Скарына і яго эпоха (1925)
Скарына і яго эпоха Артыкул Аўтар: А. Харэвіч 1925 Крыніца: Полымя. 1925. №7. С. 138-152 |
А. Харэвіч
За ўвесь час самастойнага існаваньня Літоўска-Беларускага гаспадарства ў ім пераважала сталае, як кажа проф. Любаўскі "вячыстае" зямляўладаньне. Хаця яму былі вядомы і розныя іншыя формы, але гэтыя формы не атрымалі тут значнага распаўсюджаньня. Зямляўласьнікі князі, паны, баяры — зьяўляюцца старадаўнімі ўладарамі сваіх вотчын: у руках шмат з іх у ХVІ веку былі тыя ж самыя маёнткі, якія былі ў іх продкаў у XIII і XIV веку. Літоўска-беларускія паны назьбіралі дзеля гэтага вялізныя фамільныя капіталы. У той час, як самыя буйныя маскоўскія баяры толькі што і жывуць гаспадарчай пэнсіяй і часта даюць у заклад вопраткі сваіх жанок, каб узброіцца на вайну, літоўска-беларускія паны робяць буйныя пазыкі гаспадарчаму скарбу.
Як вядома, першая вунія з Польшчай, якая адбылася пры Ягайле і Вітаўце, не ажыцьцёвілася, але яна дала літоўска-беларускім зямляўласьнікам шмат розных гарантый, якімі абмяжоўвалася вялікакняская ўлада, а самае галоўнае тое, што яна пашкодзіла ўсталяваньню насьледнай улады, аддаўшы замяшчэньне гаспадарчага трону абраньню князёў, паноў і баяр Вялікага Княства.
Поруч з тым утвараецца сувязь паміж Польшчаю, Літвою і Беларусьсю, дзякуючы таму, што большаю часткаю ў таго і другога гаспадарства быў адзін агульны гаспадар, які жыў папераменку то ў Польшчы, то ў Беларусі.
Гэтая жыцьцёвая супольнасьць спрыяла ўплыву польскай дзяржаўнасьці на Беларусь. Польскія правы і вольнасьці паступова пераносяцца на беларускую глебу і дапамагаюць разьвіцьцю і пышнаму росквіту беларускага фэўдалізму, для якога і без таго была добра падрыхтавана глеба.
Але ХѴ і пачатак XVI веку азначаюцца яшчэ значным экономічным уздымам літоўска-беларускіх гарадоў. Такія гарады, як Вільня, Полацак, Горадня, Коўна, Бярэсьце — былі буйнымі гандлёвымі асяродкамі. За імі цягнецца і Менск. У той час, як Полацак плаціць падаткаў у гаспадарчы скарб штогод 400 коп грошай, Менск — толькі 60 коп[1].
Атрыманьне літоўска-беларускімі гарадамі Магдэбурскага права і шмат розных іншых экономічных палёгкаў яшчэ больш дапамагае ўзросту іх экономічнай магутнасьці. Сярод гарадоў першае месца займае Вільня. Віленскае купецтва карыстаецца значным лікам розных пераваг. Напрыклад, у 1511 годзе кароль Жыгімонт выдае грамату, па якой купцы, што прыяжджаюць у горад Вільню, могуць гандляваць толькі з віленскімі купцамі, за выключэньнем кірмашу, калі ім дазваляецца гандляваць і з чужаземнымі купцамі. Віленскія купцы плацяць вельмі значную суму ў гаспадарчы скарб, выстаўляюць значны лік конных ваякаў, вядуць буйны гандаль і гэтым значна павялічваюць свае ўласныя капіталы.
Што тычыцца хатняга быту як купецтва, так і зямляўласьнікаў, дык на гэтым ня прыдзецца доўга спыняцца. Роскаш, сьпешчанасьць, заўсёдны баль і гультайства - вось найбольш выразныя адзнакі іх жыцьця. „Сьмяюцца татары", як піша пісьменьнік ХѴІ веку ліцьвін Міхалон: „што ў нас паважныя людзі мякка пакояцца і сьпяць, калі адбываецца царкоўная служба, а людзей беднага стану ня пушчаюць садзіцца; самі прыходзяць у царкву з мноствам павадыроў і ставяць іх перад сабой, каб пахваліцца іх колькасьцю. Гэтыя жальбы Міхалона падтрымоўвае і маскоўскі ўцякач князь Курбскі.
П'янства, аб якім сьведчыць яшчэ вэнэцыянскі пасол Кантарыні ў ХѴ веку было настолькі распаўсюджанай заганай, што яму аддаваліся і багатыя і бедныя. „У гарадох літоўскіх", піша Міхалон, „няма больш прыватных заводаў, як тыя, на якіх варыцца з жыта гарэлка і піва. Дзень пачынаецца піцьцём гарэлкі; яшчэ лежачы на пасьцелі крычаць: „гарэлкі, гарэлкі!" і п'юць гэты яд мужчыны і жанчыны, і юнакі на вуліцах і плошчах, даходзяць да голаду, зьвяртаюцца да крадзежу і разбою".
Тое самое творыцца і ў вайсковым стане. „Ворагі нашы татары", піша далей Міхалон "насьмяхаюцца над нашай бясьпечнасьцю, нападаюць на нас, калі мы пасьля п'янства сьпімо: „Ян! ты сьпіш", кажуць яны — а я, бачыш, турбуюся, зьвязваючы цябе. Цяпер нашых ваяк гіне сярод гультайства ў шынкох, дзе яны забіваюць адзін аднаго, больш, чымся самых ворагаў, якія часта зьнішчаюць нашу краіну, тады як нашы маглі-6 знайсьці лепшы выпадак паказаць сваю адвагу у бойках з ворагам цьвярозымі і дзейнымі".
Не рабіла выключэньне і духавенства. Яно яшчэ ў большай меры падзяляла шмат з гэтых заган. У манастырскіх сьценах часта пануе разгул і разврат. "Грэцкія манахі," кажа той самы Міхалон, "устрымоўваюцца ад жанок, а што папы ў старадаўнія часы жаніліся, — гэта відна ў шмат мясцох сьв. пісаньня. Калі-б нашы рабілі цяпер тое самае, дык было-б менш заганы, чымся ў гэтым фальшывым манастве, у якім яны жывуць, як сьпешчаныя сыбарыты, гараць заўсёды палам і трымаюць наложніц".
