Слова пра Якуба Шэлю (1932)/Слова пра Якуба Шэлю

Прадмова Слова пра Якуба Шэлю
Паэма
Аўтар: Бруна Ясенскі
1932 год
Арыгінальная назва: Słowo o Jakubie Szeli (1926)
Пераклад: Уладзімір Жылка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Слова пра Якуба Шэлю.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Перадсьпеў

правіць

ПРАДСЬПЕУ

Ў белы ночы з іржышч і гумнаў,
Што аквечаны мохам, імжой,
Я зьбіраў словы песьні тэй сумнай
І прыношу скрываўленай, злой.

Ужо восень пахілыя вербы упарта
Расьцінае ў такт жабіных гам.
Вось з апошняй, фальшывай, чырвовай картай
Граю ў дурня са сьмерцю я сам.

Можа заўтра праедзе ўжо трактар
Па тых гонях з убогіх лат.
Прыдзе змрок — барадаты пактар —
Возьме поле у чорны пакт.

І на дзесяць, ці сто некіх міль наўкола
Дзе лажылася жыта ў пакат,
Ўздыме места вялізнае, голаў, —
Камяніцаў шулівы сад.

І як зноў ступіць ноч на узьмежках
Ў белай туніцы месячных плям,
Зьвіснуць цяжка над польнай сьцежкай
Яблыкі электрычных лямп.
...........

Ў белы ночы, з-за купаў ажыны,
Дзе сонца хавала свой зад,
Гэта песьня на месяц няўпынна
Выла псом праз гадзіны урад.

І сланялася ў полі, слалася пластам,
Уставала, дрыжала, як зьвялы ліст,
Калі ж ранкам спужаў яе пастыр,
Кроплі крыві у разорах былі.

Раз яна мяне стрэла ў жытох за лукою,
Паваліла, сказала, служы мне, ці што-ж!
Адарвала язык мой, як зельле пустое
І заместа яго ўваткнула мне нож.

Прышла ўзімку самлелай: скалелай; я змоўчаў!
Папрасіла: агрэй, заплакала: кроў!
І ў грудзі ўрасла з прагавітасьцю воўчай,
Наелася сэрца, сягнула ў нутро.
.............

Колісь лета адчыніць нам дзьверы
Сэрцаў зьбітых, прыбітых на дол.
Сядзем усе за адной вячэрай,
Ўся зямля за адзіны стол.

Спыніць дзень той свой лёт пераможны,
Як гукнуць яму: стой! не заходзь!
Прынясе ўсё найлепшае кожны,
Будзе сьвет весялейшы стокроць!

К тому дню, што румяны, напорны,
Што абецаны шкваламі бур,
Сядзем ўсе — і чырвоны і чорны —
Змыем фарбы са сьцягаў і скур.

К тому дню — сёньня заўтрае ўзвысім! —
Што трапеча ў крыві, нібы карп,
Вам прыношу на глінянай місе
Злую песьню — найбольшы мой скарб!

Частка першая

правіць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ


Танцавалі хата, стол,
Танцавалі коні, вол,
І каровы у аборах,
Як няхват было танцорак.

Танцавалі хата, зруб —
Як бяда — дык, гэй, пад шлюб!
З коньмі — вёдры, з людзьмі — кубкі
У танок ішлі залюбкі!

Танцавалі бас, клярнэт,
Белы шлях у ясны сьвет
Выкідаў бярозаў ногі
На гасьцінцы на аблогім.

Танцавалі хата, вёска —
Як бяда — дык кожны цёзка!

*

Крапаў дождж. Плакаў дождж.
Зацярушваў шыбкі.
Завадзілі, лабузілі
Ў цеснай хаце скрыпкі:

Ой, Марылька, да чагота,
Што у вачох тваіх маркота,
Што сьляза зьбягае з вочак,
Слова вымавіць ня хочаш?

Ці ўраклі цябе, нябожа,
Ці шкадуеш сваіх ножак,
Што ня скачаш, як другая? —
Сёньня шлюб твой, маладая!

*

Крапаў дождж. Плакаў дождж.
Злосна вецер гасаў.
Задзіўляўся пруткі бас,
Мармытаў ён басам:

Ці-ж твае, Марыля,
Былі вочы ў бельмах,
Што цябе прывабіў
Гэты чорны стэльмах?

А дзе ж ты, Марыля,
Мела вочы, бровы,
Што цябе натрапіў
На малое удовы?

Ці-ж твае, Марыля,
Усе сьцежкі сьцерты? —
Загубіў тры жонкі,
Згубіць і чацьверту.

Будзеш выці-плакаць,
Будзе біць бязбожнік, —
Спакусілася, Марыля,
На загон той пожні,

Марыля, Марылька,
Ці-ж табе ня люба,
Што гуду, бы ў дуду,
Што гуду так гррруба.

*

Крапаў дождж. Плакаў дождж.
Кропляй кроплю зьметаў.
Усьміхаўся, заліваўся
Тонкі піск клярнэту:

Так, Марылька, табе збрыдла,
Што ня хочаш пасьвіць быдла,
Што ня хочаш гнаць гусей? —
Ну, дык, замуж, ну, хутчэй!

Дурань дурня не аб‘едзе
Любы ўдовы? — дзецца недзе!
Ня крыўдуй, што злы лядач —
Сама выбрала — ну й плач!

Стала з Шэлі заручонай,
Год пятнаццаць ня было на‘т.
Раіў дзядзька, раіў ксёндз:
Пачакай ‘шчэ ня выходзь!

Адказаць ня мела спрыту:
Ідзі, Шэля, мне стары ты!
Маеш больш за трыццаць тры,
Іншым голавы дуры!

Крапаў долджд. Плакаў дождж.
Раўчакамі сьцекаў.
Танцавалі цэлай вёскай —
Брыль задзёрся стрэхаў.

