вось пабачыш.

Ціхаход (спакойна). Пачакаем яшчэ.

Крутагор. Пасьмяешся пасьля.

Ціхаход. Ды я не сьмяюся. (Крутагор сагнуў дубок, ногі яго пасунуліся па траве, і ён сеў на зямлю і так, седзячы, пачаў яго тузаць. Ціхаход углядаецца на неба). Эх, якое хараство гэтае сіняе неба з белымі хмаркамі! Вунь два белыя мядзьведзі на крыгах плывуць і пазяхаюць. О, скочылі ў воду, паплылі. (Счакаўшы). А вунь нейкі востраў. Белыя стаенныя коні, а ззаду нешта страшнае. А гэта, мусіць, леў і людзі з бе­лымі трапачкамі на галавах. Ух, пабеглі, пабеглі.

Крутагор. Хто пабег.

Ціхаход (павярнуўся да яго). А гэта там хмаркі. Ну, як у цябе?

Крутагор. Трашчыць яй-права трашчыць.

Ціхаход (падымаючыся). А мне шкада гэтага дубка… (Раптам Крутагор усхапіўся і пачаў шалёна падскакваць і лапаць рукамі па штанох. На яго напалі мурашкі).

Крутагор (сьціснуўшы зубы). А-ххх, хі-і-і…

Ціхаход (сьмяючыся). Ты, Крутагор, тан­цуеш, як папуас вакол сьвятога агню. Што з табою здарылася, сябра мой? Можа ты хочаш зьдзівіць сьвет сваею фізкультураю.

Крутагор (са злосьцю). А ідзі ты к ліхой долі! (Ён падскочыў, адшпіліў падцяжку, скінуў штаны, пачаў вытрасаць іх і церці ногі).

Ціхаход. А, разумею; гэта ты папаўся ў лапы жоўтых мураўёў. Але-ж навошта ты так неміласэрна нішчыш іх?

Крутагор. Што? Я іх нішчу? Ня я іх нішчу, а яны мяне. (Ён старанна чухаўся і вытрасаў іх). І так заядла, што нельга ўстаяць на месцы, а ты-ж ведаеш, які я цьвёрды. Калі маці пачне лупіць венікам, дык я і не зварухнуся, а тут нібы вогненымі іголкамі коле мяне. Трэба мець сланёвую скуру, а яе ў мяне няма.

Ціхаход. І ня будзе, мой сябра.

Крутагор. Вядома, што ня будзе. (Надзявае штаны і мерацца зашпіліць падцяжку).

Ціхаход. Чакай, таварыш Крутагор, што гэта ў цябе такое?

Крутагор (паказвае на падцяжку). Вось гэта?

Ціхаход. Ага.

Крутагор. Як што? Звычайная падцяжка, што служыць… ну, ты сам ведаеш, для чаго яна. (Яму стала ніякава, падцяжка засталася незашпіленаю).

Ціхаход. Калі не памыляюся, ты, таварыш Крутагор, калісьці расказваў мне пра гэтую рэч. Я ўспамінаць ня буду, бо бачу, што ты і так чырванееш. Гэта сумная гісторыя і кажа аб цемнаце нашых дзядоў і аб хітрыках іхных ворагаў. Але, як табе вядома, рэволюцыя вымела з зямлі гэты бруд, а нам з табою трэба давесьці справу да канца.

Крутагор. Што гэта ты хочаш сказаць?

Ціхаход. А казаў тое, што адарві ты гэтую комэдыю. Няма тых, хто рабіў гэтую гісто­рыю, ня трэба і памяткі аб ёй.

Крутагор. А ведаеш, што? Мы яе пахаваем.

Ціхаход. Пахаваем. Гэта будзе вясёлае, радаснае пахаваньне. Ты-ж ня будзеш плакаць?

Крутагор. Што, плакаць? (Напяў падцяжку). Рэж!

Ціхаход (дастаў ножык, нарыхтаваўся). Калісьці яна была прычынаю вялікіх сварак сярод нашых дзядоў. Пэўна-ж, што яна ня была такою, як цяпер, ды і сьвет быў не такі, як цяпер…

Крутагор. Рэж! Годзе табе размаўляць.