Дзякуючы таму, што манастыры маюць свае ўласныя землі, вядуць сваю гаспадарку, некаторыя з іх пасьпелі нажыць вялізныя капіталы. З гэтай прычыны яны часта становяцца прадметам нападаў. У жыцьцёпісе Антонія Сійскага чытаем, што аднойчы прышоў на Дзьвіну зборшчык біскупскай дані. Думаючы, што ў Антонія шмат багацьця, наслаў на яго разбойнікаў.
Здараецца, што дзеля даходу манастырамі кіруюць зусім сьвецкія людзі. Так, кароль Сьцяпан даў Менскі Ўзьнясенскі манастыр шляхцічу Невельскаму, а той перадаў яго з ведама каралеўскага, земяніну Дастаеўскаму, які ня быў нават праваслаўным. Мітрополіт Ільля і менскі кашталян Ян Глябовіч скардзіліся каралю, што Дастаеўскі карыстаецца толькі даходамі і зусім ня рупіцца аб кіраваньні манастыром, а дзеля гэтага прасілі аддаць апошні земяніну-ж менскаму Міколе Рагазе, чалавеку сумленнаму і ў сьв. пісаньні ведаючаму, які зараз-жа пастрыжэцца ў манахі. Кароль выканаў іх просьбу. Гэта было ў 1579 годзе[2].
Іншая зусім справа жыцьцё працоўных мас. Яны гібеюць у няволі і нядолі. Згодна пасьведчаньню такіх пісьменьнікаў XVI веку, як немец Браун[3], што вандраваў у той час па Беларусі, і названы вышэй Міхалон, дык экономічнае і соцыяльнае становішча іх надта сумнае. "Мы трымаем у нязьмернай няволі людзей сваіх", кажа ўжо вядомы нам Міхалон, "якія здабыты не вайною і ня купляю; належаць не да чужога, а да нашага пляменьня і веры; мы дзеля зла ўжываем нашу ўладу над імі, мы зьдзекуемся над імі, калечым, забіваем бяз суду па самым невялікім падазрэньні. Наадварот, у татар і маскоўцаў ні адзін чыноўнік ня можа забіць чалавека нават пры відавочным злачынстве - гэтае права дана толькі судзьдзям у сталіцах. А ў нас па ўсіх сёлах і вёсках робяцца прысуды аб жыцьці людзей. Прытым на абарону гаспадарства бярэм мы падаткі з адных толькі падуладных нам бедных гаражан і з бяднейшых сялян, зусім не чапаючы маёнткаў уласьнікаў, якія атрымоўваюць значна больш з сваіх уладаньняў".
З устаўных каралеўскіх грамат відна, што сялянства Літвы і Беларусі падзялялася на падданых або цяглых людзей і на чэлядзь нявольную. У ваднэй з такіх грамат чытаем: „Калі мужык супроць загаду дзяржаўцы або яго ўрадніка ня выйдзе на працу адзін дзень, або будзе непаслухмяным, дык узяць з яго за гэта ня болей барана; калі ж выявіць упартасьць, дык караць яго нагайкай або пугай".
У статуце сваім кароль Жыгімонт на аснове земскіх прывілей папярэднікаў Казімера і Аляксандра, дае абяцаньне ахоўваць Вялікае Княства і паноў рады ад усякага паніжэньня. Замацоўваючы правы княжатам, паном, шляхце і баярам, кароль адначасна абяцае простых людзей над шляхтай ня ўзвышаць. За пабоі, нанесеныя шляхцічам шляхцічу, вінавайца плаціць дванаццаць руб. грошай; калі-ж вінавайца ніжэйшага стану дык караецца адсячэньнем рукі. Яшчэ лепш азначаны правы "чорных людзей" у грамаце вялікага князя Аляксандра кіеўскім мяшчанам: „Халопу і рабе ня верыць і ў сьведкі іх ня прымаць; з нявольным чалавекам суду няма".
Досыць добра дапаўняе гэты сумны малюнак распаўсюджанае ў той час хабарніцтва і прадажнасьць судзьдзяў. Міхалон скардзіцца на судовыя паборы: "Бярэ старшыня суду, бярэ слуга суду, бярэ натарыус, бярэ віж, што назначае дзень суду, бярэ дзецкі, што выклікае падсуднага, бярэ ўраднік, што выклікае сьведак. Кожнаму сьведку вераць бяз прысягі; ад гэтага шмат хто зрабіў сабе промысел з крывасьведцтва. Ваяводы маюць яшчэ сваіх намесьнікаў, якія, гадуючы сваё цела, сядзяць звычайна на судзе пры шуме гасьцей, мала знаёмыя з законамі, але акуратна спаганяючыя свой перасуд".
Грубасьць, забойствы, самапраўства, прыгнечаньне панамі працоў нага сялянства пад канец XVI веку даходзіць да таго, што тыповы прадстаўнік шляхты, польскі поэта Рэй, ня можа нічога іншага прыдумаць, як зрабіць такое навучаньне: „Калі хочаш паляваць, дык не перабівай нябачліва ўсіх зайцоў, а таксама сьцеражы сваіх сялян, іначай яны перамруць або разьбягуцца, як зайцы, і табе-ж будзе горш.
Але ня лепш жывецца і жыхаром гораду. У 1527 годзе кароль Жыгімонт прымушан быў пісаць полацкаму ваяводзе Пятру Кішцы, каб ён не парушаў Магдэбурскага права, дадзенага гораду: у грамаце гаворыцца, што войт, бурмістры, радцы і ўсе мяшчане ня раз скардзіліся каралю на забойствы, пабоі, рабункі, якія яны церпяць ад вураднікаў і слуг ваяводзкіх, што кароль ня раз пісаў ваяводзе з патрабаваньнем спыніць гвалт, але ваявода яшчэ больш пачынаў уціскаць гаражан. Скардзіліся палачане не на аднаго ваяводу, але на князёў, паноў, баяр полацкіх, на ігуменьню і на манахаў. Мяшчан, якія купляюць зямлю ў баяр і ў іншых путных людзей, ваявода загадвае ставіць перад сабою і судзіць іх, шмат каго з рамесных людзей да сябе забраў і прымушае іх на сябе працаваць.
У Вільні і іншых гарадох таксама часта быў неспакой паміж самымі гаражанамі, начальствам іх, бурмістрамі і радцамі.
Аб тым, як небясьпечна было жыць у Вільні, сьведчыць духоўны тэстамант папа Мацея, які трымаў пры сабе некалькі ружжаў і сабляў.