*

Грай жа, іцка, грай-жа Барка!
Вось гарэлкі паўкватэрка!
Вось гарэлкі цэла кварта —
Шлюб чацьверты — выпіць варта!

Гэй, Марылька, йдзі ў таночак.
Мне тваіх ня ўкрадуць вочак,
Ўжо са мной твой кожны подых,
Ўжо мая ты назаўсёды.

Стаяць вербы паўз плот Шэлін, —
Прышлі глянуць на вясельле.
Йдзі, Марылька, кліч у хату —
Пітва-ежы ў нас дастатак.

*

І было-ж табе, Марылька,
Трэба урачы так,
Што магу табою толькі
Ўцішыць ненасытак.

І было-ж табе мне даці
Дзіўнага любістку,
Што ўва мне палае ўсенька,
Хоць нажом скрабі стуль.

І было ж табе ўрасьці так
Моцна, як галінцы,
Што ўсяго, здаецца, хочаш
Выпіць па крывінцы.

Ані як цябе ня вырваць.
Хоць сячы вантробы.
Удавіўся я табою
Як асьцём нядобрым.

Без цябе мне дом ня домам
І няўцешна памяць —
Толькі мне зірні у вочы
І абві рукамі.

Агарнула хвор-нядужасьць,
Ёю дзіўна так стрывожан,
Што хацеў бы, як зямелька,
Парасьці увесь я збожжам.

Што стаяць хацеў бы ў садзе,
Як вулей, вулей пчаліны,
Каб гулі наўкола пчолы,
А ня гэты боль няўпынны.

Мусіць штосьць ва мне дасьпела,
Заліло, як шыр паводкі,
Што як сноп валюся сёньня
Пад сярпом тваім салодкім.

Мусіць штось ва мне бушуе.
Нібы ў піве саладзіны.
Пакаштуй яго, Марыля,
Асалі сьлязой адзінай.

Ой, ва мне, старым, распусным
Ўзбушавала дзіўна слодыч.
Што гусьцей, чым сок маліны,
І салодшая ад мёду.

І утульна ж я атулен,
Як кажухам, тэй дабротай,
Каб магла прыгубіць к вуснам
Ты ўсяго мяне, дурноту.

Дык схіліся ты над ёю,
Пі а пі — а колькі хочаш.
А пасьля распліскай рэштку
Праз сваволю, праз дзявочу.

Але перш мне асалоду
Вымер вуснаў меркай сьпеўнай.
Жоўты колас сьпее ў сэрцы —
Ты яго саб‘еш напэўна.

*

Танцавалі хата, двор
Ажна пяты дзень за зор.
Процьму пілі ў гэткім русе,
Заскакаў у гнязьдзе на‘т бусел.

Танцавалі, спаць пашлі,
Ўзьняўся месяц край зямлі.
Ледзь устаць на небе здолеў
Зблытаў цені ўсе на доле.

Тоўкся небам уздоўж і бок,
Ня мог трапіць, як знарок.
На касьцёл узьбег няўпыньнік,
Паў на вежу, зьбіў гадзіньнік.

А ў кустох папаў сабакам
Было брэху, пераляку.

*

А й дурны ж ты, Шэля, дурня горай
А і добры ж з цябе, Шэля, муж.
З кірмашу навёз дабра — убёраў,
Зараз гал саўешся нібы вуж.

А й дзівак жа ты, дзівак няшчасны!
А і дзе ты гэткі, Шэля, рос?
За пагляд вачэй Марылькі ясных
Цэлы б рынак ёй скупіў — прывёз.

Хоць, бы яблыню, яе ўбяры ты,
Хоць сябе ты жменяй рві а рві, —
Не змагчы ніяк дабром ня бітай,
Смаглай прагі бабскае крыві.

А ня чуеш жа ты, Шэля, плётак,
І ня бачыш, хоць "шчэ зрок ня стух,
Што ў авёс Марыля ходзіць потай,
З ёю гнуткі Вінцусь, твой пастух.

А спытаў-бы ты хоць сена гэта
І снапы у гуменцы з дзьвёх старон,
Колькі раз з іх сходзіла сагрэтай
У асьцюкох Марыля, ну, і ён. —

*

Ў карася пашчанкі чорны
Шчупакоры — сівы.
Ня ручыла табе, Шэля,
З тым каханьнем тклівым.

*

У гумне — паўзмрок і сьвежасьць,
Сена соладка кунежыць.
У гумне на‘т жорсткі лубін
Мяккі з тым, якога любім.

„Укрый мяне сабой, Вінцэсік!
„Лепей сонейка, чым месік.
„Я каханьня млосьцю п‘яна,
Ляж, як ліст, на млосьці раны.

— Дай, Марылька, дай мне бліжай
— Кратавіньне персі хіжай.
— Дай мне скібы твайго ўзлоньня
— Плугам выараць сягоньня.

*

Ці-ж зайшло за хмару сонца,
Як за дрэва дзяцел,
Што ясноту сонца гэту
Чорны цень так гаціць.

Ой, ня хмара, не аблокі
Абляглі шырока, —
Гэта злосны Якуб Шэля
Стаў пасярод току.

*

А як выцяў Шэля раз,
Вякнуў Вінцусь, зьвіўся ў пас.

Як другі цяў Шэля коса —
Два цуркі пабеглі з носа.

Як-жа выцяў вышай броў,
З горла Вінцусь выплюў кроў.

А як цяў чацьверты проста,
Тут Вінцэсю — аман, ростань.

*

Выцер Шэля, выцер кроў:
Ну ты, шлюндра, марш дамоў!

Зашчапіў яе ў хаціне,
Ў поле вышаў млявы, сіні.

Кончыў бомкаць звон і змоўк.
Паў над полем сівы змрок.

Ў зьлітым кроўю йшоў адзеньні,
Сум па полі кідаў жменяй.

Ўстаў на небе месяц — кныш.
Калі дурань — дык цярпі-ж!