Ціхаход (рэзнуў, падцяжка разьляцелася на два кавалкі). Гатова. А цяпер пахаваем яе, — ведаеш дзе? Вунь пад тым дрэўцам, якое змагалася з табою. Не для падцяжкі мы гэта зробім, а для дрэўца. Тканіна з часам згіне і гэты гной дапаможа дрэўцу вярнуць тыя сілы, якія яно ўтраціла дзякуючы табе.

Крутагор. Праўда, братка Ціхаход. Я вінаваты перад гэтым дрэўцам.

Ціхаход. Выграбай ямку, а я прыгатую яе да пахаваньня. (Крутагор пачаў выграбаць ямку, а Ціхаход узяў у рукі падцяжку і паволъна, урачыста пачаў прамову). Вось так. У імя новага жыцьця ты павінна загінуць. Мы, як бачыш, ня плачам і ня думаем аб гэтым. Мы толькі рады, што кон­чышся ты і скончацца цяжкія ўспаміны. (Да Крутагора). Капай, капай! (Кажа далей). Пройдзе дзень, другі, трэці, пальлюцца дажджы, падзьме вецер і прыемна зашуміць сваім лісьцем гэты малады дубочак. Ён будзе адчуваць, як ідзе да яго новая сіла, сіла, якая ўзялася ад сьмерці падцяжкі. Мы, Ціхаход і Крутагор, рады гэтаму і голасна выказваем цяпер і ныне і заўсёды. Амін!

Крутагор (усхапіўся і крыкнуў). Не, не амін! не амін! Няхай мяне разьвее вецер, калі я тут не знайшоў скарбу! Хадзі сюды, глянь! (Ціхаход падышоў). Глядзі, тут нешта жалезнае, думаю, што тут не гаршчок з чарапкамі, а цэлы кацёл золата.

Ціхаход. Капай. (Капаюцъ удвох).

Крутагор. Нешта круглае, падобнае на знарад.

Ціхаход. Так, здаецца гэта знарад. Глядзі, калі ён набіты, дык будзе нам золата.

Крутагор (спуджана). З патронамі, ка­жаш?

Ціхаход. А што ты думаеш.

Крутагор. Тады мы ўкінем яго ў агонь і самі паўцякаем. От бухне; аж зямля задрыжыць, і неба затуманіцца.

Ціхаход (падняўся). Стой, мы гэтага ня будзем рабіць. Ты забыўся, што нарабіў са­бе Сьцяпанкаў Васіль. І цяпер ходзіць сьляпым. Хто ведае, што тут ёсьць, мо‘ тут бан­дыцкі склад; яны, кажуць, некалі тут гойсалі, а мо‘ застаўся знарад з таго часу, як палякі абстрэльвалі нашу вёску.

Крутагор. Нічагусенькі! я бачыў многа знарадаў. Рраз! Вось ён. (Выцягнуў знарад).

Ціхаход. Пачакай, ня выцягвай далей.

Крутагор. Глянь, Ціхаходзе, тут нейкія літары выдзяўбаны.

Ціхаход (радасна). Ой, сапраўды нешта цікавае! (Выцягваюць).

Крутагор (выцірае знарад). Што-ж тут напісана? Чакай, чакай: „адкруці галоўку“. Бачыш, што тут пішацца: „адкруці галоўку“.

Ціхаход. Ага!

Крутагор. Гэта мы зробім (пачынае адкручваць). А ліха на яе, заіржавела.

Ціхаход. Пастукай каменчыкам.

Крутагор. Каб-жа ня выбухнула.

Ціхаход. Не павінна, бо гэта, па ўсяму відаць, ня звычайны знарад. (Крутагор пастукаў і пачынае адкручваць).

Крутагор (радасна). О, падаецца!

Ціхаход. Пайшло?

Кругагор. Пайшло! Чакай, стала.

Ціхаход. Пастукай яшчэ. (Крутагор сту­кае).

Крутагор. Не, не даецца. (Пастукаў яшчэ). Пайшло, пайшло. Гатова! (Крутагор трымае ў руках галоўку, а Ціхаход знарад).