Але працоўныя масы церпяць ня толькі нядолю і няволю: над імі яшчэ вісіць непраглядная цемра. Эпоха Ф. Скарыны ня можа пахваліцца і станам асьветы. Праўда, элемэнтарныя школы існавалі пры цэрквах, манастырох, але яны былі слабой падмогай адукацыі.
Адзін пісьменьнік таго часу, аўтар "Перастрогі", з болем у сэрцы піша аб гэтым у ХVІ веку: "Былі вялікія абаронцы паміж князямі, якія з вялікімі выдаткамі цэркваў і манастыроў намуравалі і маемасьцю іх даставілі, золатам і серабром іх упрыгожылі, але тое, што было больш за ўсё патрэбна, школ заўсёдных, не будавалі. Ад татарскіх нападаў і княскiх нязгод царквы з іх упрыгожаньнямі раскрадаліся, багацьце ix рабілася здабыткам ворагаў; адно, што магло вытрымаць гэтыя нязгоды, — была асьвета, але яе дык і ня было. І так вельмі шмат зашкодзіла панству, што не маглі школ і навук паспалітых пашыраць і оных ня ўфундавана: бо калі-б навуку мелі, дык тады б за несьвядомасьцю сваёю ня прышлі да такой загубы.
Пры такім сумным стане адукацыі, беларускае духавенства, зразумела, не магло адпавядаць свайму прызначэньню. Адукацыя яго абмяжоўвалася, звычайна, адной толькі царкоўна-славянскай начытанасьцю. Вядомы перакладчык эвангельля на беларускую мову Васіль Цяпінскі гаворыць, што праваслаўныя сьвяшчэньнікі яго часу ня мелі ніякай адукацыі і нават не разумелі славянскай мовы, на якой напісаны сьвятыя кнігі.
Што тычыцца народнае асьветы, дык пра яе, зразумела, і гаварыць ня прыходзіцца.
Толькі з другой паловы XVI веку, пад уплывам запатрабаваньняў эпохі - стычкі польскага і літоўска-беларускага капіталаў, барацьбы двух нацыянальных культур, польскай і беларускай, націску протэстантызму, — пачынаецца некаторае школьнае ажыўленьне. На Беларусі зьяўляюцца каталіцкія, вуніяцкія і протэстанцкія школы. Апошнія, дзякуючы вольным адносінам да царкоўных традыцый, значна адрозьніваліся ад школ праваслаўных і каталіцкіх, а гэта зьявілася вельмі важным штурхачом у разьвіцьці вольнай крытычнай думкі. Адчуваецца некаторая зьмена і ў стане праваслаўных школ; асабліва гэтая зьмена тычыцца школ, што адчыняюцца і кіруюцца брацтвамі.
Апошнія ў ХVІІ веку шырокай хваляй разьліваюцца па Беларусі. Яны адчыняюць школы, вядуць нацыянальна-культурную барацьбу, рупяцца аб падняцьці рэлігіі і моралі і г. д.
Вышэй мы ў агульных рысах разгледзім той час, калі жыў і працаваў Ф. Скарына, але і гэтага даволі, каб угледзець у ёй досыць выразныя пярэчаньні ідэалам сярэднявякоўя.
Як вядома, стары сьветагляд цалком узгадаваўся на фэўдальнай будове. Галоўнай яго адзнакай быў аскэтызм у поглядах на прыроду і чалавека, які патрабаваў, каб індывідуальнасьць нішчылася, каб у манастырскай самоце і жабрацтве, ня ведаючы ні здавальненьня, што дае праца, ні сямейных радасьцяй, чалавек аддаваўся б толькі адным малітвам і калецтву цела. Усё вучэньне тэолёгаў у сярэднія вякі грунтавалася на падставе: „Бог ёсьць дабро, а сьвет ёсьць зло". Адгэтуль склаўся погляд, што зямное жыцьцё мае не самастойную, а адносную каштоўнасьць, што пажаданы момант прыдзе для чалавека толькі тады, калі сьмерць вызваліць яго вечную душу ад ланцугоў праклятага цела. Як вядома, у старажытныя часы ўслаўлялі жыцьцё, а сьмерць лічылася вялікім няшчасьцем; у сярэднія вякі, наадварот, увесь асяродак цяжару бачылі ў загробным сьвеце і стваралі нейкі апотэоз сьмерці. Папа Інакенці ІІІ так кажа: "Мы паміраем, покуль жывем, і толькі тады перастаем паміраць, калі перастаем жыць". Дзеля гэтага вельмі шырока распаўсюджваецца байка аб харастве сьмерці. Казалі, што каля пахаванага цела аднага сьвятога ўзімку зацьвілі кветкі, а з сэрца аднаго паслушніка вырасла надзвычайна прыгожае дрэва з надпісам "Ave Maria".
"Сьвет пярэчыць богу, а бог пярэчыць сьвету " - вось выраз сьв. Кацярыны Сіёнскай, які ляжаў у васнове сярэднявяковага сьветагляду. У сувязі з гэтым, адмаўленьне ўсяго зямнога было, па словах аднаго вучонага, залатым фонам на малюнку сярэднявяковай культуры.
Адмаўлялася ўласнасьць, адмаўлялася вольнасьць думкі і вольнасьць дзеяньня, адмаўлялася асабістая воля і асабістая ініцыятыва. Калецтва цела дахадзіла да такой ступені, што адзін з каталіцкіх сабораў, а іменна Латэранскі, зусім зганіў вывучэньне мэдыцыны. Дый на што лячыць цела, калі увесь сьвет — уласнасьць шатана, калі зямное жыцьцё — даліна сьлёз і юдаль плачу, а дзеля гэтага ня мае ніякай каштоўнасьці. "Гіпократ вучыць, як захаваць цела, а Хрыстос вучыць, як яго загубіць", так зазначае сьв. Бэрнард Клервоскі.
Зразумела, такія суровыя патрабаваньні сярэднявяковай моралі не маглі дакладна выконвацца. Яны сталі выклікаць супроць сябе рэакцыю, пачала паўставаць сама прырода чалавека. Але чым больш зьнявераная на практыцы сярэднявяковага жыцьця чалавецкая прырода заяўляла свае правы, тым больш лютай і нецярплівай рабілася сярэднявяковая мораль. І такая адарванасьць сярэднявяковых ідэалаў ад жыцьця падрыхтавала іх канчатак: яны пачалі губляць аўторытэт у вачох людзей самага рознастайнага складу думкі.