*

Як хавалі у нядзельку
Шэліных Вінцэся,
Шкадавалі ўсе на вёсцы,
Што лёс гэткі стрэўся.

Цэлай вёскай выхадзілі
Хоць з парогу, з ганку,
Толькі Шэліных ніводзін
Не падняў фіранку.

І было навошта красьці
Мёд з чужога вульля? —
Ўжо цябе зямелька толькі
Да сябе прытуліць.

І было-ж табе навошта
З чужой жонкай сорам? —
Ня скруціў-бы цябе гэтак
Нават сам аконам.

А і дзе-ж твая, Марыля,
Ці ўжо ў гэткім смутку,
Што ня вышла за труною,
Што ня відна тутка.

Што адзін, як палец, едзеш,
Што так цяжка скаран?
Ой, загінуў жа ты, Вінцусь,
Ой, загінуў марна.

Частка другая

правіць

ЧАСТКА ДРУГАЯ


Па-над полем узьвіхраных грыў дым
Кропіць мжой, як з вымя, там уверсе
Мае смак перапаленай крыўды
О, зямля, малако твае персі.

Дзе напала на тлустыя скібы,
Апляла амяла цябе густа.
Накарміла б, зямля, ты ўсіх бы
Свае глебы разоваю лустай.

Але шалі дрыжацімуць покі
Руху к мэце стаяць перашкоды:
Вісьне двор, як павук шклянавокі,
Ў павуціне разлогаў выгоды.

Роніць чорныя сьлёзы ажына,
Плачуць гонейкі жальбаю горкай, —
Закруціліся ў нітках пуцінаў.
Мухі нэндзных сялянскіх падворкаў.

Прыдзе серп, заскрыгоча саломай,
Тваіх сокаў удоем іскрыстым.
Захлынулася жытняя строма
Кропляй зерня твайго залацістай.

Зноў на сьпелую постаць ледзь золак
Вылезь з возам, з сярпом, чалавеча.
Зложыць сноп свой пакутніцкі голаў
На мужычыя рукі, на плечы.

Улетку цела счарнее, скволіць,
Ногі сьпекае прысак загонаў.
Мяккай ранаю ятрыцца поле
Здрасаванае лапай баронаў.

Ціша лубіны лушчыць з лушпінаў
І ў вантробах, зямля, табе коле.
Згоркла ў фасках убогіх хацінак
Сыракваша твае мэлянхолі.

Ноччу вечнасьць спаляецца ў людзях,
Штось іх цягне за далі, ў імгліцы.
Сеў на месяцы д‘ябал і юдзіць,
Чарвяка ўніз спускае на нітцы.

Водзіць з зазубнем ніць над зямлёю
Нізка так, што зубамі хапіў-бы.
Ў кожным з нас з глыбыні дзесь гурбою
Усплываюць бліскучыя рыбы.

Месяц гноем сьмярдзіць з абораў
Дрэмлюць коні у зацішку стаень,
Сівым лесам, вільготным борам
З кожным днём, дзень павольней сьвітае.

Дзень паўзе з кожным днём больш аслабла
Хутка-ж змрок і наш скон ці ж ня бліжай?
На мільгаючай вудзе д‘ябла
Сэрца ў муках зьвіваецца сьліжам.

*

Ой, нікому гэтак,
Як прыгонным людзям,
Мусіш быць вясёлы,
Хоць смыліць у грудзях.

Ой, нікому гэтак,
А зрабі што-небудзь, —
Звозяць збожжа пану,
Нібы так і трэба.

У людзей прыгонных
Аніколі сьвята —
Што надкусіць пан той,
Скончаць панянята.

Мужыку бог шэнціць,
Хоць ён не старанны —
Бацька быў хамула,
Сын удаўся ў пана.

Улетку перад жнівам
Кожны ў карчму вінен —
Хам, як пёрка лёгкі,
Сам за ветрам плыне.

У корчмах перад жнівам
Напавер нікому,
Пан чаго ня зьесьць сам,
Кіне цюцьку тому.

Гасіць цюцька полем,
Хам пакліча: — на, цю‘!
Уварве хваста ён,
Скорам мае ў хаце.

*

Лётала, крычала
Гусанька над ставам:
Важы змовы ў корчмах, людзі,
Ня мужыча справа.

Сьцепаўся, кудахтаў
Чорны кур у градах:
Кіньце змовы вы, мужчынкі,
З іх ня будзе ладу.

Ты, гарэлка — зводнік,
Чортава спакуса,
Не наводзь ты на ліхое
Чорным хлебам кусам.

Хай табе, гарэлка,
Тых паноў расьперці.
Як захопіць нас аконам,
Дык прыб‘е да сьмерці.

*

Чуць ня хочуць людзі
Той развагі словы.
У карчме прамовіў неяк
Куба з Гажаёвы:

„І чаго ж ты, сонца,
Ходзіш, як за ценем?
Ой, відаць, забыўся нешта
Цар пра нас у Вене.

„Ці спароць нам сонца,
Ці мо‘ больш падперці?
Ужо, мусіць, нам, сялянам,
Толькі й ждаць, што сьмерці.

„Хто пра крыўду нашу
Там яму замовіць? —
Хіба можа пан намесьнік[1]
У высокім Львове.

На паноў ня мае
Пан намесьнік вока,
Адно з думак, каб з сялянства
Скінуць пана — цмока.

Да мужычай жальбы
Мае ён увагу,
Хай адно калі прачуе,
Дзе пад панам блага.

Як яму скуль вёска
Пашле скаргу — ліст той,
Яго зараз прачытае
Ў залі залаціста.

Толькі з поштай нешта
Ліст мужычы гіне.
Нехта свой ад цэлай гміны
З ім ісьці павінен.

Маем шмат мы крыўдаў,
Бы к сяўбе гароху —
Хай загад хоць нейкі выдасьць,
Каб паволіць троха.