Ціхаход (пачаў прамову). Сёньня ў нас цікавы дзень. Увесь сьвет повен усякага дзіва. Карчуеш дрэўца і нехаця знаёмішся з мурашкамі. Ня было-б дрэўца і ня было-б чаго вырываць. Ня было-б мураўёў, ня трэ‘ было-б скідаць штаноў. Ня скінуў-бы штаноў, ня прыкмеціў-бы падцяжкі. Не пахавалі-б падцяжкі, не знайшлі-б знарад. Бачыш, таварыш Крутагор, усё ідзе нейкім бясконцым ланцугом. І гэта цікава. Вось гэта знарад напэўна вельмі цікавы, і, як мне здаецца, мы зараз дазнаемся аба ўсім. Вось тут тырчыць кавалак паперы.

Крутагор. Ну, і завёў-жа ты, Ціхаход, як які дакладчык. У цябе-ж у руках такая цікавая рэч, трэба хутчэй даведацца, што тут такое, а ты пачаў пра штаны, пра падцяжку, пра мурашкі.

Ціхаход. Не сьпяшайся, мой сябра Кру­тагор, пасьпеем яшчэ з казамі на торг. Тое, што маем у руках, нікуды не ўцячэ. Справа ня ў тым, каб дастаць цукерку, а ў тым, каб смачней яе зьесьці. А мне прыемна сядзець і трымаць у руках таямніцу.

Крутагор. Табе цікава, а публіка павінна чакаць, пакуль ты надумаешся паглядзець? Кінь ты, Ціхаход, свае размовы, даставай хутчэй тую паперу! (Да публікі). Правільна, грамадзяне?

Галасы (з публікі). Правільна, правільна.

Крутагор. О, чуеш?

Ціхаход. Ну, добра. Я дастаю. (Выцягвае скрутак паперы, разгортвае яго і чытае). Дзеньнік Грака.

Крутагор (Радасна). Дзеньнік Грака! Чытай, чыитай!

Ціхаход (чытае). Бі паноў і капіталістых, зьнішчай буржуазію, няхай жывуць мазольныя рукі!

Крутагор. А во: 12 мая 1920 г. (Чытае). „Прымі, госпадзі, душу раба твайго пана Гардылу. Мы яго расстралялі. А зловяць нас, таксама расстраляюць“. А во: „15 мая. Сёньня польскія жандары злавілі майго сябра Івана Галушку і запаролі шампаламі“.

Ціхаход. „17 мая. Нас трое. Учора зноў была аблава, але Яўтух нас папярэдзіў, і паны засталіся з носам. Вялікая злосьць падступае да сэрца, хочацца быць лютым зьверам. А легіянэры п‘юць кроў, палошчуцца ў ёй. Некалі людзі прачытаюць гэты дзеньнік, мяне ўжо тады ня будзе, гэта я ведаю, але ведайце ўсе, што няма такое кары, няма такога злачынства, на якое не пайшлі-б паны, ахоўваючы сваю маемасьць“.
21 мая. Мы ўжо ня ходзім у вёску даведвацца, аб тым, што робяць легіянэры. Да нас самі ідуць хлопцы з адрэзамі. Гракава армія павялічваецца з кожным днём, з кожнаю гадзінаю. Пане Пілсудзкі! Ты доўга не пратрымаешся. Хутка ў Грака будзе боль­шая сіла, чым у цябе, хутка забяром увесь павет, а там пабачым. Заутра ў паход. Калі я загіну, я думаю, і маю права думаць, што той скарб, які застанецца, не загіне марна, а пойдзе на карысьць новае дзяржавы. Заўтра я іду ў паход. Можа заўтра мяне ня будзе, але ўсякі, хто знойдзе ці запіскі, ці плян мясцовасьці, дзе схован скарб, павінен выканаць маю апошнюю волю — усёроўна, ці заўтра, ці праз тысячу год. Грак“.

Крутагор. Што, канец?

Ціхаход. Канец. Яго-ж палякі забілі і больш ён ня мог пісаць.

Крутагор. А як-жа скарб? Ён-жа тут піша пра скарб, пра плян мясцовасьці, дзе ён схаваны.

Ціхаход. Чакай, вось тут яшчэ ёсьць нейкі асобны скрутачак.

Крутагор. Даставай. (Ціхаход выцягвае, раскручвае).