Эпоха Ф. Скарыны - лепшы прыклад у гэтым. Той заняпад рэлігіі і моралі, аб якім гаварылася вышэй, ці ня ёсьць гэта выразная рэакцыя супроць аскетычнага ідэалу сярэднявякоўя? Праўда, гэты ідэал і раней на Беларусі высока не падымаўся, але цяпер, у сувязі з зьмененымі экономічнымі адносінамі, ён зусім у заняпадзе.
Як было зазначана, Беларусь у гэты час перажывае моцны экономічны ўздым. Фэўдалізм пышна цьвіце, але яго ў значнай меры падмы ваюць хвалі гандлёвага капіталу. Узрастаюць гарады, як асяродкі гандлю і некаторай большай у параўнаньні грамадзкай вольнасьці, павялічваецца роля грошай, павіннасьці перакладаюцца на грошы, зьяўляецца кляса купцоў-профэсыяналаў. Створаны гэтай эволюцыяй чалавек-купец, гараджанін — ужо новы чалавек. Сярэднявяковыя ідэалы трацяць уладу над ім, у яго зьяўляюцца новыя ідэалы. Высоўваецца на першае месца індывідуальнасьць, моцная ахова праў вольна разьвіваючайся асабістасьці.
Новыя адносіны яшчэ нарадзілі і новы стан, невядомы сярэднім вяком. Гэта — сьвецкая інтэлігенцыя, людзі навукі і літаратуры, якія маюць буйны ўплыў на грамадзкае зданьне шляхам выпрацаваных імі самымі сродкаў.
На Беларусі буржуазія вылучае з сваіх гушч такіх гуманістых, як Ф. Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, якіх магчыма залічыць у шэраг пачынальнікаў беларускай публіцыстыкі. Сьвятло вольнага досьледу, ня прыгнечанага ні догмай, ні аўторытэтам ведаў, акрыляе іх думку. Усе яны прасякнуты вялікім нацыянальна-політычным пачуцьцём. У той час, калі шляхецкія дзеячы заняты аформленьнем сваіх політычных праў, гарадзкія дзеячы беларускага адраджэньня больш увагі аддаюць народным масам. Родная мова, як сымболь нацыянальнай культуры, як буйны фактар у справе нацыянальна-культурнага адраджэньня, становіцца прадметам іх асаблівай увагі.
У той час, калі нават сярод сучаснага грамадзянства яшчэ здараюцца выпадкі зьняважлівых адносін да мовы тэй ці іншай нацыі, Сымон Будны ў адзін голас кажа: Głupstwo to jest mowa jednej krainy gardzić, a drugiej słówka pod niebiosa wynosić.
Урэшце, заўважым, што беларускі гуманізм, як і нямецкі, захоўваючы асноўныя рысы эпохі Адраджэньня, адрозьніваўся перш за ўсё больш моцным патрыотызмам і рэлігійнасьцю яго прадстаўнікоў, а гэта адбудзіла цікавасьць да сьв. пісаньня і жаданьне зрабіць яго даступным для шырокіх мас, даўшы друкаваным на роднай мове. Тут мы падыходзім да надзвычайна вялікай зьявы ў гісторыі Беларусі — гэта пачатак беларускага друку.
Штукарства друкаваньня кніг зьяўляецца і распаўсюджваецца ў XV в., калі ідэі эпохі Адраджэньня вызвалілі поэзію, навуку і штукарства ад путаў схолястыкі і прабудзілі дзейную барацьбу за вольнасьць думкі і сумленьня. Друкарскі станок зьявіўся магутнай падмогай у гэтай справе. Хто першы сьвядома дадумаўся да гэтай вынаходкі —дакладна ня выясьнена. Але што ў гэтым пальма пяршынства прыналежыць Майнцу і Іогану Гутэнбэргу - дык гэта факт агульна прызнаны (за выключэньнем Голяндыі) і падмацаваны спэцыяльнымі досьледамі ня толькі нямецкімі, але францускімі, італьянскімі і ангельскімі. Зьявіўшыся, такім чынам, у Нямеччыне, у сярэднія вякі, штукарства друкаваньня кніг паступова пашырылася і на суседнія старонкі. Яно потым атрымоўвае настолькі вялікае значэньне ў справе сусьветнай культуры, што ў наш час бяз друку цяжка і ўявіць сабе гэтую культуру. Нездарма сам Іоган Гутэнберг назваў друкарства: "Штукарства над штукарствам, навука над навукай". Словам, дзеля важнасьці друкаванага слова першыя друкары, бязумоўна, могуць быць залічаны ў шэраг будаўнікоў і закладчыкаў сучаснай культуры і цывілізацыі. А такім друкаром на Беларусі быў, як зазначана, Ф. Скарына.
Час, калі ён жыў і працаваў, азначаецца найвышэйшым росквітам беларускай нацыянальнасьці і яе культуры. Беларуска-літоўскія гарады робяцца асяродкамі ня толькі гандлю, але і культурнага руху, значна большага, чым шляхецкі. Сярод іх першае месца займае Вільня, як галоўны асяродак і па матэрыяльных сродках, і па адукацыі. Дзякуючы гандлёвай сувязі з Захадам, насельніцтва г. Вільні складалася з рознастайнага нацыянальнага элемэнту. Прысутнасьць у Вільні немцаў была прычынай збліжэньня Літвы і Беларусі з Нямеччынай і гэтым дапамагла прытоку тых рэформацыйна-рэлігійных ідэй, якія ахаплялі нямецкую шляхту і буржуазію ў XV і першай палове XVI веку. Літоўска-беларускія гарады падтрымоўваюць таксама культурную сувязь і з італьлянскімі гарадамі, куды езьдзіла вучыцца літоўска-беларуская шляхецкая моладзь. Паміж праваслаўем і каталіцтвам устанаўляюцца добрыя адносіны. Кароль Аляксандар і Жыгімонт сваімі граматамі ня раз падкрэсьлівалі правы праваслаўных, давалі ім некаторыя прывілеі і наогул ня ўціскалі. А кароль Аляксандар у 1503 годзе выдаў цікавую грамату, якая сьведчыла аб сіле праваслаўя на Беларусі: „Которыи будуть литвинъ або ляхъ крещены были у Витебску въ рускую вѣру, а хто изъ того роду и теперь живеть, того нам нерушити, правы ихъ хрестіяньского ни въ чем не ломити“[4].