*

Паскраблі людцы галовы.
Затаіла ціша словы.
Каго ліха пхне й чаго
У сьвет за вочы — о-го-го!

Як захопяць на шляху дзе,
Сьмерць таму, напэўна, будзе.
Лепш у хаце гора крыж.
Не парушыў жадны ціш.

Як праліўся цішы келіх,
З-пад сьцяны падняўся Шэля,
З плеч зваліў ён слова куль,
Ўзьняў кругі адгэтуль, стуль:

„Што-ж, паном на нас і ехаць?
Штосьці, хлопцы, ў сьвет нам нехаць?
Лепш бяды — нядолі косьць,
Чымся ўводзіць пана ў злосьць?

„Час ключы браць ад абораў.
Вока пана коні пора.
„Пад сякерай хмуры лес
У зямлю да пасу ўлез.

„Як карась купаюся ў поце,
Але пану ня стань проці.
„Гніся ў працы дзень-у-дзень
Пану зерня, нам асьцень.

„Больш клясьці за вуглам годзе —
Як ніхто, дык я йсьці згодзен!
„З вёскі ў сьвет шлях просты лёг.
Ногі звыкшы да дарог!

Вылі ў сэрцы жаль і мука,
Шоў да хаты, цяжка грукаў.
Цьвіў на небе месяц — квет,
Як выходзіў быў ўжо сьвет.

*

Ой, бясконца далёка дарога!
Ой, ня блізка пуціна-дарожка!
Колькі верб і альшчыны — нябожа,
На плячох неба цяжкая ношка.

А праз гоні бяжыш, праз чые ты,
Што цябе не засек пан дазваньня?
А і ўешся, дарога, ты сьветам,
Як бабулькі трухлявай літаньне.

На гары ўвесь у лісьці бярозак,
Покі холадам лісьце ня сьцята,
Сушыць цэркаў мужычы мозак,
Долю вёскі, як мокрую шмату.

Ой, ні выплыць, ні згінуць тэй долі,
Сінім вуснам ня змоўкнуць ад гліны,
Даўгарукі вятрак — сваволя
Разграбае нябёс шумавіны.

Не балеў мне, дарога, твой смутак,
І табе мне ўжо скардзіцца позна-ж!
Белым крыжам цярпеньня й пакуты
Залягла ты, дарога, пад воз наш.

Хай-жа больш будзе воз наш нагружан,
Сваім потам сальлем яго кола!
Ты сьлязьмі зелянкавых калюжын
Пазіраеш падсьлепа наўкола.

Ўжо цябе нам ня высьпеваць крыкам,
Лепш згандлюема боль твой ня крыты,
П‘яным старцам з падсьлепаю пыкай
Валачешся з карчмы да карчмы ты.

Сонца здасца то бутлей, то шклянкай,
Яго гоніць вятрыска-аблуда —
Падмянула мяне, ашуканка,
Не вядзеш ты, дарога, нікуды.

*

Ў месьце Львове людна, клумна,
Лямп, як тых зярнят у гумнах,
Па бакох, як лялек, гмахаў,
Пасярод дарога — свахай.

Ў месьце Львове, белым месьце,
Ў кожным доме вакон з дзьвесьце,
Ў кожным з вокан красна пані,
Шыты золатам убранькі.

І, як толькі вокам скінуць,
Кожны дом, як сот пчаліны:
Сам пляскаты, зьверху гладкі,
А пакоі, як шуфлядкі.

Ў месьце Львове сьцежкай чыстай
Ходзіць панства ганарыста,
А паненкі, нібы павы —
Не падымуць ножкі нават.

З вуліц люд плыве разводзьдзем
І жандар між люду ходзіць, —
Хто ісьці у такт ня згодны,
Таго зараз да халоднай.

Ў месьце Львове адной меры
Растуць дрэвы гнеда-шэры,
Як буслы там на пярэсьпе,
На аднэй яны назе сьпяць.

На іх лісьце — орнамэнты,
На іх жменяй — дыямэнты,
Вартаўнік стаіць пад кожным,
З іх сарваць — ані ня можна.

Ў месьце Львове ксяндзоў плойма,
Ў рад касьцёлы стаяць стойма.
У касьцёлах мша штодзенна,
Зьяньне ўбёраў неацэнна.

У касьцёл, у жар ці ў хлюпу,
Хто бяднейшы — няма ўступу.
Едзе панства — шнур карэтаў —
Як цары да Наварэту.

Сядзяць старцы пад касьцёлам
Сядзяць, сьвецяць целам голым —
Пад рызьзём палічыш косьці,
Просяць, шэпчуць, мымраць штосьці.

З кім бяда — да іх ты проша.
Пройдзе пані — кіне грошык.
Пройдзе стражнік з тоўстай мордай —
Каму арышт, каму горай.

Ў месьце Львове — гмахаў розных: —
З боку шкляны, сам, парожны,
З-за вакон шкляных тых скрынак,
Як у полі мыдляў, — шынак.

Люд з бяднейшых тут ўсялякі
Пхнецца глянуць на прысмакі,
Кожны тут палкае сьліну,
Гарляк бегае бяз спыну.

Там, дзе ежы ажно копы,
Ходзіць ноччу вёскі клопат.
Стукне ў цэглу, гляне вокал,
У палацы кіне вокам.

Раніцой на ўсіх заводах
Зык, як сотні баб пры родах,
Аж дрыжаць муры і панове
Ў белым месьце, месьце Львове.

*

Дні аскубаюць з дрэваў лісьце чыста,
Мацнейшае яшчэ ліпіць да часу,
Цікавіць львоўскіх тых канцылярыстаў,
Ці зможа ўпор мужычы перагасу.

Лягчэй той кроплі праз сьцяну пралецяць
Чым тут бяз хабару дайсьці парадку.
Што гэта за мужык праз месяц трэці
Сьцірае ва ўстановах пыл азадкам?

