Слуцкія песьняры (1926)/Я. Сукала/І чаму я ня той

Кінь ты вокам наўкол І чаму я ня той
Верш
Аўтар: Язэп Сукала
1926 год
Люблю

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ЧАМУ Я НЯ ТОЙ…

І чаму я ня той
ручаёк цякучы,
што бяжыць у перабой
вадою бліскучай.

У разводзьдзе вясны
я ўзбунтаваўся-б,
і тады на заход
хваляю памчаўся-б.

Затапіў-бы я там
панскія палацы,
волю-б даў мужыкам —
дзецям цяжкай працы.

Нёмна — дзядзьку свайго
шчыра прывітаў-бы,
пра жыцьцё пра яго
хваляй запытаў-бы.

І тады па мяжы
бацькаўшчыны мілай
я-бы сьлед пралажыў
там сваёю сілай.

Я-б яе апавіў
срэбнаю істужкай,
вадой глебу ўспаіў
чыстаю, жывучай.

Дык чаму я ня той
ручаёк бягучы,
што бяжыць у перабой
вадою бліскучай.