Вялікае Літоўскае Княства ў культурных адносінах зьяўлялася беларускім. Беларуская мова была мовай дзяржаўнай. Гаспадарчыя лісты, граматы, соймавыя ўхвалы публікаваліся ў беларускай мове. Апошняя ўжывалася і ў гаспадарчай канцэлярыі, і ў судовых справах. У статуце 1556 году было выразна зазначана: „Пісар земскі абавязан усе лісты і позвы пісаць паруску (так называлася ў тагочасных дакумантах беларуская мова), а не на іншай якой-небудзь мове". Судзебнік 1468 году і статут 1529 году, розныя прывілеі публікаваліся на беларускай мове. На гэтай жа мове пісаліся беларускія летапісы, хронікі, жыціі сьвятых і г. д. Як даводзіць проф. У. Пічэта: „Толькі дзякуючы сваёй магутнай культуры, Беларусь мела магчымасьць культурна праглынуць Літву, толькі дзякуючы свайму значнаму разьвіцьцю, беларуская мова здолела зрабіцца мовай дзяржаўнай[5].
Росквіт беларускай культуры ахапляе ўсё XVI стагодзьдзе, калі багацьце і сіла беларускага духоўнага жыцьця знашла поўнае выяўленьне і дала такога вялікага дзеяча, як Ф. Скарына.
На вялікі жаль, да нас дашлі самыя нязначныя весткі аб яго жыцьцёпісе. Мы дакладна ня ведаем ні году яго нараджэньня, ні году яго сьмерці, ні падрабязных ведаў аб яго жыцьці. Добра ведаем толькі, што ён сын заможных купцоў, якія вялі ў той час гандаль з Вільняю і Рыгаю; родам, як сам ня раз зазначае, "з слаўнага граду Полацку", дзе і атрымаў першую адукацыю. Далей у рукапісных актах Кракаўскага унівэрсытэту 1504 г. сустракаем: Franciscus Luce de Poloczko, solrit 2 gr — што пабеларуску значыць: Францішак сын Лукаша з Полацку заплаціў 2 грошы. Гэтыя два грошы, як уступная плата, вымагалася ад кожнага паступаючага ў унівэрсытэт студэнта. Але прымаючы пад увагу, што па тагочасных умовах у ўнівэрсытэт прымалі не маладзей 14 год, магчыма думаць, што час яго нараджэньня прыпадае на 1490 год. Такой думкі, прынамсі, трымаецца вядомы дасьледчык Скарыны П. Уладзіміраў[6].
Менш праўдзівай будзе другая дата нараджэньня Скарыны, якую даводзіць проф. М. Шчакаціхін у сваім артыкуле: „Калі радзіўся Францішак Скарына" ("Полымя" № 5-1925 г.).
Грунтуючыся на дапушчэньні (вельмі гадальным), што знак у „гэрбе“ Скарыны тлумачыцца, як знак зацьменьня, ён ставіць гэта ў сувязь з сапраўдным сонечным зацьменьнем (гадана), а гэта апошняе да дня яго нараджэньня (гадана).
Перабіраючы сонечныя зацьменьні за апошнюю чвэрць XV веку за першую палову XVI, прыходзіць да вываду, што дзень нараджэньня Скарыны: 6 сакавіка 1486 году.
Як бачым, дапушчэньне грунтуецца на дапушчэньні, а дзеля гэтага і вывад яго вельмі спрэчны.
Што тычыцца далейшай адукацыі Скарыны, дык наконт гэтага ёсьць такія весткі. У ліку атрымаўшых першую вучоную ступень бакаляра філёзофіі ў Кракаўскім унівэрсытэце знаходзім імя Скарыны: "Franciscus de Poloczko Litphanus". У Кракаве выкладаліся тады вядомыя ў сярэднія вякі сем вольных навук, якія грунтаваліся на лацінскіх трактатах з укладаньняў Арыстотэля па рыторыцы, лёгіцы і эстэтыцы. Навукі гэтыя вось якія: граматыка, лёгіка, рыторыка, фізыка з арытмэтыкай і геомэтрыяй, музыка, астрономія, дакладней, астролёгія і навука складаць каляндар. Аддзел мэдыцыны быў пастаўлен слаба і толькі ў 1526 годзе, як даводзіць гісторык Лукашэвіч[7], быў выпушчаны першы мэдык з Кракаўскага унівэрсытэту. У той час пераважным кірункам у апошнім быў тэолёгічны, бо знаходзіўся ў руках каталіцкага духавенства.
Доктар, выкліканы да хворага, павінен быў перш за ўсё даваць яму раду аб збавеньні душы, а ўжо потым лячыць цела.
Такі погляд на дактароў знаходзім мы і ў Скарыны ў прадмове да "Кнігі Судзей: "Внегда каемся грѣховъ своихъ, то посылаеть нам гдь Бог Пастырей и докторовъ, они же научають насъ противитися бѣсовскімъ покусамъ". Апрача навукі, Скарына прыглядаўся да культурнага жыцьця Зах. Эўропы і асабліва да друкарскай справы. Апошняя ў той час ужо была добра нарыхтавана. Там у 1491 годзе немцам Швайпольтам Фэолем былі выданы для Літвы і Беларусі першыя, друкаваныя ў царкоўна-славянскай мове кніжкі: "Октоіх", "Часасловец", Дзьве трыодзі" і "Псалтыр."
Пасьля Кракава Скарына недзе вандруе і невядома дзе здабывае сабе вучоную ступень доктара „eximiarum artium", што значыць - доктара зазначаных вышэй, сямі вольных навук.
У той час мэдыцынай славіўся Падуянскі унівэрсытэт у Італіі. Як даведваемся з захаваўшыхся там дакумантаў, Скарына і прыяжджае сюды ў 1512 годзе. Прыехаўшы, ён зьвярнуўся да намесьніка прыора, доктара Тадэуша Мусаці, і заявіў, што жадае трымаць экзамен на доктара мэдыцыны. Просьба была заўважана.
У бліскучым біскупскім палацы, перад шматлюднай мэдычнай колегіяй, Мусаці паведамляе, што зараз будзе экзаменавацца дужа вучоны, ужо маючы вучоную ступень доктара „artium", прыехаўшы з далёкага краю, малады грамадзянін па іменьні: "Dominus Franciscue Scorina de Poloczka Ruthenus". Экзамен адбыўся, і Скарына аднагалосна быў прызнаны доктарам мэдыцыны.