На двор к дурному з возам едзе шчасьце,
Ніхто ня згледзіць на‘т з якіх там весьніц
На мужыка найшоў (было-ж прыпасьці!)
Ў пакоях урадовых сам намесьнік.

На злы настрой яму — дык лепш ня лезьці,
На добры трапіш — дык адразу згода!
Сказаў намесьнік мужыку прысесьці,
Ўсё выслухаў: якая ў чым прыгода.

Штось доўга разважаў, нібы з амбону,
Уздымаў руку, як той артыст зацяты.
„Усё — кажа — сам разгледжу па закону,
„Махай цяпер на паншчыну дахаты!

Ледзь давалокся Шэля да варотаў.
Зірнуў на мур — збудован моцна майстрам.
Далёка ў сьвет, ‘шчэ далей з паваротам
З жабрацкім медзяком у сэрца кайстры.

*

Восень ідзе ўжо з хмараў памрокай,
Усіх нас пазьметае безьліччу стрэл.
Певень бляшаны на вежы высокай
Сьпевам і лопатам крыл яе стрэў.

Збожжа гніе не агрэтае сьпёкай
І ноччу ваўкі ўжо абвылі стог.
А дождж спацелы вільготным крокам
Месіць і месіць цеста дарог.

Атручаны булкай сонца з закальцам
Здыхаюць змрокі пад лямант верб.
Драў схудалых касьцістыя пальцы
Асыпаў ужо вераб‘іны сьверб.

Хутка ужо, сэрца, загінуць нам трэба,
З градаў душы павыполваць дзядкі, —
Нябёскі бондар у бочку неба
Ўночы зор набівае цьвікі.

Ці-ж вечна вам віцца ў турме тэй,
Жмутам скрываўленых рук і ног?
З цёплай крыві нашай болем сагрэтай
Мацу выпякае цадык-бог.

Скаргаю сьлёзнай разьліся, як ставам!
З роспачы хоць галаву растарошч! —
Змоклым крапілам панскай забавы
Збожжа згнаіў нам у полі дождж.

Модлам крывым у дзяўкох векавечыць.
І іншых, вучоных прымае як сьлед.
Толькі мужычыя ліха — галеча
З торбаю мусяць цягнуцца ў сьвет.

Лепш чымся выць і да бога скаголіць,
Лобам пакорна схіляцца ніжэй, —
Лепш зямлю, на сваё гэта поле,
Зубы зацяўшы ары і сей.

Ды хоць крывёю зямлю ты напоіш,
Потам сальлеш яе кожны кут —
Не твае ўзыдзе жыта — чужое,
Як чужынец, прыблуда з прыблуд.

Сучцы хапіла б ганьні з аднэй вёскі,
Ёй-жа ня зьлічыш ахвяраў — згуб
Сьпіць, дрэмлюць скібы на сонцы ў роскід
Тысячы чорных саромных губ.

Дарма яе за вяскоўца пан выдаў,
Цяжка жыць далей з аднэй удвух —
Тры нямінучыя пальцы вілаў
Цэляць у панскі касьмічны трыбух.

*

А ахмістрыні дабра скрыні,
Дываноў, тканінаў.
Ой, вярнуўся Шэля з Львову,
Толькі дзе-ж загінуў?

Ой, загінуў, загубіўся,
Але блізка дзесьці —
Сёмы тыдзень з панскіх лёхаў
Пра яго ні весьці.

Як прылецеў ён з усходу,
Як той сокал з далі,
Аж да чорна яго білі,
Ў ланцугі скавалі.

Ён сядзіць вясны чакае,
Дзён прыгнуты ношай.
Еў памыі ў шчодры вечар,
Разгаўляўся вошай.

*

Ў садзе дрэва тоўста,
‘Шчэ таўсьцейша ў лесе,
З мужыка жыцьця ня выбіць,
Хай як хочуць месяць.

За гумном у полі
Гурбы сьнегу ў сьцену.
Выпушчаюць з лёхаў Шэлю.
Куды зараз дзенуць.

Кажа пан да служкі:
„Суніму раскола!
„Павядзеце мне яго вы
„На мшу да касьцёла.

„Не давайце есьці,
„Хай тры дні папосьціць,
„Каб быў пострах цэлай вёсцы
„Як зірне на косьці.

То ня змрок карчомны
Схоплен шалам полькі,
То найшло ў касьцёл народу,
Ажно дзіва колькі.

Наваліла тлуму,
Ані ўткнуць далоні.
Аж запах касьцёл галечай
Церпкай, як амоні.
Як у дзьверы ўходзіў
Шэля з вартавымі,
Скалыхнуўся люд усенькі,
Раступіў прад імі.
Навакол тры крокі
Шлях лёг, як абрусам
Ўсіх прыгнула наглай цішай
Як вялізным брусам.

Стаў з парогу Шэля,
Вартаўнік пхнуў далей.
Меў сіняк страшны пад вокам.
Ледзь у твар пазналі.

Калі ксёндз пабожна
Ўзьняў угору келіх,
Ня укленчыў ён на пліты,
На гнілую бель іх.
Высіўся над людам,
Як нязломны камень,
І ў адказ на звон касьцёльны
Бразнуў ланцугамі.

Як яго на посьмех
Вяла босым варта,
Вышла вёска ўся напроці
Бяз усьмеху, жарту.

Толькі з лесу вецер
Разам з бурай рушыў.
Танцавалі ў панскім садзе,
Вывернулі грушу.

А як месяц толькі
Ўзьлез на неба гожа,
Загарэўся дворскі сьвіран
З усім панскім збожжам.

Сьнег засыпаў студні,
Ня стушыць пажару —
Тры дні сажа чорным сьнегам
Цярусіла з хмараў.

Нос у пана, нібы сьвечка,
Каля носу — болькі.
Не дазволіў згінуць Шэлю
Той староста[2] толькі.