Ціхаход. Гэта маленькі і мала тут напісана. (Чытае. Крутагор паўтарае за ім кожнае слова). „Адмерай ад гэтага месца дзьвесьце крокаў на захад, адвярніся тварам на поўдзень. Прайдзі тады дванаццаць сажняў і капай“.

Крутагор. Значыць, усё?

Ціхаход. Як бачыш. (Задумаўся).

Крутагор (радасна). Ціхаход, мы знойдзем скарб!

Ціхаход. Так, скарб мы, мусіць, знойдзем. Але ці думаеш ты аб тым, якім быў Грак, які загінуў чалавек!

Крутагор. Думаю, братка, думаю. (Ціхаход здымае шапку. Крутагор глянуў на яго і таксама зьняў шапку).

Ціхаход (рашуча). Адмервай.

Крутагор (затупаў). Чакай, а дзе-ж захад?

Ціхаход. У гэты бок.

Крутагор. Дзьвесьце крокаў?

Ціхаход. Дзьвесьце. (Крутагор пачынае мераць і лічыць: раз, два і г. д. Ціхаход трымае ў руках знарад і моўчкі таксама адмервае. Пайшлі).

На сцэне цямнее.

Сцэна чацьвёртая

правіць

СЦЭНА ЧАЦЬВЕРТАЯ

Удзельнічаюць:

1. Крутагор 2. Ціхаход
Адбываецца ў лесе. Ціхаход і Крутагор стаяць адзін ад аднаго на крокаў чатыры і спрачаюцца. Крутагор з рыдлёўкай.

Крутагор. Я табе кажу, што тут, якраз тут кончылася дзьвесьце крокаў.

Ціхаход. Памыляешся, таварыш Крутагор. Дзьвесьце крокаў кончылася якраз тут, дзе я стаю.

Крутагор. Чаму гэта ты так думаеш?

Ціхаход. Гэта я нават адчуваю.

Крутагор. Я таксама адчуваю.

Ціхаход. Я адчуваю, што ты памыляешся.

Крутагор. Ніколі!

Ціхаход. Таварыш Крутагор! Адмерваючы крокі, ты, здаецца, паваліўся?

Крутагор. Паваліўся.

Ціхаход. Ты бегаў па рыдлёўку, дык ці стаў ты на тое самае месца, на якім стаяў да рыдлёўкі?

Крутагор. Стаю на тым самым месцы, бо яго зазначыў.

Ціхаход. Зазначыў? Нічога ня значыць. Я павінен табе зазначыць, што ты памыляешся. Прызнай свае памылкі, і мы зараз-ж распачнем работу.

Крутагор. Ну, дык давай будзем капаць вось тут, пасярэдзіне.

Ціхаход. Эх, таварыш Крутагор, ты-ж здаецца першага мая быў на мітынгу і здаецца чуў, што сказаў дакладчык пра сярэдзіну. (Горача). У наш момант ня можа быць сярэдзіны. Ёсьць два выбары. Я табе раю капаць тут.

Крутагор. Ладна. (Пачынае капаць). Нейк страшна.

Ціхаход. Капай, браце, няма чаго пужацца. Мы-ж ня крадзем, а выконваем на­каз добрага чалавека.

Крутагор (капае). А што, каб ён пабачыў нас, пазабіваў-бы?

Ціхаход. Цудны ты, як гэта ён пабачыць, калі яго даўно няма жывога. І як я чуў, дык ён любіў малых хлапчукоў. Мы таксама напэўна здружыліся-б з ім.

Крутагор. Ох, цяжкавата капаць.

Ціхаход. Дай я пакапаю.

Крутагор. Пакапай крышку, а пасьля я зноў буду капаць. (Перадае рыдлёўку. Ціхаход капае). А калі тут будзе вялікая цяжкая скрынка, такая, што мы і не падымем.

Ціхаход. Тады будзем думаць пра гэта.

Крутагор. Невядома, ці яна замкнёна, ці не.

Ціхаход. Я думаю, што павінна быць замкнёна.

Крутагор. А як-жа мы яе адамкнем?

Ціхаход. Слухай, таварыш Крутагор. Мядзьведзя мы яшчэ не забілі, а ты ўжо думаеш, як будзем зьдзіраць скуру.

Крутагор. Можна лічыць, што і забілі.