Гэтак стаў ён першым на Ўсходзе Эўропы доктарам мэдыцыны, або, як сам падпісваўся: "Въ наукахъ вызволеныхъ и въ лекарскихъ докторъ".
Дужа вучоны для свайго часу, як бачым, поўны энэргіі і сіл, прасякнуты ідэямі гуманізму, Скарына задумаў надзвычайна вялікую і цяжкую справу: "Вырозумения ради простыхъ людей", як сам пісаў, даць ім кнігі сьв. пісаньня ў друкаванай і зразумелай ім беларускай мове.
Дзеля гэтай мэты едзе ў Прагу чэскую, дзе яшчэ з XIV веку існавала сталая літоўска-беларуская колегія, заснаваная Ядвігай пры Праскім унівэрсытэце.
Тут пры актыўным удзеле віленскіх мяшчан - Багдана Онькава, Якуба Бабіча і іншых - закладае друкарню, працуе над перакладам біблейскіх кніг і над іх надрукаваньнем.
З 1517 па 1519 год выходзяць адна за аднэй 22 кнігі Бібліі і Псалтыр.
Па хараству друку гэтыя выданьні стаяць вышэй за ранейшыя славянскія (Фэоля), сучасныя ім вэнэцыянскія і нават ляпей, чымся нямецкія пачатку ХѴІ веку. Да іх даданы прадмовы і кароткія пасляслоўі, дзе знаходзім выразы: "Книга выдана повѣленіем, працею и выкладам Скорины". Сустракаюцца і такія выразы: "Казал есмы тиснути". З гэтага відаць, што сам Скарына, калі ня быў складальнікам кніжак, дык ён перакладаў іх на беларускую мову і магчыма сам вёў корэктуру.
Разьмер выданьня - чвэрць аркушу, літары рознай велічыні, прыгожа зробленыя; цікавыя мініятуры на біблейскі зьмест, віньеткі, завітушкі і канчаткі; надзвычайна прыгожыя вялікія літары; ёсьць вялікія застаўкі з чалавечымі фігурамі і гербам, а таксама малыя застаўкі з белымі малюнкамі на чорным фоне з красак і лісьця. Гэрб Скарыны, як ужо казалі, - сонца, прыкрытае месяцам у сярэдзіне. Пры адной з біблейскіх кніг Скарыны дададзен яго портрэт ва ўвесь узрост, які потым быў адноўлены ў вядомым выданьні Равінскага па гісторыі расійскай іконаграфіі.
Цікава зазначыць, што рукапісная біблія Вецынскага манастыра (Залочаўская акруга ў Галіччыне), якая потым апынулася ў сьвята-Ануфрыйскім манастыры, складаецца з пяці кніг Майсеевых, Кнігі Судзей, Руфь, Царств і Параліпоменан, што былі перапісаны ці перакладзены ў 1575 годзе. Пры параўнаньні гэтых кніг з адпаведнымі кнігамі, што маюцца ў Бібліі Скарыны, аказваецца, што яны складаюць часткаю сьпіс, часткаю пераробку перакладу Скарыны, але, апрача таго, сьвята Ануфрыйскай бібліі ёсьць дзьве кнігі "Параліпомэнан", якіх няма ў Скарыны. Адгэтуль вучоныя робяць правільны вывад, што і гэтыя кнігі былі перакладзены Скарынаю, але ці засталіся ў рукапісе, ці мо друкаваныя іх выданьні да гэтых часоў ня знойдзены[8].
Урэшце, зазначым, што біблія Скарыны ў гісторыі друкаванага пісьменства займае трэцяе па чарзе месца. Першая друкаваная біблія была, як вядома, нямецкая, а другая - чэская.
Але бацькаўшчына пацягнула да сябе гэніяльнага друкара. Як сам зазначае ў прадмове да кнігі Юдыф: „Понеже отъ прироженія звѣри, ходящіе въ пустыни, знають ямы своя; птицы-лётающіе по воздуху, вѣдають гнезда своя, рыбы, плывающіе по морю - и во рѣках, чують виры своя, пчелы и тымъ подобная боронять ульевъ своихъ такожъ и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозѣ, к тому мѣсту великую ласку имають". Пад уплывам гэтай "ласкі", гэтага каханьня бацькаўшчыны, ён забірае з Прагі ўсе свае друкарскія прылады і едзе ў Вільню.
Тут у 1525 годзе: „Въ дому почтивого мужа Якуба Бабіча, найстаршего бурмистра славного и великого места Виленского", закладае друкарню і выдае ў гэтым годзе дзьве кнігі: "Апостал“ і „Малую падарожную книжицу".
Такім чынам, 1525 год - пачатак беларускага друку. Віленскі "Апостал" Скарыны - першая друкаваная кніжка на землях літоўска-беларускіх і агулам на Усходзе Эўропы. Скарына называе яго "выкладам“, гэта значыць залічае, як і біблію, у лік перакладзеных на беларускую мову: "Еже замыкаетъ в собе", як ён піша: "наипервеи деянія апостольская, потомъ посланеи святыхъ апостолъ, соборных седмь".
Што тычыцца „Малой падарожнай кніжыцы", дык у ёй: „Псалтырь зупольная, Часословецъ, Акафисты і Каноны, Шестоденецъ кратки, Светци краткіе и Поскалія на многа лета".
Віленскія выданьні Скарыны ў параўнаньні з праскімі менш аздоблены, але ўсё-ж і тут тэхніка друку досыць высокая. Шрыфты і розныя друкарскія ўпрыгожаньні адзначаюцца хараством і могуць сьмела йсьці, як і праскія, у параўнаньні з друкарскімі выданьнямі Нюрнбергу, што ў ХѴІ веку гэтым вельмі славіўся.
На выданьні гэтых дзьвёх кніжак і спынілася далейшая друкарская праца Скарыны.
Аб далейшым яго жыцьці вестак знойдзена мала. Вядома толькі, што ён жаніўся, жыў бедна, меў даўгі, скардзіўся каралю на розныя крыўды. З 1529 па 1532 год судзіўся з сваім братам Янам і быў засуджаны на конфіскацыю маемасьці. Усё гэта, разам узятае, не магло не адбіцца на далейшым працягу яго друкарскай працы. Пашкодзіў гэтаму i пажар у 1530 годзе, ад якога згарела ⅔ гораду Вільні, а ў 1533 годзе страшэннае маравое паветра.