Не хацеў пан слухаць ведаць,
Сёньня — хоць да раны:
На чацьверцы госьць высокі
Завітаў да пана.

Як вітаўся, запытаўся
Ціха і ня груба:
„А ці ёсьць у вас на вёсцы
„Гэткі Шэля Куба?

„Пан намесьнік, у якога
„Люду, як мурашак,
„Прывітаць казаў, спытацца,
„Ці здароў ён, вашаць?

Як пусьцілі з лёхаў Шэлю,
Прывялі, як ценя,
Галавой круціў староста
Ўспамінаў аб Вене.

Доўга лаяў па-нямецку
І па-польску чысьціў,
Аж дрыжалі ў доме шыбы,
Як асіны лісьце.

Як садзіўся, шчэ сварыўся,
Вецер зьметаў голас:
„Каб мне гэтаму вяскоўцу
„Ня упаў наʻт волас!

„Бо вам двор з зямлёй зраўнаю
„І пасыплю вапнай“! —
ў старую шапку Шэлі
Срэбны гульдэн капнуў.

*

І куды ты, Шэля, ходзіш
Раз на тыдзень, раз на два?
Ці купіць на рынку што-дзе?
Ці што маеш прадаваць?

Не на торг па абаранкі,
Толькі, мусіць, дзесьць важней,
Бо ў карчме аж да заранкі
Вёскай ждуць цябе усей…

*

Ад Смажовы да Тарнова,
Як страла, пуціны сьцежкі.
Там трава ўзрасла нанова,
Дзе хадзіў ты пешкі.

*

У Тарноў дарога проста.
Кажа Шэлі Брайнль-староста:
„Год за годам — мінус — плюс —
„Крыўдзе вёсак хутка шлюз.

„Пала панству думка й баста —
Хочуць зьнішчыць усіх нас тут.
Маюць пораху там з фунт —
На цара рыхтуюць бунт.

„— І які ты, — кажуць, — цар нам?
Толькі кроў з нас п‘еш пачварна.
Сёму скуру з нас-бы дзёр,
З мужыком адно дабёр.

„— Замест выбіць з хама мухі,
Толькі шырыш ты парухі.
Мужыкі ўздымаюць гам:
Тут ім крыўда, кепска там.

„— З кім дзяліць нам грош мужычы?
Правіць Польшчаю мы зычым!
Хто сялянскі мусіць лоб,
Дык таго па лобе — цоп!

Кажа цар: — мне досьць аблуды!
З імі біцца сам ня буду!
Маюць людзі на іх злосьць,
Дык няхай паўстануць вось!

„Досыць сьлёз лілі няўпынных.
Ў іхнай крыўдзе я ня вінны.
Так зраблю, каб бунт той сьціх:
Панству — скон, зямелька — іх.

„За табой ідуць сяляне.
Ты хадзіў у Львоў, мой пане.
Дык зрабі ты так і так —
Прыдзе момант — дай ім знак.

Ў вашай жмені лёсу вобраць.
Што кажу, разваж ты добра.
Тым зямля, а тым труна.
Табе сьцежка тут адна“.

Устаў Шэля — быў ён бледы:
„Зьверым вёскай як сьлед мы
Кожны локаць, кожну чвэрць —
Каму воля, каму сьмерць“.

Ідзі, Шэля, чухай карак.
Што пачуў, узваж ты зараз.
Ходзіць лесам воўк, — але
Думаць думкі ў лесе лепш.

Ноччу холад стукне, ляпне.
Пні ў сьнягу стаяць, бы ў вапне.
Ў лесе трэск, як трэск сарок.
Сьцежка — неба — сьнег і крок.

Частка трэцяя

правіць

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ


Не ўставала сонца — квола
Не рассыпала ‘шчэ косак —
Вышаў Шэля ледзьве золак
Да суседніх вёсак.

Сеў у полі перабуцца,
Рушыў далей па аблоне,
Аж хрыстос яму насустрач
На смажоўскіх гонях.

Як пазнаў, зьдзівіўся Шэля,
Схінуўся да паса:
„І куды ж пан бог нацэліў,
Што меў тут папасак?“

То ня слова вее мёдам,
Як з капалі флейта,
То, схіліўшыся лагодна,
Кажа Езус гэтак:

„Не змарудзела дарога,
Хоць іду я зблізка.
Ці ня чуў ты тут, нябога,
Вёска дзе Сядліска?

„Там, дзе мост мінаў праз рэчку,
З крыгаю пад мостам,
Мужыкі паноў калечаць,
Б‘юць і рэжуць проста.

„Ўжо мне ў ножках тнуць бы восы,
Болькі ран цьвікі дзе, —
А крыві там аж за досыць,
Як яе абыдзеш!

„Нам дарогі бог прызначыў,
Ня йдзем імі часта —
Адкажы ты мне, бядача,
Ці пасьпею ў час там“.

То ня топаль ў неба стрэліў,
То ня гук савіны,
То хрысту гаворыць Шэля
Гарда і з прыцінам:

„Добра, мусіць, хто скрывіў дзе,
Паслы шляхты знаюць,
Калі слух аб іхняй крыўдзе
Ўжо на небе маеш!

„А й вялікі з таго вецер
Дзьме, ўздымае гоман,
Што аж сам хрыстос па сьвеце
Ім бяжыць на помач.

„А ня бегаў, калі нашых
Крыўд лілася кварта!
Мусіць, гарца панскай кашы
Наша кроў няварта.

„Больш сутану падымі ты
І ступай ня хутка,
Бо крывёю нашай зьліта
Кожная тут грудка.

„Не цаніў крыві сялянскай
На шчарбаты шэлег! —
Чаму-ж зараз крыўды панства
Гэтак забалелі?

„Тое станецца, што стане.
Раз хоць дзень наш вытык,
Але лепей сёньня, пане,
Не хадзі туды ты.

„І нашто з мужычым горам
Твар сустрэцца з тварам?
Сёньня там з крыві той мора
Хмельна піва вараць.