Ціхаход. Пачакай яшчэ! (Раптам). Стой! (Крутагор нахіліўся). Нешта бразнула.

Крутагор. Ага! Дай, братка, я пакапаю.

Ціхаход. Пачакай.

Крутагор. Дай мне рыдлёўку, я хутчэй.

Ціхаход. Май цярпеньне. (Капануў). О, зноў стукнула.

Крутагор (нецярпліва). Дай мне рыдлёўку, я памацаю.

Ціхаход. Ну, на.

Крутагор (капануў). Скарб! (Старанна капае).

Ціхаход. А ты больш асьцярожна.

Крутагор. Нічога, ён будзе ў нашых ру­ках! (Кінуў рыдлёўку і грабе рукамі).

Ціхаход (ухапіў рыдлёўку). Пусьці, я капану яшчэ рыдлёўкаю.

Крутагор. Ну, капані два разы зьлева. Да­ волі, даволі. (Ціхаход кінуў рыдлёўку, і яны ўдвох пачалі вьцягваць скрынку).

Ціхаход. Ну, раз!

Крутагор. Два. (Выцягнулі).

Ціхаход. Гатова!

Крутагор. Гатова!

Ціхаход (стукнуў Крутагора па плячах). Эх, Крутагор! Які сёньня шчасьлівы дзень!

Крутагор (радасна). Так, Ціхаходзе, ня веру вачом сваім, што вось гэта — вялікі скарб.

Ціхаход. Атамана Грака!

Крутагор. Эх, і зайздросьціць-жа будуць хлопцы.

Ціхаход. А чаго ім зайздросьціць, мы-ж не сабе забіраем.

Крутагор. Але-ж ніхто іншы, а мы знайшлі. На нас будуць усе глядзець.

Ціхаход. А скрыначка заіржавела.

Крутагор. Гэта нічога, я думаю, што золата не заіржавела.

Ціхаход. Я думаю, што не.

Крутагор. Значыць, што мы будзем рабіць са скарбам?

Ціхаход. А ты як думаеш?

Крутагор. А ты як думаеш?

Ціхаход. Мы павінны выканаць наказ Грака.

Крутагор. Куды несьці скрынку?

Ціхаход. Куды? (Падумаўшы). Добра, што якраз вечарэе. Нясі і схаваем дзе-небудзь.

Крутагор. У нашай саломе.

Ціхаход. Можна і так. (Крутагор пады­мае скрынку, а Ціхаход знарад).

Крутагор. Цяжкаватая.

Ціхаход. Залатая.

Крутагор. Хадзем!

Ціхаход. Хадзем!

Заслона

Сцэна пятая

правіць

СЦЭНА ПЯТАЯ

Удзельнічаюць:

1. Сакратар 4. Старшыня
2. Крутагор 5. Абраша
3. Ціхаход 6. Міліцыянэр
Адбываецца ў канцылярыі сельсавету. Сакратар сельсавету перакідае канцылярскія кніжкі, паперкі, шукае нечага.

Сакратар (нэрвова). Эх, з такім старшынёю працаваць, дык і галаву згубіш. (Шукае).

Ускаквае Крутагор.

Крутагор. А я іду ды думаю, а можа яшчэ сельсавет зачынены.

Сакратар (злосна). Так і ёсьць: яшчэ за­чынены.

Крутагор. А я-ж увайшоў.

Сакратар. Рана ўвайшоў, дык хутка і выйдзеш. Мо‘ яшчэ захацелася паперы?

Крутагор. Я ніколі ў вас паперы не прасіў.

Сакратар. Так, прасіць вы ня ўмееце, а палажыў скрутак за пазуху, — ды пайшоў.

Крутагор. Я ніколі ня браў ніякага скрутка.

Сакратар. Ну, добра. Злаўлю каторага, дык на месцы зробім суд.

Крутагор. О, тады тое і будзе.

Сакратар (перакідаючы, паперы}. Ну, не мяшай мне.

Крутагор. Таварыш сакратар, мне трэба бачыць старшыню.

Сакратар. Сядзь на ганку і там чакай, калі ён табе трэба.

(Крутагор выйшаў).