Скарына меў два іменьні: Георг і Францішак. Ёсьць здогад, што спачатку ён быў праваслаўным і меў імя Георга. Гэтая думка (яе трымаецца і П. Уладзімераў) падмацоўваецца тым, што ў Полацку, як вядома з гістарычных дакумантаў, у канцы ХѴ і пачатку XVI веку ня было ніводнага каталіцкага касьцёлу; але каб паступіць у Кракаўскі унівэрсытэт, магчыма, што прыняў каталіцтва і атрымаў імя Францішка.
Апошні раз сустракаецца яго імя ў судовых актах за 1535 год, якія гавораць аб названай яго цяжбе з сваім братам. Такім чынам, яшчэ ў гэты год Скарына жыў, бо ў актах гаворыцца аб ім, як аб жывым. Больш вестак ня знойдзена і калі памёр - невядома.
Рэшткі яго друкарні ў 1575 годзе перашлі да заможных віленскіх купцоў братоў Мамонічаў, якія ўжо далей працягвалі друкарскую працу, пачатую Скарынай і праславіліся сваімі выданьнямі ня толькі на Беларусі, але і за яе межамі. Аднак, гэта ўжо было чыста гандлёвае прадпрыемства, далёкае ад ідэйных імкненьняў Скарыны і ў гісторыі беларускага пісьменства ня маюць асаблівага значэньня, бо ня ўносілі з бою нічога новага.
Эпоха Адраджэньня, кажучы ўвесь час аб зьнішчэньні гістарычных соцыяльных адгародак, стварыла новыя зусім штучныя. З самага пачатку гуманізм выпрацаваў сабе моцную арыстократычную выключнасьць, якая зрабілася пракляцьцем для далейшай гісторыі. Сярэднія вякі давалі прыступ да сваёй культуры, якой бы яна ні была, рашуча ўсім, у гэтым стасунку яна была больш дэмократычнай. Паміж усімі станамі грамадзянства існавалі самыя рознастайныя культурныя сувязі і ня было цэху вучоных. Гуманізм зрабіў гэты цэх, і ён з бегам часу атрымаў усё большую і большую выключнасьць. Зьнявага к profanum wulgus, зьнявага да народнага прысуду, якая даходзіла да чыста рэнанаўскай нянавісьці, — вось той настрой, які панаваў сярод гуманістых у вадносінах да народу. Гуманізм стварыў сярод народу другі народ, што гаварыў на зусім незразумелай яму мове. Мова, права, рэлігія, адукацыя — усё ў іх было другое. Асабліва шкодным было гэтае адчужэньне ад народу ў межах літаратуры, як, напрыклад, ва Францыі, дзе нібы-клясыцызм цяжэрным каменем прыціснуў геніяльны ўзьлёт думкі Корнэля і Мольера.
Цураючыся народу, эпоха Адраджэньня была пазбаўлена глебы, што жывіць і не пашла ў глыбіню. Яна вызваліла думку, але, застаючыся ізоляванай кастай, літаратурным цэхам, гуманістыя ня здолелі далучыць да новай культуры шырокія народныя масы. Самыя іх ідэалы былі арыстократычны. У іх ня было нічога такога, што здолела-б захапіць народ, а рэлігійны індыфэрэнтызм, зразумела, ня мог зрабіцца такой сувязьзю паміж інтэлігенцыяй і народам.
І гуманізм застаўся-б мерцьвяковым рухам, калі-б ня ўліўся, за выключэньнем Італіі, у больш магутную культурную плынь, а іменна — у рэформацыю, якая ўжо мела ў параўнаньні большую колькасьць дэмократычных элемэнтаў.
Ф. Скарына стаяў вышэй сваёй эпохі. Праўда, у яго Бібліі мы выразна не адчуваем духу рэформацыі. Няма тут ні полемікі, ні крытычных адносін да тэксту сьв. пісаньня. Дзеля гэтага не датрымоўвае крытыкі думка вядомага расійскага консэрватара князя Курбскага, які ў другой палове ХVІ веку пісаў: "Переводъ Скорины Полоцкого переведены не въ давних летехъ, аки летъ 50... съ препорченыхъ книгъ жидовскихъ". Мяшаючы каталіцтва, протэстанцтва і жыдоўства ў адну гэрась, Курбскі дадае, што бачыў у лютэран: "Бібліі Лютеровъ переводъ, согласующе по все съ Скорининским Библіемъ".
Такі погляд, бязумоўна, памылковы. Але затое, хто першы загаварыў аб сувязі пісьменства з народам? Хто так рашуча расьсек векавечныя путы царкоўна-славянскай схолястыкі перакладам Бібліі і іншых царкоўных кніг на беларускую мову?
Апошняя, праўда, не адзначаецца чыстасьцю. Робячы пераклады, Скарына ня меў магчымасьці карыстацца гэбрайскім ці грэцкім тэкстам і здавальняўся матэрыялам толькі з царкоўна-славянскіх кніжак і чэскай Бібліі. Дзеля гэтага яго мова знаходзіцца пад моцным уплывам царкоўна-славяншчыны. Нават сустракаюцца словы чэскія, польскія і нямецкія. Але ўсё ж беларускасьць адчуваецца досыць выразна. Тут часта пападаюцца і такія словы, што за 400 год ніколькі не зьмяніліся і цяпер яшчэ шырока ўжываюцца на Беларусі (борзда, бараніць, вінаваціць, вір, жыта, карагод, пуга, скрыня, віхор і г. д.).
У кожным разе, нельга згадзіцца з думкай названага вышэй П. Уладзімерава, што яшчэ задаўга да Скарыны магчыма азначыць у царкоўна-славянскіх помніках факты, якія прадстаўляюць хістаньне паміж царкоўна-славянскай мовай старадаўніх першатвораў і формамі мовы народнай і што з гэтага хістаньня, пачынаючы з ХІІ і да пачатку ХѴІ веку, паступова ўзрастае пытаньне аб мове народнай, агульна-зразумелай, заместа царкоўна-славянскай. Гэта ў пэўнай форме выявілася ў працах Ф. Скарыны і поруч з тым тлумачыць яго кірунак.