„Нам свайго ня рай ты раю, —
З нашых сьлёз ён зьлеплен!
Хай табе іх пазьбіраюць,
Каб убраўся лепей!

„Схавай рук сваіх далоні, —
Іх ня спляміў працай.
Гэткіх хлопцы вяжуць сёньня,
Толькі дзе пабачыць.

„Хутка з жальбай тут на „хама“
Зьлезуцца, як вусень.
Ты ідзі, прыладзь ім браму,
Ў рай прымі у скрусе.

„Прыгатуй ім там пачостку
І спаткай як трэба“.
Завярнуўся Шэля ў вёску
А хрыстос на неба.

*

Там на раздарожжы,
Каля валатовак,
Дамаўляліся з сабою
Хлопцы з Гожыёвы.

Быў пастух там Янка —
Ўзімку бегаў боса,
Ён сякерку меў за дзяжкай,
Падпіраўся коскай.

Як зірнулі хаты,
Што яны там недзе,
Падаткнулі лахі-сьцены
Бягучы па сьнезе.

Разагнаў вятрак іх,
Бег ён праз аблогі,
Ў нястрыманы рушыў танец.
Прыснуў дым з падлогі.

*

Танцы йшлі чатыры дні.
Ані больш, ні менш ані.
Танцавалі пяту ноч —
Рынуў двор, бы вецер знёс.

Танцавалі тах-тах-тох
Па дарогах, па палёх.
Танцавалі дзе хто мог,
Рыпаў, сыпаў сьнег з-пад ног.

*

Сыпаў сьнег.
Браў мароз.
Зьбеглы зьбег.
Ў сьцюжу урос.
З вуснаў кроў —
жах, праклён.
З-пад палёў
мжа, сутон.

*

Танцавалі ў грыву, у хвост!
Хто па лёдзе, хто праз мост.
Ад Сядліска да Смановы
Шоў у скокі сук яловы.

Танцавалі з хамам пан
Скокак-бокам без заган:
Танцавалі войт, аконам,
Не марудзілі прад сконам.

Танцавалі зуб аб зуб —
Праз вакно палацу труп.
Танцавалі ў лад, бяз ладу,
Штораз нехта ў танцы падаў.

Танцавалі раз у раз.
З вёскі косы, панскі пас.
Ў агародах плытка мелка
Кроў цякла ў рышткох гарэлкай.

Танцавалі з панам пень.
Ноч была, як белы дзень.

*

Дзе канец быў скокам —
Двор ляжаў упокат.
Паноў бралі ранкам,
Клалі перад ганкам.

А над вечар сонны
Ехаў месяц конна —
Ў срэбных ботах ногі,
Сівы пад ім вогір.

Дзе быў двор выгодзьдзе,
Папушчаў паводзьдзе.
Две кроў бегла спадам,
Прыдзіўляўся ладам.

*

Ой, ты, воля раскілзаная, гарачая,
воля вольная,
воля польная!

Пакацілася ты, воля, ды па полі тым,
сьнегавой прасторай, ночкай чорнаю,
куляй сьнежнаю, — нязморная.

Ты расла, дужэла на выбоінах,
ў ціхім полі ды нястрымана,
шэрым зайцам на азімінах.

Закруцілася ты птахам бухалам,
ветрам спушчана ў пераменнасьці
на шпагаціне штодзеннасьці.

Разьлілася ты разводзьдзейкам-паводкаю,
навакол сівой адлегаю
аж па край нябёс з кунегаю.

Рушыш вышай гурбаў, завеяй навіненых,
полем тым, за вузкім, захмурым,
танцам — ламаньнем — віхурай
лавінаю!
Ох, ты, воля!

Карэнчыкам ніклым, што холад задушыць,
З хмысу ўзьняў цябе страх.
У нас голад твой цяжка ўспушыў,
Выбрыняў, высьпеў і — трах!

„Па зялёным адхонку
Агонь скача ў маёнтку.
Сыпле іскры абцасам,
„Гоп!“ — пакрыквае часам.

„Ступіць ледзь па пакоце,
Дык і покатам коце,
Так і косіць ён з раду
І падсьпеўвае к ладу:

„— Ой, смажоўскія людзі
Ля агню не марудзяць —
Каб хутчэй усё згасла,
Дык затушваюць маслам.

„— Ну, а хлопцы з Сядліска
Мяне рвуцца запрыскаць —
Аж з чацьвертага броду
Возяць кошыкам воду.

Досьць нам дадзелі
межы й капцы —
зьнішчым іх чыста,
гэй-жа, людцы!

У полі даволі
Дарма гнуць карак,
кінем, адрынем
страх прад жандарам!

Галаву вышэй,
вылезь з нары!
Гады зьвяліся,
чорт іх бяры!

У працу з палацу
— вецер аж рэхча! —
пана ў шоркі,
войта прыпрэгҹы!

Увішна з зацішкаў, —
ну-ж, ты, там, гэй! —
Панства манаткі
вывозь весялей!

Злота, набыткі —
у вёсцы пакласьці!
У рукі матыкі —
сьвет цэлы насьцеж!
Разам у рай!

*

Ці-ж то там з усходу змрок нахмурыў?
Ці курыным пер‘ем сыпле з хмар?
Шлях заслалі чорныя мундыры,
Конскі тупат, грукат, вар.

То ня змрок вылазіць з верасоў там.
Не сабачы ў неба чуцен брэх.
Гэта крочыць войска ў пыле жоўтым —
Ў госьці да сялянскіх стрэх.
Не казаў шлях, скуль ён стрэў іх.
Пнямі вербаў бег усьвет, угрунь.
Пастаўлялі ў вёсцы ў козлы стрэльбы —
Новы рад шчыкецін каля пунь.

Паляцела вестка вокамгненна,
Б‘ецца лапай да сялянскіх брам:
Цар прыслаў загад свой з Вены,
Каб дзяліць зямлю! Зямелька — нам!