Сакратар (кінуў аб стол папку}. Эх! шу­кай ветра ў полі. (Голас за дзьвярыма: „Ты чаго так рана прыпёрся сюды?“ Крутагор адказвае: „Бо трэба, дык і прыпёрся“).

(Увайшоў Абраша).

Абраша. Афішкі гатовы.

Сакратар (злосна}. Што? А, гэта ты, Абраша!

Абраша. А ты думаў гэта хто?

Сакратар. Ды нічога я ня думаў. Галаву скруціў, шукаючы адну паперку.

Абраша. А мо‘ яна ў старшыні.

Сакратар. Ён то глядзеў яе, але кажа, што ў яго няма.

Абраша. Ну, калі згубіў, дык і няма.

Сакратар. Не магу ў такім сельсавеце працаваць, — кіну. Душымся тут у адным гэтым пакоі.

Абраша. А мо‘ хто проста ўзяў гэтую паперку ды пакурвае ў ёй самасейку.

Сакратар. А яшчэ, як на ліха, гэта была тоненькая паперачка.

Абраша. Так яно і ёсьць. Ну, пакідаю табе афішкі і пайду. Здаецца, што будзе на-зэкс. (Раскручвае. Выразна відаць словы: „у быўш. магаз. адбудзіцца шпіктакаль“). Ну, як табе падабаецца?

Сакратар. А хто гэта маляваў?

Абраша. Гэтую якраз я.

Сакратар. Пакажы другую.

Абраша (раскруціў). А гэтую Цімох. (Тут напісана „Сьпяктак“).

Сакратар. Намалёвана нішто сабе, але-ж няграматна.

Абраша. Я ўжо ведаю, што тут крышку ёсьць памылкі, але-ж няма калі перапраўляць.

Сакратар. Няхай-бы-ж вы паказалі настаўніку.

Абраша. Ён учора да гадзіны ночы рабіў рэпэтыцыю.

Уваходзіць старшыня і міліцыянэр.

Старшыня (да міліцыянэра). Добра, што ты заехаў, — ня трэ‘ будзе мне ехаць у раён. (Міліцыянэр вітаецца з сакратаром. Абраша сам падыходзіць да міліцыянэра, падае яму руку).

Абраша. Просім на шпіктакель, у нядзелю будзе.

Міліцыянэр. Спэктакль?

Абраша. Так, так.

Міліцыянэр. У нядзелю?

Абраша. У нядзелю.

Міліцыянэр. Пад‘еду, пад‘еду.

Абраша. Калі ласка. (Выходзщь).

Сакратар (да старшыні). Ніяк не магу знайсьці тае паперкі адносна лесаматэрыялаў.

Старшыня. Валяецца недзе ў паперах.

Сакратар. Перакапаў усюды.

Старшыня (да міліцыянэра). Цесната задушвае нас.

Міліцыянэр. Затое скора будзеце разыдаваць у новым будынку.

Старшыня. Так, там будзе прасторна.

Сакратар. Пасьля таго, як ты чытаў гэтую паперку, я больш ня бачыў яе.

Старшыня. Што значыць чытаў? Раз чытаў, значыць прачытаў і палажыў.

Міліцыянэр. Ага, на ліст, ды расьпішыся на канвэрце. (Старшыня ўзяў ліст, дастае з кішэні аловак, а з ім і скручаную паперачку. Разглядае).

Старшыня. Ах, каб ты спрахла, вось яна, гэтая паперка.

Сакратар. Ну, вось бачыце.

Старшыня. Што-ж бачыш? Скруцілася, ліха на яе, і ляжыць.

Ускаквае Крутагор.

Крутагор. Таварыш старшыня, я бегаў да вас на кватэру, але не застаў. Маю вялікі інтэрас.

Старшыня (усьміхнуўся). Вялікі інтэрас? Ну, кажы.

Крутагор. Я з Ціхаходам знайшлі скарб.

Старшыня. Што-о, што?

Крутагор. Мы знайшлі скарб.

Старшыня. Гэта што: якія-небудзь чарапкі?

Крутагор. Не чарапкі, а золата, скрынка золата.

Ускаквае Ціхаход.

Ціхаход. А, ты ўжо тут?

Крутагор. Вось мы з ім удвох знайшлі.

Старшыня (да Ціхахода). Што вы знайшлі?