Справа ў тым, што ўсе гэтыя хістаньні, усе тыя ці іншыя папраўкі на палёх рукапісаў царкоўна-славянскіх слоў словамі беларускімі (так званыя глёсы) мелі выпадковы, пабочны кірунак. Скарына-ж сьвядома ставіць сабе мэтай пераклад Бібліі на беларускую мову і зазначае, што робіць з тэй прычыны: "Иже мя милостивый Бог съ того языка на свѣт пустилъ".
У прадмове да кнігі Эсфір, кажучы аб перакладзе біблейскіх кніг на сваю "прироженую" мову, ён яшчэ дадае, што малая заслуга нарадзіцца ў тэй ці іншай краіне: „Не толико сами собѣ народжвомся на свѣтъ, но болѣе ко службѣ Божіей и посполитого доброго". Пад уплывам гэтых думак ён, як кажа: „И поднялся працы тое".
Няхай "служба Божія" для нас цяпер здаецца сьмешнай, але "паспалітае дабро", якое ён паставіў галоўным заданьнем сваёй выдавецкай працы, жаданьне зрабіць карысьць свайму народу, даўшы яму кнігу ў роднай мове, — ці ня мае гэта вартасьці і ў нашы дні і ці ні яно, галоўным чынам, тлумачыць кірунак усёй Скарынінскай працы?
Толькі псалтыр, як падручнік да славянскай граматы, Скарына выдрукаваў на славянскай мове. Але жадаючы, каб народ лепш разумеў і яго, ён і тут уводзіць народныя словы, аб чым і піша: „Положилъ есми на боцѣх (на палёх рукапісу) нѣкоторыі слова для людей простых русским языкомъ (так называў ён тагочасную беларускую мову), што которое слово знаменуеть".
Так ці іначай, але некаторымі ідэямі ён папярэдзіў сваю эпоху на цэлыя стагодзьдзі. Праз усе яго выданьні чырвонай ніткай праходзіць ідэя сувязі пісьменства з народам, тая ідэя, якая жыве і ў нашы дні.
Але Скарына не заставаўся глухім і да запатрабаваньняў сваёй эпохі.
Вышэй мы бачылі заняпад моралі, мы бачылі амаль поўную адсутнасьць народнае асьветы. Скарына ідзе гэтаму насустрэчу. Уся яго праца прасякнута ідэямі моральна-асьветнымі. Свой Псалтыр ён прызначае "дѣтемъ малымъ" як "початок всякое доброе науки, грамоты, еже добре чести и мовить учить". Яшчэ ясьней піша аб гэтым у прадмове да кнігі Премудрости Ісуса сына Сирахова: „Вся бо Соломонова и Арестотелева, божественная и житейская мудрость въ сей книзѣ краткими словы замкнена есть. Прото ж и я для похвалы Божіей и для посполитого доброго и размноженія мудрости, умѣнія, опатрености, разуму и науки приложилъ есмъ працу выложити книгу сию". Сьвятыя кнігі, як паясьняе Скарына: "Пожытэчны суть всякому человѣку, наболѣй тымъ, они же хотятъ имѣти добрые абычае и познати мудрость и науку".
Служыць пашырэньню граматы і асьветы, падымаць народную мораль - вось тыя ідэі друкарскай працы Скарыны, якія ня згубілі вартасьці і ў нашы дні і для служэньня якім ён ахфяроўваў сваё жыцьцё.
Яго друкарня ў Вільні, першая на Беларусі, зрабіла вялікую культурную місію для ўсяго славянскага Ўсходу. Даволі зазначыць, што пазьнейшыя нясьвіскія выданьні 1562 году, а таксама і першыя друкаваныя маскоўскія 1564 г. нясуць на сабе выразны ўплыў скарынінскага друку. У XVI і XVII веку пераклады і выданьні Скарыны знаходзяць сабе шмат прыпадабніцеляў. Нават Астроская Біблія 1581 г. прыпадабняецца ў шмат мясцох працам Скарыны. У Галіччыне яго Біблія была цалкам перакладзена на украінскую мову.
Урэшце, Скарына — першы будаўнік нашай літаратурнай мовы. Як магутны гэні Лютэра, даўшы сваім перакладам Бібліі ўзор нацыянальнай нямецкай мовы, нэўтралізаваў уплыў лацінскай адукаванасьці, так і Скарына зрабіў тое самае адносна царкоўна-славяншчыны, даўшы ўзор беларускай нацыянальнай мовы.
У гэтым стасунку яго постаць мігаціць аднаковымі бляскамі ў сэрыі сусьветных дзеячоў — першых будаўнікоў нацыянальна-літаратурных моў.
Сёлета прашло 400 год, як ня стала вялікага беларуса.
Буйны вучоны пачатку ХVІ веку, першы мэдык, друкар і перакладчык Бібліі на ўсходзе Эўропы, сейбіт народнае асьветы, адышоў у нябыцьцё, запісаўшы сваё імя ў "кнігу ўсіх народаў" вялікай эпохі Адраджэньня.
Неўзабаве пасьля яго прыліў беларускай культуры зьмяніўся адлівам.
Падсечаныя фэўдалізмам, абвальваліся дзяржаўныя слупы, і Беларусь замірае політычна і культурна. У цемры і нядолі, пад цяжкім кры жам крыўды і няпраўды, праходзіць беларускі народ свой гістарычны шлях.
Але адліў ізноў зьмяняецца прылівам.
Загрымеў вялікі Кастрычнік:
І край магіл, той край дзе жыў Скарына,
Зноў парадзіў прарокаў і байцоў.
Ідуць-брыдуць яны, бы Нёман з месца рынуў,
Бы грамада узброеных касцоў.
(З. Бядуля. Верш: „Беларусь").
У сялянскіх сьвітках і рабочых кашулях ідуць яны "родны край адбудаваць". А сёлета ў дзень 400-я беларускага друку, ужо пры значным шуме бушуючых хваль адрадзіўшайся культуры, атуленыя цяплом соцыяльнай праўды, пяюць па праву сваё мінулае ліха і славу.
- ↑ Соловьев. История России, Т. V.
- ↑ Соловьев. История России. Т. 7.
- ↑ Браун Ciwitates orbis Terarum.
- ↑ Акты Зап. России. Т. І. № 204.
- ↑ В. И. Пичета. Белорусский язык, как фактор национально-культурный.
- ↑ П. В. Владимиров. Доктор Ф. Скарына, его переводы, издания и язык (1888).
- ↑ Historja szkół w Koronie i w wielkim Księsfwie Litewskim.
- ↑ Чистович. "Очерк истории западно-русской церкви".
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.