Устаў адзін тут, перка — дуба,
У руках паперка: што і як.
Затрашчаў трашчоткай бубен.
Сыпле з бубна ціша — мак.

„Мы, кароль, монарха з боскай ласкі
Немцаў, вэнграў, чэхаў, палякоў,
Кажам мы сялянам кінуць фрашкі,
Ў двор ісьці на працу зноў!

„Хто-ж ня будзе слухацца загаду,
Хто падпаліць двор, сальле крывёй,
Дасьць капрал такому майстру раду.
У салдаты пойдзе той“.

Доўга ‘шчэ бубніў, гудзеў, як дуднік,
Доўга вецер зносіў сколы гэт.
А ўжо вёскай цішай шла, як з студні
Алавянай хмарай крыла сьвет.

*

Калі вышла з вёскі войска —
— Ёмкія хлапчыны —
Невядома, дзе зьнік Шэля,
Два дні ў прочках гінуў.

Толькі ўноч, апоўнач, цемень —
— ‘Шчэ й ня ўсходзіў месяц! —
Гаварыў да дрэваў штосьці
Ў камянецкім лесе.

Як на трэці дзень вярнуўся,
Меў старэчы выраз,
Але быў зацяты моцна
І бы думна вырас.

Там на ростані, ля крыжу,
Дзе, як мак, галоваў,
Шапкай круг замёў з паўнеба,
Мовіў гэткім словам:

„Ой, дарма, вятрак махаеш
Нам рукою крылаў!
Мусіць, доля селяніна
Быць пад панскай сілай.

„Мусіць, бог ня бог яму ўжо,
І той цар — ня царам.
Не абцерці хусткай неба
Нашых сьлёзаў — хмараў.

„Царскім словам мужык верыў
Ўрос у іх смуткаў ношай, —
Узяў ён, цар, прадаў нас панству
Ды за трыццаць грошы.

„Зараз разам з шляхтай п‘е ён
На зялёных Вуграх,
Хай той грэх памсьціцца сьмерцю
На яго лахудрах!

„За свае правы мы ўсталі, —
З сваім кожны стануў.
Сам той цар нас падбухторваў,
Як завёўся з панам.

„Потым пяць дзён ён гадзіўся,
Лад зрабіў з панамі:
На мужычай скуры згоду
Сьпісваць бізунамі,

„Зараз граюць, запіваюць
Новых зьдзекаў завязь.
Дарма верыць, што там нехта
Нашай крыўды ўбавіць!“

*

Годзе з панскай ласкі зла!
Не павернем ні сьцябла!
Ўсё лепш дымам пойдзе ўкруг.
Наша паша, наш і луг!

Згандляваў з панамі цар:
Панскі ёрмы, хамскі карк.
Згандляваў — ўладай і пей!
Купля лёгка, ўзяць цяжэй!

*

Хам быў хам. Гнуў ён карк.
Сёньня сам — цэпам шарх!
Бунт, дык бунт! Хочаш? — на-ж!
Возьмем грунт. Грунт той — наш!

*

Не адцьвілі кветкі
На лагу — абшары,
Як прыехалі па Шэлю
Царскія жандары.

Уцякала ночка
Ды зялёным лугам,
Як скавалі яго ручкі
Ланцугамі туга.

Як вялі Якуба
Вёскаю бядачай,
Як адзін людцы ўсе вышлі,
Праваджалі з плачам.

Як вялі Якуба
Пад каштанам белым,
З неба сыпаліся зоркі,
Падалі зьнямела.

Як вялі нябогу
Тэю кладкай гнуткай,
Вышлі рыбы па-над бераг
Лавіць людзі вудкай.

У рацэ вялікі
Узьнялі тым вэрлах,
Калі сьледам, як сабакаў,
Моц іх страшна перла.

Як вялі балотам
Тым, што сьмерцю дарыць,
Ваўкі вышлі, зьелі ў лесе
Аднаго жандара.

А як з ім міналі
Ялавец сухі той,
Падганялі ўсё жандары,
Пхалі: — ну, ідзі ты!

„Ялавец, яўлоча,
Зелена убраны.
Папільнуй мне, лес, ты гэты,
Даглядзі старанна!

„Ой, пільнуй яго ты,
Нібы хмель той явар.
Будзе трэба ‘шчэ сукоў тых,
Як дасьпее справа.

„Гэй дадому, хлопцы!
Годзе ўжо маркоты!
Прыдзе лета, толькі верце,
Будзе зноў работы.

„Выйдуць дзеўкі ў поле,
Пустазельле вырвуць.
На крыві тэй узыйдзе збожжа,
Будзе колас чырван.

„На чужым рабілі,
Мелі хлеб з мякінай.
Прыдзем збожжа жаць на ўласным,
Кожны сноп — асьміна.

„Панства, паняняты,
Дарма сны пра згоду!
Перш агонь улетку прыдзе,
Піць са студні воду.

„Каб на‘т шлях, дзе дом мой
Стаў палеткам ворным,
Узрасьце на вас там помста,
Нібы колас чорны.

„Каб ня мог на‘т колас
Там зярнят дасьпеліць,
Не забудзе вёска ўдоўка
Што жыў стэльмах Шэля.

„Шанцавала рунь нам,
Быў напужан лёс тым,
Вышаў у поле за абору,
Лінуў шчырым постам.

„Мясаед наш скончан.
Шчыльней шчэмім вусны!
Зьвіснуць хаму на вяроўцы
Селядцом запусным“.


  1. Намесьнік начальнік краіны ў б. Аўстрыі, прыблізна як генэрал-губарнатар у б. Расіі.
  2. Староста — адміністрацыйна-поліцэйскі чын у былой Аўстро-Вэнгрыі (Галіччыне) і сучаснай Польшчы, адпавядае іспраўніку за паром у был. Расіі.