Ціхаход. Скрынку золата.

Старшыня (глянуў на ўсіх). Чулі, што яны кажуць?

Крутагор. Вы, мусіць, ня верыце, дык мы можам паказаць вам паперкі. Гэта скарб, які пакінуў атаман Грак і даў наказ. (Дае дзеньнік). Вось тут усё напісана. (Усе разглядаюць).

Ціхаход. Спачатку мы знайшлі знарад, а ў ім гэты скрутак. А ў скрутку ўсё напісана.

Старшыня (чытае). „Заўтра Грак ідзе ў паход. Можа заўтра Грака ня будзе, але ўсякі, хто знойдзе яго запіскі і плян мясцовасьці, дзе схован скарб, павінен выканаць яго апошнюю волю — усёроўна, ці заўтра, ці цераз тысячу год“.

Сакратар. А вось далей: „Адмерай ад гэтага месца дзьвесьце крокаў, адвярніся на поўдзень і, прайшоўшы дваццаць сажняў, капай“.

Старшыня. А дзе вы дзелі скрынку.

Крутагор. У мяне яна схавана.

Старшыня. Таварыш міліцыянэр. Зараз-жа ідзі і калавур, а я злажу камісію і зараз іду. (Міліцыянэр, Крутагор, Ціхаход і Абраша хутка выходзяць). Зараз-жа злажыць камісію. Старшынёю буду я. (Да сакратара). Замыкай канцылярыю. Бяжы да Цімоха, а я да Пятрука, яны будуць членамі камісіі. Пайшлі! (Хутка выйшлі).

Заслона

Сцэна шостая

правіць

СЦЭНА ШОСТАЯ

Удзельнічаюць:

1. Крутагор 6. Старшыня
2. Ціхаход 7. Сакратар
3. Міліцыянэр 8. Пятрук
4. Крутагораў бацька 9. Цімох
5. Абраша 10. Некалькі мужчын.
Адбываецца ў хаце Крутагора. Крутагор і Ціхаход уносяць у хату скрынку. За імі ўваходзіць міліцыянэр.

Міліцыянэр. Стаўце на стол. Вось так, з гэтага краю.

Уваходзіць бацька Крутагора.

Бацька. Што тут здарылася? Можа яны ўкралі што-небудзь?

Міліцыянэр. Нічога, будзьце спакойны.

Бацька. А што гэта такое на стале? (Падыходзіць).

Міліцыянэр. Не падыходзьце блізка. (Вымае шашку, прыхінае да пляча і становіцца на варту).

Бацька. Нічога не разумею.

Крутагор. Мы знайшлі скарб.

Ціхаход. Золата.

Бацька. Што за ліха, — якое золата.

Міліцыянэр. Вось прыдзе камісія, тады будзеце ведаць.

Бацька (да Крутагора злосна). Кажы, што тут нарабілася?

Крутагор. Нічога, татачка, зараз адчыняць скрынку і вы ўбачыце многа-многа золата. Гэта скарб, які пакінуў Грак.

Бацька. Грак? А дзе ты яго ўзяў?

Крутагор. У лесе знайшлі.

Бацька. А чаму ты не сказаў мне?

Ціхаход. Бачыце, дзядзька, атаман Грак пакінуў наказ, каб увесь скарб аддаць у савет.

Крутагор. Мы заявілі старшыні сельсавету.

Міліцыянэр. А вось, здаецца, ідзе і камісія. (Чуваць галасы мужчын}.

(Уваходзяць: старшыня, сакратар сельсавету, Абраша і некалькі мужчын).

Старшыня (да членаў камісіі). Ну, вось, — гэтыя два хлапчукі знайшлі нейкі скарб і, як сумленныя мальцы, заявілі ў сельсавет. Наш абавязак аглядзець яго і, як гаворыцца, злажыць акт.

Абраша. О, якая цікавая скрыначка!

Міліцыянэр. Не датыкайся рукамі.

Пятрук (да Крутагоравага бацькі). Гэта твой сын выкапаў?

Бацька. Дайце-ж рады… я ніколі не спадзяваўся, што ён на гэта здатны.

Цімох. Колькі такая скрынка можа зьмясьціць?

Старшыня. А рублёў пяцьсот улезе.

1-ы мужчына. Я думаю, што і тысяча ўлезе.

Крутагор. Што, — вы думаеце, тут бумажкі? Памылка. Тут чыстае золата і ня менш як дзесяць тысяч рублёў.

Старшыня. Ну, будзем адчыняць і тады пабачым.

Ціхаход. Цяжка будзе, бо замочак заіржавеў.

Старшыня. Дайце мне якую сякеру-тупіцу.

Бацька. Ёсьць. (Дае сякеру. Старшыня з членамі камісіі пачынаюцъ стукаць і адмыкаць).

2-і мужчына (да першага). Ну, што-ж ты скажаш?

1-ы мужчына. А што-ж, браце, дурням шчасьце. Ня ведалі, як спажыць дабро.

2-і мужчына. Ну, а табе што?

1-ы мужчына. Ды мне што, — я з гэтага нічога ня буду мець.

Старшыня. Прытрымай, Цімох, века. Так, так. Падаецца.

Пятрук. О, здаецца адскочыла.

Старшыня. Гатова! Ну, адыдзецеся крышку.

Крутагор. От, ніхто не знайшоў, а мы знайшлі.

Старшыня. Ставім на стол. (Ставяцъ). Прашу цішыні і спакойства.

1-ы мужчына (да бацькі). Было-б табе на ўсё жыцьцё, а так забяруць у казну.

Міліцыянэр. Ціха! (Сакратар нарыхтаваўся пісаць).

Старшыня (адчыняе вечка скрынкі і дастае паперку). Нейкая паперка. (Чытае). „Хочаш скарбу — бяры малаток у рукі і працуй“. Які малаток?

Пятрук. А вунь-жа ён у скрынцы! (Дастаў малаток).

Старшыня (чытае). „Хочаш больш — вучыся і на табе кніжку ў рукі“.

Пятрук. А вось і кніжка. (Дастаў кніжку).

Старшыня (чытае). „Змагайся за волю ўсіх прыгнечаных. Вазьмі рэвольвэр“. (Дасталі рэвольвэр). Ну, паглядзім, што будзе далей. (Дастае яшчэ адну паперку, чытае). „Ты хочаш золата? Ты гатоў перакапаць горы зямлі, каб знайсьці гэты немы мэталь. Каб ты так заўзята браўся за навуку, за молат, за зброю, дык ты знайшоў-бы найлепшае золата“. (Сакратар запісвае).

1-ы мужчына. Э-э! нешта-ж адны пісулькі.

Міліцыянэр. Не перабівайце!

Старшыня (дастаў яшчэ адну паперку). „Калі ты ўсё гэта зробіш, ты выканаеш на­каз Грака. Ты ўнясеш у дзяржаўную скарбонку больш чымся спадзяваўся“. (Першы муж­чына адышоў у бок і плюнуў. Другі паглядаў ды пасьміхоўваўся. Камісія стаіць, апусьціўшы галовы. Сакратар глядзіць на старшыню).

Цімох (яшчэ раз глянуў у скрынку). Усё.

Старшыня. Пратакол зложаны. Больш тут няма чаго рабіць. Зьмест таемнае скрынкі нам вядомы. Прымем да ведама і выкананьня. (Да міліцыянэра). Забірай аружжа і пойдзем. (Міліцыянэр апусьціў шашку ў ножны, узяў рэвольвэр, і ўся камісія пайшла. За імі выйшлі ўсе. Засталіся толькі Крутагор і Ціхаход).

Крутагор. Ну, што ты скажаш?

Ціхаход. А ты што скажаш?

Крутагор. А што-ж: мы хацелі як лепей.

Ціхаход. А выйшла?

Крутагор. А выйшла ня так, як усе чакалі.

Ціхаход. Як мне здаецца, дык разумна зрабіў атаман Грак. Мы першыя знайшлі яго наказ і гэту скрынку. (Бярэ кніжку). Мы выканаем яго наказ, мы будзем вучыцца, Крутагорка.

Крутагор. Вучыцца (бярэ малаток) і працаваць!

Ціхаход. І працаваць, а калі падрасьцем крыху, дык возьмем і рэвольвэр і будзем біць паноў так, як біў іх Грак.

Заслона